Эксклюзіў дома Купалы

№ 9 (1500) 27.02.2021 - 06.03.2021 г

Прыадчыняючы дзверы фондаў...
Бываць у музеях, часцей ці радзей, даводзіцца многім, але далёка не ўсе наведвальнікі такіх устаноў уяўляюць, што ў музейных экспазіцыях можна пабачыць толькі невялікую частку гістарычных артэфактаў. Нават самыя адметныя з гэтых прадметаў могуць, з розных прычын, большую частку часу знаходзіцца ў фондасховішчах музея, трапіць куды шараговаму наведвальніку амаль немагчыма.

/i/content/pi/cult/839/17858/6.jpg19 лютага, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы паказаў публіцы багацці сваіх фондаў у рамках экскурсіі “Таямніцы Купалавага дому”. Дзякуючы такой прапанове, нешматлікія шчасліўцы атрымалі магчымасць пабачыць музейныя прадметы, якія надзвычай рэдка выстаўляюцца ў экспазіцыях. Супрацоўнікі музея распрацавалі адмысловы экскурсійны маршрут, які праходзіў не толькі па фондасховішчы, але і па экспазіцыі, і ўключаў элементы квэста, што дапамагло наведвальнікам замацаваць толькі што атрыманыя веды на практыцы.

Пра самыя цікавыя артэфакты з калекцый музея і пра іх гісторыі распавяла галоўны захавальнік фондаў Надзея Саевіч. Як вядома, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы — адзін з найстарэйшых літаратурных музеяў краіны, ён быў заснаваны неўзабаве пасля гібелі паэта, яшчэ ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а першым яго дырэктарам была жонка класіка — Уладзіслава Луцэвіч, якой і належыць асноўная заслуга ў фарміраванні калекцый музея і пошуку матэрыялаў для яго.

Ужо праз некалькі дзён пасля гібелі паэта, 2 ліпеня 1942 года, была выдадзеная сакрэтная пастанова, згодна з якой літаратурная спадчына Янкі Купалы абвяшчалася дзяржаўнай уласнасцю, і планаваліся захады па яе зборы і захаванні. 25 мая 1944 года была прынятая пастанова аб стварэнні музея Янкі Купалы, які перш знаходзіўся ў будынку Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды ў Мінску. А ў 1959 годзе для музея быў узведзены адмысловы будынак, дзе ўстанова знаходзіцца і цяпер — адметнасць яго размяшчэння палягае ў тым, што менавіта на гэтым месцы знаходзіўся аднапавярховы драўляны дом, дзе паэт жыў да вайны.

/i/content/pi/cult/839/17858/7.jpgАд рукапісу — да дэбютнай кнігі

Адной з найбольш каштоўных калекцый музея з’яўляецца найбольшы ў свеце збор рукапісаў Янкі Купалы, які налічвае пяцьсот шэсцьдзясят адну адзінку захоўвання. Музейным прадметам нумар адзін, які першым паступіў на захоўванне, лічыцца рукапіс верша “Мая доля” — адметна, што выкананы ён быў беларускай лацінкай. Рукапіс датаваны 15 ліпеня 1904 года і падпісаны сапраўднымі імем і прозвішчам аўтара — “Іван Луцэвіч” (у той час паэт яшчэ не карыстаўся псеўданімам, пад якім увойдзе ў гісторыю). Гэта, зрэшты, быў і першы верш паэта, напісаны па-беларуску — бо дагэтуль ён спрабаваў пісаць творы на польскай мове.

Яшчэ адна з найкаштоўнейшых калекцый музея — збор кніг Янкі Купалы. Ён умоўна падзяляецца на тры часткі: прыжыццёвыя, пасмяротныя выданні і асобна — прыжыццёвыя выданні з аўтографамі аўтара. Першы зборнік Янкі Купалы пад назвай “Жалейка” выйшаў у 1908 годзе ў Пецярбургу і налічваў паўтары сотні старонак. Цікава, што ў музейнай калекцыі можна пабачыць адразу два асобнікі гэтай кнігі, якія, хоць і маюць адну назву і аднолькавыя час ды месца выдання, а таксама аналагічны аб’ём і змест, тым не менш, прытым адрозніваюцца выглядам — вокладкай, якасцю паперы і, як вынік — коштам. Такім чынам, можна даведацца, што першы зборнік паэта пабачыў свет адначасова ў двух выданнях: прасцейшым ды таннейшым — і больш дыхтоўным ды даражэйшым.

