Больш жывы за ўсіх жывых? або хаджэнне векавога брэнда

№ 52 (1492) 25.12.2020 - 31.12.2020 г


/i/content/pi/cult/830/17727/21.jpgПаводле плана меркавалася ўстанавіць каля 70 твораў тым, каго ленінскія камісары ставілі ў ранг стваральнікаў Новага свету. Перш за ўсё — Маркс і Энгельс. Потым у спісе ішлі рэвалюцыянеры, шмат рэвалюцыянераў — ад старажытнасці да ХХ стагоддзя; пісьменнікі і паэты, філосафы і вучоныя, некалькі мастакоў, кампазітараў, артыстаў. Гэта, на думку Ільіча, вобразы лепшых прагрэсіўных барацьбітаў свету за народнае шчасце і свабоду. Дарэчы, да “лепшых рэвалюцыянераў” былі прылічаны мяцежнікі Разін і Пугачоў, тэрарысты Каляеў, Жалябаў, Пяроўская, Халтурын, галоўныя правадыры Вялікай французскай рэвалюцыі, па сутнасці, таксама тэрарысты — Рабеспьер, Марат і Дантон. У спіс трапілі нават Марк Юній Брут — забойца Цэзара, і Спартак — правадыр паўстання рабоў-гладыятараў.

Таму кожны новы помнік служыў нібы параграфам прысуду Старому свету. Адпаведна непапулярныя ў асяроддзі кіраўнікоў савецкай дзяржавы дзеячы мінулага ў якасці сімвалаў Старога свету пазбаўляліся правоў на ўжо ўсталяваныя ім манументы. Адны ўзнімаліся да нябёсаў, іншыя ляцелі ў тартарары. На вачах у мільёнаў людзей разыгрывалася сітуацыя Страшнага суда.

Уладзімір Бонч-Бруевіч: “Дзе адлучалі Талстога ад царквы? спытаў мяне Уладзімір Ільіч. — Ва Успенскім саборы...” Ленін адрэагаваў: “Вось і добра, самы час яго зняць (ён паказаў на помнік Аляксандру II), а тут паставіць добрую статую Льва Талстога, якая будзе павернута да Успенскага сабора. Гэта менавіта дарэчы...”

/i/content/pi/cult/830/17727/22.jpgЦі вось такі малавядомы чытачу прыклад. Адразу пасля смерці Леніна перанеслі помнік Мініну і Пажарскаму з цэнтра Краснай плошчы да сабора Васілія Блажэннага. Прычына простая: Мінін як бы дакорліва ўказваў на Маўзалей і Крэмль, і народ стаў паджартоўваць: “Смотри-ка, князь, какая мразь в стенах кремлёвских завелась!”

А тут яшчэ ў гэты дзяржаўны план манументальнай прапаганды ўварваўся нейкі незразумелы футурызм... У Леніна з футурызмам і іншымі радыкальнымі, фармальнымі эксперыментамі ў мастацтве заўсёды была “напряженка». Гэта ўжо прасочвалася ў час наведвання Леніным ВХУТЕМАСа. На мой погляд, правадыра раздражняла, што футурысты, так скажам, узурпіравалі месца пралетарскай культуры, бо сцвярджалі: так, існуе асобная пралетарская культура класа-пераможцы, і яна абсалютна супадае з той, што прапаведуюць адмыслова яны. Мусіць, гэта раз’юшвала па-сапраўднаму: калі футурысты спрабавалі выдаць сваю творчасць за нейкі культурны прадукт новага класа рабочых і сялян.

Калі замест грандыёзнага манумента Аляксандру III насупраць Храма Хрыста Збавіцеля паставілі нейкую вельмі дзіўную абстрактную рэч, наконт гэтага спыталі ў Леніна — і ён адказаў: «Я тут ничего не понимаю, спросите Луначарского». Звярніце ўвагу: асабіста ён канчатковага рашэння не прыняў. І вось такое рэзюмэ гэтай гісторыі, калі верыць наркаму асветы: «На маю заяву, што я не бачу ніводнага достойнага помніка, ён вельмі ўзрадаваўся і сказаў мне: “А я думал, что вы поставите какое-нибудь футуристическое чучело”.

