Сакрэты “гуменаўскіх” фарбаў

№ 13 (1504) 27.03.2021 - 02.04.2021 г

Заўтра, 28 сакавіка, Феліксу Фёдаравічу Гумену — восемдзясят. Скажу адразу са спакойнай упэўненасцю: гэта не толькі лідар беларускай акварэлі на працягу апошніх, скажам, чатырох дзесяцігоддзяў, але і адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў нацыянальнай культуры наогул. Больш за тое, сябруючы з мастаком, магу смела сцвярджаць: Гумен даўно ўжо выйшаў за рамкі, так бы мовіць, беларускай творчай “ментальнасці” і “рэгіянальнасці”. Яго мастацкая папулярнасць у краінах бліжняга і дальняга замежжа — таму пацвярджэнне. Мне здаецца, што сёння ў нашым мастакоўскім асяроддзі, у тым ліку і ў маладых творцаў, ужо рэдка можна сустрэць такую гуменскую асаблівасць, як добразычлівасць — творчая і чалавечая. Відавочна, гэта ўнутраная сутнасць і трывалая аснова ўнікальнага таленту.

/i/content/pi/cult/843/17932/18.jpgТаму акварэльны жывапіс майстра прымаецца людзьмі незалежна ад іх нацыянальнасці, узросту, адукацыі, веравызнання, сацыяльнай прыналежнасці. Таму ён сапраўдны народны мастак не па званні, а па пакліканні, бо творыць для людзей, і яны яму адказваюць шчырай любоўю. Дастаткова ўспомніць яго шматгадовую працу з дзецьмі Віцебска. А яго знакамітыя майстар-класы, якія ён праводзіў і на Міжнародных фестывалях мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, і на дзіцячых пленэрах у Здраўнёве, і ў вышэйшых навучальных установах, і асабліва часта — у 1-й дзіцячай мастацкай школе Віцебска... А што тычыцца персанальных выстаў, дык такіх Фелікс Фёдаравіч за сваё творчае жыццё правеў некалькі дзясяткаў, у тым ліку ў розных вялікіх і малых гарадах Расіі і Германіі. Вось і зараз у Акварэльнай галерэі гарадскога пасёлка Расоны Віцебскай вобласці, у цудоўным будынку пачатку ХХ стагоддзя, па вуліцы Савецкая, 9 (дарэчы, адзінай у Беларусі галерэі акварэльнага жывапісу) арганізавана юбілейная выстава Фелікса Гумена. Яшчэ адна выстава мастака пад назвай “Германскія пленэры” з 24 сакавіка працуе ў Мастацкім музеі Віцебска.

Чамусьці зараз я ўспомніў, што мы ўпершыню сустрэліся з Феліксам у Мінску на Першай рэспубліканскай выставе акварэлі таксама ў сакавіку — у 1966 годзе. За плячамі маладога мастака ўжо тады была Першая ўсесаюзная акварэльная выстава. Калі не памыляюся, у гэты час Гумен пачынаў сваю выкладчыцкую дзейнасць у Віцебскім педагагічным інстытуце імя Кірава на мастацка-графічным факультэце — яго alma mater.

/i/content/pi/cult/843/17932/19.jpgНаогул кажучы, я ніяк не разумею, ды і ніхто з маіх калег не разумее, чаму ён — дзівосны мастак і выдатны педагог, які выхаваў некалькі пакаленняў здольных вучняў — сённяшніх прадстаўнікоў шырока вядомай Віцебскай школы акварэлі, да гэтага часу не мае ніякага ганаровага звання! Магчыма таму, што яго асноватворнае крэда жыцця: “Я — абсалютна свабодны мастак, і застануся ім назаўсёды” — не ўсімі ўспрымаецца як належнае? Урэшце, Гумен да ўсіх званняў і ўзнагарод заўсёды адносіўся індыферэнтна: ён лічыў, што званне “Мастак” і ёсць самае высокае...

Па вялікім рахунку, гуменскія акварэльныя пейзажы, нацюрморты и партрэты словамі немагчыма тлумачыць — іх можна толькі палюбіць. Адчуць. Зразумець. І толькі тады, у адзіным парыве суперажывання, калі душа твая адгукнецца на боль ды адчай, развагі мастака, ягоныя творы будуць належаць табе гэтак жа, як належаць самыя патаемныя ўспаміны. І на вернісажы мы ўбачым пасівелага, мудрага, канешне ж, усхваляванага творцу, заўсёды падцягнутага, прыгожага, сардэчнага, з лёгкай, такой знаёмай многім, добрай усмешкай. Асабіста хачу сказаць яму: “Вялікі дзякуй, дарагі Фелікс!” — за падораную людзям прыгажосць, за радасць і сонца, за цішыню зімовага ранку і барву восені над Дзвіной і Лучосай, за блакітнае неба пранізлівай вясны Браслаўшчыны і восеньскія змярканні Віцебска, спякоту летняга полацкага дня, за вабнае мроіва Лагойшчыны і палымнеючыя фарбы кветак. Словам, за тую нашу гісторыю і культуру, што ты так ярка ўвасобіў пэндзлем, за ўсе тыя чароўныя, светлыя, захопленыя фарбы, якія я заўсёды называў “гуменаўскімі”…

А паглядзім яго ўрбаністычныя кампазіціі беларускіх гарадоў — сакавітыя, колерамузычныя, манументальна разгорнутыя. Або нацюрморты — ад якіх цяжка адарваць вочы: такія яны яркія, жывыя, духмяныя, бездакорныя па колеры і кампазіцыі. Тым не менш, гэтыя жанры ў выяўленчым мастацтве  — не такія простыя з’явы, як можа падацца на першы погляд, — яны маюць сваю складаную гісторыю, якая цягам стагоддзяў папаўнялася ўсё новымі і новымі пластычнымі канцэптамі, плынямі, вобразамі, колерарытмікай, “сюжэтамі”, новымі тэхнічнымі прыёмамі. Унутры гэтых жанраў пастаянна, асабліва ў ХХ стагоддзі, ішла стыхійная барацьба паміж так званымі рэалістамі і фармалістамі, якая ў 1930 — 1950-я гады, у часы росквіту сацрэалізму, дасягнула свайго апагея. І, дарэчы, на прыкладзе творчасці Гумена таксама можна прасачыць сляды гэтай непрыкметнай для вока барацьбы.

