Паштоўка з мінулага

№ 50 (1490) 12.12.2020 - 18.12.2020 г

Філакартыя ў гісторыі сям’і і лёсах народаў
Днямі ў сталічным Доме кнігі “Светач” адбылася прэзентацыя фотаальбома “Шматнацыянальная Беларусь”, падрыхтаванага гісторыкам, лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзімірам Ліхадзедавым. З’яўленне гэтага выдання зрабілася добрай нагодай для размовы аб нацыянальнай ды рэлігійнай разнастайнасці нашай краіны і супольным захаванні спадчыны розных народаў, а таксама аб нюансах філакартыі — калекцыянавання і даследавання гістарычных паштовак з відамі Беларусі.

/i/content/pi/cult/828/17681/9.jpgАдкрываючы прэзентацыю выдання, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Кунцэвіч падкрэсліў: “Міралюбства, паважлівае стаўленне да іншых нацыянальнасцяў і добрасуседства гістарычна з’яўляюцца неад’емнай часткай прыроды беларусаў. Кніга вяртае нас да вядомага тэзіса, што нас многа, мы розныя, але Беларусь у нас адна. І калі сучаснаму пакаленню беларусаў выпаў унікальны шанец стварыць першую ў гісторыі самастойную беларускую дзяржаву, мы, безумоўна, павінны распрадзіцца гэтым шанцам належным чынам, і, канешне ж, вучыцца ў нашых продкаў паважаць адзін аднаго, берагчы мір і спакой на роднай зямлі, шанаваць тое, што было зроблена нашымі папярэднікамі. Сёння ў нашай дзяржаве мірна жывуць прадстаўнікі ста пяцідзесяці шасці нацыянальнасцяў і дваццаці пяці рэлігійных канфесій, і кожная з іх узбагачае нашу культуру і духоўную спадчыну, фарміруе вобраз Беларусі як краіны, дзе рады кожнаму, хто прыходзіць сюды з дабром”.

У сваю чаргу намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі звярнуў увагу на спецыфіку невялікай выставы паштовак, якая была прапанаваная ўвазе наведвальнікаў прэзентацыі кнігі. Экспазіцыя атрымала назву “Страчаная спадчына”, і акцэнт у ёй быў зроблены на помнікі, зруйнаваныя ў выніку ваенных дзеянняў ды іншых нягод мінулага. Гісторыя ўзнікнення шэрагу паштовак-экспанатаў таксама была звязаная з ваеннымі падзеямі мінулага стагоддзя, якія пакінулі глыбокі след у гісторыі Беларусі.

Шматнацыянальнасць на гістарычным узроўні

/i/content/pi/cult/828/17681/10.jpgНамеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Радчанка адзначыла, што ў прэзентацыі выдання таксама прынялі ўдзел члены Міжэтнічнага савета, кіраўнікі і прадстаўнікі нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць у Беларусі. Як вядома, традыцыі беларускай нацыянальнай і рэлігійнай талерантнасці сягаюць каранямі далёка ў мінуўшчыну. Яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага, у XIV стагоддзі, наша краіна давала прытулак яўрэям, якія зведвалі ганенні амаль ва ўсіх тагачасных дзяржавах Еўропы. З таго ж часу жылі ў Беларусі і татары, якія неслі вайсковую службу і баранілі нашу зямлю побач з продкамі сучасных беларусаў.

Нацыянальная і рэлігійная разнастайнасць насельніцтва беларускіх земляў знаходзілі відавочны адбітак і ў абліччы тутэйшых гарадоў ды мястэчак, дзе побач можна было пабачыць касцёлы ды цэрквы розных канфесій, мусульманскія мячэці і цэлыя комплексы сінагог ды іншых іўдзейскіх культавых будынкаў. Вуліцы ды гарадскія раёны, заселеныя пераважна прадстаўнікамі той ці іншай нацыянальнай групы, таксама мелі адпаведныя назвы. І нават не так даўно, яшчэ ў міжваенныя гады мінулага стагоддзя, у адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, яе дзяржаўнымі мовамі былі, акрамя беларускай і рускай, таксама польская і ідыш.

