Па спіралі да ісціны...

№ 52 (1492) 25.12.2020 - 31.12.2020 г

У падарунак Полацку
11 снежня адсвяткаваў юбілейны 75-ты дзень нараджэння вядомы і сапраўды папулярны сярод глядацкай публікі беларускі мастак Уладзімір Правідохін, які стварае і выстаўляе свае творы пад аўтарскім псеўданімам “Уладзімір Хін”. І менавіта ў гэты дзень у залах Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адбыўся святочны вернісаж — яго персанальная выстава пад назвай “AB INITIO” (з пачатку). У адпаведнасці з лацінскай назвай мастак паказаў гледачу толькі творы, зробленыя ў 1970 — 1980-х гадах. Больш за тое, ён — можа ўпершыню ў сваёй багатай выставачнай практыцы — не прадставіў уласныя работы ва ўлюбёнай здавён станковай гравюры і вынайдзеных ім гравюрах-верлібах (пластычныя вобразы з паэтычнай спадчыны Хлебнікава, Лаа Цзы, Лявона дэ Грэйфа, нашага Алеся Разанава).

/i/content/pi/cult/830/17718/9.jpgА сёння ў экспазіцыі — толькі тэмпера, акварэль, малюнак (туш). Усяго 71 твор. І гэтую каштоўную калекцыю Уладзімір Андрэевіч пасля Калядаў плануе перадаць у падарунак Полацкаму музею-запаведніку, да якога ён ставіцца з глыбокай павагай ды пашанай. Менавіта тут дзесяць гадоў таму прайшла яго юбілейная выстава пад назвай “Прысвячэнне Веліміру Хлебнікаву”, калі не памыляюся, з такім будэтлянскім дэвізам: “Годы, люди и народы // Убегают навсегда, // Как текучая вода…”

Дык вось, на сённяшняй выставе мастак, уступаючы ў нябачную дыскусію з вялікім паэтам-будэтлянінам, паказвае, як можна спыніць сродкамі мастацтва журботную “цякучасць вады” і адкрыць Брамы мінулага і будачага. Адкрыць — у сінтэзе колера і гука, прасторы і часу, у цьмяных фантазіях і неўсвядомленым смутку, у сімвалічных чорна-белых абрысах тушы і акварэльна-тэмперных імправізацыях пейзажных вобразоў  — “Мост”, “Раніца травы”, “Туман. Вялікае дрэва”, “Над Дзісной”, “Тайна страказы” “Ушчыжскія сны”, якія нібы падсвядома пасылаюць праз мастака сваё прывітанне паэту і жывапісцу старажытнага Кітая Ван Вэю. А побач — складаныя кампазіцыі “Структуры”, “Адаптацыя”, “Паміж светаў”, “Паміж матэрыяй і духам”, нацюрморты, цыклы “Час — 12” і “Прысвячаецца Таццяне К.” — гэта ўжо іншы ракурс мастакоўскага погляда на тое, хто побач з намі, хто над намі і што ўнутры нас...

/i/content/pi/cult/830/17718/10.jpgУспамінаю, як на нейкай выставе ў 1980-я гады я ўпершыню пабачыў дзіўную гравюру тады мне яшчэ незнаёмага мастака Уладзіміра Правідохіна пад назвай “Шыпшына”. На першы погляд, нічога асаблівага. Але там унізе ішоў тэкст: “Как прощальный поцелуй на снегу ягоды шиповника…” І, яшчэ раз узіраючыся ў кампазіцыю, я ўспрыняў шыпшыну зусім інакш — успрыняў як вобраз жывога журботна-прыгожага Чалавека, карацей кажучы — амаль як “аўтапартрэт” мастака. Дарэчы, мастацкі псеўданім Правідохіна — “Хін” упершыню з’явіўся менавіта ў Мінску... Потым я пазнаёміўся з Валодзем і напісаў невялікі нарыс “Імкненне да кантакту” пра яго мастацтва, які быў апублікаваны ў “ЛіМ”е 10 сакавіка 1989 года. Здаецца, я быў у Беларусі першым, хто “прыкмеціў” своеасаблівы талент чалавека з пакалення графікаў, што зусім па-новаму працуюць у чорна-белай лінагравюры і абразной гравюры па дрэве.

