“Бліснуць краскай непаблеклай...”

№ 6 (1497) 06.02.2021 - 13.02.2021 г

4 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася доўгачаканая выстава твораў аднаго з лепшых беларускіх нацыянальных мастакоў — Міхася Філіповіча. Але што дзіўна: карціны і графічныя работы гэтага творцы даўно знаходзяцца ў фондах і пастаяннай экспазіцыі нашага мастацкага музея, таксама ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у прыватных калекцыях, аднак яго творчая біяграфія і сёння малавядомая не толькі ў асяроддзі аматараў жывапісу, але і сярод сучасных маладых мастакоў. Хаця і на слыху яго імя заўсёды асацыявалася з “беларускасцю”, з тым, што Міхась Мацвеевіч быў адным з заснавальнікаў нацыянальнай мастацкай школы, аўтарам шматлікіх твораў пра жыццё і побыт нашага народа да рэвалюцыі і пасля яе…

Іншымі словамі, жыццёвы шлях ды каранёвыя вытокі ягонага мастацтва, за рэдкім выключэннем (невялічкая манаграфія Віктара Шматава выйшла ў 1971 годзе), так і не былі прафесійна прааналізаваны. Да таго ж у пачатку 1930-х ён быў абвінавачаны тутэйшай вульгарызатарскай крытыкай у адрыве ад “новай сацыялістычнай рэчаіснасці”, у неразуменні класавай сутнасці савецкага мастацтва. І калі б мастак своечасова не з’ехаў у Маскву, ён дакладна трапіў бы пад кола рэпрэсій.

/i/content/pi/cult/836/17818/15_1.jpg

Міхась Станюта. Партрэт Міхася Філіповіча. 1925 год.

Ды і ў Маскве ён цудам пазбегнуў расстрэлу (у адрозненне, скажам, ад свайго земляка Рамана Семашкевіча ці вхутэмасаўскага настаўніка Аляксандра Дрэвіна), бо, мабыць, своечасова адгукнуўся на ідэалагічныя патрабаванні ўлады: ствараць карціны на тэмы новай сацыялістычнай рэчаіснасці ў строга рэалістычнай форме. Напрыклад, маляваў будаўніцтва маскоўскага метро. Практычна большасць тагачасных савецкіх мастакоў рэалізавала партыйны заклік (сярод іх былі вельмі таленавітыя творцы), лёс астатніх аказаўся сумным. Аднак яшчэ да таго — у 1920-я імя Філіповіча гучала на ўвесь голас, і яго творы рэпрадукаваліся ў буйных часопісах, і нават выдаваліся асобнымі каляровымі паштоўкамі.

Дык хто ж ён, гэты мастак, беларус, як кажуць, да мозгу касцей, які самаахвярна любіў сваю радзіму, але скончыў сваё жыццё ў Расіі ўсяго ў 51 год?

Нарадзіўся будучы творца 27 мая 1896 года. Гэта значыць, хутка споўніца роўна 125 гадоў з дня яго нараджэння — дата вельмі значная. Бацька яго, Мацвей Філіповіч — селянін Барысаўскага павета, пасля службы ў царскай арміі застаўся працаваць на чыгунцы ў Мінску, дзе і з’явіўся на свет Божы Міхасёк. Але праз чатыры гады памерлі яго бацькі і хлапчук застаўся сіратой. Дапамог дзядзька Фадзей Гурскі, каваль-малатабоец, які забраў Міхася ў свой дом на Маркаўскі завулак (цяпер — вуліца Змітрака Бядулі). Потым былі школа царкоўнапрыходская і Мінскае рэальнае вучылішча, дзе Філіповіч вельмі захапіўся беларускімі народнымі рамёствамі і промысламі, асабліва — ткацтвам. Захавалася некалькі альбомаў з яго акварэльнымі зарысоўкамі з адлюстраваннямі арнаментальных посцілак і народнай вопраткі Слуцкага і Бабруйскага рэгіёнаў.