Макет, створаны самім аўтарам

Гісторыю з’яўлення трэцяга зборніка Янкі Купалы, які выйшаў пад назвай “Шляхам жыцця” ў Пецярбургу ў 1913 годзе, таксама можна прасачыць па дакументах, якія захоўваюцца ў калекцыях музея. Так, звяртае на сябе ўвагу своеасаблівы макет гэтай кнігі, выкананы ўласнаручна аўтарам — гэта рукапісны фаліянт, які памерам у некалькі разоў пераўзыходзіць выніковы, друкаваны варыянт зборніка.

Пасля выхаду кнігі аўтар падарыў гэты рукапіс свайму прыяцелю, вядомаму дзеячу беларускага нацыянальнага руху Клаўдзію Дуж-Душэўскаму, які ў міжваенны час, у 1930 годзе, перадаў яго на захоўванне ў Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, аб чым сведчыць адпаведны дарчы запіс на першай старонцы фаліянта. Пасля Вялікай Айчыннай вайны гэты музейны прадмет быў перавезены ў Мінск, цяпер ён унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і лічыцца кніжным помнікам першай катэгорыі.

Нешматлікая, але найкаштоўнейшая

Калекцыя асабістых рэчаў паэта — найменшая ў фондах музея, і гэта нядзіўна: яе складаюць нешматлікія прадметы, якія цудам ацалелі, бо былі вывезеныя з Мінска ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, калі сям’я Янкі Купалы выбіралася ў эвакуацыю. Дом, дзе жыў класік, як вядома, загінуў ад пажару, што распачаўся ў выніку нямецкай бамбардзіроўкі Мінска 24 чэрвеня 1941 года, і такім чынам загінула пераважная большасць маёмасці паэта, уключна з багатай бібліятэкай. У выніку калекцыя асабістых рэчаў Янкі Купалы ў фондах музея налічвае толькі сто пяцьдзясят два прадметы. Прычым варта ўлічваць, што, напрыклад, адна пара абутку ўлічваецца як два прадметы.

Адметнасць калекцыі асабістых рэчаў перадусім палягае ў тым, што гэтыя артэфакты выстаўляюцца ў залах музея толькі на нядоўгі час, бо ва ўмовах экспазіцыі надзвычай складана забяспечыць ім належны рэжым захоўвання. Разам з тым, стварыць якасныя копіі гэтых прадметаў таксама складана і патрабавала б значных сродкаў. Таму наведвальнікі экскурсіі ў фондасховішча музея займелі сапраўды ўнікальны шанец на свае вочы пабачыць такія каштоўныя рэчы, што належалі самому класіку.

Вопратка з паэтавага пляча

Уражвае сваёй гісторыяй дыхтоўнае паліто з футравым каўняром — аказваецца, паэт пашыў яго на замову яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя, і насіў усю рэшту жыцця. На пацверджанне гэтага пад каўняром можна пабачыць цэтлік аднаго з мінскіх дарэвалюцыйных атэлье, а на фотаздымках, якія захоўваюцца ў музеі, можна заўважыць Янку Купалу ў гэтай вопратцы ажно ў 1936 годзе.

Выглядае, што паэт не толькі любіў і ўмеў густоўна апранацца, але і дужа ашчадна ставіўся да тых элементаў адзення, якія яму найбольш падабаліся. Пашыць такое паліто было справай нятаннай — яно магло каштаваць палову сярэдняга заробку службоўца. Затое шылася гэтая вопратка з дужа якаснай тканіны, таму і сёння Купалава паліто здзіўляе сваім выдатным станам і добрай захаванасцю.

Моды змяняліся — рэчы захоўваліся

На фотаздымках паэта можна разгледзець і іншыя тагачасныя элементы гардэробу — Янка Купала апранаўся па найноўшай модзе, павевы якой даляталі да нашых краёў з усёй Еўропы. Будучага класіка можна пабачыць у касцюме-тройцы з абавязковымі камізэлькай і шаўковым гальштукам, што зашпільваўся адмысловай булаўкай. На тагачасных фотаздымках паэта звяртаюць на сябе ўвагу і модная стрыжка ды вусікі, падкручаныя ўгару ў адпаведнасці з тагачаснай модай. Для таго, каб яны трымаліся ў патрэбным становішчы, выкарыстоўваліся спецыяльныя фіксатары на аснове воску, а на ноч на твар накладваўся адмысловы навуснік.

