Пакліканы гісторыяй — Яўзебі Лапацінскі

№ 9 (1500) 27.02.2021 - 06.03.2021 г

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 4 — 6)
Ці мог хто падумаць, што з “недавучкі” (але, шалёна улюбёнага ў гісторыю), маладосць якога насіла па бурлівых хвалях грандыёзных падзей пачатку ХХ стагоддзя, з цягам часу “з’явіцца на свет” эксперт у пэўных пытаннях “міцкевічазнаўства”, гісторыі Вільні і мастацтва былога ВКЛ?

/i/content/pi/cult/839/17861/12.jpgТАЯМНІЦЫ МІЦКЕВІЧА

У 1931 годзе Яўзебі Лапацінскі, ужо дасведчаны архівіст, раптоўна зацікавіўся продкамі паэта-земляка Адама Міцкевіча. Яго публікацыі ў такіх папулярных выданнях — “Slowo”, “KurjerWilenski”, якія друкаваліся ў 1931 — 1933 гадах, мелі сенсацыйны характар. Па-першае, на падставе некалькіх знойдзеных дакументаў, Лапацінскаму ўдалося абвергнуць міф паходжання маці паэта Барбары Маеўскай ад нейкіх габрэяў-франкістаў, прыняўшых хрост. Міф гэты, абапёрты на паветра, нарадзіўся яшчэ пры жыцці паэта. Але з цягам часу так замацаваў свае пазіцыі, што і дасюль многія прымаюць гэта сцвярджэнне за праўду. Для з’яўлення міфа было дастаткова плёткі нядобразычліўцаў Міцкевіча, умела скіраванай у пэўнае рэчышча. Тыя ж, хто ў ім сумняваўся, не маглі свае сумневы падмацаваць дакументальна. Так склаліся з цягам часу два непрымірымых табары, кожны з якіх, як акрабат, балансаваў над безданню, час ад часу кідаючы ў апанента “маланку” публікацыі. Лапацінскі ж даволі хутка вырашыў векавое пытанне.

Нязручная праўда знайшлася ў “самым нечаканым месцы” — у архівах. Як вядома, усе продкі Адама Міцкевіча паходзяць з Наваградскага ваяводства ВКЛ. Кнігі земскага і гродскага судоў Наваградскага ваяводства ў тыя часы захоўваліся ў віленскім архіве, таму Лапацінскаму было нескладана іх прагледзець, каб знайсці неабходныя дакументы і ў папулярнай форме пазнаёміць чытача з найбольш цікавымі момантамі. Лапацінскі давёў, што маці Адама Міцкевіча, Барбара Маеўская, паходзіла са старога наваградскага роду, які карыстаўся гербам “Стары конь”.

Узбуджаныя прыхільнікі “франкізма” не пакінулі публікацыю без увагі, нападаючы на гісторыка з абразамі. Але палеміка ў СМІ не зацягнулася. Гісторык меў “рэчавы доказ” сваёй слушнасці — судовыя дакументы.

Па-другое, у адной з публікацый Яўзебі Лапацінскі распавёў пра трагічную гісторыю, якая здарылася з бацькамі ягонай прабабкі Лешчылоўскай. За “апастазію” і “бігамію” (дваяжэнства) яе бацьку, Яна Лешчылоўскага па прысуду Галоўнага Трыбунала ВКЛ кат абезгаловіў у Наваградку.

/i/content/pi/cult/839/17861/13.jpgНу, і па-трэцяе, архівіст раскрыў не самыя прыемныя старонкі “чытанкі” пра саміх Міцкевічаў, паказаўшы, што продкі паэта былі арганічнай часткай цёмнай масы дробнай шляхты ВКЛ. Змагаючыся за месца пад “вялікалітоўскім сонцам” ашуквала, як магла, такіх самых “высакародных” суседзяў, удзельнічала ў наездах, або сама цярпела ад іх, гінула ў фальваркавых міжусобіцах, ці ў выніку вулічных наваградскіх боек. Трэба сказаць, што такія факты, асабліва ў міжваеннай Польшчы, не маглі спрыяць папулярызацыі знаходак Лапацінскага. Як у тыя часы пісаў вядомы публіцыст Тадэвуш Бой-Жаленскі, клопатам сына паэта Уладзіслава і шмат каго яшчэ, Міцкевіч “пераўтварыўся” ў ХХ стагоддзі ў “недатыкальнае божышча”, “нацыянальнага прарока”. І калі гісторыкі і ведалі нейкія няёмкія факты, то маглі іх свабодна абмяркоўваць толькі ў вузкім коле, але на публіку магло казацца выключна тое, што наносіла яшчэ адзін слой бронзы на помнік паэту.