/i/content/pi/cult/836/17818/15_2.jpg

“Ноч на Івана Купала”.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, вучылішча было спачатку эвакуіравана ў Гжацк, потым — у Маскву, і нарэшце асела ў Яраслаўлі. Гэта было першае падарожжа Філіповіча за межы Беларусі. Падарожжа, у якім ён асабліва цікавіўся ўсім тым, што было звязана з помнікамі старажытнай архітэктуры, самабытным адзеннем, ладам жыцця, нацыянальным славянскім тыпажом. Усё гэта творца мімаволі параўноўваў з беларускай спадчынай. І яна мела для яго шмат сваіх яркіх і непаўторных асаблівасцяў у параўнанні з рускімі ўзорамі.

У 1918 годзе Міхась, амаль без сродкаў на пражыццё махнуў у Маскву. Спачатку апынуўся ў нейкім межавым інстытуце. Паралельна наведваў прыватную мастацкую школу Анікіты Хаталёва. Але праз год паступае ў Дзяржаўныя вольныя мастацкія майстэрні, дзе яго галоўным настаўнікам становіцца ніхто іншы, як сам мэтр, першы рускі імпрэсіяніст Канстанцін Каровін. Акрамя Каровіна, там выкладалі такія карыфеі, як П.Канчалоўскі, В.Кандзінскі, П.Кузняцоў, У.Татлін, зямляк з Беларусі І.Гінцбург — словам, імёны, вартыя таго, каб прама або ўскосна аказваць уплыў на светапогляд 22-гадовага талента. Менавіта гэтая школа больш за ўсё паўплывала на далейшую творчасць Філіповіча. Аднак у Каровіна наш мастак правучыўся нядоўга. У канцы 1919-га яго раптоўна прызываюць на вайсковую службу санітарам у Чырвоную армію, якая тады вяла баі з Дзенікіным. Потым перавялі ў маскоўскую школу вайсковай маскіроўкі. Аднак маскіроўшчыка з маладога беларуса не атрымалася: надта “перашкаджала” імкненне да мастацтва, ды і здароўе яго было далёка не ідэальным. Кіраўніцтва школы аказалася на вышыні: яно ўвайшло ў становішча чырвонаармейца і накіравала яго, як ён і хацеў, у Вышэйшыя дзяржаўныя мастацка-тэхнічныя майстэрні (ВХУТЕМАС) з добрай рэкамендацыяй.

/i/content/pi/cult/836/17818/15_3.jpg

Ілюстрацыя да паэмы Міхася Чарота “Босыя на вогнішчы”.

Але і тут Філіповіч правучыўся нядоўга. Прычыны былі паважлівыя: матэрыяльная нястача на мяжы галечы, непрыстасаванасць да тагачаснага галоднага студэнцкага жыцця, праблемы са здароўем… Ды ўсё ж год той быў у творчым станаўленні мастака “зорным”. “Гэтая першая, досыць кароткая, праца яго ў Маскве мела вельмі значныя вынікі: яна пазнаёміла яго, хоць бы часткова, з пэўнай школай, дала некаторыя тэарэтычныя і тэхнічныя веды і, нарэшце, што самае галоўнае — увяла яго ў культурную мастацкую атмасферу, у самы вір інтэнсіўнага, напружанага мастацкага жыцця…”, — пісаў Мікалай Шчакаціхін.

І вось — зноў Мінск. Зноў — жыццё ў дзядзькі, які, праўда, уступіў яму асобны невялічкі пакой, а потым і прасторную пуню, што стаяла ў двары непадалёк ад дома. Міхась гэтую пуню абсталяваў як мае быць, і з ранку да позняга вечара праседжваў у сваёй новай майстэрні за мальбертам, толькі зрэдку выязджаючы куды-небудзь на Случчыну або на Палессе, каб замаляваць цікавыя ўзоры народнай творчасці і сцэнкі з сялянскага жыцця.

/i/content/pi/cult/836/17818/16_1.jpg

“Карагод”.

