Дадаць “разынкі” ў турыстычны “пірог”

№ 51 (1491) 19.12.2020 - 25.12.2020 г

З вандроўкі на памежжы трох абласцей
Відаць, кожны, хто праязджаў па трасе Мінск — Брэст за паваротам на Мір, памятае велічную металічную фігуру зубра, усталяваную ў 2003 годзе на памежжы трох абласцей — Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай. Непадалёк ад гэтага месца разгаліноўваюцца традыцыйныя турыстычныя маршруты — на Мір і Нясвіж, да славутых замкаў. Але ў навакольных вёсках і мястэчках ёсць на што зірнуць і акрамя агульнавядомых турыстычных цікавостак. Мы наведалі гэтыя ваколіцы, каб даведацца, якія аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны таксама могуць зрабіцца годнай часткай вандроўных маршрутаў.

/i/content/pi/cult/829/17708/20.jpgСуплёт эпох і лёсаў

Першы прыпынак робім у вёсцы Астроўкі, што ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці. Тут захаваўся помнік драўлянага дойлідства — царква ў імя святога Георгія Перамоганосца. Храм, збудаваны ў сярэдзіне XIX стагоддзя, магчыма, не самы старажытны і відовішчны — яго сціплы выгляд без асаблівых архітэктурных выбітнасцяў зацікавіць далёка не кожнага падарожніка. Мусім прызнацца, што ў нашай вандроўцы мы перш таксама разглядалі Астроўкі толькі як прамежкавы пункт на шляху да далейшых помнікаў. Але, праязджаючы каля сціплай цэркаўкі, нельга было не спыніцца і не паспрабаваць зазірнуць глыбей у гісторыю гэтай мясціны.

Астроўкі ўпершыню ўзгадваюцца ў гістарычных крыніцах яшчэ ў 1530 годзе, калі гэтай вёскай пачаў валодаць некалі магутны, але сёння, на жаль, не надта шырока вядомы магнацкі род Пратасевічаў. Да гэтага роду належаў, напрыклад, вядомы дзяржаўны і рэлігійны дзеяч XVI стагоддзя ў Вялікім Княстве Літоўскім Валяр’ян Пратасевіч. Ён быў не толькі віленскім каталіцкім біскупам, але і асабістым сакратаром вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста, а таксама — адным з заснавальнікаў езуіцкага калегіума, што пазней быў пераўтвораны ў Віленскі ўніверсітэт, першую вышэйшую навучальную ўстанову ВКЛ.

Але сярод прадстаўнікоў роду Пратасевічаў былі вернікі і іншых канфесій — так, Іона Пратасевіч, сучаснік Валяр’яна, з’яўляўся нават мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Таму не дзіўна, што і ў Астроўках сляды дзвюх хрысціянскіх канфесій цесна перапляліся. Тут, ля праваслаўнай царквы, можна пабачыць і невялічкую пахавальную каплічку — відавочна каталіцкую, з надпісам на польскай мове. Шыльда крыху пашкоджаная, але з тэксту ясна, што адзін з уладальнікаў Астровак узвёў гэты помнік у 1820-я гады на магіле сваёй жонкі.

/i/content/pi/cult/829/17708/21.jpgПазней побач з’явіліся магілы праваслаўных святара і псаломшчыка, якія служылі ў царкве ў міжваенныя гады, а таксама — брацкія пахаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны. Так, тут ляжаць сем невядомых салдат, якія загінулі ў баях каля вёскі ў чэрвені 1941 года, і двое партызан, якія палеглі ў лютым 1944-га. Ля царквы ўзвышаецца і стэла з выявай пяціканцовай зоркі — гэта помнік вяскоўцам, якія загінулі падчас вайны. І такое суседства выглядае цалкам гарманічным — тут, на царкоўным цвінтары, дзе перапляліся лёсы і сведчанні розных эпох, якія складаюцца ў адно цэлае, у агульную гісторыю.

Наступны пункт на нашым шляху — вёска Прасці, якая пачынаецца адразу ж за полем, дзе стаіць Астроўская царква. У Прасцях, стаіць на старых могілках каталіцкая капліца таго самага роду Пратасевічаў, збудаваная ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў неагатычным стылі. Яшчэ не так даўно гэты мураваны будынак выглядаў сапраўднай руінай — у пасляваенныя гады ён быў разрабаваны і моцна пашкоджаны.

Але, на шчасце, у 2009 годзе распачалася рэстаўрацыя гэтага храма паводле праекта архітэктара Аляксея Яроменкі, падчас якой былі адшуканыя ды перапахаваныя і парэшткі некаторых прадстаўнікоў роду Пратасевічаў. У выніку ў 2018 годзе капліца была асвечаная як касцёл у гонар святога Станіслава.

Радзіма падарожнага асветніка

З Прасцей рушым далей на паўночны захад і трапляем у вёску Вялікая Мядзвядка, што ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Гэта радзіма аднаго з легендарных філаматаў, геолага Ігнацыя Дамейкі, які ў выніку паразы паўстання 1830 — 1831 гадоў быў вымушаны эміграваць з Расійскай імперыі і праславіўся сваёй навуковай дзейнасцю далёка за акіянам, у паўднёваамерыканскай краіне Чылі.

Ад колішняй сядзібы Дамейкаў, на жаль, захаваўся толькі аднапавярховы мураваны будынак флігеля, дзе яшчэ не так даўно знаходзіўся дзіцячы садок “Малыш”, аб чым сведчыць шыльда на сцяне пры ўваходзе. Некалькі гадоў таму здарыўся пажар, і сёння гэтыя сцены яшчэ патрабуюць добраўпарадкавання. Некалі ж нават існавалі планы размясціць тут музей, прысвечаны славутаму земляку. Што ж, застаецца спадзявацца, што калісьці гэтыя надзеі спраўдзяцца, і аб жыцці і дзейнасці Ігнацыя Дамейкі на яго малой радзіме будуць нагадваць не толькі бюст і памятны камень з ягоным імем, якія можна бачыць у цэнтры вёскі.

Непадалёк у наваколлі можна знайсці і іншыя мясціны, звязаныя з рухамі філаматаў ды філарэтаў — Завоссе, дзе нарадзіўся Адам Міцкевіч і дзейнічае яго музей-сядзіба, Задзвею, што належала роду Чачотаў, з якога паходзіць вядомы літаратар Ян, а таксама Туганавічы, дзе знаходзілася сядзіба Верашчакаў — роду, з якога паходзіла каханая Міцкевіча, і дзе захаваўся камень філарэтаў, ля якога збіраліся ўдзельнікі гэтай таемнай патрыятычнай арганізацыі.

Калыска вершатворцы

З Вялікай Мядзвядкі накіроўваемся ў суседнія Макашы Баранавіцкага раёна, гэта ўжо Брэсцкая вобласць — тут нарадзіўся яшчэ адзін славуты зямляк, паэт Уладзімір Жылка. Перад уездам у вёску, над ракой Ушой, галоўная патэнцыйная турыстычная адметнасць — адноўлены вадзяны млын, у якім удалося захаваць начынне, патрэбнае для перамолкі зерня.

Драўляная хата, дзе ў 1900 годзе з’явіўся на свет Уладзімір Жылка, стаіць проста ў цэнтры паселішча — тут і сёння жывуць людзі, і толькі сціплая мемарыяльная шыльда нагадвае пра тое, што ў гэтых сценах рос і выхоўваўся адзін з найвыдатнейшых і недаацэненых паэтычных талентаў беларускай літаратуры першай траціны ХХ стагоддзя.

Лёс Уладзіміра Жылкі быў трагічны — ён з маладых гадоў хварэў на сухоты, пэўны час вучыўся ў Чэхаславакіі, у сярэдзіне 1920-х перабраўся з Заходняй Беларусі ў БССР — але ўжо ў 1930 годзе быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе і праз тры гады памёр у высылцы ад абвастрэння хваробы. Роднае гняздо Уладзіміра Жылкі магло б зрабіцца годным увагі пунктам тэматычных экскурсійных маршрутаў, прысвечаных літаратурным талентам, якіх далі свету гэтыя ваколіцы.

Край велічных храмаў

Далей наш шлях ляжыць у вёску Ішкальдзь. Тут знаходзіцца сапраўдная перліна нашага маршруту — адзін з найбольш старажытных касцёлаў Беларусі, храм, збудаваны ў 1449 — 1472 гадах і асвечаны ў гонар Найсвяцейшай Тройцы. За сваю больш як паўтысячагадовую гісторыю гэты будынак пераходзіў ад каталікоў да пратэстантаў, пасля да праваслаўных, але ў выніку сёння зноў дзейнічае як касцёл. Храм з’яўляецца ўнікальным узорам гатычнай архітэктуры на беларускіх землях і ўражвае простай строгасцю ўзнёслых ліній сваіх муроў.

З Ішкальдзі рукой падаць да Паланечкі. Перш пры дарозе на беразе ракі Змейкі аглядаем руіны старога вадзянога млына, ад якога, на жаль, захаваліся толькі рэшткі дзвюх сцен — хаця яшчэ з трыццаць гадоў таму будынак стаяў цэлы. У цэнтры вёскі — шматпакутны колішні палац Радзівілаў першай паловы XIX стагоддзя, асноўны аб’ём якога мае два паверхі, з аднапавярховымі флігелямі, што прымыкаюць па баках. Некалі ў гэтых мурах гасцявалі такія класікі беларускай і рускай літаратур, як Уладзіслаў Сыракомля і Дзяніс Фанвізін — але сёння, на жаль, будынак застаецца занядбаным.

Тым не менш, літаральна праз дарогу ад палаца знаходзіцца яшчэ адна несумненная выбітнасць вёскі — драўляны касцёл святога Юрыя. Збудаваны ў 1751 годзе, пазней ён зазнаваў пэўныя перабудовы і аднаўленні, і ў выніку спалучае ў сваім абліччы рысы як неаготыкі, так і мадэрну. Дарэчы, касцёл гэты славуты яшчэ і тым, што менавіта ў ім быў ахрышчаны ўжо згаданы намі вышэй Ігнацы Дамейка.

Наступны прыпынак — у вёсцы Вольна, дзе акрамя цудоўнага ўтульнага парку захаваліся некалькі гаспадарчых пабудоў ад сядзібы шляхецкага роду Слізняў. Сярод іх, напрыклад, колішні бровар, закладзены ў 1830 годзе — найстарэйшы ў Беларусі. Апроч таго, Вольна славіцца і Свята-Троіцкай царквой, якая была збудаваная ў 1768 годзе як уніяцкая, і ўяўляе з сябе выдатны помнік віленскага барока.

Два палацы з рознымі лёсамі

Пасля кіруемся ў Сноў Нясвіжскага раёна — тут, акрамя касцёла Святога Яна Хрысціцеля, што пабудаваны ў 1760 годзе, звяртае на сябе ўвагу палац роду Рдултоўскіх 1827 года, што стаіць на беразе ракі Сноўка. Гэты велічны будынак даўжынёй у 140 метраў у апошнія гады належыць адному з сілавых ведамстваў, таму яго навакольная тэрыторыя ахоўваецца, і трапіць да сцен палаца няпроста. Тым не менш, будынак захаваўся ў добрым стане, і з часам мог бы зрабіцца сапраўдным упрыгожаннем турыстычных маршрутаў у ваколіцах Нясвіжа. А вось у будынак сядзібы ў Горным Снове, дзе яшчэ з дзесяць гадоў таму знаходзіўся мясцовы шпіталь, трапіць нашмат лягчэй — гэты двухпавярховы гмах сёння застаецца занядбаным, і доступ у яго адкрыты для ўсіх ахвочых. Такая сітуацыя наўрад ці спрыяе добраму захаванню будынка — а ён, тым не менш, мог бы скласці разам з палацам на беразе Сноўкі годны цэласны комлекс, які зможа прывабіць сюды турыстаў.

Забытыя сядзібы

Са Снова па дарозе ў Нясвіж можна наведаць яшчэ дзве колішнія шляхецкія сядзібы. Першая з іх — у Вялікай Ліпе, з барочнай Свята-Пакроўскай царквой, пабудаванай у 1773 годзе і акружанай мураванай агароджай. Побач — званіца і капліца-пахавальня славутага роду Абуховічаў. З царкоўнага цвінтара на ўскрайку вёскі адкрываецца прыгожы від на колішні маёнтак Абуховічаў — захаваўся цэлы комплекс мураваных гаспадарчых пабудоў: стайня, свіран, бровар, двухпавярховы флігель. Не менш цікавай выглядае і сядзіба ў Завушшы, што далей па дарозе ў бок Нясвіжа — яе адметнасць палягае ў тым, што зберагліся ў добрым стане не мураваныя, а драўляныя гаспадарчыя пабудовы.

Як відаць, у ваколіцах Міра і Нясвіжа на памежжы трох абласцей ёсць яшчэ багата цікавых куткоў, што захоўваюць памяць аб славутых асобах нашай гісторыі. Варта толькі прыкласці больш намаганняў і ўважліва паставіцца да патэнцыялу гэтых помнікаў — і яны могуць зрабіцца неад’емнай часткай турыстычных маршрутаў, якія дапамогуць напоўніцу раскрыць сакрэты мінуўшчыны навакольных абшараў.