Пасля Першай сусветнай вайны, з усталяваннем на нашых землях савецкага ладу, мода зазнала значныя змены. Папулярным робіцца напаўвайсковы стыль адзення, больш зручны для паўсядзённага нашэння. У музейнай калекцыі можна пабачыць фрэнч Янкі Купалы з шэрай тканіны, з вялікімі накладнымі кішэнямі. Для моды 1920-х гадоў, калі ў БССР разгортвалася палітыка беларусізацыі, было ўласцівае таксама выкарыстанне ў адзенні нацыянальных матываў. Так, на гальштуку, які паэт насіў разам з фрэнчам і кашуляй, можна пабачыць традыцыйны беларускі арнамент, што нагадвае ўзоры знакамітых слуцкіх паясоў. Захаваўся таксама і савецкі касцюм-тройка 1930-х гадоў з воўны, у якім паэта можна найчасцей пабачыць на класічных фотаздымках, зробленых напрыканцы жыцця, якія доўгі час публікаваліся ў яго кнігах і школьных падручніках па беларускай літаратуры.

Дотык класіка

Некаторыя прадметы, якімі карыстаўся Янка Купала, можна пабачыць і ў пастаяннай экспазіцыі — так, звяртае на сябе ўвагу адмысловы кій, які быў падораны паэту калегамі па пяры, маладзейшымі беларускімі літаратарамі, падчас сумеснай вандроўкі ў Ялту ў сярэдзіне 1920-х. Наогул, кіёчкамі Янка Купала пачаў карыстацца яшчэ ў маладыя гады, і справа тут была зусім не ў нейкіх праблемах са здароўем — проста ў тыя часы гэта быў модны мужчынскі аксесуар. Захаваліся і акуляры паэта, у якіх яго можна пабачыць на некаторых групавых фотаздымках, і люлькі для курэння, і нават пэўныя прадметы посуду, якія цудам зберагліся пасля пажару і былі адшуканыя на папялішчы Купалавага дома.

Непасрэдна звязаным з асобай Янкі Купалы аказаўся і такі невідавочны артэфакт, як звычайны з выгляду кавалак крэменю — выявілася, што гэта адзін з першых экспанатаў музея. У гады Вялікай Айчыннай вайны паэт знаходзіўся ў эвакуацыі на Волзе, у Пячышчах, дзе ўжо сорак пяць гадоў працуе музей, прысвечаны нашаму славутаму земляку. Акурат там цікаўны да прыроды Янка Купала падабраў на беразе ракі гэты самы крэмень.

Адчуць сябе музейным супрацоўнікам

Фонды Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы сёння налічваюць каля сарака трох тысяч музейных прадметаў, якія падзяляюцца на дваццаць дзве калекцыі. Азнаёміўшы наведвальнікаў экскурсіі з таямніцамі фондасховішчаў, супрацоўнікі музея зладзілі напрыканцы своеасаблівую праверку толькі што атрыманых ведаў. Гасцей музея запрасілі ў залы пастаяннай экспазіцыі, дзе іх чакаў адмыслова падрыхтаваны квэст.

Пара дзясяткаў экспанатаў былі загадзя пазначаныя стыкерамі, і задача для ўдзельнікаў палягала ў тым, каб як найхутчэй адшукаць іх, а пасля яшчэ і аднесці да адной з пяці найбольш адметных музейных калекцый. Экскурсанты з вялікім азартам узяліся за выкананне такога адказнага задання, і паказалі выдатныя поспехі. Вынікам квэста зрабілася экспрэс-экскурсія па ўсёй экспазіцыі музея, падчас якой супрацоўнікі ўстановы распавялі аб сакрэтах тых экспанатаў, з якімі толькі што мелі справу ўдзельнікі спаборніцтва.

Напрыканцы экскурсіі госці Купалавага дома атрымалі заслужаную ўзнагароду — сімвалічныя пасведчанні навуковых супрацоўнікаў музея, дзейныя на працягу аднаго дня. Хто ведае — можа, некага з іх гэтая прыгода прымусіць не толькі па-новаму зірнуць на закуліссе выставачных залаў, але і ўсур’ёз зацікавіцца музейнай справай ды звязаць з ёй жыццё. Фонды, поўныя каштоўных сведчанняў мінулага, хаваюць яшчэ мноства таямніц і чакаюць сваіх даследчыкаў.