1920-я гады... У мастацтве — гэта час шырокага выкарыстання самабытных традыцый мінулага: раскруткі новых тэм і сюжэтаў, народжаных рэвалюцыяй, і адраджэннем нацыянальнай памяці беларускага мінулага. Час, калі нараджалася прафесійнае беларускае мастацтва. Першыя вынікі гэтага “сінтэзу” падвяла Першая Усебеларуская мастацкая выстаўка 1925 года, дзе ярка праявілі сябе мастакі ўсіх пакаленняў: ад “старых” Ю.Пэна, У.Кудрэвіча, Г.Віера да моладзі — З. Азгура, І.Ахрэмчыка, А.Тычыны, А.Марыкса. Міхась Філіповіч як жывапісец тут быў, як кажуць, у першай дзясятцы. За плячыма мастака ўжо меліся такія значныя творы, як “Вясновае свята”, “Карагод”, “Бітва на Нямізе”, “Плач Яраслаўны”, “Духаў манастыр”, “Касцы”, “Сяляне на кірмашы”, ілюстрацыі да паэмы Міхася Чарота “Босыя на вогнішчы”. Змітрок Бядуля так апісаў свае ўражанні ад яго нацюрморта “Бэз і купальніца”: “...Букет бэзу — у розных пералівах, такая свежасць колераў, ажно здаецца: чуеш пах бэзу, чуеш вясну. А гэта ўсё — у невялічкім букеце... Праўда, ёсць часцяком незавершанасць. Адразу бачым, што мастак пэўнай дарогі ў сваёй творчасці яшчэ не знайшоў. Кожны вобраз як бы кажа: “Дамалёўвай сам!” — і будзіць фантазію гледача”.

На гэты конт скажу вось што: а хіба гэта дрэнна — абуджаць фантазію? Строга кажучы, на першы погляд сапраўды здаецца, што большасць работ Філіповіча — “незавершаныя”, “недамаляваныя” і існуюць як бы ў добра распрацаваным эскізе. Але гэта было выклікана не “адсутнасцю сталай мастацкай школы і вельмі малой творчай практыкай мастака”, як пісаў Віктар Шматаў. Гэта — стыль Філіповіча, “нязручны” для гледача, прызвычаенага да дэталёва распрацаванай сюжэтна-пластычнай сістэмы акадэмістаў або перадзвіжнікаў, на якой будавалася платформа сацрэалізму. І свой “эскізны” стыль Філіповіч захоўвае да канца жыцця: экспрэсіўныя жывыя фарбы, спрошчаныя лініі, дэкаратыўнасць пластычнай структуры, што крыху нагадвае позніх французаў або “бубнавалетаўцаў”, ды і самога Каровіна — таксама.

/i/content/pi/cult/836/17818/16_2.jpg

“Мудрэц”.

Так, у гісторыю беларускага жывапісу Філіповіч увайшоў перш-наперш фігуратыўнымі кампазіцыямі і некаторымі партрэтамі. Сярод іх — цудоўнае манументальнае палатно “Стары беларус з люлькай”, якое па псіхалагічнай насычанасці нагадвае рэпінскага “Мужыка з нядобрым вокам”. Ды і Янка Купала з ягоным “Я буду жыць! Бо я — мужык!” таксама ўспамінаецца. Вельмі моцны вобраз гордага і мудрага чалавека, што ведае сабе цану: суворыя, насупленыя бровы, пранізлівы позірк, белая сарочка пад бардовай безрукаўкай, невялікая магерка, з-пад якой выбіваюцца сівыя валасы, пластычна вылепленая рука з люлькай.

На ІІІ Усебеларускай мастацкай выстаўцы 1929 года Філіповіч выставіў аж 40 палотнаў — цэлая персанальная экспазіцыя! У гэты час ён вучыўся зноў ва ВХУТЕМАСе, куды быў залічаны другі раз, яшчэ ў 1925-м. Чаму так здарылася? Дакладна невядома. Яўген Красоўскі меркаваў, што Філіповіч проста жадаў мець закончаную мастацкую адукацыю, якую ён у свой час так і не атрымаў. Так ці інакш, Філіповіч гэтым разам правучыўся тут пяць гадоў — у “фармалістаў” Роберта Фалька і Аляксандра Дрэвіна. Прычым усе канікулы мастак праводзіў у Мінску і ў этнаграфічных экспедыцыях па Беларусі. Менавіта ў гэты перыяд з’явіліся такія карціны, як “З часоў прыгнёту”, “Барыкады”, “Сенны рынак у Мінску”, “Апрацоўка лёну”.

