Таямніцы роду Занаў, герба “Ястрабец”

№ 51 (1491) 19.12.2020 - 25.12.2020 г

Частка І
Напрыканцы верасня 2018 года разам з беларускім генеолагам Вітальдам Ханецкім мы высадзіліся ў “горадзе на Няве” (Санкт-Пецярбург), дзе цягам тыдня выдатна папрацавалі ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве (РДГА). У той раз шанцавала. Вярталіся мы абцяжараныя гігабайтамі самых карысных звестак. Не ўсё, што было назапашана мной у тую вандроўку, адразу пайшло ў друк. Спярша ў “К” з’явіліся серыялы пра продкаў Ігнацыя Дамейкі — Дамейкаў і Анцутаў. Пазней — некаторыя звесткі, звязаныя з родам Рэйтанаў. Але артыкул пра радавод Тамаша Зана быў адкладзены да лепшых часоў. І “лепшыя часы” насталі. Неўзабаве дзень народзінаў “архіпрамяністага” Тамаша Зана, які прыйшоў на свет 21 снежня 1796 года. Уласна кажучы, усё гэта прымушае ўзяцца за пяро і прысвяціць чарговы серыял менавіта яму.

/i/content/pi/cult/829/17697/5.jpgЯк вы думаеце, шаноўныя чытачы газеты “Культура”, колькі кніг, прысвечаных славутаму філамату, літаратару, географу і геолагу Тамашу Зану, навуковых ці папулярных, але напісаных беларускімі даследчыкамі-літаратуразнаўцамі, можна сустрэць на бібліятэчных паліцах? Не нарысаў-артыкулаў, якія змешчаны ў розных зборніках, часопісах, газетах, бо такіх нямала, а асобных выданняў? Не моцна памылюся, калі адкажу каротка — “0”. Чаму так? Ці гэта асоба не заслугоўвае на цікавасць? Заслугоўвае, безумоўна. Нават з таго пункта гледжання, што калі б не яго самаахвярнасць, выказаная падчас працэсу “філаматаў” у 1824 годзе, вельмі магчыма, што свет бы не даведаўся пра геній Адама Міцкевіча. Можа, звесткі аб ім такія сціплыя, што не хапае на добры такі том, ды яшчэ аздоблены ілюстрацыямі? Ды не. Бо ёсць жа выдатная біяграфія Тамаша Зана, якая выйшла ў 1863 годзе, праз восемь гадоў пасля яго смерці. Яе, дарэчы, можна было даўно перакласці на беларускую мову і выдаць. Ёсць і безліч іншых публікацый, як беларускіх даследчыкаў (пісалі аб ім Вялянцін Грыцкевіч, Кастусь Цвірка і іншыя), так і замежных. Ёсць жа, нарэшце, і дзве кніжкі, напісаныя ўжо ў наш час нашчадкамі Тамаша Зана, дзе таксама ёсць цікавыя звесткі. Я ўжо не кажу пра тое, што дакументаў, датычных асобы Тамаша Зана, ніхто з архіўных сховішчаў не адбіраў і не знішчаў.

Тое самае, дарэчы, датычыцца і Станіслава Манюшкі, пра якога цягам 2020 года ў “К” выйшаў шматтчастковы серыял. На сённяшні дзень у Беларусі не напісана і не выдадзена аніводнай навуковай манаграфіі, прысвечанай “бацьку беларускай оперы”. У выпадку з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, класікам беларускай літаратуры, трошкі лепей. Бо дзякуючы клопату гісторыка Змітра Дразда такая кніга з’явілася (некаторыя фрагменты з гэтай кнігі друкаваліся ў “К”). Гэты важкі том, палову якога складаюць дакументы, мне падаецца, мог бы стаць эталонам для выданняў, прысвечаных іншым нашым славутым землякам. А неабходнасць такіх новых фундаментальных выданняў відавочная.

