Выстава, на якой нельга фатаграфаваць

№ 13 (1504) 27.03.2021 - 02.04.2021 г

Не тое, каб зусім нельга, але на ўваходзе ў залу аб’ява з просьбай да наведвальнікаў выставы ўстрымацца ад фатаграфавання і відэаздымак твораў экспазіцыі. Не ведаю, магчыма, гэта клопат пра тое, каб не былі парушаны правы юрыдычных асоб, якім гэтыя творы належаць, каб не з’яўляліся “пірацкія” рэпрадукцыі. А мо прычына ў тэматыцы работ…

/i/content/pi/cult/843/17934/21.jpgНазва выставы “Сюнга. Другая жарсць самурая. Японская эратычная гравюра. А таксама творы беларускіх аўтараў”. Экспануюцца каляровыя ксілаграфіі класікаў японскага выяўленчага мастацтва, творчасць якіх, хай нават у агульных рысах, вядомая кожнаму, хто мэтанакіравана цікавіўся гісторыяй сусветнага мастацтва — Хокусай, Утамара, Куніёсі. Акрамя работ згаданых карыфеяў на выставе прадстаўлены таксама іхнія апалагеты і паслядоўнікі, сярод якіх мастакі Краіны ўзыходзяча сонца і блізкага Японіі геаграфічна Кітая.

“Сюнга” літаральна перакладаецца як “веснавыя карцінкі” і ў кантэксце японскай мовы, кажучы па-руску “иносказательности”, азначае непрыхаваную эратычнасць, якая ўласціва паспалітым людзям не ў меншай ступені, чым самураям. Але ёсць нюансы… Я ўвогуле не вельмі добра стаўлюся да зброі. І гісторыя, і рэчаіснасць дае нам шмат прыкладаў таго, што наяўнасць зброі ў руках, асабліва пры адсутнасці яе ў апанента, нешта робіць з галавой уладальніка нажа, мяча, стрэльбы, аўтамата. Ён пачынае лічыць сябе элітай, супермэнам, звышчалавекам — тым, каму ўсё дазволена; тым, хто па-над законам і маральнасцю. Мяркуючы па карцінках выставы — а створаны яны ў ХІХ — ХХ стагоддзях — у вачах тыповага самурая жанчына была тым жа, што дзічына для тыповага паляўнічага. Жарсць у наяўнасці, адухоўленасці — нуль, альбо яна вельмі глыбока закамуфліравана. Мабыць, знаўцы японскай культуры са мной паспрачаюцца. Я ж мяркую па тым, што бачу — па мастацку ўвасобленых вонкавых праявах. Магу і памыляцца…

На выставе вельмі дарэчныя работы беларускіх скульптараў Хізры Асадулаева, Андрэя Вераб’ёва і Андрэя Асташова. Апошняга я адзначыў бы асобна. Ён вядомы культурніцкай грамадзе як таленавіты пераклачык на мову беларускай пластыкі самабытнай і экзатычнай для нас культуры Паўднёва-Усходняй Азіі. Тут жа ён дэманструе глыбокае разуменне японскай культуры і ментальнасці. Ягоная “Дзяўчына ў шлеме самурая” — твор выключнай пачуццёвасці і глыбокага, шматузроўневага зместу.

Ёсць на выставе наша дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, графіка, жывапіс. Работы рознага кшталту, на розны густ, але для мяне яны як сачыненне на тэму “Што я ведаю пра Японію” ці “Як я бачу Японію ў Беларусі”. І яшчэ гэта натуральнае жаданне прысуседзіцца да брэнда, бо што ні кажы, але да самабытнай культура Японіі, бадай, ва ўсіх яе праявах у нашым грамадстве ёсць велізарны піетэт.

А першае, што прыходзіць у галаву па наведванні выставы, гэта тое, што не надта мы ад тых японцаў адрозніваемся. Прынамсі, калі гаворка ідзе пра пачуццёвасць і жарсці.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"