/i/content/pi/cult/836/17818/16_3.jpg

“Бітва на Нямізе”.

Здавалася, пасля вучобы Філіповіч на радзіме зведае шырокае прызнанне. Але ж не! Яшчэ ў Маскве да яго дайшлі чуткі, што ў Мінску яго карціны падвяргаюцца астракізму і здымаюцца з экспазіцыі Белдзяржмузея. Устрывожаны творца тут жа (гэта 1930-ы год) прыязджае ў Беларусь і нечакана трапляе пад сякеру крытыкі: ён абвінавачваецца ў “нацдэмаўшчыне”, у адыходзе ад разумення сутнасці класавай барацьбы, у фармалізме і паклёпе на новае жыццё.

Калі хмары пачалі згушчацца, мастак разам з жонкай Ксеніяй Весялоўскай літаральна ўцякае ў Маскву. Тут і заспела яго Вялікая Айчынная. І як толькі ён даведаўся, што тут будзе друкавацца беларускі сатырычны часопіс “Партызанская дубінка”, адразу ж прыйшоў у рэдакцыю, прапанаваў свае паслугі, і першы нумар выйшаў з яго дасціпнымі малюнкамі-карыкатурамі. А ў 1944-м Філіповіч прыняў удзел у маскоўскай выстаўцы твораў мастацтва Беларусі, прысвечанай 25-годдзю БССР. Адразу пасля вызвалення Мінска мастак вяртаецца на радзіму, хаця ягоная сям’я па-ранейшаму застаецца ў Маскве. Працуе рэдактарам у Белдзяржвыдавецтве, піша карціны “Партызаны” і “Краявід”, выконвае маленькія скульптуры “Лявоніха”, “Цымбаліст”, “Дудар”, “Жанчына ў нацыянальнай вопратцы”, “Жалейка”, “Стары”, “Вясковы хлопец”... Гэта былі апошнія работы Міхася Мацвеевіча... Потым ён вяртаецца ў Маскву, да сям’і, і там у 1947-м памірае. Як гэта адбылося, мне невядома, і дзе пахаваны мастак - таксама...

...Асабіста мне сёе-тое пра мастака ў свой час расказвалі Міхась Станюта, Яўген Красоўскі, Акім Шаўчэнка, Анатоль Тычына, Аскар Марыкс, Алена Аладава. На жаль, тады, у 70-я гады, калі я сустракаўся з імі, Філіповіча як мастака я амаль не ведаў, ды і дыктафонаў тады не было, так што ў мяне засталіся толькі сціплыя чарнавікі і штосьці ў памяці.

Станюта, напрыклад, у 1971-м, калі ў сябе дома маляваў мой партрэт, паміж сеансамі паказаў эскіз карціны “Паўстанне К.Каліноўскага”, які аўтар — Міхась Філіповіч — у свой час падарыў Міхасю Пятровічу. Што ж да таго эскіза, то я, таксама не ведаю, дзе ён сёння можа быць... А яшчэ помню, як Алена Аладава распавяла мне, як Філіповіч маляваў пастэллю з яе партрэт дзяўчыны ў нацыянальнай вопратцы — у хустцы, каралях і з кніжкай у руках. Тады Алене Васільеўне было 22 гады.

Упэўнены, што сённяшняя экспазіцыя з амаль 150 твораў Міхася Філіповіча з’явіцца дастойным падарункам для гледачоў, мастацтвазнаўцаў і ўсіх дзеячаў беларускай культуры, бо ў ёй прысутнічае той вялікі дадатны духоўны зарад жывапіснай “беларускасці”, пра які Янка Купала пісаў, што “...Наша зерне, нашы думкі // Не загінуць у лету, // Бліснуць краскай непаблеклай // Вечных агняцьветаў...”

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"