Пасля невялічкага ўступу самы час перайсці да галоўнага. Мы пачынаем серыял, у якім распавядзем пра радаводныя таямніцы Занаў, а таксама пра некаторыя старонкі яго жыццярыса і нашчадкаў. На вялікі жаль, род Занаў згас. Праўнук Тамаша Зана, таксама Тамаш (сын Тамаша і ўнук Абдона), меў толькі дачок.

РАДАШКОВІЦКІ БУРМІСТР, ШЛЯХЦІЦ З ГЕРБАМ “ЯСТРАБЕЦ”?

У публікацыях, прысвечаных Тамашу Зану, раз-пораз згадваюцца розныя “сямейныя паданні”. Крыніцай іх з’яўляецца біяграфія Тамаша, пра якую я казаў вышэй. Радавод Занаў у ёй не надта глыбокі (згаданы дзед Тамаш), але даволі шмат цікавостак, датычных бацькоў і іншых сваякоў “філамата”. Пра гэта мы пагаворым пазней. Лічыцца, што Тамаш (І), дзед героя нашага апавядання Тамаша (ІІІ), быў “бурмістрам у Радашковічах”. Гісторык Зіновій Копыскі падае такую фармулёўку —“Бурмістр (ад ням. — Burgermeister) выбарная асоба ў магістрат гарадоў з магдэбургскім правам, якая ўзначальвала гарадскую раду. У абавязак Б. уваходзіла загадванне гарадскім скарбам, старшынства на пасяджэннях бурмістраўска-радзецкага суда, які разбіраў маёмасныя спрэчкі гараджан. Войт і прызначаныя ім выбаршчыкі (12 — 20 чалавек) выбіралі на пасаду Б.  гараджан з заможных вярхоў гарадскога насельніцтва — купецтва, цэхмістраў… Б. выбіралі тэрмінам на год, пасля сканчэння якога ён рабіў справаздачу перад радай…”

/i/content/pi/cult/829/17697/6.jpgПраўда, дакументаў, якія б пацвердзілі выконванне гэтай важнай місіі продкам “філамата” пакуль што ніхто не прывёў. А самі Заны асабліва гэту тэзу не развівалі, бо продак мешчанін-купец, хай сабе і “халіф на год”, ну зусім не вязаўся з іх памкненнямі дабіцца прызнання з боку ўладаў расійскай імперыі як старажытнай шляхты.

Трэба згадаць, што пакуль я рыхтаваўся да юбілею, выйшаў чарговы том “Гербоўніка Беларускай Шляхты”, ў якім быў змешчаны радавод Занаў. Склаў яго гісторык Яўген Глінскі, выдатны знаўца генеалагічных “хітрыкаў” нашых продкаў. На падставе дваранскай справы гэтага роду, якая захоўваецца ў Нацыянальным архіве Беларусі (НГАБ), ён зрабіў пакаленны роспіс ад Франіцшка (прадзеда Тамаша ІІІ) да Тамаша Канстанціна (гэта ўнук філамата, які нарадзіўся ў 1876 годзе). І з ўласцівай яму пільнасцю гісторык прааналізаваў пададзеныя Занамі дакументы на прадмет фальсіфікацыі. Аказалася, што “каралеўскія прывілеі на чыны-ўрады, і розныя судовыя акты, датычныя маёмасных спраў” — фальсіфікаты. Гэтага і трэба было чакаць, бо Заны спасылаліся на актавыя кнігі Ашмянскага суда (адна з галоўных адзнак магчымай фальсіфікацыі, бо наша шляхта даволі часта “карысталася” менавіта тымі кнігамі, якія калісьці згарэлі ў пажары) . Застаецца толькі падзякаваць спадару Глінскаму, што ён зрабіў гэту справу. Тое, што каралеўскія прывілеі ніколі не існавалі, я спраўдзіў падчас прагляду кнігі рэестраў гэтых прывілеяў, якая захоўваецца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве.

Але апублікаваныя ў гербоўніку звесткі з НГАБ, і пакуль неапублікаваныя з РДГА, мала што кажуць пра сапраўдныя карані Занаў. І не даюць нават поўнай карціны, бо зазвычай у такіх радаводах мала ўвагі надавалася жанчынам (жонкам, дачкам). Таму паспрабуем распавесці пра тое, аб чым маўчалі (або, магчыма, і не ведалі) самі Заны.