Таму спасылкі на публікацыі Лапацінскага ў працах “міцкевічазнаўцаў” сустрэнеш не часта.

У свой час, зацікавіўшыся пытаннем паходжання маці Адама Міцкевіча, я правёў сваё ўласнае расследаванне, і на падставе значна большай колькасці знойдзеных дакументаў пацвердзіў адкрыццё Лапацінскага. І нават значна больш пашырыў веды пра гэты род. Як аказалася, яго карані ў Наваградскім ваяводстве ВКЛ сягаюць у XVII стагоддзе. Гэтаму і іншым пытанням “міцкевічазнаўства” быў прысвечаны не адзін серыял у “К”. Значна больш поўна, чым Лапацінскі, распавялі мы і гісторыю наваградскіх “Рамэа і Джульеты” (пакараных Трыбуналам бацькоў прабабулі паэта). Быў і серыял, прысвечаны радаводу бабкі Адама Міцкевіча, кальвіністкі Тадоры Пенкальскай, продкі якой займалі пры двары біржанскай галіны Радзівілаў далёка не апошнія месцы. Спадзяюся, што прыйдзе час і на саміх Міцкевічаў, і тут не абыйдзецца без згадкі “першапраходцы” Лапацінскага.

ГІСТОРЫК МАСТАЦТВА

Хоць архівіст і прысвяціў шмат часу продкам паэта, але гэта было толькі часовае захапленне. Асноўная ўвага даследчыка заўсёды была скіравана на гісторыю мастацтва сваёй радзімы — ВКЛ. Вынікі шматгадовых пошукаў у віленскіх архівах папулярызаваліся Лапацінскім і ў выглядзе лекцыі і публікацый. У Вільні ў тыя часы існавала вялікая колькасць самых розных таварыстваў (у тым ліку і беларускае), на якіх рэгулярна выступалі гісторыкі. Цягам 1930-х гадоў штогод Лапацінскі знаёміў публіку з чарговымі архіўнымі знаходкамі. Пералічым толькі частку з публікацый — “Z dziejow tworczosci F. Smuglewicza”, “Rysunki sepia A. Domanskiego w inwentarzu Kobrynskim z r. 1742”, “Nieznane dane archiwalne i wiadomosci zrodlowe do historii sztuki Wilna i W. X. Litewskiego od XVII do poczatkow XIX w.”, “Szkice z dziejow ratusza wilenskiego od XVI do XIX w.”, “Osobliwe szczegoly z zycia malarza wilenskiego J. Trojanowskiego”, “Wiadomosc o artystach Wilna i ziem okolicznych: zebrane w archiwum Panstwowym i Archiwum miejskim w Wilnie”.

Акрамя віленскіх выданняў шмат публікаваўся Яўзебі Лапацінскі і ў варшаўскім гадавіку “Archeion”. Заснаваны ў 1926 годзе, альманах быў цэнтральным рупарам усіх дзяржаўных архіваў міжваеннай Польшчы. Выходзіць ён і ў наш час.

МІЛЕР, БАНОЛЬДЗІ І ЛАПАЦІНСКІЯ

У 1936 годзе ў Вільні выйшла кніга Антона Мілера “Teatr polski i muzyka na Litwie”. Наклад прысвячаўся памяці Станіслава і Тэклі з Борхаў Лапацінскіх, і быў прафінансаваны іх сынам Яўзебіем Лапацінскім. У прадмове аўтар выказаў падзяку Лапацінскаму за знаходку ў віленскіх архівах неверагоднай каштоўнасці дакументаў, якія паходзілі з тайнай канцылярыі віленскіх генерал-губернатараў і датычыліся да стаўлення акупацыйных улад да тэатра ў былым ВКЛ.

Але ў кнізе маюцца згадкі і пра іншых продкаў Яўзебія, якія нельга абмінуць увагай. Аднойчы, ужо пасля паўстання 1831 года, у парыжскім Луўры, насуперак волі расійскага імператара прабабка Яўзебія Дарота Лапацінская прайшлася пад руку з князем Адамам Чартарыскім, актыўным дзеячам эміграцыі, пазбаўленым тытула і маёмасці ў расійскай імперыі за ўдзел у паўстанні. Праўда, не гэтым заслужвае нашу ўвагу мужная ліцвінка. Акрамя палітычных інтарэсаў мела яна вялікае захапленне і да тэатра. Трымала салоны ў Вільні і Кайранах, а за дваццаць пяць гадоў у яе аматарскім тэатры былі пастаўлены ўсе творы славутага драматурга Аляксандра Фрэдры (удзельніка вайны 1812 года на баку Напалеона). Піша Мілер, што Лапацінская падтрымлівала Станіслава Манюшку і іншых творцаў, а таксама заступалася ў нейкай справе за Эдварда Адынца. У 1840 годзе даверыла яна музычнае выхаванне сваёй дачкі Юзэфы Фрыдэрыку Шапэну, якая да таго вучылася ў Ферэнца Ліста. Спеву ж Юзэфа вучылася ў Ахілеса Банольдзі, якога да нас у Літву прывёз ніхто іншы як Ігнат Лапацінскі, дзед Яўзебія. Дарэчы, Ігната Лапацінскага Мілер называе аўтарам ці не першай “у Польшчы” (то бок, у былой Рэчы Паспалітай Дзвюх Нацый) працы, прысвечанай тэорыі акцёрскага майстэрства.