І вось прайшлі гады. І творчая спадчына Уладзіміра Хіна шчасліва знайшла сваю адметную нішу ў сучасным беларускім выяўленчым мастацтве. Хачу прывесці маналог-споведзь Уладзіміра Хіна, які, на мой погляд, цалкам раскрывае ягоную чалавечую і мастакоўскую сутнасць: “Я цвёрда ўпэўнены, што творчасць — персанальная, за яе — асабістая адказнасць. Галоўнае — бачыць сябе ў плыні і не замінаць іншым. Каб мы заўсёды памяталі пра сваю смяротнасць, зла паменшала б… У любых твораў сваё жыццё. І аўтару яны ўжо не належаць. Усё ідзе як у пясочным гадзінніку. Мы малюем, пішам, робім кінафільмы, складаем музыку, ставім спектаклі — ствараем помнікі на пяску Вечнасці. Вось упала апошняя пясчынка, рука Вечнасці пераварочвае гадзіннік і ўсё пачынаецца ізноў… Але гэта ўжо новыя тэксты, новыя творы… Паўжыцця кожны выкараняе сябе сапраўднага з сябе, падганяе ўласную душу, думкі, цела пад фальш, умоўныя нормы быцця. І гэта замест таго, каб ісці насустрач сабе! Узрост, які даганяе нас на Шляху, усё ж не галоўнае: старэе ж цела, а дух належыць Вечнасці і заўсёды малады (па сабе ведаю), бо не мае ні пачатку, ні канца. Думаю, што ў кожным з нас ёсць іскра спрадвечнага святла, бо мы частка гэтага грандыёзнага Сусвету. Мы вандроўнікі ў лабірынце жыцця. Космасу мы належым больш, чым Зямлі. Яна несувымерная з Космасам, і кожны прыходзіць у свет са сваёй Чашай. Кожны вяжа і разблытвае свае вузельчыкі. І гэта — цудоўна! Вочы на нашым твары — не толькі проразі, як у рыцарскім шлеме, гэта вочы Сэрца, Душы, Духа!.. Мабыць, мне пашанцавала ў пэўную пару майго жыцця. Я ўсё змяніў, бо па-іншаму зірнуў на сябе і не пабаяўся пачаць нанова. І цяпер жыву перакананы, што ўсім рухае Любоў...”

Ведаю, не ўсе ўспрымаюць творчасць Уладзіміра Хіна адназначна. Хтосьці кажа, што ў нечым яна занадта складаная, перагружаная метафарамі, алегорыямі і імкненнем да “мантажу”. Нехта, наадварот, бачыць у ягоных работах неардынарнасць, арыгінальнасць і аб’ёмнасць філасофскага мыслення. Асабіста мне здаецца, што любому кансерватызму крытыкаў можна супрацьпаставіць толькі адно: права творцы бачыць і адлюстроўваць свет так, як ён адкрываецца яго ўнутранаму позірку. І ў фокусе гэтага позірку апынаецца праблематыка чалавечага быцця, а ў неспакойных рытмах ды складаных сімвалах творчай спадчыны Уладзіміра Хіна адчуваецца экзістэнцыяльная трывога, ад якой нікуды не дзецца…

І яшчэ. Кожную зіму, вясну, лета і восень вось ужо шмат гадоў мастак прыносіць у рэдакцыю “Культуры” свае віншавальныя паштоўкі, нібы нагадваючы нам: вось і сонейка засвяціла, і ўсё ў нас будзе выдатна! І праўда ж, яшчэ крышачку — і вясна!

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"