Светлы, як заранак

№ 9 (1500) 27.02.2021 - 06.03.2021 г

Кампазітар і сціпласць — для народнага артыста Беларусі Эдуарда Зарыцкага, якому днямі магло б споўніцца 75 гадоў, гэта было абсалютнай нормай жыцця. Ён не спяваў на вялікай сцэне свае песні, не любіў публічна дзяліцца навінамі, як гэта робяць часцяком медыйныя асобы, ствараючы дадатковыя інфармацыйныя нагоды. Усе самыя вялікія справы ён рабіў моўчкі — пры тым, што меў імгненную рэакцыю і неверагоднае пачуццё гумару.

/i/content/pi/cult/839/17868/23.jpgТакіх спраў, кампазітарскіх і не толькі, было безліч. Яго творчасць ахоплівае велізарную колькасць сачыненняў самых розных жанраў. За плячыма ўсіх кампазітараў-песеннікаў, якія мелі і маюць профільную кансерваторскую адукацыю, ёсць пэўная колькасць сімфанічных партытур: не напісаўшы іх, яны папросту не атрымалі б свой дыплом. Але ў Зарыцкага гэта зацікаўленасць рознай музыкай, у тым ліку акадэмічнай і нават авангарднай, была даволі ўстойлівай, працягвалася і надалей. Таму, мабыць, і песні ў яго атрымліваліся не самыя звычайныя.

На першы план у іх выходзіць не запамінальная мелодыя-каралева, пры якой праславутыя “тры акорды” становяцца ўсяго толькі неабавязковым дадаткам. Не-не, у Зарыцкага ўсё наадварот! У яго каралеву іграе світа — тое музычнае атачэнне, што стварае цэласнае аблічча, саму “постаць” песні. Гэта як з людзьмі. Згадваючы аднаго чалавека, адразу бачыш яго твар — і больш нічога. А ўспамінаючы іншага — найперш ягоную фігуру, манеру рухацца, як гэта бывае ў тэатры ценяў. Мабыць, таму многія яго песні так лёгка змаглі ператварыцца ў харавыя партытуры. Больш за тое, харавая творчасць, прычым менавіта для дзіцячых калектываў, быццам адкрыла новы, трэці па ліку перыяд яго кампазітарскай дзейнасці. Даведаўшыся пра сваю невылечную хваробу, ён паспеў, дзякуючы спонсарскай дапамозе, выпусціць таўшчэзны харавы зборнік і прэзентаваць яго выканаўцам. Але гэта рабілася не дзеля таго, каб тыя “адкрылі”, нарэшце, нотныя матэрыялы — зноў-такі, усё наадварот. Тое выданне стала лагічным працягам шматгадовага цыкла канцэртаў “Нас яднае хор”, назву якому дала яго аднайменная песня на словы Васіля Жуковіча.

Увогуле, яднаючыя здольнасці Эдуарда Зарыцкага выяўляліся ва ўсіх сферах — і цягам усяго жыцця. Так было ў гады юнацтва, калі ён заўзята гуляў у беларускім КВЗ — Клубе вясёлых і знаходлівых. Так было і пазней, калі Эдуард Барысавіч быў членам праўлення Беларускага саюза кампазітараў і доўгі час практычна замяняў старшыню Ігара Лучанка, бо той хварэў пры канцы жыцця. Арганізацыя пераязджала з аднаго будынка ў другі, былі складанасці з памяшканнем — і каб правесці пасяджэнні, мы збіраліся ў яго дома. Ён умеў яднаць і на разнастайных эстрадных конкурсах, дзе ўсе ўдзельнікі — канкурэнты. Жартаваў, што стаў пастаянным старшынёй журы — маўляў, пасада ў яго такая. А запрашалі яго менавіта таму, што ўмеў бяскроўна разрульваць любую сітуацыю — дзе жартам, а дзе і спакойным, разважліва дакладным тлумачэннем без аніякай сафістыкі, шчодра разведзенай “вадой”. І быў гранічна аб’ектыўны, заўжды захоўваючы непрадузятасць і вывераную логіку, што сцішвала самыя гарачыя галовы. Згадаю яшчэ адзін учынак, на які вырашыўся б не кожны мужчына: пасля смерці жонкі Эдуард Барысавіч некалькі гадоў клапатліва даглядаў свайго цесця, прыкаванага да ложку.

Галоўная ж яго творчая заслуга як кампазітара мне бачыцца ў стварэнні буйных вакальных цыклаў — на вершы Анатоля Вярцінскага, Адама Русака, Адама Міцкевіча, Ніла Гілевіча, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча. Апошнія два паэты ўвогуле лічыліся “не песеннымі”: на вершы таго ж Якуба Коласа ствараліся найперш акадэмічныя харавыя партытуры, была і опера “Новая зямля” Юрыя Семянякі, што таксама атрымала жанравае азначэнне “харавая”. Эдуард Зарыцкі адкрыў у гэтай паэзіі яе новую музычнасць. Гэтак жа, як і ў творчасці Аляксея Дударава, напісаўшы яшчэ ў 2004-м на яго лібрэта мюзікл “Белыя росы”.

Уласна кажучы, блізкімі да мюзіклаў былі і спектаклі 1970-х з музыкай Э.Зарыцкага — “Дванаццатая ноч”, “Снежная каралева”. Шкада, што ў той час гэты жанр лічыўся ганебным для савецкай краіны. Бо кампазітар знайшоў да яго свой падыход, адрозны не толькі ад заходніх прыкладаў, але і ад іншых беларускіх мюзіклаў — У.Кандрусевіча, У.Кур’яна, У.Дамарацкага.

Наперадзе, як мне думаецца, і новае адкрыццё камерна-інструментальных твораў Э.Зарыцкага, сярод якіх ёсць п’есы з такімі красамоўнымі назвамі, як “Старое кіно”, “Маленькія дэтэктывы”, “Ветразь”, “Касавіца”, шматлікія ансамблі для духавых. І шмат іншай музыкі, што выпраменьвае дабрыню. Бо ён і сам быў светлы, як заранак.

А пакуль — акурат да юбілею намаганнямі сяброў, дачкі Ліны, якая з’яўляецца піяністкай і жыве за мяжой, Беларускага саюза кампазітараў, пры частковай фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі быў усталяваны надмагільны помнік Эдуарду Зарыцкаму. Аўтар скульптурнай кампазіцыі — знакаміты Іван Міско. Урачыстае адкрыццё адбудзецца пазней, і мы пра яго абавязкова напішам.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"