Пад купалам даўніны

№ 10 (1501) 06.03.2021 - 12.03.2021 г

На шляху да “жывога музея”
У лютым 1981-га, сорак гадоў таму, у старажытным Полацку адкрылася мастацкая галерэя. Сёння чорна-белыя фота, зробленыя падчас яе першых выстаў — ужо старонкі гісторыі беларускага мастацтва. А маладыя і смелыя для свайго часу творцы, якія знаходзілі ў нашых сценах падтрымку, натыкаючыся ў свой час на неразуменне, даўно сталі мэтрамі. Аднак галоўнае пытанне засталося для нас нязменным. Якой павінна быць галерэя, што ўваходзіць у склад гісторыка-культурнага запаведніка ў калысцы беларускай дзяржаўнасці?

/i/content/pi/cult/840/17885/22.jpgПошук свабоды

Цягам сваёй гісторыі наша галерэя тройчы мяняла адрас, але кожнага разу гэта было месца, у прамым сэнсе слова намоленае. Спярша — колішні Богаяўленскі сабор XVIII стагоддзя: велічная прастора з верхнім святлом і цудоўнай акустыкай, якая дазваляла праводзіць выставы не толькі ўсебеларускага, але нават усесаюзнага маштабу. Ды і гледачоў яны збіралі ці не з усяго Саюза: Полацк ужо стаў значным турыстычным цэнтрам, і галерэю наведвала 18 — 25 тысяч чалавек за год.

Зрэшты, месца ў экспазіцыйных планах знаходзілася не толькі для вядомых імёнаў. Выставачная дзейнасць галерэі ўжо ў той савецкі час імкнулася своечасова ахапіць актуальныя працэсы і падтрымлівала самыя свежыя павевы мастацкай думкі.

1988 год. Як пісаў мастацтвазнаўца А. Дабравольскі, “адкрываць выставу ў такі вырашальны і пераломны час — справа вельмі адказная, а для мастака нават і рызыкоўная”. Аднак галерэя на рызыку ідзе. У Полацк прыязджае выстава той групы, якую тады нярэдка шэльмавалі ў прэсе і не надта хацелі прымаць іншыя пляцоўкі — “Няміга-17”. Яе ўдзельнікі здзіўлялі неадназначнасцю вобразнага рашэння, адкрывалі для гледача новыя магчымасці колерапластычнага напрамку і ў нечым імкнуліся перахапіць эстафету няўрымслівых жывапісных пошукаў 20-х.

Для беларускага мастацтва гэтая выстава стала знакавай. А ў Полацку дзякуючы ёй з’явілася цудоўная калекцыя работ “нямігаўцаў”, якой сёння мы ганарымся. Варта адзначыць, што з самага моманту адкрыцця дзейнасць галерэі была арыентаваная таксама і на мэтанакіраванае стварэнне паўнавартаснай калекцыі выяўленчага мастацтва Беларусі, якая ў будучыні магла б стаць асновай пастаяннай музейнай экспазіцыі.

А ў наступным 1989 годзе ў галерэі заявіла пра сябе і група полацкіх мастакоў: “4-63”. Алег Ладзісаў, Аляксандр Канавалаў, Галіна і Васіль Васільевы, а таксама віцебчукі Аляксандр Салаўёў і Алег Арлоў дэманстравалі свой інтуітыўны жывапіс. Досвед псіхалагічнага прачытання колеру як элемента пабудовы прасторы, пошук знакавай сістэмы выяўлення эмоцый — усё гэта было для полацкага гледача адкрыццём.

І гэтую сваю місію — знаёміць землякоў з сучаснымі мастацкімі з’явамі — мы лічым вельмі важнай і сёння, запрашаючы з выставамі тых аўтараў, якія здатныя здзівіць нашу далёка не правінцыйную публіку.

/i/content/pi/cult/840/17885/23.jpgУ езуіцкіх скляпеннях

Праз 10 гадоў пасля адкрыцця галерэі Савецкі Саюз распаўся. У саборы аднавіліся службы, а ўстанова на пэўны час перабралася ў Музей беларускага кнігадрукавання — размешчаны, дарэчы, у былым манастырскім корпусе. Умовы там былі сціплымі. Але ў верасні 2002 года галерэя атрымала пастаяннае месца дыслакацыі — будынак былога езуіцкага калегіума. А гэта — больш за 1000 м2 плошчаў! Вось тады наш калектыў змог паставіць перад сабой амбітную мэту — стварыць жывы музей, адлюстроўваючы ў ім мастацкую культуру Полаччыны і ўсёй Беларусі ад сівой даўніны і літаральна да сённяшняга моманту.

