З клана Пяткевічаў герба “Трубы”

№ 50 (1490) 12.12.2020 - 18.12.2020 г

Частка IV

/i/content/pi/cult/828/17694/29.jpgУКРАІНСКІ ПЕРЫЯД. ПРАЦЯГ

Напісаўшы ліст свайму сябру-літаратару Ігнату Ходзьку, Адам Плуг разам з нарачонаю і яе дзядзькам Каетанам Длускім пераязджае ў сярэдзіне мая 1857 года з Джурына ў Паток пад Вінніцай. Як пісаў Уладзіслаў Каратынскі (сын Вінцэнта), гэты маёнтачак Плуг і Длускі ўзялі ў валоданне як кампаньёны. З чаго наш зямляк вельмі цешыўся. Бо яны падзялілі абавязкі наступным чынам. Маёнткам павінен быў распараджацца Длускі, а вызвалены ад гаспадарчага клопату Плуг, нарэшце, змог бы спакойна і свабодна займацца педагагічнай і літаратурнай дзейнасцю. Праўда, у аўтабіяграфіі Адама Плуга, якая літаральна днямі цудам патрапіла ў нашыя рукі, тым, хто ўзяў на сябе ўвесь гаспадарчы клопат, названы іншы дзядзька жонкі Адама Плуга — пан Людвік Дабравольскі. Як бы там ні было, 20 чэрвеня 1857 года ў Шчуцынцах (блізу Жмерынкі) Адам Плуг і Людвіка Сержпутоўская сталі мужам і жонкай. На вяселле былі запрошаны толькі самыя блізкія сябры. А праз некалькі дзён маладыя пераехалі ў свой маёнтачак Паток. Раней гэтыя абшары належалі ўдаве графа Яна Патоцкага. У 1815 годзе ён скончыў жыццё самагубствам: застрэліўся з пісталета ў суседняй Дзямідаўцы. Граф быў даволі цікавай асобай, лічыцца першым польскім аэранаўтам, але больш вядомы як аўтар славутай аповесці “Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе”. Адносна недалёка ад гэтых мясцінаў, на поўначы, было і ёсць славутае мястэчка Чуднаў, дзе ў маёнтку графа-літаратара Генрыка Жавускага апошнія і шчаслівыя гады жыцця правёў іншы наш зямляк-пісьменнік Ян Баршчэўскі (“К” № 42, 2020).

/i/content/pi/cult/828/17694/30.jpgПраўда, земляробскі перыяд вясковага жыцця ў Плуга доўжыўся нядоўга. Справы пайшлі не самым лепшым чынам. І на трэці год Адам з жонкай, каб не застацца зусім без сродкаў, пакідаюць любімы імі дамок у Патоку пад апеку дзядзькі Каетана Длускага і пераязджаюць у Жытомір. Як пісаў Плуг, тут (з 12 чэрвеня 1859 года) “яны апынуліся як бы сярод сваіх”. У гісторыі Жытоміра гэта быў час, калі, па словах Уладзіслава Каратынскга, жыццё ў ім віравала: “Тэатр, музыка, літаратура, дабрачынныя таварыствы, сялянская рэформа, сялянскае і крэдытнае таварыствы, агранімічная школа, вясковыя школы… А ў цэнтры таго “вогнішча” стаяў дом ганаровага куратара школ Юзафа Крашэўскага”, даўняга сябра Адама Плуга. У гэтым віры арганічна рухаліся і сам Плуг, і іншыя літаратары: Аляксандр Гроза, Ян Прусіноўскі і Апалон Кажанёўскі, разам з якім Плуг займаўся перакладам новага твора французкага пісьменніка Віктора Гюго “Легенда стагоддзяў”. З-пад пяра самога Плуга ў гэты час выйшлі аповесці “Дух і кроў” і “Праклятае дрэва” (1859), “Святое дрэва” (1861), “Два лірнікі” і “Дзяцел” (1862). У 1862 (Вільня) і 1863 (Жытомір) гадах выйшлі і першыя два тамы “Поўнага збору твораў” Адама Плуга. Далейшы друк быў перарваны палітычнымі падзеямі. Разам з гэтым прыйшлося Адаму Плугу згарнуць дзейнасць сваёй школы, якую ён разам з жонкай адкрыў у Жытоміры і ў якой вучыліся дзеці яго сяброў і сваякоў.

Быў азмрочаны гэты перыяд яшчэ і смерцю ў 1862 годзе даўняга і лепшага сябра — Уладзіслава Сыракомлі. Таленавітаму літаратару, “першаму пасля Міцкевіча ў Літве”, лёсам было адмерана толькі 40 гадоў жыцця.

