Прэзентаваць айчынную культуру і дома, і за межамі краіны

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

У аўторак 5 студзеня адбылася першая ў новым годзе апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства.

/i/content/pi/cult/832/17733/1.jpgУ супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам абароны плануецца рэалізацыя сумеснай праграмы па патрыятычным выхаванні моладзі. У сфарміраваны план на 2021 і наступныя гады ўключаныя ўжо больш за сотню мерапрыемстваў. У яго выкананні будуць таксама задзейнічаныя Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і ветэранскія арганізацыі.

У рамках захадаў па рэалізацыі згаданай праграмы плануецца стварэнне Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання на базе мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, набыццё музейных прадметаў ваенна-патрыятычнай тэматыкі, правядзенне навуковых канферэнцый, семінараў і круглых сталоў, а таксама музейна-педагагічных заняткаў на тэму патрыятычнага выхавання.

Міністр падкрэсліў, што пры арганізацыі запланаваных мерапрыемстваў і праектаў варта пазбягаць фармальнасці, неабходна зрабіць гэтыя захады сапраўды цікавымі, яскравымі і прыцягальнымі, каб яны маглі зацікавіць моладзь.

Адзначана, што ў справе патрыятычнага выхавання варта актывізаваць работу ў накірунку стварэння папулярных мастацкіх і дакументальных фільмаў і тэлесерыялаў, прысвечаных сучаснасці, гісторыі і культуры Беларусі, а таксама па закупцы твораў музычнага і выяўленчага мастацтва беларускіх аўтараў на патрыятычную тэматыку.

Летась каля чвэрці закупаемых твораў выяўленчага мастацтва склалі творы маладых аўтараў, у прыватнасці — пераможцаў Трыенале маладых мастакоў і Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва. Большую ўвагу варта надаць закупцы твораў мастацтва мясцовых аўтараў на рэгіянальным узроўні, у адпаведнасці з адзінай дзяржаўнай закупачнай палітыкай.

Статус культурнай сталіцы Беларусі ў 2021 годзе атрымаў горад Барысаў. Культурная сталіца традыцыйна мае зрабіцца і месцам правядзення дарослага ды дзіцячага нацыянальных адборачныхх тураў на фестываль “Славянскі базар” у Віцебску, праграма якога ўжо распрацоўваецца. Таксама ў Барысаве ў рамках гэтых святкаванняў маюць адбыцца паказы рэспубліканскіх тэатраў.

Былі закранутыя і пытанні будаўнічага комплексу. Сёлета плануецца ўвядзенне ў эксплуатацыю Косаўскага палацава-паркавага ансамбля і новага корпуса Нацыянальнага мастацкага музея, таксама ў сталіцы мусяць быць актывізаваныя будаўнічыя работы ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага і праектныя работы па ўзвядзенні новага корпуса Мінскага гарадскога мастацкага каледжа імя А.К. Глебава.

Акрамя гэтага, падчас нарады была звернутая ўвага на неабходнасць стварэння адзінага інтэрнэт-партала, які ахопліваў бы ўсю сферу культуры і прадстаўляў найважнейшыя культурныя рэсурсы краіны. Неўзабаве новы выгляд, структуру і напаўненне мусіць атрымаць і афіцыйны сайт Міністэрства культуры. Як было адзначана, папулярызацыя беларускай культуры ў свеце мае таксама адбывацца пры супрацоўніцтве з грамадскімі аб’яднаннямі беларускай дыяспары, якая можа шырока прадстаўляць айчынныя дасягненні ў далёкім і блізкім замежжы.