Настальгія па выдзьмутым шары

№ 52 (1492) 25.12.2020 - 31.12.2020 г

Гісторыя ёлачных цацак у экспазіцыях сталічных музеяў
Набліжэнне зімовых святаў адчуваецца паўсюдна, і музейная галіна тут не складае выключэння. Гісторыя ёлачных упрыгожванняў, як і традыцыя святкавання Новага года і Калядаў наогул, сягае далёка ў мінуўшчыну. Яшчэ ў XVI стагоддзі ў Еўропе калядныя ялінкі ўпрыгожвалі яблыкамі, слівамі і арэхамі, зваранымі ў мёдзе, якія, у адпаведнасці з хрысціянскай традыцыяй, сімвалізавалі райскія плады спазнання дабра і зла. А першыя шкляныя ёлачныя цацкі з’явіліся ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў Германіі — тады там акурат здарыўся неўраджай яблыкаў, і нямецкія майстры прыдумалі замяніць традыцыйныя калядныя цацкі на выявы гэтых пладоў са шкла. Ды ўсё ж і сёння ў Беларусі ўпрыгожванне навагодняй ялінкі асацыюецца перадусім з досведам адзначэння надыходу Новага года ў часы СССР, і з тагачаснымі ёлачнымі цацкамі.

/i/content/pi/cult/830/17713/1.jpgУ дні сёлетніх зімовых святаў у Мінску працуе цэлы шэраг выстаў, прысвечаных акурат савецкім ёлачным упрыгожванням — але не толькі. Экспазіцыі, створаныя на падставе збораў сталічных музеяў і прыватных калекцый, дазваляюць пазнаёміцца з гісторыяй ёлачных цацак, разнастайнасцю іх відаў ды форм, асаблівасцямі вытворчасці ўпрыгожванняў для ялінкі, і прасачыць за трансфармацыяй гэтых незвычайных вырабаў, многія з якіх можна назваць маленькімі творамі мастацтва.

Кожнае дзесяцігоддзе, кожная гістарычная эпоха з яе найбольш адметнымі з’явамі знаходзілі дакладнае адлюстраванне ў ёлачных цацках таго ці іншага перыяду. Дарослым наведвальнікам выстаў будзе цікава панастальгіраваць, прыгадваючы дзяцінства ў антуражы савецкіх зімовых святаў, а маладзейшыя госці змогуць больш даведацца аб тым, як сустракалі Новы год іх бацькі, бабулі і дзядулі, і параўнаць свае ўражанні ад тагачасных і сучасных ялінкак.

“Што расце на ёлцы?”

У мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага праходзіць святочная выстава “Што расце на ёлцы?”, прысвечаная савецкім ёлачным цацкам. Як распавяла старшы навуковы супрацоўнік музея Яўгенія Стальмахова, тут прадстаўленыя навагоднія ўпрыгожванні, выпушчаныя ў 1940 — 1980-х гадах, якія трапілі ў зборы Музея гісторыі Мінска з сямейных калекцый мінчукоў — збіраць іх пачалі нядаўна ў рамках працы па стварэнні новай музейнай экспазіцыі, якая ў будучыні мае з’явіцца ў будынку па Ракаўскай вуліцы, 17. Аснову ж сённяшняй навагодняй выставы склалі цацкі, якія некалі належалі Алене Іларыёнаўне Кастрыцкай, а пасля былі перададзеныя музею Дзмітрыем Новікавым.

Экспазіцыя прадстаўлена ёлачнымі ўпрыгожваннямі са шкла, ваты, пластмасы, кардону, шарамі з напыленнем і роспісам, ёлачнымі вярхушкамі, цацкамі ў форме ледзяшоў, ліхтарыкаў-пражэктараў, хваёвых шышак, розных відаў садавіны ды гародніны, усемагчымых жывёл, персанажаў казак, прадстаўнікоў розных прафесій і народнасцяў колішняга Савецкага Саюза. Тут таксама можна пабачыць разнастайныя гірлянды, карнавальныя маскі і мантажныя цацкі, што складаюцца з мноства шкляных элементаў на дроце, звязаных між сабой, якія можна кампанаваць у самых неверагодных спалучэннях, складваючы з іх розныя геаметрычныя фігуры.