У тых падзеях, якія скаланулі тэрыторыю былой Рэчы Паспалітай у пачатку 1860-х, сям’я Плуга не была староннім назіральнікам. У 1862 годзе яго жонка за ўдзел ва антыўрадавай маніфестацыі і “абарону крыжа” (як пісаў сам Адам Плуг) была асуджана да высылкі ва Оўруч. Зразумела, што паехаў з ёй і муж. А ў 1864 годзе і сам Адам Плуг быў арыштаваны, перавезены ў Кіеў, дзе два гады правёў у вязніцы. У поўным адасабленні ён займаўся ў гэты час перакладамі трагедый Уільяма Шэкспіра. Пераклады “Бура”, “Макбет” і “Кароль Лір” былі надрукаваны ў 1868 і 1870 гадах.

Пасля вызвалення Плуг з жонкай пераязджае ў маляўнічы Камянец-Падольскі. Тут народзіцца адна з найлепшых (нароўні з “Дух і кроў”, 1859) аповесцяў “Афіцыяліст” (1866 — 1867). Тут жа была напісана і вядомая “Сарока”, якую Каратынскі лічыў роўнай творам Сыракомлі і самым папулярным у ХІХ стагоддзі творам Адама Плуга.

Праўда, як і ў іншых месцах, так і тут , “над Смотрычам” нядоўга доўжылася ціхае шчасце. У жыцці Адама Плуга здараецца непапраўнае. Калі яшчэ са смерцю ў сярэдзіне красавіка 1858 года любімай маці можна было змірыцца, бо гэта ўспрымалася як неадменны бег жыцця, то смерць маладой і каханай жонкі стала для Адама Плуга сапраўднай трагедыяй. 27 лютага 1869 года ён напісаў Вінцэнту Каратынскаму поўны болю ліст. “Праз тры дні будзе два месяцы, як страціў жонку, але да гэтага часу так мне цяжка, так страшна, такая блытаніна ў думках, боль у сэрдцы, як быццам бы ўчора тое было…”; “Пераконваю сябе, што ў працы сёння адзіны паратунак для мяне, што працаваць мушу і абавязаны, але з болем бачу, што дух мой страціў ранейшую энергію, што натхненне маё замерла разам з маім адзіным сэрцам, што для мяне было яго жывой крыніцай. Дзве найлепшыя з маіх аповесцяў напісаў, калі тое неацэннае сэрца было маім найбольшым скарбам, і калі найлепей адчуваў яго вартасць.: “Дух і кроў” — у першы год сумеснага жыцця”, “Афіцыяліст” — пасля вяртання з Кіева”. Жонка была для пісьменніка ўсім — натхняла на працу, была першым чытачом і крытыкам.“Нават падчас хваробы, калі толькі ад мяне прымала ўсе паслугі, не раз давіла стогн болю і сама займалася сабой, як магла, абы толькі не адрываць ад пяра. З трэцяга пакоя, праз дзве расчыненыя дзверы, гледзячы на мяне, працуючага пры бюро, тым слодзіла свае пакуты, а колькі разоў, непакліканы да яе прыбягаў, адразу штрафавала мяне салодкай усмешкай і назад адсылала да працы, кажучы, што нічога не патрабуе. Нават за некалькі дзён перад смерцю, ужо адчуваючы, што нядоўга будзем разам, і хочучы нацешыцца маім відам, прасіла, каб у яе пакоі пісаў, і цэлымі гадзінамі, ціхая, у найвялікшым болю, не адрывала вочы ад мяне”. Шкадавала пакутуючая жонка Адама Плуга “..што чатыры месяцы не магла ані перапісываць для мяне для друку, ані чытаць таго, што напісаў”. Працягваючы, Адам Плуг пісаў:“...колькі разоў ні сяду за працу, адразу мне на думку то прыходзіць, што ўжо перад ёй не пахвалюся тым, што зраблю, і што яе дарагая рука ўжо не выручыць мяне ў перапісыванні”.

Пасля смерці жонкі застаўся Адам Плуг самотным на ўсё жыццё, бо шлюб яго быў бяздзетным.

Мінуў час, боль трохі суцішыўся, і Адам Плуг ізноў узяўся за працу выкладчыкам, жыў спярша ў Валкоўцах пад Пласкіравам, а потым адкрыў пансіянат у Камянцы. У жніўні 1870 года ў лісце да Каратынскага ён піша: “Ад Новага года да вакацый кожны дзень быў для мяне днём пякельных пакутаў. Літаральна не меў ані хвіліначкі на адпачынак, бо, нават будучы вольным ад лекцый, мусіў па пяць гадзін на дзень слухаць музыку, быць суддзёй у справах паміж мальцамі, альбо паміж імі і рэпетытарамі, вадзіць іх да касцёла або на прагулкі. Пільнаваць тых, хто вучыцца, а ленівага трымаць у сваім кабінеце, каб вучыўся, а не спаў ці сваволіў з калегамі; а яшчэ кухняй і спіжарняй кіраваць. А так як даходаў не хапала на ўтрыманне, з гэтай прычыны яшчэ меў без меры згрызотаў і пакут… Як жа пры гэтым усім пісаць нешчаслівых “Бакалаўраў”!

