Нязгасная Зорка Гагарына

№ 15 (1506) 10.04.2021 - 16.04.2021 г

Літаральна праз два дні чалавецтва чакае дата, якую без перабольшання можна назваць — сусветна-зорнага маштабу. Шэсцьдзясят гадоў таму ўсе тэле- і радыёкампаніі Планеты Зямля бесперапынна, як “SOS”, перадавалі адзінае сенсацыйнае паведамленне: “Чалавек у космасе!” Першыя палосы мільярдных газетных тыражоў ва ўсіх дзяржавах выходзілі ў свет з такой адкрытай і бясконца абаяльнай, знаёмай цяпер кожнаму зямляніну ўсмешкай Юрыя Гагарына. “Беларускі матыў” за гэтыя шэсць дзясяткаў гадоў таксама магутна гучаў, ды і сёння годна гучыць у касмічных далячынях. Нашы шаноўныя землякі Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак аднымі з першых у кагорце лётчыкаў-касманаўтаў асвойвалі глыбіні Сусвету. Там жа, далёка ад Зямлі, сустрэне Дзень касманаўтыкі-2021 — а ў іншых краінах ён святкуецца як Міжнародны дзень палёту чалавека ў космас — і Уладзімір Навіцкі. Наша Айчына нарадзіла не толькі трох касманаўтаў-беларусаў, але і стала першапраходцай у спасціжэнні, так бы мовіць, “касмічнай прасторы” ў выяўленчым мастацтве. І першым мы згадваем імя народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР і прэміі Саюзнай дзяржавы, скульптара Івана Міско. Усё сваё творчае жыццё ён прысвяціў героям Космаса. Вось і сёння, напярэдадні знамянальнага “касмічнага юбілею”, мы прэзентуем яго новы твор з немудрагелістай, але абсалютна асацыятыўнай для міжнароднай супольнасці назвай — “12 красавіка”. Белая і чорная мармуровыя паўсферы на кампазіцыі як падзелены часавы пояс, як надыход дня і ночы на планеце, што назіраў у гістарычным палёце зорны зямлянін Юрый Гагарын. І ягоны размашысты аўтограф з бронзы, і ягоныя вочы...

/i/content/pi/cult/845/17969/23.jpg...У цэнтральнай частцы Віцебска ёсць дзве вуліцы, якія спалучылі ў сабе гісторыю дзвюх эпох — героіку ваенных гадоў і прарыў стваральнай сучаснасці другой паловы ХХ стагоддзя. Вуліцы, што носяць імёны двух Герояў Савецкага Саюза. Першая з іх — земляка віцябчан, лётчыка-знішчальніка Аляксандра Гараўца — нібы плаўна перацякае ў наступную: лётчыка-касманаўта Юрыя Гагарына. Сімволіка пераемнасці пакаленняў у праекцыі Подзвігу.

Але гісторыя гэта мела не толькі сімвалічны кантэкст, а зусім рэальны, нават заканамерны, калі заглыбіцца ў яе і нібы “прачытаць” па законах фактаў.

А яны такія. У нашым сямейным архіве захоўваецца ўнікальны фотаальбом. Гэта спадчына майго дзядулі Канстанціна Іванавіча Гараўца. У 1962 годзе да яго ў Віцебск, дзе ён жыў па вуліцы Даватара ў так званым Доме спецыялістаў, прыехалі з Гжацка бацькі першага касманаўта планеты Юрыя Гагарына — Ганна Цімафееўна і Аляксей Іванавіч. Сустрэча гэтая, зразумела, рыхтавалася на высокім уроўні з абодвух бакоў.

Той незабыўны візіт быў зусім не дзяжурным і не выпадковым. Справа ў тым, што бацькоў герояў звязвала шматгадовае сяброўства праз лёсы іх сыноў. Але вось як перакрыжаваліся тыя лёсы. У 1954-м, калі Юрый Гагарын упершыню пераступіў парог Саратаўскага аэраклуба ДАСААФ СССР, пад Белгарадам на хутары Зорынскія Двары ў тым жа годзе былі знойдзены рэшткі самалёта-знішчальніка ЛА-5, у якім знаходзіліся астанкі лётчыка-аса Аляксандра Гараўца, яго дакументы і зброя. Менавіта тады Юрый Гагарын даведаўся пра легендарны подзвіг на Курскай дуге, здзейснены ў ліпені 1943-га, калі ў адным паветраным баі супраць дваццаці “юнкерсаў” лётчык-беларус знішчыў дзевяць самалётаў праціўніка, і яму тады адразу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна. Зразумела, курсанты ўсіх ваенных авіяцыйных вучылішчаў лётчыкаў па падручніках вывучалі такія непераўзыдзеныя подзвігі. Вядома, і для Юрыя Гагарына, які ў далейшым спасцігаў неба ў Чкалаўскім авіяцыйным, Гаравец стаў кумірам. Але гісторыя мела зноў жа заканамерны прыцяг.

/i/content/pi/cult/845/17969/24.jpgКалі нам з Барысам Крэпакам давялося пісаць дакументальную аповесць “В поединках на высоте” пра зараджэнне авіяцыі на Беларусі і лётчыкаў Вялікай Айчыннай вайны, дзе галоўным героям быў Аляксандр Гаравец, мы сустракаліся ў 1980-я з яго аднапалчанамі, некаторыя з іх мелі дачыненне да атраду касманаўтаў у Зорным гарадку.

Так нарадзілася прадмова да кнігі, якую напісаў па просьбе Івана Міско двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Клімук, папярэдне прычытаўшы наш рукапіс. Там ёсць такія радкі: “Гаворачы аб традыцыях айчыннай авіяцыі, аб пераемнасці пакаленняў, не магу не адзначыць, што лёс А.К.Гараўца натуральна ўвайшоў і ў жыццё нашай касмічнай сям’і. Так, у блізкага сябра Аляксандра Канстанцінавіча па Ульянаўскай лётнай школе вядомага лётчыка-інструктара А.Д. Вінакурава вучыліся лётнаму майстэрству Павел Бяляеў, Уладзіслаў Волкаў і Віталій Севасцьянаў. Двойчы Герой Савецкага Саюза Георгій Берагавой атрымаў сваю першую “Залатую Зорку”, ваюючы з фашыстамі ў той жа 2-й Паветранай арміі, што і А.К. Гаравец”...

...Такім чынам у час сустрэчы ў Віцебску ў майго дзядулі з’явіўся гэты эксклюзіўны аб’ёмны альбом з фотаздымкамі першага касманаўта Зямлі і дарчым надпісам.

Людміла КРУШЫНСКАЯ