/i/content/pi/cult/830/17713/2.jpgЯк вядома, на афіцыйным узроўні ўпрыгожванне ялінкі ў СССР да 1935 года лічылася буржуазным перажыткам — супраць яго змагаліся, лічачы святкаванне Раства і Каляд праявай рэлігійнага светапогляду. Сітуацыя змянілася толькі ў 1935 годзе, калі было вырашана дазволіць упрыгожваць ёлку на Новы год, выціснуўшы такім чынам са свядомасці грамадзян рэлігійныя зімовыя святы. Найстарэйшыя і найбольш рэдкія ды каштоўныя з прадстаўленых у экспазіцыі — цацкі з ваты, якіх захавалася зусім небагата. Гэтыя фігуркі былі надзвычай папулярнымі ў СССР яшчэ ў першыя пасляваенныя гады, а шкляныя цацкі пачалі паступова выцясняць іх толькі ў 1950-х, калі была наладжаная іх прамысловая вытворчасць. Цацкі ж з ваты часта вырабляліся кустарным спосабам, уручную, працаўнікамі адмысловых арцеляў. Усярэдзіне цацкі з ваты маюць каркас з дроту, а звонку дэтальна размаляваныя і ўпрыгожаныя. Адной з найбольш распаўсюджаных тэхналогій, якія рабілі такую цацку прывабнай і яскравай, было напыленне шкла — спачатку выдзьмувалі шкляны шар, а пасля разбівалі яго на мноства часцінак, якія пакрывалі фігурку чароўным бляскам, што нагадваў водсвет снежнага покрыва.

Акрамя таго, на выставе можна пазнаёміцца з рэпрадукцыямі вокладак папулярных дзіцячых часопісаў 1950 — 1960-х гадоў, якія выходзілі да Новага года, святочнымі паштоўкамі, календарамі, фігуркамі Дзеда Мароза і Снягуркі, ды іншымі атрыбутамі свята. Тут можна паглядзець і архіўную кінахроніку аб тым, як сустракалі Новы год у Мінску ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі, і зрабіць уласны здымак у антуражы савецкай кватэры — адмысловая фотазона ўзнаўляе выгляд інтэр’ера, у якім мінчукі сустракалі Новы год у шасцідзясятыя гады. Ля століка з абавязковым “Савецкім шампанскім” ды мандарынамі, знаходзіцца адзін з першых мінскіх тэлепрыёмнікаў “Беларусь-5”, традыцыйна накрыты сурвэткай, і радыёла “Рыгонда”. А пад упрыгожанай ёлкай, што ў куце насупраць, можна распазнаць той самы сундук, у якім і захоўвалася калекцыя навагодніх упрыгожванняў, сабраная Аленай Кастрыцкай. Пазнаёміцца з экспазіцыяй можна да 17 студзеня 2021 года.

“У госці да казкі”

У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея “Дом-музей I з’езда РСДРП” выстава ёлачных цацак праходзіць пад назвай “У госці да казкі”. Тут, як і ў Музеі гісторыі Мінска, таксама прадстаўленыя савецкія ёлачныя ўпрыгожванні 1940 — 1980-х гадоў, прычым ажно каля сяміста прадметаў — але паходзяць яны ўсе толькі з адной прыватнай калекцыі. Як распавяла навуковы супрацоўнік музея Кацярына Даўгапалюк, пачатак збору бабруйчанкі Галіны Жук быў пакладзены, калі яна атрымала ў падарунак ад свякрові каля сотні ёлачных цацак. Жанчына захапілася іх прыгажосцю і вырашыла папаўняць калекцыю самастойна, набываючы рэтра-цацкі ў антыкварных крамах і на аўкцыёнах. Агулам яе зборы сёння дасягаюць дзвюх тысяч ёлачных упрыгожванняў. Калекцыянеры ёлачных цацак у сваіх пошуках арыентуюцца на адмысловыя каталогі, і лічаць найвялікшай удачай цалкам сабраць усе прадметы той ці іншай серыі.

Экспазіцыя зладжаная па тэматычным прынцыпе — зыходзячы з выгляду і формы цацак, а таксама ў залежнасці ад тэхналогіі іх вырабу. Асобныя вітрыны ці палічкі прысвечаныя цацкам у форме званочкаў, светлафораў, ліхтарыкаў, музычных інструментаў, аўтамабіляў, грыбочкаў, шышак, матрошак ды снегавічкоў, звяроў ды птушак, у выглядзе персанажаў казак. У ёлачных выявах знайшлі адлюстраванне і найбольш важныя этапы савецкай гісторыі: асабліва шмат цацак прысвечаныя адкрыццю касмічнай эры — тут і касманаўты, і спутнікі ды ракеты. А пасля выхаду на экраны ў 1956 годзе фільма “Карнавальная ноч” з Людмілай Гурчанка ў галоўнай ролі, асаблівую папулярнасць набылі цацкі ў выглядзе гадзіннікаў, якія паказваюць пяць хвілін да Новага года.

Прадстаўленыя на выставе і некалькі шароў, вырабленых у 1970-я гады паводле ўнікальнай тэхнікі глінкі — у адпаведнасці з ёй, шкляны шар змяшчалі ў гліняны раствор, высушвалі, а потым выдрапвалі на ім малюнак, а рэшту гліны прыбіралі. Атрыманыя прадрапаныя ўчасткі пакрывалі срэбрам і каляровым лакам. Тэхніка гэтая была даволі працаёмкай і затратнай, таму, на жаль, неўзабаве вытворчасць такіх цацак спынілася.