Праўда, калі Ленін пабачыў жалезабетонны помнік рэвалюцыянеру-анархісту Міхаілу Бакуніну ў абстрактна-футурыстычнай манеры ля Мясніцкіх варот, які трымаў уласную галаву ў руках, не вытрываў і ўжо без падказкі: “Как можно было допустить, чтобы эта декаденщина была возведена на наших пролетарских улицах? Кому нужны эти формы. которые зрителю ничего не говорят?» І гэты помнік быў хутка дэмантаваны. Як і авангардны барэльеф з партрэтам Пятра Крапоткіна на сцяне Малога тэатра. “То безобразие, которое сделано на стене Малого театра, я видеть не могу, — абурыўся Ільіч. — Мне оскорбительно за Петра Алексеевича, что его могли изобразить в таком виде. Ведь эта какая-то обезьяна изображена, а не человек, полный мысли и огня, которого мы все так хорошо знаем”. Зразумела, барэльеф імгненна прыбралі...

20 ліпеня 1920 года ў Петраградзе на востраве Працоўных (Каменны востраў) з’явілася 10-метровая гіпсавая скульптура абсалютна голага рабочага-пралетарыя з молатам — “Освобожденный труд”. Людзі, калі пабачылі гэты шэдэўр, былі проста агаломшаныя. Пайшлі пратэсты. Тады аўтар Міхаіл Блох рашыў — “там дзе трэба” зрабіць фігавы лісток. Але... скончыўся гіпс ды і будаўнічыя рыштаванні былі ўжо разабраныя. Што рабіць? На шчасце, побач знаходзілася лякарня. Там і знайшлі гіпс, рэквізавалі яго апошнія запасы, нягледзячы на пратэсты дактароў і хворых, і “там дзе трэба” хуценька прыкрылі гіпсавым фартухам...

Своеасаблівым пасляслоўем да манументальнага “выбуху” 1918 — 1921 гадоў з’явілася гісторыя з запланаванай заменай Анёла на Аляксандраўскай калоне плошчы Урыцкага (з 1944 года — Дварцовая плошча) у Ленінградзе на фігуру Леніна. Гісторыя разгортвалася ў духу характэрнай эпохі “ваеннага камунізму”: абаронцы калоны, напрыклад, прапанавалі паставіць статую Леніна... ў антычнай вопратцы. Але ўсё скончылася, на шчасце, нічым.

Памятаю, у фондах Рускага музея (я, студэнт ЛДУ, там у свой час праходзіў практыку) бачыў эскізы, распрацаваныя, здаецца, у 1921 годзе для афармлення адной з петраградскіх плошчаў. І хоць эскізы павінны былі ўславіць Рэвалюцыю, фігуры крылатых багінь з фанфарамі дастаткова непрыхавана былі адначасова і анёламі, якія меднымі трубамі склікалі на Страшны суд жывых і мёртвых.

Прыкладна з 1922 года ленінскі план манументальнай прапаганды страціў першапачатковы агрэсіўны імпульс: выявіліся нястача матэрыялаў, сур’ёзныя эканамічныя цяжкасці і ўнутраная барацьба за ўладу паміж партыйнымі кланамі адразу ж пасля смерці Леніна. А наступленне НЭПа і зусім змяніла светапогляд савецкай улады - рамантыка першых гадоў адышла ў мінулае.

Даследчыкі пісалі, што план манументальнай прапаганды здзяйсняўся з дапамогай фанеры, пап’е-машэ, гіпсу ў сілу эканамічнай разрухі. Аднак, на маю думку, калі па ўсёй краіне тады разбураліся бронзавыя помнікі, гранітныя пастаменты і здымаліся царкоўныя званы, уласна бронзы ў наяўнасці, як гаворыцца, было “выше крыши”. Аднак у чаканні незразумелай “светлай будучыні камунізму” ўжываць вечны матэрыял было бессэнсоўна.

Адносіць да новага афарміцельскага мастацтва помнікі, пастаўленыя пры Леніне і з удзелам Леніна, прымушае аднак не матэрыял, а тое, што творы, здавалася б, неразбуральныя, традыцыйна ўкаранёныя ў структуры гарадоў, саступалі месца адлюстраванням нястойкім, слаба прывязаным да планіроўкі. На гарады, як снежны покрыў, накладвалася нейкая ідэалагічная нагрузка. Гэта і было нараджэнне савецкага афарміцельскага мастацтва. І сярод яго брэндаў была постаць Ільіча. З гіпсу, фанеры і кумачу яна сплятала надмагільны вянок гісторыі...

Барыс Крэпак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"