“Раней тут уставала зямля на дыбкі...”

№ 9 (1500) 27.02.2021 - 06.03.2021 г

Апошні бой Міхаіла Савіцкага
(Працяг. Пачатак у № 8)

/i/content/pi/cult/839/17862/14.jpg...Дзесьці побач з Міхаілам Савіцкім ля Херсанескага маяка вялі бой да апошняга патрона маракі-чарнаморцы Уладзімір Мішчанка, Васіль Кабец і Іван Зора, а таксама аднапалчане — Георгій Валавік і Аляксандр Грышын. Усе яны, на шчасце, ацалелі ў полымі вайны і, адшукаўшы Савіцкага, праз дзесяцігоддзі пасля Перамогі, вялі з ім перапіску. І што самае сімвалічнае: амаль усе ветэраны прасілі мастака напісаць на палатне праўду пра тое, як яны мужна абаранялі Севастопаль.

З ліста яшчэ аднаго аднапалчаніна У.Мішчанкі — М.Савіцкаму ад 18 лютага 1985 года: “Дарагі баявы сябра па Севастопалі і Херсанесе Міхаіл Андрэевіч, прывітанне! Мы, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, абаронцы Севастопаля і Херсанеса... канешне, жадалі б бачыць сябе, як у тыя франтавыя гады — маладымі і прыгожымі, храбрымі і мужнымі, баявымі і вернымі Радзіме... Пра многіх з нас напісана ў кнігах і іншых выданнях, але, на жаль, там мы сябе не пазнаём. Там мы — перафарбаваныя ў ружовыя таны. А патрэбна праўда і толькі праўда...” Далей у лісце ішла пераканаўчая просьба да мастака напісаць “праўдзівую” карціну пра севастопальцаў: “Яе рэпрадукцыю мы гатовы размножыць і распаўсюдзіць па ўсім свеце і яго наваколлях. Пакуль чакаем ад Вас эскіз такой карціны...” Для Міхаіла Савіцкага гэта быў першы сігнал да таго, каб прыступіць да палатна “Клятва севастопальцаў”, якое і было закончана ў тым жа, 1985-м годзе.

/i/content/pi/cult/839/17862/15.jpgАле так здарылася, што гэта была першая і апошняя карціна Савіцкага пра “свой Севастопаль”. Не ведаю, чаму ён больш нічога “пра гэта” не напісаў. Аднойчы ў пачатку я спытаў яго: чаму? Мастак доўга маўчаў, потым сказаў: “Я думаю пра гэта...” І далей прадоўжыў: “Я збіраўся пісаць карціну пра Івана Яфімавіча Пятрова. Яшчэ ў сярэдзіне 1970-х мне паступіла такая прапанова ад намесніка тагачаснага начальніка Генеральнага штаба СССР Віктара Кулікова. Гэта быў заказ Цэнтральнага музея Узброеных Сіл СССР. У прынцыпе я пагадзіўся, да таго ж, генерала Пятрова ў 1942-м некалькі разоў бачыў на севастопальскай 35-й берагавой батарэі. Але, калі вывучыў пэўныя матэрыялы пра апошнія дні абароны Севастопаля, раней мне невядомыя, і пра ролю камандавання Чарнаморскага флоту і Прыморскай арміі ў той драме, спазнаўшы горкую праўду, якую там, “наверсе”, рупліва хавалі шмат гадоў, я потым ад прапановы адмовіўся, спаслаўшыся на вялікую загружанасць...”

...А цяпер перавядзем дух і вернемся трошкі назад. За сем месяцаў да палону Савіцкага, у пачатку снежня 1941-га, групу чырвонаармейцаў і курсанатаў з Грозненскага авіявучылішча ўключылі ў склад 793-га асобнага батальёна сувязі 345-й стралковай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Мікалая Гузя. Фарміравалася дывізія восенню 1941 года ў складзе 44-й арміі Закаўказскага фронту ў мэтах абароны Чарнаморскага ўзбярэжжа і прызначалася для высадкі першага эшалона ў Феадасійскай дэсантнай аперацыі. Такая аперацыя адбылася за два тыдні да новага 1942 года. У ёй удзельнічаў і чырвонаармеец Міхаіл Савіцкі. Трошкі пазней, у лютым наступнага года, ён быў прызначаны намеснікам камандзіра (па камсамольскай рабоце) 793-га асобнага батальёна сувязі.

Дэсант у ліку 10 тысяч чалавек на шасці цеплаходах быў перакінуты на абарону Севастопаля, каб змагацца ўжо ў складзе Прыморскай арміі Каўказскага фронту. Гэты фронт з 20 мая 1942 года ўжо стаў называцца Паўночна-Каўказскім. І радавы Міхаіл Савіцкі апынуўся сярод тых, хто, пачынаючы з зімы 1941-га і да пачатку ліпеня наступнага года на працягу больш за 200 сутак мужна абараняў галоўны чарноморскі порт краіны, блакіраваны немцамі з сушы і мора, штодзённа і штоночна знаходзячыся на мяжы жыцця і смерці.