Так доўжылася да 1874 года, пакуль з такога незайздроснага становішча не выбавіў яго даўні знаёмы, выдавец “Каласоў” (Klosy) Францішак Левенталь, які прапанаваў яму пасаду намесніка рэдактара, а рэдактарам на той час быў Казімір Вайціцкі. Так, напрыканцы года Плуг назаўжды развітаўся з Камянцом, перабраўся ў Варшаву і з пачаткам 1875 года прыступіў да новых абавязкаў.

Выдавецкія справы (1874 — 1903)

Рэдагуючы “Каласы”, Адам Плуг завершыў друк апошняй і найбуйнейшай сваёй аповесці. У “Бакалаўрах” ён паказаў, чым з’яўляецца настаўніцкая праца — пакліканне і важная місія педагога. Паказаў цяжкі і смутны лёс настаўнікаў, складаныя ўзаемаадносіны паміж выкладчыкамі, бацькамі і вучнямі. Апошнім жа яго найбуйнейшым паэтычным творам стала пераробка з прозы казкі Ханса Крысціяна Андэрсена “Гісторыя адной маці”. У 1876 годзе яна была выдадзена з малюнкамі вайскоўца-паўстанца-мастака Міхала Андрэёлі.

У жніўні 1879 года памёр Вайціцкі, і Адам Плуг стаў адзіным рэдактарам “Каласоў”. Да закрыцця выдання 26 чэрвеня 1890 года, ён, як пісаў Каратынскі, ужо нікуды з Варшавы не выязджаў. Той жа Каратынскі пісаў: “Цяжка пераацаніць ролю гэтага часопіса для літаратуры і мастацтва, і, безумоўна, ролю ў гэтым яго рэдактара”. У “Каласах” Плуг часам змяшчаў жыццярысы сваіх сяброў і калегаў: Эдварда Адынца, Браніслава Залескага, Ежы Ласкарыса, Юзафа Крашэўскага і іншых.

У гэты самы час быў Адам Плуг і рэдактарам штодзённіка “Dla pogorzelcow Grodna”, што прынесла выданню поспех і папулярнасць сярод чытачоў. У момант “смерці” “Каласоў” нарадзілася новае выданне — “Wielka encyklopedja Ilustrowana” і Адаму Плугу адразу прапанавалі пасаду рэдактара (з 1891 года галоўны рэдактар). Моцнай працавітасці сціплага ліцвіна-беларуса хапала і на літаратурнае кіраўніцтва часопісам “Wedrowiec” (1894 — 1899). З газетай “Kurjer Warszawski” Адам Плуг наладзіў супрацу ў 1887 годзе, падпісваючыся па просьбе Левенталя як яе сувыдавец. Але з 1899 года ён стаў не толькі падпісвацца галоўным рэдактарам газеты, але і займацца гэтай цяжкай для ўжо немаладога чалавека штодзённай працай у рэдакцыі. У кожным навагоднім нумары газеты змяшчаў літаратар жартаўлівыя вершы. Нават незадоўга да смерці, ужо цяжка хворы, ён не мог забыцца на свой абавязак і кіраваў працэсам.

Памёр Антон Пяткевіч (Адам Плуг) “пасля доўгіх і цяжкіх пакутаў” 2 лістапада, а палове восьмай гадзіны, раніцай, ва ўзросце 80 гадоў. Жалобнае набажэнства адбылося 4 лістапада ў касцёле святога Крыжа. У той самы дзень Адам Плуг быў пахаваны на Паванзкоўскіх могілках. За трунай першым ішоў славуты пісьменнік Генрык Сянкевіч.

Пашана да Адама Плуга была настолькі высокай, што літаральна ўсе выданні змясцілі некралогі або артыкулы, прысвечаныя славутаму літаратару-журналісту. І вось так сталася, што народжаны, як і Адам Міцкевіч, Станіслаў Манюшка, Уладзіслаў Сыракомля, Валянцін Ваньковіч і безліч іншых нашых землякоў, і ён свой апошні прытулак знайшоў у чужой зямлі.

Магіла са сціплым помнікам Адама Плуга захавалася. Калі будзеце ў Варшаве, завітайце на Паванзкі, каб наведаць і Плуга, і Манюшку, і Чэслава Немана, сусветна вядомага музыканта з простай беларускай вёскі Старыя Васілішкі. Гэта ўсё нашыя людзі, беларусы.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар