Крок у неўміручасць

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначана калектыву дзяржаўнай установы адукацыі “Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь” — за значны ўклад у фарміраванне духоўных асноў падрастаючага пакалення і рэалізацыю маладзёжнага патрыятычнага праекта “Тым, хто мужнасцю сваёй у неўміручасць крочыў”.

/i/content/pi/cult/832/17743/7.jpgЯк распавяла старшы афіцэр аддзялення выхаваўчай работы Інстытута пагранічнай службы Таццяна Габец, праект рэалізуецца ўжо на працягу пяці гадоў. Мэтай яго з’яўляецца ўвекавечанне памяці аб подзвігу воінаў-пагранічнікаў, якія мужна абаранялі Радзіму на пачатковым этапе Вялікай Айчыннай вайны. З 2016 года да сёння ў рамках праекта зладжана мноства мерапрыемстваў, арыентаваных у першую чаргу на данясенне інфармацыі аб героях вайны да маладога пакалення.

У праекце, між іншага, акрамя навучэнцаў інстытута, прымаюць удзел мастакі з Мінскага гарадскога мастацкага каледжа імя А.К. Глебава. Супольнымі намаганнямі з іх удзелам ладзіўся мастацкі пленэр на тэрыторыі мемарыяльнага комлпексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, была створаная галерэя партрэтаў ветэранаў памежных войск.

Менавіта ў Брэсцкай крэпасці праводзіцца адно з цэнтральных штогадовых мерапрыемстваў праекта — акцыя “Баявы разлік”. Гэта ўрачысты рытуал заступлення на ахову дзяржаўнай мяжы, які адбываецца ля легендарнай заставы Героя Савецкага Саюза А.М. Кіжаватава. Цырымонія ўжо зрабілася традыцыйным месцам сустрэч сваякоў і нашчадкаў палеглых пагранічнікаў з усёй краіны, з далёкага і блізкага замежжа, а таксама своеасаблівым сімвалам пераемнасці пакаленняў воінаў пагранічнай службы. Дзякуючы пошукавай рабоце ўдзельнікаў праекта штогод удаецца высветліць новыя біяграфічныя звесткі і знайсці дакументы аб раней малавядомых героях, якія адзначыліся падчас пагранічных баёў у першыя дні вайны.

Да святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў рамках праекта сярод навучэнцаў сярэдніх і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў Беларусі ладзіўся конкурс-эсэ “Мы в ответе за Победу”, на які былі прадстаўленыя амаль паўтары тысячы работ, вызначаныя трое пераможцаў і шасцёра лаўрэатаў.

Вялікая каштоўнасць прадстаўленых работ палягае перадусім у тым, што яны захоўваюць малавядомыя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў лёсах сваякоў удзельнікаў конкурса — франтавікоў, партызан, ахвяраў нацызму. Па выніках плануецца выданне зборніка найлепшых тэкстаў, прадстаўленых на конкурс.

Таксама ў рамках праекта курсантамі ладзіліся тэатральная пастаноўка “Дым над Чорнай Ганчай”, прысвечаная падзеям першых дзён вайны на памежжы Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, якая была прадстаўленая ў Мінску, Гродна, Брэсце і Сапоцкіне, а таксама спектакль паводле паэмы “Васілій Цёркін” Аляксандра Твардоўскага.

З вынікамі дзейнасці і навінамі праекта можна азнаёміцца на старонцы групы “Мужеством своим в бессмертие шагнувшим” па адрасе vk.com/mujestvomvbesmertie, дзе, між іншага, ладзяцца конкурсы на веданне айчыннай гісторыі, змяшчаецца інфармацыя аб канкрэтных прыкладах мужнасці і стойкасці вартавых мяжы, публікуюцца і папулярызуюцца архіўныя матэрыялы па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.