Музыка як праменьчык на жыццёвым шляху

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

Аляксандр Анісімаў, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, народны артыст нашай краіны:

/i/content/pi/cult/832/17745/9.jpg— Гэта ўзнагарода — адлюстраванне стаўлення нашай дзяржавы і яе Кіраўніка не толькі да маёй дзейнасці на чале творчага калектыву, але і да ўсяго нашага аркестра. А праз яго, яшчэ шырэй, — да ўсёй нацыянальнай музычнай культуры і найперш яе акадэмічнага складніка, да музыкантаў-выканаўцаў і, праз іх, да кампазітарскай творчасці таксама. Вельмі ўражаны я самой фамулёўкай узнагароды: “За значны асабісты ўклад ва ўмацаванне міру і згоды ў грамадстве праз музыку”, дзе прыгожа і тонка падкрэслены ідэі міратворчай ролі музыкі, людзей мастацтва і асабліва ўсёй музычнай класічнай спадчыны ў гэтым працэсе.

Калі задумацца, дык у гэтым заключаецца глыбокі сэнс нашай дзейнасці — зрабіць чалавечыя душы лепшымі, больш узнёслымі, чым яны, магчыма, ёсць на цяперашні час. Невыпадкова ж і канцэртныя ўстановы, уключаючы філармонію, і тэатры называюць храмам мастацтва. У гэтым сэнсе мастацтва ў чымсьці змыкаецца з рэлігіяй, бо абодва яны служаць выхаванню духоўнасці. У гэтым заключаецца і мая пазіцыя — бачыць у класічнай музыцы тое лепшае, што асвятляе сэнс нашага жыцця, што скіравана на любоў і каханне, на ўзрошчванне новых пакаленняў, якія павінны пайсці далей, чым мы. Музычная класіка — гэта той праменьчык, што вядзе нас па жыцці, асвятляе шлях і пракладае правільны маршрут, заснаваны на вечных каштоўнасцях.

Зробленага за апошнія гады — шмат. Не перашкодзіў нават каранавірус. Бо ў разгар пандэміі, калі не працавалі канцэртна-тэатральныя пляцоўкі і многія дзеячы культуры сыходзілі ў адпачынак, мы зрабілі запіс праграмы для тэлебачання — па замове Міністэрства культуры. Гэта была акцыя “Майстры культуры — ветэранам”, і я ганаруся, што мы прынялі ў ёй самы актыўны ўдзел: тая трансляцыя паўтаралася на блакітных экранах не менш за чатыры разы, падтрымліваючы ў людзях прагу цудоўнага, даючы ім унутраныя сілы, энергетычны патэнцыял для пераадолення жыццёвых складанасцей.

Шмат часу мы вылучалі папулярызацыі беларускай музыкі, разам з Беларускім саюзам кампазітараў выпусцілі альбом з двух кампакт-дыскаў, куды запісаны многія лепшыя сімфанічныя творы, што з’яўляюцца нацыянальнай класікай. Вельмі годна мы адзначылі юбілей Бетховена, да якога прыкавана ўвага ва ўсім свеце. Тым самым мы чарговы раз пазіцыянавалі нашу краіны як цэнтр Еўропы.

Значнай часткай дзейнасці нашага аркестра стала міжнароднае супрацоўніцтва, прыезды і выступленні разам з намі замежных салістаў. Асабліва актывізаваўся гэты кірунак у сувязі з 90-годдзем аркестра.

Вялікі рэзанас мела выкананне 15-й сімфоніі Шастаковіча на адкрыцці мінулага сезона, выкананне “Страсцей па Матфею” святара Іларыёна, Месы Баха. А штогоднія навагоднія канцэрты ўвогуле сталі адным з нашых брэндаў.

Больш энергічна мы сталі засвойваць не толькі звыклую для аркестра вялікую філарманічную сцэну, але і Камерную залу імя Рыгора Шырмы. Эпідэміялагічная сітуацыя вымусіла нас выступаць не толькі ўсім калектывам, але і камернымі складамі, дзякуючы чаму больш шырока раскрыўся талент нашых аркестрантаў у якасці салістаў. Больш інтэнсіўным стала і супрацоўніцтва з іншымі беларускімі выканаўцамі — найперш з такім прызнаным майстрам, як народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў. А з Аляксандрам Музыкантавым мы выконвалі музыку Чайкоўскага, з Ірынай Шумілінай — Моцарта, таксама на радасць публікі.

Дзейнасць філармоніі і нашага аркестра, лічу, паўплывала і на афішу опернага тэатра. У прыватнасці, на пастаноўку там балета “Пер Гюнт”. Спачатку аднайменны праект з’явіўся на філарманічнай сцэне. Акрамя сімфанічнага аркестра, у ім удзельнічалі тры акцёры Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, хор Лінгвістычнага ўніверсітэта, салістка Ірына Крыкунова. Тое выкананне своеасаблівай музычна-літаратурнай кампазіцыі паводле драмы Ібсена і музыкі Грыга атрымала прызнанне публікі. І я звярнуўся да кіраўніцтва Вялікага тэатра з прапановай ажыццявіць штосьці падобнае там — зразумела, у выглядзе паўнавартаснага спектакля, заснаванага на сінтэзе мастацтваў. У выніку рэпертуар упрыгожыўся аднайменным балетам, дзе, можна сказаць, прысутнічаюць і фрагменты оперы. Узгадаю і ўзнаўленне балета Валянціна Елізар’ева “Кармэн-сюіта”, якім я дырыжыраваў. Дадам, што ўсе пералічаныя праекты мелі не толькі творчы, але і эканамічны поспех, што ў наш час таксама вельмі важна.

Наперадзе — шмат новых праектаў. Да юбілею Чайкоўскага планавалі сыграць тыя яго творы, што выконваюцца не так часта. Да 8-га сакавіка хочам падрыхтаваць праграму “Дзеці аркестра”, дзе прадставім творчыя дынастыі нашых музыкантаў. У канцы сезона мяркуем правесці цыкл філарманічных летніх выступленняў. Задумваемся і пра начныя канцэрты, што шырока ладзяцца ў еўрапейскіх краінах: не зусім уночы, а прыблізна з 21 да 23 гадзін. І, вядома, чакаем новыя творы беларускіх кампазітараў. Дарэчы, у нашых планах — выканаць 2-ю сімфонію Уладзіміра Дамарацкага, які некалькі гадоў таму заўчасна пакінуў гэты свет. Музыка — вялікае мастацтва!