НЯЗРУЧНАЯ ПРАЎДА

Так як на дадзеным этапе дваранскія справы нам не “паплечнікі”, час пашукаць іншыя крыніцы. І такой стане для нас метрычная кніга Радашковіцкага касцёла за 1730 — 1790-я гады.

Літаральна з першых старонак становіцца зразумела, што гісторыя Занаў і Радашковічаў непадзельныя. 14 сакавіка 1748 года, ва ўзросце 69 гадоў памерла Рэгіна Зань (Zan). Падсумаваўшы ўсе знаходкі дапускаю, што гэта прапрабабуля нашага Тамаша Зана. Нарадзілася яна каля 1679 года, а замуж выйшла да 1711 года. Як звалі яе мужа высветліць пакуль не ўдалося, бо, на жаль, метрычная кніга не поўная. Што датычыцца прозвішча Зан, то не выключана, што яно паходзіла ад нямецкага слова “Zahn” (на слых гучыць, як “Цан”). Гіпотэза, што продкі Тамаша Зана маглі мець нейкія сувязі з Нямеччынай, або трымалі ў Радашковічах стаматалагічную клініку, неяк сама па сабе прыходзіць да галавы. Але тое, што яны “карэнныя” мяшчане, а не шляхта, гэта, падаецца, ужо факт. У пераважнай большасці знойдзеных метрык (дзясяткі) уласна Занаў, або дзе Заны выступаюць як сведкі ці хросныя, яны так і пазначаны “мяшчане”. Сяброўскае і сваяцкае кола Занаў у тыя часы — мяшчане і сяляне. І знаходка пары сумнеўных метрык, дзе Заны запісаны Панамі або Вяльможнымі Панамі, у моры “мяшчанскіх” ледзь не пальцам паказваюць на асобу, якая магла мець дачыненне да фальсіфікацый. Ёй, па ўсёй верагоднасці, з’яўляецца родны дзядзька Тамаша Зана — Валянцін-Антон (нарадзіўся 5, ахрышчаны 7 жніўня 1769 года), спярша ксёндз у Радашковічах (люты 1794 года), потым у Паланечцы, Ішкальдзі і Сталовічах. І, зразумела, Станіслаў-Карл Зан, бацька Тамаша (народжаны 2, ахрышчаны 3 студзеня 1767 года). Менавіта яны ў 1803 годзе займаліся падачай дакументаў, праўдзівых і не вельмі, каб іх прызналі за шляхту.

ДРЭВА РОДУ

Як жа выглядае на сённяшні момант радаводнае дрэва Заняў-Занаў да Тамаша (ІІІ)? Справы Занаў з НГАБ і РДГА падаюць імёны 5 асобаў — Францішак, яго сын Тамаш І (жонка Ева), іх сыны Караль-Станіслаў-Костка (жонка Кацярына Дылеўская), Валянцін-Антон (ксёндз) і Антон (народжаны 22, ахрышчаны 23 студзеня 1772 года) — даволі сціпла. Але нам ёсць што дадаць.

Францішак, відаць, меў старэйшага брата Міхала (памёр 26 сакавіка 1765 года ва ўзросце 54 гадоў). Міхал быў жанаты двойчы. Першая жонка Агата Садоўская (шлюб 7 лістапада 1734 года). Другі шлюб Міхал узяў з Кацярынай Матэцкай (25 студзеня 1745 года). Мне ўдалося знайсці метрыкі толькі двух дзяцей Міхала — Марыяны (ахрышчана 28 лістапада 1747 года) і Бенедыкта (хрост 23 1757 года). Прычым тут ізноў мяне напаткала загадка, бо імя маці гэтых дзяцей у метрыках пазначана як Алена.

Пра далейшы лёс сям’і і нашчадкаў Міхала — Заняў (да пачатку ХІХ стагоддзя іх прозвішча вымаўлялася менавіта так) пакуль больш нічога высветліць не ўдалося.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар