Навучыцца чытаць

№ 51 (1491) 19.12.2020 - 25.12.2020 г

Эдсан Аранціс ду Насіменту — гэта Пеле, кароль футбола, нацыянальны набытак Бразіліі. У складзе зборнай сваёй краіны згуляў 92 матчы, забіў 77 галоў. Але я сёння не пра футбол і яго зорку. Пеле напісаў некалькі аўтабіяграфічных кніг, першую — у 1975 годзе. Для таго, каб усё гэта адолець, непісьменныя ў большасці бразільцы навучыліся чытаць. Факт усенароднай любові беспрэцэдэнтны! Мяркуючы па выніковасці беларускага футбола, пэўная частка нашага насельніцтва так і не стане чытачамі. Паколькі няма веры футбалістам, застаецца спадзявацца толькі на бібліятэкараў. А каб зацікавіць, яны павінны здзіўляць. Пастаянна і разнастайна.

/i/content/pi/cult/829/17700/10.jpgТак што пачнём з бібліятэчных навін. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марцінкевіч піша: “Сталыя людзі — асаблівая катэгорыя чытачоў. Для асобных наведванне бібліятэкі — гэта выхад у свет. Не толькі, каб кнігу ўзяць, але і для шчырых зносін ва ўтульнай абстаноўцы. Пакуль гэтаму замінае эпідэміялагічная сітуацыя. Каб падтрымаць сталых чытачоў, супрацоўнік Дварышчанскай сельскай бібліятэкі Людміла Марцінкевіч ладзіць акцыю “Адрас міласэрнасці — бібліятэка”. Мэта акцыі — аб’яднанне юных чытачоў дзеля аказання дапамогі людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Дзеці падрыхтавалі музычныя віншаванні, якія разаслалі сталым людзям сельсавета праз Viber, а таксама намалявалі для іх навагоднія паштоўкі”. Мерапрыемства не патрабуе вялікіх грашовых укладанняў, не займае шмат часу, а карысці ад яго — неверагодна шмат. І ўвогуле гэта вельмі выгадная рэч — здзіўляць дабром. Як правіла, дабро вяртаецца ў двайным памеры. Дый кола чытачоў становіцца больш маналітным.

Кажу пра гэта не першы раз і не дзеля забаўкі. Наўскідку магу назваць з дзясятак раённых бібліятэчных устаноў, якія так і не навучыліся здзіўляць і пра працу ў фармаце “выхад у народ” толькі чулі. Ці прачытаюць яны гэтыя радкі?

Міжнародны дзень інвалідаў адзначылі ў Шчучынскім раёне. Па словах намесніка дырэктара Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Юліі Міхайлавай, дабрачынныя акцыі прайшлі ва ўсіх бібліятэчных установах раёна. У бібліятэках аграгарадкоў Дэмбрава, Тур’я і гарадскога пасёлка Жалудок сеансы арт-тэрапіі выклікалі ў сталых чытачоў незабыўныя ўражанні. Застаецца спадзявацца, што ўсе гэтыя мерапрыемствы не адзінкавыя (да даты), а пастаянныя.

Вельмі спадабалася мне наступная інфармацыя. Супрацоўнік дзіцячай бібліятэкі Вялікай Бераставіцы Данута Лагада распавядае: “Для стварэння цудоўнага настрою ў нашай установе рэалізоўваецца праект “У Новы год — разам з кнігай”. Лепшыя ўдзельнікі атрымліваюць Пасведчанне ганаровага чытача. За кожную прачытаную кнігу пасведчанне запаўняецца налепкамі. Максімальная іх колькасць адзначаецца прызамі”. Вось гэта стымул! Перахоплівайце досвед, шаноўныя бібліятэкары!

Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя Івана Каладзеева здзіўляе пастаянна. Гэтым разам фотавыставай “Міхайлаўская свяча” ў галерэі “ARTквартал”, што даўно і плённа дзейнічае ў згаданай установе. Выстава складаецца з фотаздымкаў, зробленых у 2012 — 2018 гадах у аграгарадку Вяляцічы 21 лістапада ў дзень святога Міхаіла. Абрад, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, паказаны шматлікімі аўтарамі ва ўсіх падрабязнасцях.

І невялічкая выснова. Наконт таго, што мы чытаць не ўмеем і адпаведна — пісаць. Гляньце, колькі памылак наўкола! На шыльдах, плакатах, таблічках. Мой старэйшы сын нават на аршанскай мемарыяльнай шыльдзе, прысвечанай Уладзіміру Караткевічу, заўважыў памылку: “Гэта вуліца носіць імя нашага зямляка…” Сын патэлефанаваў у тамтэйшы музейны комплекс, адказалі, што разбяруцца. Так што пакуль разбіраюцца, усе — у бібліятэку! Вучымся чытаць і пісаць. Правільна і без прыкрых памылак!

