Новадраматычныя мелодыі

№ 9 (1500) 27.02.2021 - 06.03.2021 г

У Новым драматычным тэатры з’явілася “Варшаўская мелодыя”. Крыху раней там была прэзентавана і іншая прэм’ера, што застаецца ў рэпертуары, — “Нобелеўскі тыдзень”. Пры ўсёй супрацьлегласці спектакляў, яднае іх тое, што абодва пастаўлены галоўным рэжысёрам тэатра Сяргеем Кулікоўскім, маладым мастаком Лідзіяй Малашэнка і харэографам Марынай Баранавай, якую ў праграмках звычайна называюць рэжысёрам па пластыцы.

/i/content/pi/cult/839/17867/22.jpgП’еса Леаніда Зорына “Варшавянка”, напісаная ў 1967-м, атрымала вельмі актыўнае сцэнічнае жыццё. Праўда, з-за недавольства тагачаснай савецкай цэнзуры давялося змяніць назву, і замацавалася добра вядомая “Варшаўская мелодыя”. Гэтае найменне больш асацыюецца з асабістай лірыкай, забракаванае ж першае — з грамадскімі падзеямі, чаго і баяліся ўлады. Але ў п’есе, разлічанай на двух акцёраў, шчодра перамяшана і тое і гэта. Аўтарскі арыгінал пазначаны як “лірычная драма”. Цяперашні спектакль — куды больш проста, нават крыху безаблічна, ніякавата: “гісторыя кахання”. Але так і хочацца дадаць: “на фоне”, “у кантэксце” савецкай рэчаіснасці. І справа не толькі ў забароне на шлюбы з іншаземцамі, што была прынята ўрадам у 1947 годзе і адразу перакрэсліла лёс герояў. Справа ў тым, што за кожнай сцэнічнай дэталлю, вымаўленай фразай — за развіццём характараў, што і складае асноўную драматургію, паўстаюць дакладныя месца дзеяння і час.

Невыпадкова сцэнаграфія ўяўляе з сябе не нейкую адзіную канструкцыю, здольную змяняцца цягам дзеі ці набываць сімвалічны змест, а пэўны набор рэалістычных дэталяў побыту. Паваротнае кола хутка змяняе лакацыі. З іх без цяжкасці дамалёўваюцца не толькі асаблівасці жыцця ў дзвюх розных краінах у розныя дзесяцігоддзі, але і тыя ўмовы, у якіх фарміруецца адпаведная псіхалогія чалавека.

Лінейны аповед даўжынёй у дваццацігоддзе рэжысёр замяняе рэтраспекцыяй: пачынае з фіналу п’есы — з сустрэчы герояў у Маскве ў 1965-м, а далей паказвае ранейшыя падзеі, ужо без парушэнняў храналогіі. Хіба антракт робіць не на расстанні ў 1947-м, а раней, тым самым не падзяляючы дзеі на шчаслівую і не. Перастаноўка матэрыялу спрыяе больш яркай кульмінацыі. Бо сцэна сустрэчы герояў у Варшаве ў 1957-м, якой завяршаецца спектакль, куды больш экспрэсіўная, яна ставіць сапраўдны эмацыйны клічнік. І дазваляе дараваць акцёрам усё, што, магчыма, удалося менш (на мой погляд, не зусім натуральна выглядалі яны ў пачатку спектакля, але тое было ў дзень прэм’еры і, упэўнена, згладзілася на наступных паказах).

На першы план у спектаклі выведзены нават не ўзаемаадносіны закаханых ва ўсіх іх псіхалагічных тонкасцях, як гэта рабілі многія пастаноўшыкі, а сама траекторыя разгортвання-згортвання пачуццяў. У Гелі яна — узыходзячая. Польская дзяўчына, перапужаная вайной і Халакостам, з цягам часу пазбаўляецца душэўнай траўмы, выпроствае крылы — аднаўляецца разам са зруйнаванай Варшавай, дзе ацалела ўсяго 90 дамоў. Савецкі хлопец, акрылены тым, што вярнуўся з жудаснай мясасечкі жывым-здаровым, — наадварот, паступова страчвае запал, становіцца ўсё больш абачлівым (маўляў, як бы чаго не выйшла). І справа тут зусім не ў характарах асобных людзей! Іх лёсы праецыруюцца на заканамернасці палітыка-эканамічнага развіцця дзвюх дзяржаў, хай і з’яднаных адной сацыялістычнай мадэллю.

