Дбаць аб Радзіме

№ 49 (1489) 05.12.2020 - 11.12.2020 г

У панядзелак 30 лістапада адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства.

/i/content/pi/cult/827/17675/028.jpgМіж іншага, абмяркоўваліся пытанні фінансавання ўстаноў культуры на наступныы год, Прычым міністр падкрэсліў, што ўстановы культуры ў сваёй дзейнасці мусяць абапірацца не толькі на фінансаванне з дзяржаўнага бюджэту, але і знаходзіць новыя крыніцы прыбытку ды формы арганізацыі культурнай работы. Анатолій Маркевіч звярнуў таксама ўвагу на патрэбу ўзмацнення кантролю над захаваннем працоўнай дысцыпліны ў калектывах, асабліва ў рэгіёнах краіны.

Выхаванне патрыятызму

Міністр падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва ў сферы культуры з Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам абароны па выпрацоўцы сумеснай праграмы, накіраванай на патрыятычнае выхаванне моладзі.

Начальнік аддзела па кінематаграфіі Аляксей Бязуглы паведаміў, што нядаўна сустракаўся па гэтай справе з начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леанідам Касінскім і генеральным дырэктарам тэлекампаніі “ВаенТВ” Сяргеем Мальцавым. Падчас сустрэчы абмяркоўвалася стварэнне тэлевізійнага праекта, прысвечанага 105-годдзю Узброеных сіл Беларусі, якое будзе адзначацца ў 2023 годзе. Плануецца актывізаваць і работу па правядзенні ва Узброеных сілах культурных мерапрыемстваў.

Кажучы аб дасягненнях і перспектывах айчыннай кінаіндустрыі, Аляксей Бязуглы паведаміў, што сёлета на Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” завершана работа над 12 фільмамі, сярод якіх тры ігравыя, тры дакументальныя і шэсць анімацыйных. 15 фільмаў знаходзяцца ў стадыі кансервацыі альбо падрыхтоўкі да здымак, у тым ліку — тры ігравыя.

На аб’ектах спадчыны

Міністр звярнуў увагу і на сучасны стан аб’ектаў архітэктурнай спадчыны, якія ўваходзяць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і сёння знаходзяцца ў працэсе аднаўленчых работ. Асаблівую зацікаўленасць выклікаюць працы па кансервацыі аб’ектаў з фрагментарнай рэстаўрацыяй і выкарыстаннем іх у Гальшанскім замку, што ў Ашмянскім раёне. Сёння тут праводзяцца супрацьаварыйныя работы на сценах паўночна-ўсходняга корпуса, адбываецца добраўпарадкаванне тэрыторыі, мантаж металічных лесвіц, якія дазволяць наведвальнікам аглядаць прастору замка. У найбліжэйшай перспектыве прадугледжваецца стварэнне ў паўночнай замкавай вежы музейнай экспазіцыі.

Адзначаючы дасягненні па аднаўленні помнікаў гісторыі і архітэктуры, Анатолій Маркевіч, тым не менш, звярнуў увагу на неабходнасць паскорыць тэмпы ажыццяўлення работ на некаторых аб’ектах, а таксама на недапушчальнасць зацягвання тэрмінаў выканання рэстаўрацыйных мерапрыемстваў.

У тым ліку міністр адзначыў, што аб’екты такога кшталту мусяць быць надзеленыя асаблівай увагай па добраўпарадкаванні, бо недапушчальна, каб на тэрыторыі, якую займаюць гісторыка-архітэктурныя помнікі, знаходзілася смецце або пустазелле. Да таго ж нельга дапускаць, каб гэтыя аб’екты ў працэсе аднаўленчых работ былі адкрытыя для старонніх асоб, каб быў доступ да будаўнічых матэрыялаў альбо руінаваных участкаў помнікаў, што, між іншага, можа пагражаць атрыманнем траўм.

Удасканаленне кантролю

Начальнік юрыдычнага аддзела міністэрства Віталь Бейлін адзначыў, што пытанні аховы гісторыка-культурнай спадчыны выклікаюць найбольшую ўвагу і пры рабоце, якая цяпер праводзіцца па ўнясенні зменаў у Кодэкс аб культуры. Як адзначаюць спецыялісты, гэтыя змены перадусім могуць датычыцца вяртання ў Кодэкс тых палажэнняў, якія былі прадугледжаныя Законам аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, прынятым у 2006 годзе.

У адпаведнасці з ім Міністэрства культуры валодала ў гэтай сферы даволі шырокім колам паўнамоцтваў: так, яно было надзеленае шэрагам кантрольных функцый, напрыклад — правам выдаваць абавязковыя для выканання прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў пры ахове аб’ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны. Вяртанне да гэтых норм магло б яшчэ больш павялічыць эфектыўнасць работы, якая праводзіцца міністэрствам у галіне аховы помнікаў мінуўшчыны.