Здзіўляць пад Новы год не толькі можна, але і неабходна. Вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч (на сёння самы актыўны наш пазаштатны аўтар!) напісала, як бібліятэкі Гродзенскага раёна рыхтуюцца да навагодніх святаў. Да прыкладу, Скідзельская гарадская бібліятэка сямейнага чытання аформіла выставу-вернісаж “У чаканні цудаў”. Мэта — дапамагчы чытачам зрабіць сваімі рукамі падарункі і выбраць рэцэпты для нечаканых страў да святочнага стала. “У Гожскай сельскай бібліятэцы, — працягвае аўтарка, — здзіўляе наведвальнікаў арт-сцяна, дэкараваная навагоднімі паштоўкамі. А чытачоў сустракае снегавік. Пра гісторыю каляднай беларускай паштоўкі распавядаюць у Квасоўскай сельскай бібліятэцы. У Луцкаўлянскай працуе рэтра-пошта, у Адэльскай навучаць упрыгожваць вокны выцінанкамі, у Абухаўскай бібліятэцы раскажуць зімовую казку.” Цікава было б даведацца пра тое, ці павялічваецца пасля ўсіх гэтых мерапрыемстваў колькасць чытачоў.

Навагоднюю эстафету падхопліваюць клубныя работнікі. Ім таксама ёсць чым здзіўляць. У Палацы культуры Ліды, як і заўжды, ёсць чым парадаваць кожную з сямей. Апошняя забаўка, да прыкладу, — “Арт-Street-Ёлка”. Сцэнарый надзвычай злабадзённы: дзядулі, бабулі і бацькі з дзецьмі павінны перамагчы каралеву Мушыльду з Вірусам. Усім дапамагае вясёлы Бычок — сімвал будучага года. Нават мне захацелася з ім сфатаграфавацца.

А ў Свіслачы ўдзельнікі перадсвяточных гульняў змагаюцца з Пацуком. Ён, сапраўды, усім надакучыў.

Цяпер — пра выставы, конкурсы і дабрачынныя акцыі. Навіна з Карэлічаў падалася надзвычай эмацыйнай. Мяркуйце самі. 10 снежня, як вядома, у краіне стартавала штогадовая дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. У Карэлічах маладзёжны цэнтр культуры прапанаваў сіротам святочную дзею з конкурсамі, гульнямі і неверагоднымі сустрэчамі. Мяркуючы па здымку, дзеці засталіся вельмі задаволенымі.

У Магілёве падведзены вынікі абласнога конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Дажынкавы вянок”. Было пададзена 23 калектыўныя работы. Першае месца вырашана не прысуджаць. Другое — у Чэрыкаўскага, Слаўгарадскага, Краснапольскага і Свяцілавіцкага (Бялыніцкі раён) раённых Дамоў рамёстваў. Рамеснікам таксама ёсць над чым працаваць у перспектыве.

Завяршыўся дыстанцыйны фотаконкурс “Часіны года” па тэме “Верасень”. Адбываўся ён у Магілёўскім абласным метадычным Цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Дыпломы першай ступені атрымалі Наталля Раманава з Давыд-Гарадоцкага (Століншчына) Цэнтра дзіцячай творчасці, Алена Яраховіч — настаўнік з Камянецкага раёна.

Малодшы навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір” Вераніка Красоўская піша пра выставу “Народжаныя ў карунках. Хрышчаныя на шаблях”. Гэта сумесны праект музея і калекцыянера, дызайнера і рэстаўратара Ігара Сурмачэўскага. Гаворка вядзецца пра абрад хрышчэння ў XVIII — XIX стагоддзях на землях Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Еўропы.

Выставы дзейнічаюць і ў Віцебскім абласным метадычным Цэнтры народнай творчасці. Гэта — абласная выстава-кірмаш навагодніх цацак і сувеніраў, экспазіцыі “Тэхналогія ажурнага ткацтва Гарадоцкага раёна”, “Ад Грамніцаў да Каляд прапануем Арт-агляд” (узоры дэкаратыўна-прыкладной творчасці выкладчыкаў і навучэнцаў аддзялення “Мастацтва і дызайн” Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа). Напісала пра гэта Ала Лялькіна — загадчык аддзела Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці.

Запрашае на выставу і цэнтр традыцыйнай культуры Барысава. Называецца яна “Традыцыі і людзі Барысаўшчыны”. Малодшы навуковы супрацоўнік установы Ала Сідаровіч піша, што экспазіцыя складаецца з работ майстра народных промыслаў і рамёстваў, керамісткі Веры Календа і дырэктара цэнтра традыцыйнай культуры дызайнера Алены Янкоўскай. Прадстаўлены мастацкая кераміка, традыцыйная маляванка і гарачы батык.

Не стамляйцеся здзіўляць, шаноўныя чытачы “Культуры”. Дзякуй за тое, што вы ёсць!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"