Татуяваны Зеўс і іншыя фрагменцікі пазла

№ 49 (1489) 05.12.2020 - 11.12.2020 г

Якім быў ужо амаль прамінулы год у айчынным выяўленчым мастацтве? Яшчэ нядаўна выглядала на тое, што ў гэтай графе можна наогул паставіць прочырк або напісаць слова “каранцін”. Запамінальных выстаў прайшло зусім вобмаль, рэзананс яны выклікалі не тое каб вялікі, дый нават зацятыя ўнутрыцэхавыя дыскусіі нешта прыціхлі. Такая стагнацыя зразумелая: усім, як падаецца, неяк не да мастацтва было… Аднак вялізная выстава, якая ўжо амаль “пад ёлачку” разгарнулася ў Палацы мастацтва, захапіўшы бадай усе яго плошчы ўключна нават з кавярняй, натхняе на аптымістычныя высновы: аказваецца, самаізаляцыя і агульныя настроі ніяк не паўплывалі на творчы працэс. Ці, дакладней, уплыў быў нават станоўчым. Што важна адзначыць: большасць выстаўленых твораў датаваная менавіта гэтым годам — столькі “свежаку”, пэўна, яшчэ ніколі не было на падобных “зборніках”. Значыць, нягледзячы на хранічны брак падзейнасці, у майстэрнях жыццё віравала! А самаізаляцыя творчаму працэсу зусім не перашкода.

/i/content/pi/cult/827/17666/014.jpgПарахункі з класікай

Строга кажучы, у Палацы суседнічаюць ажно тры выставы: асноўны праект перанесенага з вясны фэсту Art-Minsk і трыенале Беларускага саюза мастакоў (незразумела, праўда, чаму зноў першая: папярэднікі ж у яе, здаецца, ужо былі) і ў дадатак экспазіцыя графікі. Аднак дэмаркацыйныя межы паміж гэтымі праектамі праведзеныя настолькі незаўважна, што наведвальнік успрымае экспазіцыю як адзінае цэлае, не надта разумеючы, дзе адна канцэптуальная задума перацякае ў іншую. І нічога страшнага ў гэтым няма. Галоўнае, каб было на што паглядзець.

Узняўшыся на другі паверх Палаца, ты “твар у твар” сутыкаешся са скульптурай Канстанціна Селіханава “Алімпія”, якая стварае ўдалы камертон усёй экспазіцыі. Гэтаму аўтару часта ўдаецца спалучыць візуальную пераканаўчасць, выразнасць — і герметычнасць, непадуладнасць адназначным трактоўкам. Разгубленая постаць (праўдападобна, нашага сучасніка) ці то хоча схаваць свой твар за антычнай маскай, ці то наадварот — пазбавілася гэтай умоўнай абароны.

І сапраўды, адносіны да культурных традыцый можна назваць адным з лейтматываў вялізнага зборнага праекта (пры тым, што агульнай тэмы, вызначанай куратарамі, ён не мае). Такая рэвізія каштоўнасцяў, напэўна, наогул уласцівая для пераломных часоў. Прычым сёння гэтая тэма адлюстроўваецца ўжо не ў “сцёбным” травесційна-постмадэрнісцкім ключы, але праз глыбокае асэнсаванне ў аўтарскіх практыках.

І выплёскваецца яна ў творы па-рознаму. Скажам, праз выяву Зеўса, пакрытую татуіроўкамі на карціне Андрэя Пяткевіча. Або праз псіхадэлічную расплывістасць рэнесансавых выяў на палотнах Аляксандра Некрашэвіча. Або праз іканаграфічнага Святога Георгія, які ў трыпціху Паўла Асмакоўскага цэліць сваёй дзідай… таксама з татуіроўкі, на сцягне дзяўчыны. Або праз самотную постаць Хрыста на Апошняй Вячэры — менавіта так пададзеная хрэстаматыйная для еўрапейскага мастацтва сцэна яднання Бога і чалавецтва ў трактоўцы скульптара Сяргея Аганава.

Што адметна, сучасныя аўтары — якіх небеспадстаўна прынята абвінавачваць у пэўным касмапалітызме і падуладнасці глабальным эстэтычным трэндам — усё часцей чэрпаюць натхненне менавіта ў нашым мастацтве мінулых эпох. Адных толькі алюзій на дываны-маляванкі я налічыў на выставе з паўтузіна. А яшчэ адзначыў, што і Шагал урэшце знайшоў у Беларусі добрых паслядоўнікаў, якіх яму так бракавала падчас выкладання ў Віцебску.

Прычым казаць пра банальнае стылістычнае эпігонства тут ні ў якім разе не выпадае. Адметны аўтарскі почырк і мысленне заўважныя ў беларускім мастацтве спрэс. Гэта можна адзначыць нават на выставах таго фармату, які некаторыя дасціпныя мэтры грэбліва называлі “брацкай магілай”.

Пошук новага досведу

Многія з пазначаных у цэтліках імёнаў даўно вядомыя. Аднак працы, да якіх тыя цэтлікі адносяцца, нярэдка здзіўляюць. Што красамоўна сведчыць: гэтыя аўтары не застылі ў развіцці, бясконца паўтарючы свае выйгрышныя хады. Яны прагнуць новага досведу, так патрэбнага мастаку любога веку і статусу.

Зазвычай трохі рафінаваны скульптар Віктар Копач гэтым разам эксперыментуе з даволі “трэшавымі”, на першы погляд, інсталяцыямі. Кацярына Сумарава з дапамогай звыклай для сябе абстрактнай тэхнікі стварае ўласную плашчаніцу — аб’ект, прасякнуты не толькі гульнёй колеру, але і глыбокімі сэнсавымі канатацыямі. Ганна Сілівончык, чый жывапіс пазнавальны за кіламетр, гэтым разам выстаўляе не яго, а кампазіцыі са шкла ў “змяшанай тэхніцы” і сузіральны відэа-арт. Калі ў першых яшчэ трохі прысутнічае ўласцівая для мастачкі “легкадумнасць”, дык зняты адным статычным планам фільм уражвае сваёй філасафічнасцю.

Сярэдняя па бальніцы

Без сумневу, выставу ў Палацы можна лічыць рэпрэзентатыўнай. Гэта сапраўды зрэз таго беларускага мастацтва. якім яно ёсць цяпер. І калі казаць пра “сярэднюю тэмпературу па бальніцы”, яна будзе прыблізна такой: даволі самабытныя аўтарскія практыкі, арыгінальна ўвасобленыя ў больш-менш традыцыйны ў сусветным кантэксце спосаб (жывапіс, скульптура і гэтак далей) з яўнымі (або дбайна схаванымі) прыкметамі акадэмічнага ўмельства — якія, аднак, ні ў якім разе не пераўтвараюць тыя творы ў “рамяство”.

Тут яшчэ варта дадаць, што і жывапіс, і скульптура прадстаўлены на выставе настолькі прывабна, што мала хто ўсумніцца ў сучаснасці гэтых “медыя”. Мінімалістычныя абстрактныя аб’екты Паўла Куніцкага дзіўным чынам перацякаюць у антрапаморфныя элементы — чыесьці ногі ці іншыя часткі цела. Яшчэ адзін аўтар, які выкшталцоўвае сваю лаканічную і выразную абстрактную мову — Максім Пятруль — засвойвае новыя матэрыялы і пластычныя хады. Тэхнічна дасканалы шамот Ліліі Нішчык мае цікавыя сэнсавыя канатацыі — ён прысвечаны культурнаму архетыпу трыкстэра. Складаная і выкшталцоная паводле выканання кампазіцыя Вольгі Юхновіч спалучае розныя матэрыялы і стылі — каб у выніку спарадзіць у гледача здаровае пачуццё задумення.

І яно наогул з’яўляецца на гэтай выставе часта. Перад самнамбулічным жывапісам Таццяны Радзівілка і Кірыла Хлопава, вірлівым палімпсестам вобразаў Алеся Родзіна, ледзь прыкметнымі воку аб’ектамі Аляксандра Адамава… Большасць твораў тут не транслююць пэўны мэсэдж і нават не падштурхоўваюць шукаць іх інтэрпрэтацыі — яны прымушаюць спыніцца перад неспасцігальнай розуму загадкай.

Што да генератыўнага падзелу… Ён практычна не адчуваецца — калі не ведаць біяграфій аўтараў. І творы такога мэтра, як Аляксандр Зіменка-старэйшы, выглядаюць “упоравень” з карцінамі тых, хто паводле ўзросту маглі б быць ягонымі ўнукамі. Не кажучы ўжо пра брутальны асамбляж Алеся Фалея, які ў плане сваёй непрычасанай і шчырай эмацыйнасці дасць фору самым смелым “спробам пяра”.

Ёсць падставы меркаваць, што такі зрэз беларускага мастацтва даволі аб’ектыўны — улічваючы дэмакратычныя прынцыпы адбору на “Арт-Мінск”. Адпаведна, калі б на аб’яўлены open call адрэагаваў нейкі адэпт, скажам, моднага сайенс-арту, ягоныя бактэрыі ў колбах мелі б усе шанцы патрапіць у экспазіцыю.

У гэта верыцца хаця б таму, што традыцыяналісты, якія адгукнуліся на заклік дасылаць свае творы, праігнараваныя не былі. Ім выдзелілі асобны закуток, дзе кожны ахвотны можа ў чарговы раз адчуць хараство беларускай прыроды. Што, дарэчы, вельмі тэрапеўтычна ў наш бурапенны час.

На іншым полюсе — інсталяцыя мастака Doctor Oy, раней вядомага пераважна сваімі мураламі. Гэта фрагменты звыклай абстаноўкі пакоя, пазбаўленыя сваёй суладнасці: ножка ад крэсла, край ложка… Адзінкавыя фрагменцікі пазла, якія не ўтвараюць агульную карціну. Ці ўдасца рэканструяваць зніклыя часткі, аднавіць страчаную цэласнасць? І ці варта?

Вось і агульны “пазл” выставы (а разам з ёй — і ці не ўсяго айчыннага мастацтва) атрымліваецца даволі стракатым. Няма нічога дзіўнага, што пачуцці ён выклікае супярэчлівыя, адным словам невымоўныя. Але галоўнае, што выклікае. І такой магчымасцю ўступіць у глыбокі няспешны дыялог з творчымі сучаснікамі сёння грэбаваць не выпадае. Пагатоў, сацыяльную дыстанцыю на выставах вытрымліваць куды прасцей, ніж, скажам, у супермаркеце.

Таму трохі перафразуем дэвіз фэсту: “Мінск, глядзі!”