Новая рэальнасць, або Як паспець за “воблачнымі” тэхналогіямі?

№ 19 (1510) 09.05.2021 - 15.05.2021 г

4 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася IX Навукова-практычная канферэнцыя “Электронная культура” на тэму “Рэальнасць і віртуальнасць ва ўмовах пандэміі”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і галоўная бібліятэка краіны.

/i/content/pi/cult/849/18036/11.jpgПляцоўка для абмеркавання

Адкрываючы канферэнцыю, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша зазначыў, што форум “Электронная культура” за апошнія гады стаў найважнейшай пляцоўкай для абмену вопытам і пошуку перспектыўных напрамкаў развіцця інфармацыйных тэхналогій у сферы культуры.

— Штогод навукоўцы, работнікі культуры і адукацыі, распрацоўшчыкі праграмнага забеспячэння і многія зацікаўленыя абмяркоўваюць тут, на канферэнцыі, разнастайныя пытанні інфармацыйна-тэхналагічнага развіцця грамадства, — сказаў Алесь Суша. — Асаблівую цікавасць удзельнікаў канферэнцыі прыцягваюць інавацыйныя праекты і магчымасці іх практычнай рэалізацыі ў электронным асяроддзі з мэтай папулярызацыі культурнай спадчыны і інтэграцыі Беларусі ў сусветную інфармацыйна-культурную прастору.

Як зазначылі арганізатары, у працы канферэнцыі ўзялі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты вядучых устаноў культуры, навукі, адукацыі, прадстаўнікі IТ-кампаній нашай краіны. Сярод арганізацый-удзельнікаў — Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Музей беларускага кнігадрукавання (Полацк), Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі, СТАА “Беларускія воблачныя тэхналогіі”, Нацыянальны цэнтр электронных паслуг ды многія іншыя.

Дарэчы, варта сказаць, што сёлета канферэнцыя выйшла за рамкі Беларусі — да ўдзельнікаў далучыўся прадстаўнік Дзяржаўнага інстытута мастацтва і культуры Рэспублікі Узбекістан, генеральны дырэктар ГАА “Дата Экспрэс” (г. Масква).

Агулам, у рамках мерапрыемства, прагучала звыш дваццаці дакладаў. Паслухаць тут сапраўды было што. Балазе, спецыялісты абмеркавалі актуальныя пытанні развіцця інавацыйных тэхналогій у сферы культуры, абмяняліся вопытам укаранення новых тэхналогій і электронных паслуг, у тым ліку ва ўмовах пандэміі.

Аўдыёгіды на любы густ

Асабліва цікавымі былі даклады на тэму найноўшых інтэрнэт-тэхналогій, штучнага інтэлекту, мультымедыйных прыкладанняў, што прымяняюцца сёння ў шэрагу ўстаноў культуры Беларусі. Напрыклад, загадчык лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, кандыдат тэхнічных навук Юрась Гецэвіч распавёў пра мабільную праграму пад сістэму Android — аўдыёгід на англійскай, беларускай і рускай мовах для тых, хто вандруе па гарадах Беларусі.

З KrokApp — так называецца праграма — жыхары і госці беларускіх гарадоў ужо сёння слухаюць расповеды і даведваюцца пра цікавыя факты, вандруючы па гарадах Беларусі і пашыраючы свае веды па гісторыі краіны. Акрамя таго, у KrokApp распрацоўваюцца функцыі для замежных гасцей: яны змогуць не толькі паслухаць экскурсію, але і вывучыць формы ветлівасці на беларускай мове, назвы страў ды пазнаёміцца з беларускімі нацыянальнымі традыцыямі.

Да таго ж, лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі стала працуе з айчыннымі музеямі і бібліятэкамі. Напрыклад, менавіта супрацоўнікі лабараторыі распрацавалі аўдыёгід для праекта “Беларусь і Біблія”, што ладзіўся ў 2018 годзе ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. А яшчэ стварылі аўдыёгіды па археалагічным музеі “Бярэсце”, па музеі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ды шэраг іншых.

Натуральна, на гэтым спецыялісты лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі спыняцца не збіраюцца і заклікаюць не толькі звяртацца да іх з пытаннямі па ўсталяванні аўдыёгідаў у бібліятэках і музеях Беларусі, але і з прапановамі па паляпшэнні іх прыкладанняў і мабільных праграм.

— Любы чалавек, выкарыстоўваючы нашы сэрвісы для сваіх патрэб, можа даслаць нам заўвагі і прапановы, і разам з намі зрабіць іх больш дасканалымі, — сказаў Юрась Гецэвіч. — Нашы кліенты — грамадзяне, навукоўцы, інжынеры і нават цэлыя кампаніі, якіх цікавяць разнастайныя задачы ў галіне апрацоўкі тэкставай ці гукавой інфармацыі. Таму зараз мы шмат з кім супрацоўнічаем і, канечне, адкрыты да супрацоўніцтва са сферай культуры Беларусі.