Міхаіл Андрэевіч расказваў мне пра вялікую крымскую трагедыю шмат такога, што, па яго славах, “раней агучваць было нельга”. Ды і пра многія абставіны гэтай гісторыі, якія старанна хаваліся ваеннымі гісторыкамі і партыйнымі ідэолагамі, Савіцкі сам даведаўся ўжо ў час “перабудовы” і “галоснасці”, калі пачала выяўляцца горкая праўда пра тое, што на самой справе адбылося ў Севастопалі ў 1941 — 1942 гадах. Тым не менш Савіцкі тады прасіў мяне пакуль не пісаць у прэсе паведамленае: “Не надрукуюць — час яшчэ не прыйшоў. Да таго ж, трэба сёе-тое пераправерыць...” Пераправерылі. Да таго, што быў зняты грыф сакрэтнасці і з нашых, і з нямецкіх матэрыялаў, з’явілася магчымасць аб’ектыўна ацаніць лічбы і факты гераічнай трагедыі апошніх дзён абароны Севастопаля. І дакументы прыадкрылі вельмі горкія факты. Цяжка паверыць, але ў тыя дні і ночы на мысе Херсанес загінулі і трапілі ў палон звыш 80 тысяч савецкіх воінаў!Нават ворагі былі ўражаны гераізмам і мужнасцю абаронцаў легендарнага горада. Эрых фон Манштэйн, камандуючы 11-й нямецкай арміяй, якая ваявала ў Крыму і штурмавала Севастопаль, сказаў: “Я схіляю сівую галаву перад мужнасцю рускага салдата і матроса”.

А тады... Адкуль яму, простаму чырвонаармейцу Савіцкаму, было ведаць, што насамрэч адбывалася ў вярхоўных эшалонах улады і кіраўніцтве непасрэднай абаронай Крыма? Адкуль ён мог ведаць, што яшчэ 30 чэрвеня паў Малахаў курган і камандуючы абаронай Севастопаля віцэ-адмірал Філіп Акцябрскі слёзна папрасіў дазволу Стаўкі ВГК на тэрміновую эвакуацыю. Але план гэтай эвакуацыі прадугледжваў вываз на самалётах, падводных лодках і катэрах толькі вышэйшы склад з ліку камандавання арміяй і флотам, партактыва… Эвакуацыі астатняй часткі ваеннаслужачых (а іх — дзясяткі тысяч), у тым ліку цяжка параненых, не дапускалася!

...Адкуль салдат Міхаіл Савіцкі мог ведаць, што ў казематах 35-й берагавой батарэі 30 чэрвеня 1942 года прайшло апошняе пасяджэнне Ваеннага Савета штаба Прыморскай арміі па “далейшай арганізаванай абароне раёна”? Што пасля пасяджэння віцэ-адмірал Акцябрскі і яго памочнікі, старшыя афіцэры і палітработнікі, укрыўшыся плашчамі, спусціліся пад зямлю на глыбіню 30 метраў, а потым па падземным паўкіламетровым праходзе дабраліся да апошняга паста батарэі. Там непрыкметна падняліся па лесвіцы, моўчкі селі ў загадзя падрыхтаваныя машыны і паімчалі на аэрадром Херсанес, а адтуль на самалёце Лі-2 вылецелі ў Краснадар...

…Адкуль салдат Савіцкі мог ведаць, што ўжо вечарам 30 чэрвеня на падводных лодках — Щ-209 і Л-23 збеглі ў Наварасійск і амаль усе астатнія армейскія і флоцкія кіраўнікі на чале з самім камандуючым Прыморскай арміяй генерал-маёрам Іванам Пятровым? Тым Пятровым, былым праслаўленым камандзірам 25-й Чапаеўскай дывізіі, які мужна абараняў Адэсу і ўмела правёў эвакуацыю апошніх абаронцаў горада перад яго падзеннем. А тут здарылася такое: кінуць на пагібель сваіх салдат і збегчы... Пасляваенныя спробы некаторых ваенных мемуарыстаў, гісторыкаў і нават пісьменнікаў апраўдаць такія дзеянні Акцябрскага і Пятрова тым, што быццам бы яны толькі “выконвалі загад Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандавання”, — пакідаюць сумненні. І доказ таму, што той жа Пятроў цяжка перажываў падзенне Севастопаля і свой учынак, спрабаваў нават застрэліцца. Пазней на франтах Вялікай Айчыннай даслужыўся да генерала арміі, стаў у канцы мая 1945-га Героем Савецкага Саюза, але, як кажуць, да смерці не мог забыць той, “свой” Крым, у якім даў такую недаравальную слабіну.

Праз 70 гадоў пасля тых драматычных падзей, на абрывістам берагу ля Херсанескага паўвострава ў маі 2012 года быў пастаўлены журботны мемарыяльны знак — вялікі каменны праваслаўны крыж на ўсечанай гранітнай пірамідзе з надпісам: ”Вечная память Героям обороны Севастополя, оставленным на произвол судьбы в трагические дни июля 1942 г. Простите нас...” І ніжэй — адлюстраванне чырвонаармейскай каскі, матроскі і аўтамата ППШ... Сярод многіх помнікаў і мемарыялаў у гонар гераічнай бітвы за Севастопаль, збудаваных у розныя гады, гэты мемарыяльны помнік-крыж вельмі адрозніваецца ад сваіх “сабратоў” нейкай пранізліва-шчымлівай.... безабароннасцю і невыказанай гаркотай и сумам за тое, што тады тут адбылося.

Міхаіл Савіцкі: “Што казаць, у першыя пару дзён ліпеня 42-га нам быў нанесены такі ўдар, якога мы не чакалі ніколі: каля дванаццаці гадзін ночы, дакладна не памятаю якога чысла, прынялі зводку Савінфармбюро, у якой паведамлялася, што пасля крывапралітных баёў нашы войскі пакінулі горад Севастопаль. Калі са штабу прыбыў наш радыст, які прымаў удзел у забеспячэнні работы рацыі на Інкерманаўскіх вышынях, і расказаў нам пра гэта, мы не паверылі і рашылі да раніцы нікому нічога не казаць, пакуль не атрымаем пацвярджэння — магчыма, тое была памылка.”

Барыс Крэпак