Хэмінгуэй казаў, што, наведваючы музеі, ён многаму навучыўся ў пейзажыста Поля Сезана. Але ён прызнаваў таксама, што не можа ўцямна, выразна растлумачыць, чаму ж менавіта ён навучыўся. А вось мастацтва Гумена, хачу спадзявацца, нас вучыць многаму. Але і мне цяжка вызначыць, чаму ж менавіта. Мабыць, ужытковых азначэнняў, якімі мы карыстаемся, як разменнай манетай, не зусім дастаткова, каб акрэсліць годнасць нават яго найлепшых акварэляў. Таму абмяжуюся самымі простымі словамі і скажу: яго творчасць нагадвае нам, што такое вялікае мастацтва, сапраўдны акварэльны жывапіс, паэзія фарбаў. Калі аднойчы я хадзіў па персанальнай выстаўцы Гумена ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, давялося пачуць словы аднаго наведвальніка: “Ад гэтых твораў светла ў вачах, у душы — цёпла, на сэрцы — радасна і не хочацца выходзіць на вуліцу...”

Не адчуваючы асаблівага піетэту перад класікамі, Гумен смела і свабодна ішоў да выяўлення тых унутраных рытмаў жыцця, якія былі ўласцівыя яму ад прыроды. Менавіта патрэба выйсці яшчэ ў 60 — 70-я гады з кола звыклага жывапіснага мыслення, знайсці свой шлях да выяўлення сучаснай гармоніі свету штурхала яго на пошукі абвостранай формы, мовы, новай “карціннай” прасторавай кампазіцыі, у якой штодзённыя рэчы і пейзажныя матывы гарадоў і вёсак артыстычна пераўтвараліся ў сімвалы часу.

Кожны дзень, вось ужо шмат гадоў, Фелікс Фёдаравіч прысвячае свае творы цудоўнасці жыцця і побыту, каб паведаміць нам “норавы і характары” таго, што мы звычайна не заўважаем. І што цікава, прынцыпу “па частцы — цэлае” Гумен аддае перавагу іншаму, процілегламу, — цэламу як такому. Завершаны ў сабе свет акварэльных карцін мастака — апора надзейнасці, трываласці, дзе прывольна і дрэвам, і травам, і нябёсам, дзе ўтульна жывецца і кветкам, і садавінам, і прадметам хатняга побыту. Погляд наш не спатыкаецца тут на кожным кроку аб вострыя вуглы запазычаных ці спісаных з рэпрадукцый форм, не блукае ў стракатасці і ў нагрувашчванні прадметаў і рэчаў. Які ні складаны, які ні адвольны часам лінейны і колеравы рытм, галоўныя восі жывапіснай канструкцыі твораў Гумена сцягнуты ў сэнсавы, кампазіцыйны вузел, завязаны акурат пасярэдзіне. Гэта мікрасвет мастака, дзе немагчыма “праверыць алгебрай гармонію”. Увесь сакрэт гуменаўскіх “штудый” заключаецца ў тым, наколькі надзвычайная, часам да наіўнага, элементарная схема канструкцыі, настолькі ж неэлементарны змест вобраза, настолькі і адчувальны багаты рытмічны і колеравы пачатак.

Нярэдка бывае адразу бачна, што ў карціне Гумена — ад “выдуманага”, што — ад “падгледжанага”. У яго сцёртая мяжа паміж вымыслам і назіраннем. Застаецца толькі прыкладна меркаваць, ці прыдумляў ён канфігурацыі рытмаў, ці прыводзіў іх у адпаведнасць з абагульняльнай думкай, якая ўзнікла apriori — ад ідэалу, ад жаданага, альбо a posteriori — ад вопыту, назірання. Або адбылося неймавернае, немагчымае — і прырода за ўчэпістасць позірку паднесла Гумену падарунак — “арганізаваную” плоскасць і глыбіню, “гатовыя” згоды рытмаў, плям і колеравыя тэмы з варыяцыямі? Ці адбіліся, выявіліся інтуітыўная кампазіцыйнасць, здольнасць бачыць гармонію ў пабудове прыроды і рэчаў?

Гэта — таямніца аўтара. Урэшце, усё сапраўднае мастацтва — таямніца. Тут для нас важны вынік — арганічнасць твора, дзе прыём не аголены, “зробленасць” адыходзіць углыб, і захоплівае толькі адкрытая эмацыянальнасць, пачуцці мастака і жыццё, што цячэ ў гэтых, на першы погляд, маленькіх, але такіх значных сусветах, дзе мы жывём...

У “Ладдзі роспачы” Уладзіміра Караткевіча ёсць такія красамоўныя радкі: “Чалавек носіць сваё неба з сабой…” Фелікс Гумен натхнёна таксама носіць сваё неба з сабой — у прасторах акварэльных твораў і ў прасторах шчодрай ды адкрытай усяму свету душы…

Барыс КРЭПАК

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"