Парахункі з класікай
Строга кажучы, у Палацы суседнічаюць ажно тры выставы: асноўны праект перанесенага з вясны фэсту Art-Minsk і трыенале Беларускага саюза мастакоў (незразумела, праўда, чаму зноў першая: папярэднікі ж у яе, здаецца, ужо былі) і ў дадатак экспазіцыя графікі. Аднак дэмаркацыйныя межы паміж гэтымі праектамі праведзеныя настолькі незаўважна, што наведвальнік успрымае экспазіцыю як адзінае цэлае, не надта разумеючы, дзе адна канцэптуальная задума перацякае ў іншую. І нічога страшнага ў гэтым няма. Галоўнае, каб было на што паглядзець.
Узняўшыся на другі паверх Палаца, ты “твар у твар” сутыкаешся са скульптурай Канстанціна Селіханава “Алімпія”, якая стварае ўдалы камертон усёй экспазіцыі. Гэтаму аўтару часта ўдаецца спалучыць візуальную пераканаўчасць, выразнасць — і герметычнасць, непадуладнасць адназначным трактоўкам. Разгубленая постаць (праўдападобна, нашага сучасніка) ці то хоча схаваць свой твар за антычнай маскай, ці то наадварот — пазбавілася гэтай умоўнай абароны.
І сапраўды, адносіны да культурных традыцый можна назваць адным з лейтматываў вялізнага зборнага праекта (пры тым, што агульнай тэмы, вызначанай куратарамі, ён не мае). Такая рэвізія каштоўнасцяў, напэўна, наогул уласцівая для пераломных часоў. Прычым сёння гэтая тэма адлюстроўваецца ўжо не ў “сцёбным” травесційна-постмадэрнісцкім ключы, але праз глыбокае асэнсаванне ў аўтарскіх практыках.
І выплёскваецца яна ў творы па-рознаму. Скажам, праз выяву Зеўса, пакрытую татуіроўкамі на карціне Андрэя Пяткевіча. Або праз псіхадэлічную расплывістасць рэнесансавых выяў на палотнах Аляксандра Некрашэвіча. Або праз іканаграфічнага Святога Георгія, які ў трыпціху Паўла Асмакоўскага цэліць сваёй дзідай… таксама з татуіроўкі, на сцягне дзяўчыны. Або праз самотную постаць Хрыста на Апошняй Вячэры — менавіта так пададзеная хрэстаматыйная для еўрапейскага мастацтва сцэна яднання Бога і чалавецтва ў трактоўцы скульптара Сяргея Аганава.
Што адметна, сучасныя аўтары — якіх небеспадстаўна прынята абвінавачваць у пэўным касмапалітызме і падуладнасці глабальным эстэтычным трэндам — усё часцей чэрпаюць натхненне менавіта ў нашым мастацтве мінулых эпох. Адных толькі алюзій на дываны-маляванкі я налічыў на выставе з паўтузіна. А яшчэ адзначыў, што і Шагал урэшце знайшоў у Беларусі добрых паслядоўнікаў, якіх яму так бракавала падчас выкладання ў Віцебску.
Прычым казаць пра банальнае стылістычнае эпігонства тут ні ў якім разе не выпадае. Адметны аўтарскі почырк і мысленне заўважныя ў беларускім мастацтве спрэс. Гэта можна адзначыць нават на выставах таго фармату, які некаторыя дасціпныя мэтры грэбліва называлі “брацкай магілай”.
Пошук новага досведу
Многія з пазначаных у цэтліках імёнаў даўно вядомыя. Аднак працы, да якіх тыя цэтлікі адносяцца, нярэдка здзіўляюць. Што красамоўна сведчыць: гэтыя аўтары не застылі ў развіцці, бясконца паўтарючы свае выйгрышныя хады. Яны прагнуць новага досведу, так патрэбнага мастаку любога веку і статусу.
Зазвычай трохі рафінаваны скульптар Віктар Копач гэтым разам эксперыментуе з даволі “трэшавымі”, на першы погляд, інсталяцыямі. Кацярына Сумарава з дапамогай звыклай для сябе абстрактнай тэхнікі стварае ўласную плашчаніцу — аб’ект, прасякнуты не толькі гульнёй колеру, але і глыбокімі сэнсавымі канатацыямі. Ганна Сілівончык, чый жывапіс пазнавальны за кіламетр, гэтым разам выстаўляе не яго, а кампазіцыі са шкла ў “змяшанай тэхніцы” і сузіральны відэа-арт. Калі ў першых яшчэ трохі прысутнічае ўласцівая для мастачкі “легкадумнасць”, дык зняты адным статычным планам фільм уражвае сваёй філасафічнасцю.