Сустракае наведвальнікаў стацыянарная выстава “Сценапіс XII — XIX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскага храма ў Полацку”, якая не мае аналагаў у свеце. Яе стварэнне стала магчымым дзякуючы шматгадовай працы навукоўцаў, рэстаўратараў, музейшчыкаў, а таксама гранту фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. Унікальная рэстаўрацыйная методыка, распрацаваная адмыслова для полацкага храма маскоўскімі спецыялістамі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Сарабьянава, дазволіла не толькі адкрыць фрэскі ХІІ стагоддзя, але і зрабіць абмеры будынка, вывучыць графіці, сюжэтныя кампазіцыі роспісу, правесці архітэктурныя і археалагічныя даследаванні тэрыторыі вакол помніка. Усё гэтыя навуковыя адкрыцці адлюстраваныя ў музейнай экспазіцыі — у тым ліку праз інфакіёск ды відэафільм.

Наведаўшы выставу, мы не толькі здзяйсняем падарожжа ў далёкае ХІІ стагоддзе, але і бачым арыгінальны сценапіс пазнейшых перыядаў — 1837 і 1885 гадоў — адслоены паводле ўнікальнай методыкі. Перасоўваючы планшэты, наведвальнік самастойна знаёміцца з рознымі слаямі гісторыі храма. Усё гэта стварае атмасферу жывога ўдзелу, спараджае інтрыгу ўласнага дачынення да мінуўшчыны. Разглядаючы сюжэты сценапісу, ты можаш сабе ўявіць, як адчувалі сусвет нашы продкі. Бо значэнне манументальнага жывапісу нашмат шырэйшае, чым проста ілюстраванне таго ці іншага сюжэту: там тоіцца філасофскі змест.

Да ўсяго, выстава з’яўляецца жывым арганізмам: яна пастаянна папаўняецца артэфактамі, якія нейкім таямнічым чынам адкрываюцца падчас новых даследаванняў храма. Гэта сенсацыйная знаходка фрагмента плінфы ХІІ стагоддзя з чарцяжом часткі храма, пячатка Еўфрасінні Полацкай, раскрыццё жывапісу на паўднёвай сцяне, якая раней лічылася знешняй…

Агулам фонды Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка налічваюць больш за 100 твораў сакральнага мастацтва — іконы, алтарныя карціны, прадметы храмавага ўжытку. У іх ліку і шэсць абразоў сярэдзіны XVIII стагоддзя з полацкай Сафіі — яркі прыклад іканапісу таго перыяду, калі 75 працэнтаў жыхароў сучаснай тэрыторыі Беларусі былі грэка-католікамі. Для таго перыяду “народнага барока” ўласцівы адыход ад строгай кананічнасці. Напісаныя мясцовымі вернікамі абразы былі настаяныя на фальклоры, надзеленыя рысамі наіўнасці і казачнасці.

Многія створаныя ў Полацку шэдэўры апынуліся далёка за яго межамі: у Нацыянальным мастацкім музеі, касцёлах Польшчы і нават далёкім расійскім гарадку Кінешма. Але наведвальнік галерэі можа ўбачыць у экспазіцыі тыя партрэты з езуіцкай акадэміі, алтарныя скульптуры і карціны з нашых кляштараў. Праўда, у выглядзе лічбавых копій.

Экспазіцыя як аповед

Далей глядач пераносіцца ў часы адносна нядаўнія. Экспазіцыя мастацтва Беларусі XX стагоддзя адлюстроўвае яго ва ўсёй жанравай і стылістычнай разнастайнасці. Пры яе стварэнні было важна ахарактарызаваць усе тэндэнцыі таго ці іншага перыяду — часам вельмі супярэчлівыя. Структура паказу — гэта паслядоўны аповед, які сведчыць, што нашаму мастацтву былі заўсёды ўласцівыя і эксперымент і рэтраспекцыя, а элементы інсіту вольна спалучаліся з акадэмічнай стылістыкай.