Уладзімір Ліхадзедаў падзякаваў Міністэрству інфармацыі за плённае шматгадовае супрацоўніцтва і нагадаў, што першая кніга ў рамках праекта “У пошуках страчанага” выйшла ў свет яшчэ ў 2007 годзе. З таго часу з’явіліся ўжо больш за тры дзясяткі кніг-альбомаў, былі праведзеныя больш за сотню выстаў, у тым ліку міжнародных. Укладальнік адзначыў, што ўзгадваючы папярэднія тэматычныя альбомы, прысвечаныя асобным гарадам ці мясцовасцям, альбо гістарычным падзеям ці асобам, з часам у яго саспела ідэя стварыць больш усеахопны праект, які паказваў бы панараму гістарычнай спадчыны і нацыянальнай разнастайнасці ў маштабах усёй краіны.

Стварэнне кнігі было прымеркавана да Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне, які, на жаль, з увагі на эпідэміялагічную сітуацыю быў перанесены на наступны год. Уладзімір Ліхадзедаў зазначыў, што давялося істотна стрымліваць сябе пры падборы паштовак для альбома, бо агульны іх аб’ём нават па такой канкрэтнай тэматыцы мог быць, прынамсі, удвая большым. Тым не менш, рэалізаваць маштабнасць задумы ўдалося. У кнігу ўвайшлі рэдкія фотасведчанні аб прысутнасці ў Беларусі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў не толькі традыцыйных для нашых краёў этнічных меншасцяў, такіх як яўрэі, татары альбо літоўцы, але, у тым ліку, і такіх даволі экзатычных на той час для гэтых земляў нацыянальнасцяў, як кітайцы, манголы, карэйцы і іншыя.

Хобі, якое стала працай

Уладзімір Ліхадзедаў узгадвае, што збіраць сваю калекцыю старых паштовак і фотаздымкаў пачаў сорак пяць гадоў таму, дзесяцігадовым хлопчыкам. Збіраў спачатку карткі з відамі свайго роднага Полацка, але з часам пачаў пашыраць геаграфію пошукаў. Паступова, прызнаецца калекцыянер, па меры росту ягоных збораў, гэтае хобі перарасло ў працу. На яго думку, фатаграфія з’яўляецца найбольш праўдзівым дакументальным сведчаннем гісторыі — вядома, пры ўмове, што яна не рэтушавалася. Здымкі нясуць бясцэнную інфармацыю аб выглядзе населеных пунктаў, знешнасці людзей, іх побыце.

З часу вынаходніцтва фатаграфіі ў 1839 годзе яна прайшла доўгі шлях тэхнічнай эвалюцыі. Першыя здымкі называліся дагератыпамі і рабіліся на металічных пласцінах, але бум распаўсюджання фотамастацтва адбыўся ў 60-я гады ХІХ стагоддзя з пераходам на папяровыя носьбіты. Менавіта з гэтым пераломам звязанае і з’яўленне відавых паштовых картак, якія адлюстроўвалі выгляд гарадоў ці пэўных выбітных мясцін. Правілам добрага тону лічылася дасылаць такія паштоўкі з вандроўкі, а неўзабаве была запачаткаваная і традыцыя іх збірання ды калекцыянавання. Вядома, што ў тыя часы, калі фотамастацтва само па сабе яшчэ лічылася цудам, такія здымкі былі годным сувенірам на памяць аб падарожжы.

Першыя фатаграфічныя выявы гарадоў Беларусі датуюцца акурат 1860-мі гадамі, а паштоўкі з іх выявамі пачалі з’яўляцца яшчэ на тры дзесяцігоддзі пазней. Выдавалі іх зазвычай уладальнікі фотаатэлье, кнігарняў, друкарняў. Зразумела, далёка не ўсе выдадзеныя асобнікі дайшлі да нашага часу — некаторыя паштоўкі з відамі беларускіх гарадоў сталі сапраўднай рэдкасцю і захаваліся ў адзінкавым экземпляры. Вядома, неацэннай крыніцай гістарычнай інфармацыі з’яўляюцца і тэксты на зваротным баку паштовак, маркі, паштовыя штэмпелі. Нават размяшчэнне маркі і яе нахіл маглі несці ў сабе пэўную інфармацыю — існавала адпаведная агульнавядомая сістэма ўмоўных знакаў.