Сярэдняя па бальніцы
Без сумневу, выставу ў Палацы можна лічыць рэпрэзентатыўнай. Гэта сапраўды зрэз таго беларускага мастацтва. якім яно ёсць цяпер. І калі казаць пра “сярэднюю тэмпературу па бальніцы”, яна будзе прыблізна такой: даволі самабытныя аўтарскія практыкі, арыгінальна ўвасобленыя ў больш-менш традыцыйны ў сусветным кантэксце спосаб (жывапіс, скульптура і гэтак далей) з яўнымі (або дбайна схаванымі) прыкметамі акадэмічнага ўмельства — якія, аднак, ні ў якім разе не пераўтвараюць тыя творы ў “рамяство”.
Тут яшчэ варта дадаць, што і жывапіс, і скульптура прадстаўлены на выставе настолькі прывабна, што мала хто ўсумніцца ў сучаснасці гэтых “медыя”. Мінімалістычныя абстрактныя аб’екты Паўла Куніцкага дзіўным чынам перацякаюць у антрапаморфныя элементы — чыесьці ногі ці іншыя часткі цела. Яшчэ адзін аўтар, які выкшталцоўвае сваю лаканічную і выразную абстрактную мову — Максім Пятруль — засвойвае новыя матэрыялы і пластычныя хады. Тэхнічна дасканалы шамот Ліліі Нішчык мае цікавыя сэнсавыя канатацыі — ён прысвечаны культурнаму архетыпу трыкстэра. Складаная і выкшталцоная паводле выканання кампазіцыя Вольгі Юхновіч спалучае розныя матэрыялы і стылі — каб у выніку спарадзіць у гледача здаровае пачуццё задумення.
І яно наогул з’яўляецца на гэтай выставе часта. Перад самнамбулічным жывапісам Таццяны Радзівілка і Кірыла Хлопава, вірлівым палімпсестам вобразаў Алеся Родзіна, ледзь прыкметнымі воку аб’ектамі Аляксандра Адамава… Большасць твораў тут не транслююць пэўны мэсэдж і нават не падштурхоўваюць шукаць іх інтэрпрэтацыі — яны прымушаюць спыніцца перад неспасцігальнай розуму загадкай.
Што да генератыўнага падзелу… Ён практычна не адчуваецца — калі не ведаць біяграфій аўтараў. І творы такога мэтра, як Аляксандр Зіменка-старэйшы, выглядаюць “упоравень” з карцінамі тых, хто паводле ўзросту маглі б быць ягонымі ўнукамі. Не кажучы ўжо пра брутальны асамбляж Алеся Фалея, які ў плане сваёй непрычасанай і шчырай эмацыйнасці дасць фору самым смелым “спробам пяра”.
Ёсць падставы меркаваць, што такі зрэз беларускага мастацтва даволі аб’ектыўны — улічваючы дэмакратычныя прынцыпы адбору на “Арт-Мінск”. Адпаведна, калі б на аб’яўлены open call адрэагаваў нейкі адэпт, скажам, моднага сайенс-арту, ягоныя бактэрыі ў колбах мелі б усе шанцы патрапіць у экспазіцыю.
У гэта верыцца хаця б таму, што традыцыяналісты, якія адгукнуліся на заклік дасылаць свае творы, праігнараваныя не былі. Ім выдзелілі асобны закуток, дзе кожны ахвотны можа ў чарговы раз адчуць хараство беларускай прыроды. Што, дарэчы, вельмі тэрапеўтычна ў наш бурапенны час.
На іншым полюсе — інсталяцыя мастака Doctor Oy, раней вядомага пераважна сваімі мураламі. Гэта фрагменты звыклай абстаноўкі пакоя, пазбаўленыя сваёй суладнасці: ножка ад крэсла, край ложка… Адзінкавыя фрагменцікі пазла, якія не ўтвараюць агульную карціну. Ці ўдасца рэканструяваць зніклыя часткі, аднавіць страчаную цэласнасць? І ці варта?
Вось і агульны “пазл” выставы (а разам з ёй — і ці не ўсяго айчыннага мастацтва) атрымліваецца даволі стракатым. Няма нічога дзіўнага, што пачуцці ён выклікае супярэчлівыя, адным словам невымоўныя. Але галоўнае, што выклікае. І такой магчымасцю ўступіць у глыбокі няспешны дыялог з творчымі сучаснікамі сёння грэбаваць не выпадае. Пагатоў, сацыяльную дыстанцыю на выставах вытрымліваць куды прасцей, ніж, скажам, у супермаркеце.
Таму трохі перафразуем дэвіз фэсту: “Мінск, глядзі!”