У экспазіцыі можна пабачыць і фігуркі з ваты, і картанажныя ўпрыгожванні, і мноства шкляных шароў ды электрагірлянд самых разнастайных відаў. Асаблівую цікавасць уяўляюць мініяцюрныя цацкі для невялікіх ёлачак — яны аналагічныя цацкам звыклага памеру, і адрозніваюцца ад іх толькі маштабам. Таксама на выставе можна азнаёміцца з вялікай калекцыяй савецкіх навагодніх паштовак, якія яшчэ не так даўно было прынята абавязкова дасылаць на святы ўсім сваякам і сябрам. Пабачыць усе гэтыя артэфакты савецкага Новага года можна да 14 студзеня.

“Музей ёлачных цацак”

А ў галоўным корпусе Нацыянальнага гістарычнага музея таксама можна азнаёміцца з традыцыйнай экспазіцыяй “Музей ёлачных цацак”, якая ладзіцца ўжо сёмы год — але кожны раз з новымі экспанатамі. Усе яны паходзяць з прыватнай калекцыі Андрэя Бегуна, які прадставіў на выставе цацкі, сабраныя ім у падарожжах па ўсіх кантынентах — агулам яго зборы налічваюць больш за дзве тысячы прадметаў з сямідзесяці пяці краін.

Адкрываецца выстава ўнікальнымі артэфактамі, якія датуюцца сярэдзінай ХІХ стагоддзя — ёлачнымі цацкамі з нямецкага горада Лаўша, таго самага, дзе пачалі вырабляць першыя калядныя ўпрыгожванні са шкла. Наступныя вітрыны працягваюць аповед аб далейшым развіцці майстэрства вырабу ёлачнай цацкі ў Чэхіі, Нідэрландах, Расіі. Рэшту ж экспанатаў складаюць сучасныя цацкі з усяго свету, у тым ліку з такіх экзатычных краін, як Антыгуа і Барбуда, Інданэзія, Індыя, Кітай, Конга, Новая Зеландыя, Паўночная Карэя і Перу — яны дазваляюць азнаёміцца з традыцыямі і адметнасцямі, звязанымі з сустрэчай Новага года ў гэтых краінах. Асобная вітрына аддадзена пад шкляныя шары, распісаныя ў адзінкавым асобніку беларускімі майстрамі паводле сюжэтаў карцін славутых мастакоў — Марка Шагала, Івана Шышкіна, Сальвадора Далі, Пабла Пікаса, Віктара Васняцова, Івана Айвазоўскага, Леанарда да Вінчы, Вінсэнта ван Гога і іншых.

Ёсць і такія незвычайныя экспанаты, як шкляныя шары вагой паўтара кілаграма альбо дыяметрам дваццаць сантыметраў — гэтая цацка занесеная ў Кнігу рэкордаў Гінеса як найвялікшая, якую здолеў выдзьмуць чалавек. Найдаражэйшыя ж — шары-рэплікі славутых яек Фабержэ. А акрамя ёлачных цацак, на выставе можна пабачыць таксама мініяцюрнае казачнае каляднае мястэчка з рухомымі фігуркамі людзей і звяроў, якія ўразяць і пацешаць не толькі самых маленькіх наведвальнікаў, але і дарослых гасцей экспазіцыі.

Выстава ладзіцца сумесна з фабрыкай ёлачных цацак Андрэя Бегуна “Грай”, дзякуючы чаму наведвальнікі змогуць таксама даведацца пра ўсе сакрэты вытворчасці ёлачных упрыгожванняў, а таксама пад кіраўніцтвам мастакоў прадпрыемства прайсці адукацыйныя майстар-класы па вырабе цацак, якія пасля можна забраць з сабой. Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька таксама паведаміў на адкрыцці выставы, што праект “Музей ёлачных цацак” возьме ўдзел у праграме “Нашы дзеці”, у рамках якой выставу здолеюць наведаць малечы са шматдзетных сем’яў, сіроты, маленькія пацыенты анкалагічных цэнтраў. Наведаць гэтую выставу можна да 24 студзеня.

Магчыма, пасля наведвання гэтых экспазіцый, якія дазваляюць здзейсніць падарожжа ў часе і адсвяткаваць Новы год ці Каляды ў стылі мінулых гадоў, нехта з вас прыгадае, што ў ягонай сям’і таксама захоўваюцца дагэтуль старыя наборы ёлачных упрыгожванняў, і захоча прыбраць ялінку тымі самымі цацкамі, якія дарылі радасць папярэднім пакаленням — вашым бацькам, бабулям і дзядулям. Гэта не проста праява моднай цяпер рэстра-эстэтыкі вінтажных упрыгожванняў, а яшчэ і добры спосаб адчуць повязь са сваімі продкамі, прыгадаць сямейныя традыцыі ды звычкі, і наяве вярнуцца ў дзяцінства. А, можа, нехта з вас вырашыць таксама далучыцца да збіральнікаў ёлачных цацак, і наважыцца пачаць папаўняць сваю навагоднюю калекцыю артэфактамі мінулага?