Гэта выяўляецца нават праз сцэнічныя строі. Віктар, якому драматург невыпадкова дае імя пераможцы, ператвараецца ў “запінжачанага”, зашпіленага на ўсе гузікі мужчыну. А Геля, спачатку “замураваная” ва ўсё чорнае, на радзіме ў поўным сэнсе слова расцвітае: на ёй з’яўляецца стыльная, мадэльная сукенка з параскіданымі па ёй кветкамі, што літаральна ззяе вяснова-летнімі матывамі. Тканіна — накшталт той, з якой пашыты пярэстыя касцюмы ў “Мікалашы” сталічнага тэатра лялек (што называецца, у адной краме куплялі). Але ж вынік — цалкам адрозны, бо ў кожным са спектакляў строі нясуць свой сэнс.

Пры ўсіх гістарычных заваёвах старэйшых пакаленняў і іншых папярэднікаў, што звярталіся да гэтай п’есы, цяперашні склад артыстаў, што не мае ў тэатры дублёраў, — цудоўны. Акцёрскі дуэт — без аніякіх перабольшванняў, выдатны. Надзея Анцыповіч удала імітуе польскі акцэнт. Арцём Пінчук, якому раней пераважна выпадалі ролі “чалавека-свята”, пражывае тут усю эмацыйную палітру з безліччу яе градацый і адценняў. Дастаткова ўбачыць, з якой пяшчотай ён апранае ёй чаравікі, з якой беражлівасцю трымае і вядзе яе ў танцы. Ці як у яе ўздрыгваюць худзенькія плечыкі, калі яна здымае сукенку. А пасля растання ў Варшаве яе вочы напаўняюцца слязамі, што потым асцярожна-ціхутка паўзуць па шчаках.

Узрушае фінал, дзе героі крочаць насуперак руху паваротнага кола і таму застаюцца на месцы, не наблізіўшыся адзін да аднаго, быццам знаходзяцца ў розных вымярэннях. Сядаюць за столікі на розных баках сцэны, кідаюць пранізлівыя позіркі — і тое кола ўзрастае да сімвалу не столькі хуткаплыннага часу, колькі нейкага жудаснага механізму, які перамолвае лёсы.

Зусім іншы па сваёй эстэтыцы — “Нобелеўскі тыдзень”. Пахвальна, што тэатр звярнуўся да сучаснай беларускай п’есы — першай спробы ў гэтым жанры вядомага журналіста і крытыка Валянціна Пепяляева. Прэм’ера павінна была выйсці намнога раней, летась увесну, ды пандэмія перашкодзіла. І тая затрымка стала чарговым доказам таго, што творы “на злобу дня” старэюць куды хутчэй, чым прысвечаныя вечным тэмам, дзе кожны можа сам выявіць штосьці актуальнае “тут і сёння”. Яркі публіцыстычны стыль аўтара, як аказалася, больш запатрабаваны ў газетнай калонцы, чым на тэатральных падмостках, бо некаторыя героі загаварылі мовай пракламацый, а не “па-чалавечы”. Але ж дзеянне, па сваёй задуме, адбываецца ў паўдрымоце-паўсне, дзе чаго толькі ні прымроіцца! Праўда, без падказкі здагадацца пра гэту акалічнасць цяжкавата, асабліва ў пачатку. І публіка пачувае сябе ніякавата.

Абраная ў пастаноўцы стылістыка фарса даецца артыстам з цяжкасцю. Іх так і цягне на крыўлянні, што таксама часам выклікае глядацкую няёмкасць: разумееш, што павінен смяцца, а замест гэтага шкадуеш акцёраў-небаракаў. Затое спевы, танцы — як зазвычай у гэтым тэатры, на вышыні. Дый сцэнаграфію можна разглядаць бясконца. Люстэркавыя паўсферы, што перасоўваюцца па сцэне і паўстаюць з розных бакоў, утвараюць надзвычай зменлівую фантазійную прастору. Дый праекцыі на іх, іншыя моманты відовішча, уключаючы не менш мудрагелістыя касцюмы, падштурхоўваюць ад сузірання да асэнсавання. Але як толькі адбываецца згаданы ўспрымальны пераход, пачынаеш заўважаць, што некаторыя цікавыя дэталі застаюцца “кінутымі”, не атрымліваюць лагічнага працягу. Можа, з-за таго, што давялося штосьці скарачаць?

Не памыляецца той, хто нічога не робіць. А Новы драматычны, нягледзячы на неспрыяльны час, імкнецца рушыць у розныя бакі — вядома, па-рознаму.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"