НА ЗАЦЕМКУ

Але самая значная праца архівіста  — “Materialy do dziejow rzemiosla artystycznego w Wielkim Ksiestwie Litewskim XV — XIX w.” (1946). Выйшла яна ўжо пасля вайны, у Варшаве. Праўда, і сёння, праз семьдзясят пяць гадоў, яна застаецца ў выглядзе машынапісу. У прадмове, ужо немалады і аўтарытэтны архівіст сцвярджае, што сабраныя ім за шмат гадоў матэрыялы былі — “terra incognita”, абсалютна некранутымі. Пры гэтым, згадваючы сваіх папярэднікаў, якія займаліся мастацтвам ВКЛ (у самым шырокім сэнсе), ён старанна каменціруе, што і кім было апублікавана. Таму атрымоўваецца, што яго праца мае каласальную значнасць, бо адкрывае многія сотні новых імёнаў мастакоў, скульптараў, рамеснікаў з усёй тэрыторыі ВКЛ. Праца гэта — даведнік, бо да імёнаў (па-магчымасці) дадаецца кароткая характарыстыка — род заняткаў, гады жыцця і працы, месца і архіўная крыніца. Хацелася б яшчэ раз звярнуць увагу беларускіх мастацтвазнаўцаў на гэтае выданне, бо, думаецца, што даведнік варты перавыдання.

АПОШНЯЯ ЭМІГРАЦЫЯ

Як у свой час Адам Міцкевіч, Станіслаў Манюшка і іншыя нашыя славутыя землякі, вымушаны быў назаўжды пакінуць радзіму і Яўзебі Лапацінскі. Ужыцца з савецкай уладай, якая ўжо адзначылася бязлітаснымі рэпрэсіямі да 1941 года ў БССР і іншых абшарах СССР, было немагчыма. Таму ў 1945 годзе Лапацінскі перабіраецца ў Польшчу, дзе працягвае займацца тым, што ён любіў і ўмеў. Толькі цяпер яго працы ў асноўным былі прысвечаны гісторыі мастацтва Польшчы. Супрацоўнічаў ён з такімі варшаўскімі ўстановамі, як Centralny Zarzad Muzeow i Ochrony Zabytkow (CZMiOZ), Zaklad Urbanistyki i Architektury PAN і Komisja Badan Dawnej Warszawy.

Сваёй добразычлівасцю, ведамі і дапамогай Яўзебі Лапацінскі заслужыў вялікію пашану ў навуковым асяродку новай радзімы.

Памёр апошні “ліцвін” 19 красавіка 1961 года. Свой спачын гісторык знайшоў на варшаўскіх Павонзках, сярод такіх жа славутых беларусаў  — Станіслава Манюшкі, Адама Плуга, Чэслава Немэна.

ЭПІЛОГ

Напрыканцы дадам, што як у кожнага айсберга ёсць нябачная частка, так і даробак нашага земляка не абмяжоўваецца колькасцю надрукаванага. А мы ж распавялі толькі пра частку публікацый. Варта згадаць, што на сённяшні дзень у варшаўскім Krajowym Osrodku
Badan i Dokumentacji Zabytkow(KOBiDZ) захоўваецца 120 тэчак з матэрыяламі архівіста, якія вядомы як “Teki Lopacinskiego”. У адной з іх захоўваецца рукапіс “DzwonynaLitwie” (“Званы на Літве”), у якім апісаны званы, якія знаходзіліся ў касцёлах Гарадзенскай, Мінскай, Віленскай, Сувальскай і Ковенскай губерній. У спіс дададзены і званы, якія пасля 1923 года СССР перадаў Польшчы. Верагодна, гаворка вядзецца пра званы з тэрыторыі Усходняй Беларусі (БССР). А родавы архіў Лапацінскіх захоўваецца ў Вільні, дзе яго пакінуў перад ад’ездам сам Яўзебі Лапацінскі.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар