Згаслі фарбы на палітры вялікага жыцця...

№ 3 (1495) 16.01.2021 - 22.01.2021 г

...Напісаць развітальныя словы — гэта як у водгуллі журботных і кароткіх успамінаў узняць келіх за памінальным сталом. Памянем жа вялікага мастака зямлі Беларускай Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва...

/i/content/pi/cult/833/17757/3.jpgАдыходзіць у нябыт эпоха росквіту айчыннага мастацтва, святлом спалучаная з яго імем. Гэта быў мастак, без перабольшання, еўрапейскага ўзроўню, сапраўдную цану якому азначыць Час. Урэшце, ён і сёння — безумоўны класік у летапісе духоўнай культуры нашага народа. Ён — цэлая эпоха: рамантычная, звонкая, непаўторная, гераічная. Гэта і ёсць самая дакладная і заслужаная формула. Бо ягонае мастацтва — супрацьстаянне той бязлітаснай жорсткасці, з якой рэчаіснасць абрынвае на нас літаральна лавіны падстаў для адчаю, незадаволенасці, раздражнення. Ягонае мастацтва — гэта прамая лінія да чагосьці такога, што жыве ў кожным з нас, што дае магчымасць здзіўляцца і радавацца свету, што дазваляе нам бачыць за матэрыяльнай абалонкай штосьці большае, чым проста спалучэнне атамаў. Гэта каталізатар, які прыводзіць у дзеянне нашы, вельмі глыбока схаваныя часам, імкненні вярнуцца да саміх сябе, да такіх, якія мы ёсць, якімі былі калісьці.

Гэтая “шчамялёўская” эпоха пачалася шмат гадоў таму яго знакамітай карцінай “Маё нараджэнне”. І той карцінай ён дапусціў усіх жадаючых у свой мастакоўскі свет, каб не застацца аднаму, каб адчуваць, што камусьці патрэбны, што без яго свет няпоўны. Менавіта тады і перакрыжаваліся нашы лёсы на доўгія гады.

А яшчэ яго эпохай былі іншыя шэдэўры: ад “Генерала Даватара” і “Навальныцы. 22 ліпеня 1941 года” да “Працаўнікоў муз” і “Восеньскага кліча”, ад цудоўнейшых пейзажных цыклаў Міншчыны і роднай Віцебшчыны да бліскучых нацюрмортаў, ад рамантычнага “Ліставея” да гранічна наватарскіх па тэмах гістарычных палотнаў, ад партрэтаў сучаснікаў і нашых выбітных продкаў да вытанчанай графікі.

Мне пашчасціла цесна сябраваць з Леанідам Дзмітрыевічам роўна 55 гадоў — тэрмін вельмі сур’ёзны для чалавечага жыцця. І я дасюль ганаруся, што першым у 1966-м паведаміў чытацкаму свету, як у нашым мастакоўскім племені з’явіўся новы пранізліва-арыгінальны талент, не падобны ні да каго іншага. На шчасце, я быў адным з нямногіх, хто ў 1960-я ў ягонай майстэрні бачыў “начало начал”: першыя вугальныя штрыхі на белым палатне, “сілуэты” будучых кампазіцый, віртуозна зробленых проста пэндзлем; нараджэнне натурных рысункаў і накідаў, выкананых фламасцерамі ў кішэнных блакнотах. А якое трапяткое пачуццё адчуваў я, калі разглядаў на мальбертах толькі што завершаныя палотны з водарам свежай фарбы! І гэтае пачуццё не пакідала мяне на працягу ўсіх наступных дзесяцігоддзяў нашага сяброўства. Колькі гісторый пра сябе, пра сваё жыццё у родным даваенным Віцебску, пра “саракавыя-ракавыя” Вялікай Айчыннай, пра пехоту і цяжкае раненне пад Калінкавічамі, а пасля — пра вяртанне ў месіва франтавых дарог, якія ён праскакаў на баявым кані ў складзе кавалерыйскага палка праз Кубань і Украіну, пра свае ўзаемастасункі з часам, з мастацтвам, прыродай, сям’ёй, грамадствам Лёня нагаварыў мне за ўсе гэтыя гады — не злічыць! Пра ўсё пра тое я распавёў у сваёй кнізе з серыі ЖЗЛБ “Леонид Щемелёв. Краски и ритмы времени” пятнаццаць гадоў таму...

Ён быў жывапісцам боганатхнёным. Да яго палотнаў можна звяртацца заўсёды: у любові, у радасці, у смутку — і заўсёды знаходзіць калі не адказы на пытанні, дык, ва ўсякім разе, гаючае сугучча свайму сэрцу.

Карціны майго бясцэннага сябры нават не столькі факт нацыянальнага жывапісу, хоць і гэта важна, колькі фактар, што вызначае і фарміруе своеасаблівасць духоўнага свету беларусаў другой паловы ХХ — пачатку XXI стагоддзяў. І гэтыя жывапісныя перліны годна ўзбагачаюць шматлікія айчынныя і замежныя музеі ды галерэі.

І вось цяпер ён вырашыў пайсці. Так, усе мы смяротныя. Як гаворыцца, смяротнасць на зямным шары стопрацэнтная. Бессмяротнае толькі мастацтва, што ідзе ад чалавека да чалавека, ад пакалення да пакалення.

Жывапіс Шчамялёва належыць не толькі ўласна яго Часу, найярчэйшым прадстаўніком якога ён быў, але ўсім, хто адчуваў арганічную патрэбу ў мудрасці, шчырасці і дабрыні. Ён з тых, хто для старасці не быў народжаны, ён гэта разумеў і таму пра яе ніколі не згадваў. І тут можна было зразумець і яго: такі тэмперамент, такая творчая апантанасць, няўрымслівасць не могуць змірыцца з цуглямі ўзросту, з пагрозай нямогласці і залежнасці! Адну ягоную фразу з гэтай нагоды я запісаў нават у нататнік: “Молодость хороша в более зрелом возрасте”.

Так, мой сябра пражыў вялікае жыццё — мяцежнае, яраснае, неспакойнае, але — шчаслівае. А такія людзі не паміраюць. Яны як касмічныя Леаніды асвятляюць зямлю зорным метэорным дажджом. Яны проста пераходзяць у нейкую іншую прастору, вандруюць па якіхсьці невядомых краінах і гарадах; успамінаюць нас — тых, хто на Зямлі, выпраменьваючы на яе, грэшную, невычэрпную энергію, якая — хто ведае — раптам увасобіцца ў чыесьці ненапісаныя пакуль палотны або проста ў нетрывіяльныя думкі.

Так што наш высакародны і прамяністы Моцарт чароўнага Пэндзля не памёр. І дай жа Божа, каб Там яму было не горш, чым Тут...

Барыс КРЭПАК, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"