Інтэрв’ю і калекцыі анлайн

Спынюся яшчэ на некалькіх дакладах, што прагучалі падчас канферэнцыі. Так, супрацоўнікі музея беларускага кнігадрукавання, які з’яўляецца філіялам Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, нядаўна задаліся важным пытаннем: “А што ёсць наша праца?” — і вырашылі расказаць пра свае працоўныя будні сваім наведвальнікам. Для гэтага, як патлумачыла загадчык музея Славіна Гаўрылава, яны выбралі і задалі прадстаўнікам розных музейных прафесій — загадчыку музея, старшаму навуковаму супрацоўніку, а таксама наглядчыку — па 10 пытанняў пра розныя аспекты іх дзейнасці. Адказы на пытанні былі размешчаны ў выглядзе відэа-інтэрв’ю на сайце музея і на канале YouTube. Па словах кіраўніка ўстановы, гэты праект прыцягнуў значную ўвагу наведвальнікаў.

Натуральна, большасць дакладаў, што прагучалі на канферэнцыі, тым ці іншым чынам закраналі бібліятэчную сферу. Напрыклад, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша ў сваім выступленні расказаў пра працу над Дзяржаўным рэестрам кніжных помнікаў Беларусі, які змяшчаецца па адрасе https://kp.nlb.by/.

Гэта вялікі інтэрактыўны спіс, што ўключае ў сябе і бібліяграфічныя звесткі аб помніку, і тлумачэнні экспертаў. Акрамя таго, распрацаваны рэестр дазваляе ўбачыць тую ці іншую кнігу, што называецца, “ўжывую”, бо сёння вядзецца работа над поўнай алічбоўкай кніжных помнікаў.

— Канешне ж, рэестр будзе павялічвацца, і, што самае цікавае, кожны з нас зможа ўзяць удзел у гэтым працэсе, — сказаў Алесь Суша. — Калі вам здаецца, што вы валодаеце каштоўнай кнігай, вам трэба толькі зайсці на сайт, націснуць кнопку “У мяне ёсць кніжны помнік” і пакінуць заяўку. Адзначу, што цяпер да праекта далучаюцца абласныя бібліятэкі. Але ж мы чакаем, што ў ім возьмуць удзел і музеі Беларусі, і іншыя дзяржаўныя ўстановы, і нават прыватныя калекцыянеры. Толькі такім чынам, грамадой, сумесна, мы здолеем скласці поўны рэестр кніжных помнікаў Беларусі ды зразумець, якімі старажытнымі і каштоўнымі кнігамі мы валодаем.

Дырэктар Гомельскай абласной бібліятэкі Марына Рафеева на прыкладзе працы абласной кніжніцы паказала, як супрацоўнікі бібліятэкі працуюць са шматлікімі віртуальнымі праектамі, якія — бывае і такое — з інтэрнэту крочаць у рэальнае жыццё. Напрыклад, размяшчэнне на сайце бібліятэкі віртуальных старонак, прысвечаных пісьменнікам вобласці, прывяло з цягам часу да стварэння рэальнага Літаратурнага музея пісьменнікаў Гомельшчыны, куды сёння завітваюць экскурсіі з чытачоў, літаратараў і гасцей бібліятэкі.

У якасці заключэння

Пералічваць усе выступленні і тэмы дакладаў канферэнцыі “Электронная культура”, мабыць, не мае сэнсу. Адзначу толькі самае галоўнае. Па меркаванні дакладчыкаў, электронная культура сёння — гэта не толькі мабільныя аўдыёгіды на некалькіх мовах альбо сайты ўстаноў культуры, але і самыя найноўшыя, так званыя “воблачныя”, тэхналогіі. Маюцца на ўвазе паслугі, даступныя спажыўцам праз Сусветнае павуцінне: QR-коды ў музеях ды карцінных галерэях краіны, анлайн-навігацыя ў экспазіцыйных залах устаноў культуры з дапамогай відэакамеры на мабільніку наведвальніка, набыццё білетаў на выставу ці канцэрт праз Сеціва ды многае іншае... А яшчэ можна ладзіць анлайн-канферэнцыі, анлайн-пасяджэнні, анлайн-відэабрыфінгі, анлайн-лекцыі...

Не магу пры гэтым не адзначыць, што “К” пачала выкарыстоўваць форму анлайн-канферэнцый яшчэ ці не з дзясятак гадоў таму. Ды і пытанні гасцям рэдакцыі тады, напачатку 2010-х гадоў, часцяком задаваліся не толькі праз традыцыйныя тэлефанаванні ці лісты на электронную пошту, але і з дапамогай сацыяльных сетак ды Скайпа... Досвед, зноў-такі, варты пераймання. Прыкладам, хто забараняе загадчыкам раённых бібліятэчнай ці клубнай сістэм праводзіць пасяджэнні ў фармаце анлайн-канферэнцыі? Або ладзіць “мазгавыя штурмы” з дапамогай вебінараў ці сацыяльных сетак? Зрэшты, дзе-нідзе падобныя вэбінары і “мазгавыя штурмы” ўжо сталіся звыклай справай.

Іншая справа, што паўсюднае развіццё ды ўкараненне ў жыццё падобных практык на рэгіянальным узроўні ўпіраецца ў недасканаласць камп’ютарнай і тэхнічнай базы многіх устаноў культуры. Але гэтае пытанне цалкам вырашальнае. У тым ліку, — і дзякуючы рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”, паводле якой прадугледжана паступовае і сістэмнае абнаўленне ды набыццё найноўшага камп’ютарнага абсталявання для ўстаноў культуры краіны.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"