Беларускія — найдаражэйшыя

Гаворачы пра новыя тэхналогіі і іх уплыў на развіццё справы калекцыянавання, Уладзімір Ліхадзедаў з жалем адзначае, што акрамя станоўчых бакоў ёсць і багата негатыўных фактараў. Пашырэнне інфармацыі аб старых паштоўках у інтэрнэце прывяло да паступовых зменаў на рынку — калі раней такія карткі можна было адшукаць у многіх краінах на “блышыных рынках”, то сёння кошты на іх імкліва растуць. З іншага боку, як іранізуе калекцыянер, ён і сам стварыў сабе багата канкурэнтаў, абудзіўшы ў многіх цікаўнасць да збірання старых фота ды паштовак. Наогул жа менавіта беларускія старыя паштоўкі з’яўляюцца аднымі з найбольш рэдкіх і каштоўных у свеце — акурат таму, што іх, у выніку войнаў, разбурэнняў і розных гістарычных катаклізмаў, якія пракаціліся па тэрыторыі Беларусі за мінулае стагоддзе, захавалася вельмі мала.

З іншага боку, Уладзімір Ліхадзедаў адзначае, што, напрыклад, Першая сусветная вайна, парадаксальным чынам, не толькі шкодзіла захаванню спадчыны відавых паштовак Беларусі, але і паспрыяла з’яўленню мноства новых картак. Рэч у тым, што нямецкая прапаганда і друк, вядома, імкнуліся забяспечыць сваіх вайскоўцаў памяткамі аб тых мясцінах, дзе ім давялося ваяваць. Так з’явіліся шматлікія нямецкія паштоўкі з відамі беларускіх гарадоў ды тыпажамі мясцовых жыхароў. Тым больш адметна, што франтавыя фатографы здымалі не толькі парадныя віды, але і побытавыя сцэны ў самых глухіх і аддаленых вёсках, дзякуючы чаму іх выявы дайшлі да нашых дзён.

Таямніцы сямейных архіваў

...Сведчаннем мінуўшчыны і гістарычнай крыніцай па гісторыі Беларусі можа быць нават паштоўка, якая, на першы погляд, не мае да нашай краіны ніякага дачынення. Напрыклад, з маіх сваякоў ніхто ніколі не займаўся калекцыянаваннем паштовых картак — але, тым не менш, у нашым сямейным архіве захавалася некалькі паштовак першай паловы ХХ стагоддзя — нямецкіх і французскіх, з тэкстамі на адпаведных мовах. Усе яны датаваныя рознымі гадамі — 1915, 1932, 1943, ва ўсіх згадваюцца розныя нічым не вядомыя асобы і іх побытавыя справы альбо віншаванні.

Гэтая “калекцыя” з’явілася ў сям’і дзякуючы маёй прабабцы — простай жанчыне без вышэйшай адукацыі, якая амаль усё жыццё была хатняй гаспадыняй і перажыла ў Мінску нямецкую акупацыю. Выглядае, што ў тыя часы нейкім чынам яна і займела гэтыя карткі, якія, безумоўна, сёння ўжо ўспрымаюцца, як гістарычны дакумент, што распавядае аб лёсах не толькі сям’і, але і ўсяго народа. Як, дарэчы, і тая польская паштоўка, якую даслаў прабабцы Марыі з Чырвонай Арміі мой прадзед Леапольд на Каляды 1939 года, калі адразу пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР накіроўваўся на вайну з Фінляндыяй. Пашукайце ў сваіх архівах — мо і ў вашай сям’і захаваліся падобныя каштоўныя сведчанні мінуўшчыны, якія здолеюць прыадкрыць завесу таямніцы над пэўнымі “белымі плямамі” гісторыі вашага роду і цэлай краіны.