І ўвогуле, Наталля Рамановіч — вельмі таленавіты чалавек. Гэта яна назвала разьбяра з Адэльска Мар’яна Скрамблевіча незвычайным чалавекам, які чуе дрэва. Толькі таленавіты так любіць таленавітых. Будзем спадзявацца, што спадарыня Рамановіч і надалей стане ўпрыгожваць нашу газету сваімі змястоўнымі публікацыямі.
Новы год — новыя спадзяванні. Але і рэха мінулых святаў яшчэ з намі, а снегапады толькі дадаюць светлай урачыстасці і пераконваюць, што жыццё — яно для шчасця. Музычная праграма “Калядныя сустрэчы” прайшла ў Дзятлаве. Не засталіся ў баку і вясковыя ўстановы культуры. Паактыўнічалі тут супрацоўнікі Данілавіцкага, Наваяльнянскага і Раклевіцкага Дамоў культуры. Пра гэта распавяла загадчык аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец.
“Той самы” казачны дзіцячы настрой злавіла пад Новы год і не хоча адпускаць загадчык Навагрудскай бібліятэкі сямейнага чытання Ларыса Касцюк. Цудоўна разумею, пра што яна. Новы год — гэта заўжды казка. І абавязкова — са шчаслівым канцом. Менавіта такія па змесце кніжкі і прапаноўвае ўстанова. А праект называецца “У новы год — з новым выданнем!” Нагадаю, што Навагрудак — горад кніжны: вулічныя хаткі для буккросінгу тут не пустуюць і пастаянна абнаўляюць свой кніжны запас. А цэнтральная раённая бібліятэка не стамляецца здзіўляць. У першыя дні 2021-га тут адкрылася, да прыкладу, рэтра-фотаатэлье. Для яго адведзены асобны пакой, для імгненнай фотаздымкі закуплена апаратура. Набылі бібліятэкары і рэтра-адзенне (пэўныя строі прынеслі чытачы). Каштуе фотаздымак 2 рублі 50 капеек. Справа ідзе да таго, пераконваюць супрацоўнікі ўстановы, што неўзабаве ад ахвотных не будзе магчымасці адбіцца. Словам, гісторыя старажытнага горада ажывае. Працягвайце здзіўляць, шаноўныя навагрудскія бібліятэкары!
У вёсцы Вавёрка Лідскага раёна прайшоў абрад “Тры каралі”. У шыкоўнай містэрыі, пра змест якой мы неаднаразова пісалі, бралі ўдзел Лідскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці і Ваверскі Дом культуры.
10 студзеня ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Фантазёры” аддзела культуры і вольнага часу вёскі Гродзі Ашмянскага раённага Цэнтра культуры разам з ксяндзом касцёла Маці Божай мястэчка Гудагай прайшліся з вясёлай калядой па Гудагаі. Ніводнай хаты не абмінулі. А вось колькі кілбас сабралі, не паведамілі.
Пра Ёлку ўдачы напісала бібліятэкар цэнтральнай гарадской бібліятэкі Жодзіна Ірына Хілюціч. Ёлка аздоблена кнігамі, асобныя з іх гарантуюць чытачам атрыманне прызоў.
Згадваюць нядаўнія навагоднія падзеі і работнікі культуры Свіслацкага раёна. Да слова, пры мясцовай дзіцячай бібліятэцы дзейнічае лялечны тэатр “Кніжынка”. Вось ён і ствараў чытачам казачны настрой, які кожны пранясе праз увесь год.
Працягваем гаворку пра кнігі. Гісторык культуры (так ён сам сябе называе) Аляксей Шалахоўскі піша пра выданне “У бляску і цені салдацкіх крыжоў”, якое пабачыла свет у выдавецтве “Медысонт”. Аўтар — краязнаўца з Лепеля Валерый Тухта. Ён працуе настаўнікам гісторыі Слабадской сярэдняй школы і кіруе краязнаўчым гуртком “Нашчадкі”, даследуе помнікі археалогіі і падзеі Першай і Другой сусветных войнаў на тэрыторыі роднага Лепельскага раёна. А кніга, распавядае аўтар, — “…пра жыццёвы шлях лепяльчаніна Дамініка Канопку (1886 — 1975), удзельніка Першай сусветнай вайны, поўнага Георгіеўскага кавалера. Ідзе гаворка і пра іншых лепяльчан, уганараваных Георгіеўскімі крыжамі розных ступеняў. Кніга мае багата фотаілюстрацый”. Эх, такіх бы незаспакоеных краязнаўцаў — ды ў кожны б раён!
Гэты год мае сімвал Быка-мацака. У беларускай інтэрпрэтацыі гаворка, безумоўна, пра Зубра-волата, ахоўніка нацыі — мудрага, кемлівага, справядлівага і добрага. Не я першы сказаў, што народ наш — высокаінтэлектуальны. Раз-пораз пацвярджаюць гэта на справе работнікі культуры Дзяржынска. Днямі тут адбыўся фінал пятага Чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях сярод устаноў і арганізацый Дзяржынскага раёна. Пераможцамі сталі школьнікі Дзяржынска і Фаніпаля.
Дзяржынскі гарадскі Дом культуры справамі дробязнымі не займаецца. Нядаўна на яго сцэне прайшоў мюзікл “Навагодняе шчасце”. І рабілі яго не заезджыя зоркі, а самыя што ні на ёсць мясцовыя, яскравыя і непаўторныя: увесь творча-тэхнічны персанал установы. Тут толькі так, а не інакш. Сам правяраў!
Летась плённа супрацоўнічалі Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы і сацыяльна-рэабілітацыйны цэнтр “Лідскі клубны дом”. Бібліятэкар Кацярына Сандакова піша: “Бібліятэкі раёна збіраюць для цэнтра духоўную і мастацкую літаратуру. А таксама — выданні пра здаровы лад жыцця, па псіхалогіі. Усё гэта дапамагае забяспечыць сацыяльна-псіхалагічную падтрымку хворых, спрыяе наладжванню стасункаў са знешнім светам. Акцыя называецца “Чытанне як дапамога”. Супрацоўніцтва будзе працягнута і ў бягучым годзе”.
Кіраўнік народнага лялечнага тэатра “Батлейка” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Вашкевіч сцвярджае: “Лідская “Батлейка” — лепшая на Гродзеншчыне!. Спектакль “Казіная хатка” ў анлайн-фармаце перамог у абласным дыстанцыйным конкурсе народных тэатральных калектываў”.
Пра гасціннасць беларусаў разважае філосаф з Віцебска Канстанцін Карнялюк. “Айчынныя этнаграфічныя крыніцы данеслі да нас звесткі, — сцвярджае ён, — што вельмі гасціннымі былі палешукі. На шчасце, Палессе працягвае гэтую традыцыю”. Аўтар допісу спасылаецца на этнографа Міхаіла Федароўскага, які піша пра ўзоры паляшуцкай гасціннасці: падарожнага сустракалі з абдымкамі і шчодра частавалі нават у самай беднай хаце. Сённяшні свет ведае беларусаў не толькі па прычыне іх традыцыйнай гасціннасці. Я перакананы, што гэтае веданне з цягам часу будзе толькі ўмацоўвацца ды пашырацца.
Яшчэ адна аксіёма (можаце называць мяне нацыяналістам!): нашы жанчыны — лепшыя ў свеце. З цудоўных дзяўчат, натуральна, атрымліваюцца цудоўныя бабулі. 1 студзеня старэйшай каравайніцы Слонімшчыны Марыі Пятліцкай споўнілася 90 гадоў. З гэтай шчаслівай нагоды шаноўную кабету павіншавалі кіраўнік народнага аматарскага аб’яднання “Чараўніцы-каравайніцы” Алена Лазута і метадыст Дар’я Кірыенка. Марыя Іванаўна, якая калісьці была актыўнай удзельніцай названага аб’яднання, жыве ў вёсцы Прырэчча, якраз там, дзе і ўзнікла традыцыя выпечкі караваяў. Менавіта ў хаце Пятліцкай і гатаваліся лепшыя ў аб’яднанні караваі. Так што печка гаспадыні — мемарыяльная і адпаведнай шыльды заслугоўвае. Традыцыі ў 2016 годзе нададзены статус элемента нацыянальнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашай краіны. Марыя Пятліцкая і сёння — галоўная дарадца для маладзейшых сябровак. Няхай так і будзе!
Не забывае нас малодшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага раённага Дома рамёстваў Наталля Білімава. Гэтым разам яна напісала: “Наш РДР імкнецца далучаць да традыцыйных рамёстваў не толькі жыхароў раёна, але і гасцей. 5 — 6 студзеня ў нас прайшоў майстар-клас па мастацкім роспісе тканіны для наведвальнікаў горада. Вяла яго майстар народных промыслаў Вольга Івановіч.Так што ахвотныя самі змаглі зрабіць для сябе сувенір”. Ганцавічы, я па вас сумую!
Ваўкавыскі раённы Цэнтр культуры рэалізуе арт-праект “Агра-City_Новы год” сумесна з сельскімі выканаўчымі камітэтамі ды кіраўнікамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Менавіта гэтымі патроенымі сіламі і былі наладжаны навагоднія святкаванні ў мясцовых вёсках ды аграгарадках.
А цяпер — слова спецыялісту аддзела па надзвычайных сітуацыях Савецкага раёна сталіцы Таццяне Бычанок. Яна нагадвае, што 19 студзеня — Дзень выратавальніка. У Мінску служба арганізавана ў 1853 годзе, калі была створана першая пажарная каманда. Безумоўна, сёння фарміраванні МНС па сваіх функцыях шматкроць пераўзыходзяць тыя сціплыя сілы, якія існавалі ў пазамінулым стагоддзі. І яшчэ. Паколькі зіма ўвайшла ў сілу, неабходна быць асцярожным не толькі падчас галалёдзіцы, але і на лёдзе. Варта памятаць, што ў сярэднім па Беларусі штодня правальваюцца пад лёд два чалавекі. І гэта толькі тыя выпадкі, якія рэгіструюцца.
Беражыце сябе, шаноўныя, і пішыце пра цікавае, нестандартнае ды непаўторнае!
Сустрэнемся праз тыдзень.