Вельмі важным для нас было выбраць менавіта найбольш этапныя, прадстаўнічыя творы. Скажам, прадстаўленыя ў экспазіцыі пяць пейзажаў В. К. Бялыніцкага-Бірулі не толькі трапна адлюстроўваюць асноўныя рысы творчасці гэтага мастака, але і наогул характарызуюць перыяд апошняй трэці XIX стагоддзя. На прыкладах твораў А.Каржанеўскага, А.Глебава, В.Кубарава, С.Каткова раскрытая тэма станаўлення ідэалагічнай праграмы сацрэалізму. Праз працы П.Данеліі і А.Кроля мы знаёмім са стылістыкай “суворага стылю”. Вялікая ўвага надаецца выбітным персаналіям — В.Цвірку, Г.Вашчанку, Р.Кудрэвіч, Л.Шчамялёву, І.Карасёву і, вядома, нашай зямлячцы Н.Шчаснай.

А далей — мастацтва 80-х і 90-х гадоў. У той час сам характар твораў становіцца своеасаблівым тэкстам. Яго можна “расчытаць”, ведаючы пра эстэтычныя каштоўнасці і індывідуальную манеру пісьма мастака, які абапіраецца на яго ўнутраныя псіхалагічныя працэсы. У творах З.Літвінавай, І.Басава, М. Бушчыка, Б.Сямілетава і многіх іншых жывапіс становіцца самакаштоўнасцю.

Сфармаваць тую цэласную, да драбніцаў вывераную экспазіцыю, якая здатная стварыць у гледача цэласную карціну беларускага мастацтва, стала магчымым толькі дзякуючы няўрымслівай пошукавай працы па дапаўненні калекцый. Вялікую дапамогу ў іх фарміраванні аказаў Беларускі саюз мастакоў, даўшы галерэі магчымасць доўгатэрміновага паказу твораў са сваіх фондаў. Частка работ была перададзеная праз Міністэрства культуры або аддзяленне Віцебскіх мастацка-вытворчых майстэрняў, але большасць твораў была закуплена альбо падораная аўтарамі. Актыўная выставачная дзейнасць дапамагае нам не толькі фіксаваць арт-працэс, але і фармаваць калекцыі. А галоўнае — своечасова паверыць у таленты, пакуль яны яшчэ не сталі запатрабаванымі ўсімі класікамі.

Сваімі рукамі

Наша галерэя — не толькі выставачная пляцоўка, але і свайго кшталту лабараторыя, якая фармуе ў аўдыторыі крытэрыі мастацкасці. Таму яе дзейнасць немагчымая без музейных заняткаў, студыйнай працы, размаітых акцый, сімпозіумаў ды самых розных формаў нефармальных зносін мясцовай супольнасці з беларускімі і замежнымі аўтарамі. У міжнароднай біенале акварэлі “Вада + Фарба” ўзялі ўдзел мастакі з 11 краін свету, а пленэр друкаванай графікі, які ладзіцца ў Полацку — першы і адзіны ў Беларусі.

У рамках праграмы “Культура ўдзелу” ў сценах Мастацкай галерэі адкрыта пастаянна дзейная Гравёрная майстэрня. Там любы наведвальнік можа не толькі даведацца болей пра Францыска Скарыну, але і зрабіць сваімі рукамі копію гравюры з яго «вечных» кніг. Хочацца, каб яны ўпрыгожвалі кожны наш дом.

А тая цікавасць і захапленне, якімі прамяніліся вочы наведвальнікаў падчас асваення навыкаў першадрукара, натхнілі нас на яшчэ адзін праект — арт-студыю “Калекцыйныя скарбы”. Гэта новая форма асэнсаванага дыялогу, калі кожны ахвотны можа самастойна зрабіць рэпліку таго твора мастацтва, які найбольш зацікавіў яго ў нашай экспазіцыцыі.

Мы не забываемся на простую ісціну: жыццё не стаіць на месцы. Той найбагацейшы багаж, які нам удалося сабраць — гэта не толькі нагода для гонару, але найперш важны рэсурс для новых задумаў. Шлях да жывога музея працягваецца. І гэта шлях, які вядзе да зрухаў самасвядомасці, да пераўвасаблення нашага горада, нашай краіны, нашых людзей.

Ларыса ЛЫСЕНКА, загадчык мастацкай галерэі Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка

Фота аўтара