На падыходзе да новых праектаў

№ 51 (1491) 19.12.2020 - 25.12.2020 г

У аўторак, 15 снежня, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч правёў чарговую апаратную нараду з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства.

/i/content/pi/cult/829/17710/24.jpgЗ улікам эпідэміялагічнай сітуацыі міністр звярнуў увагу на неабходнасць задзейнічаць магчымасці тэлебачання для трансляцыі спектакляў, якія дэманструюцца на сцэнах беларускіх тэатраў. Спіс спектакляў ужо ёсць, ідзе падрыхтоўка да запісу паказаў. У перспектыве гэтыя запісы можна будзе пабачыць на тэлеканале “Беларусь 3”. Таксама варта актывізаваць працу па рэалізацыі інфармацыйнага кантэнту такога кшталту для замежнай аўдыторыі.

Стала вядома, што ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы працягваецца кастынг па фарміраванні новай трупы, які прайшлі ўжо два дзясяткі чалавек. Ідзе падрыхтоўка новай версіі знакамітага спектакля “Паўлінка”, які можа быць прадстаўлены на сцэне ўжо ў першай дэкадзе студзеня 2021 года. Наогул жа ў трупу Купалаўскага тэатра мяркуецца ўвесці каля сарака акцёраў.

Значная ўвага была нададзеная пытанням зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны. Як паведаміла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў Наталля Хвір, у мэтах удасканалення сістэмы ўзгаднення вонкавай рэкламы ў мясцовыя выканаўча-распарадчыя органы былі накіраваныя прапановы стварыць на месцах саветы па рэкламе з уключэннем у іх склад прадстаўнікоў структурных падраздзяленняў выканаўчых камітэтаў, якія ажыццяўляюць паўнамоцтвы ў галіне архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці, і ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама з прыцягненнем прадстаўнікоў грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз архітэктараў”.

Мясцовым органам на ўзроўні абласных выканаўчых камітэтаў прапанавана распрацаваць і зацвердзіць канцэпцыі па ўпарадкаванні размяшчэння сродкаў вонкавай рэкламы. Гэта, перадусім, дазволіць прывесці ў адпаведнасць з патрабаваннямі заканадаўства знешні выгляд аб’ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, фасады якіх, на жаль, часта бываюць перагружаныя рэкламай.

У рамках працы над удасканаленнем Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь разглядаецца магчымасць аптымізаваць сістэму ўліку воінскіх пахаванняў. Рэч у тым, што сёння іх улік праводзіцца як Міністэрствам культуры, так і Міністэрствам абароны, што прыводзіць да дублявання. На ўліку Міністэрства абароны сёння знаходзяцца каля васьмі тысяч воінскіх пахаванняў, з іх дзевяцьсот трыццаць таксама ўключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Мяркуецца, што гэтыя аб’екты могуць быць выключаныя са спіса з захаваннем адмысловага ахоўнага статусу.

На мінулым тыдні адбылася сустрэча міністра культуры з Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам. Былі абмеркаваныя напрамкі і перспектывы супрацоўніцтва Міністэрства культуры і Беларускай Праваслаўнай Царквы. Асаблівая ўвага ў праграме супрацоўніцтва на 2018 — 2021 гады звяртаецца на ажыццяўленне сумеснай дзейнасці ў пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны і правядзення мерапрыемстваў у галіне культурнай асветы.

У 2021 годзе ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы працягнуцца рэстаўрацыйныя работы ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку, а таксама ў комплексе былога калегіума езуітаў у Юравічах Калінкавіцкага раёна, і на шэрагу іншых аб’ектаў.