З клана Пяткевічаў герба “Трубы”

№ 48 (1488) 28.11.2020 - 04.12.2020 г

Частка III

/i/content/pi/cult/826/17656/30.jpgХацеў бы яшчэ раз вярнуцца ў тыя часы, калі Адам Плуг упершыню пакаштаваў цяжкага “настаўніцкага хлеба”. Нагадаем, пасля завяршэння гімназіі ў Слуцку Плуг у 1842 — 1845 гадах патрапіў гувернёрам да “нейкага пана Лапы”, вакол асобы якога сплёўся надзвычай цікавы вузел. Як піша гісторык Юрась Снапкоўскі, Дыянізы-Аляксандр (1802 — 1869) быў спадчынным гаспадаром Рудабелкі. Старэйшы брат Аляксандра Міхал (1798 — 1840) быў афіцэрам і “декабристом”. Як сыны чыноўніка немалога калібру Дамініка Лапы, абодва атрымалі выдатную адукацыю (у тым ліку ва ўніверсітэце ў Дорпаце (цяпер Тарту, Эстонія). Атабарыўшыся на радзіме, Аляксандр аж пяць разоў (па тры гады) запар абіраўся “бобруйским уездным предводителем дворянства”. Пасля чаго, у 1859-м, быў абраны “минским губернским предводителем дворянства”. Тым не менш у 1863 годзе ён быў арыштаваны, сасланы ў Пермскую губернію, а маёнтак яго канфіскаваны.

/i/content/pi/cult/826/17656/31.jpgЯшчэ да гэтага, у 1856 годзе, адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч прысвяціў Лапе кніжку. Аб тым, што Лапы ведалі беларускую мову, вынікае з успамінаў Адама (Адольфа) Багдановіча. Бацька беларускага класіка Максіма Багдановіча быў сынам Юрыя, кухара ў Лапаў (!). А ягоным хросным бацькам — адзін з колішніх выхаванцаў Адама Плуга — Дамінік , сын Аляксандра Лапы. Вось якая цікавая характарыстыка на пана Лапу маецца ў гэтых успамінах: “Лапа, судя по всему, что я о нём знаю, был большой делец, человек предприимчивый, в 50-х годах губернский маршалок (предводитель дворянства). Он да секретарь дворянства Гаусман немало состряпали дворянских документов, за хорошие деньги, мелкой шляхте, судя по самому красивому зданию в Минске — каменице Гаусмана, в которой десятки лет помещалось общественное собрание, по Подгорной, против бульвара”.

Украінскі перыяд. Працяг “Квестар”

Часопіс “Athenaeum”, які Юзаф Крашэўскі цягнуў дзесяць гадоў як цяжкі, але вельмі патрэбны “воз”, 14 лютага 1852 года афіцыйна стаў часткай мінулага. Страціўшы гэтую трыбуну, маладыя літаратары ліхаманкава шукалі замену. Жывучы дастаткова далёка ад роднай Літвы-Беларусі, закінуты лёсам ва ўкраінскую правінцыю, Адам Плуг не мог змірыцца з гэтай стратай. Таму малады пісьменнік-гувернёр, якому на той момант яшчэ не было трыццаці гадоў, вырашыў стаць рэдактарам новага выдання.

У 1844 годзе ліцвін-беларус Ігнат Ходзька (1796 — 1861), адзін з аўтараў “Athenaeum”, надрукаваў асобнай кніжкай твор, які проста патрабуе экранізацыі. Падаецца, “Успаміны квестара” — самы папулярны твор гэтага прадстаўніка славутага літаратурнага клана Ходзькаў. Квестарам манахі-бернардынцы называлі брата, які займаўся зборам ахвяраванняў на кляштар. Зразумела, Адам Плуг не мог не ведаць гэты твор. І таму пытанне выбару назвы для новага часопіса вырашылася само па сабе — “Квестар”. І ў дадзеным выпадку часопіс (а дакладней ягоны рэдактар) павінен быў вынаходліва і рупліва збіраць ахвяраванні з братоў-літаратараў для ўсеагульнай карысці. Даведаўшыся пра такія планы Адама Плуга некаторыя пачалі з яго смяяцца. Бо ў тых умовах нават сама такая думка многім, а часам і Плугу, падавалася вар’яцтвам. Але “рэдактар” упарта шукаў па ўсёй былой Рэчы Паспалітай і новых творцаў, і тых, хто мог бы падтрымаць выданне фінансава.

Першым на “званочак” квестара адгукнуліся сябры — Уладзіслаў Сыракомля і Юзаф Крашэўскі. Кожнаму з чатырох раздзелаў будучага літаратурнага альманаха знайшліся свае куратары — Гектар Лапіцкі, Уладзіслаў Сыракомля, Антон-Эдвард Адынец, Адам Плуг, Паўліна Вільконская і Юльян Барташэвіч. Заставалася толькі атрымаць дазвол цэнзуры на друк. І тут “Квестар” спатыкнуўся. “Наивысшее позволение” не ўдалося атрымаць нават вельмі ўплывоваму ў тыя часы Крашэўскаму, які вельмі хацеў дапамагчы новаму выданню. Як пісала ў 2016 годзе даследчыца Ёанна Лекан-Мжэўска, расчараваны Адам Плуг у сакавіку 1853 года вырашыў перадаць ужо сабраныя матэрыялы Стафану Бушчынскаму з Жытоміршчыны, які ў тыя часы намагаўся заснаваць новае выданне “Podolanin”.

Гэта быў перыяд, калі з-пад пяра літаратара выходзілі творы, напісаныя “кроў’ю сэрца і сокам нерваў” — “Забойца дзяцей” (1851), “Зараза” (1852), “Галава і сэрца” (1853). У 1854 годзе віленскі выдавец Юзаф Завадскі выдаў тры тамы твораў Адама Плуга, куды акрамя згаданых увайшлі “Марцін-хутаранін”, “Успаміны пана Якаба” і іншыя. У гэтым самым годзе Адам Плуг паступіў на службу ў канцылярыю шляхецкай дэпутацыі Падольскай губерніі, дзе займаўся да 1858 года разборам радаводаў мясцовай шляхты.

Ад таго моманту з Адамам Плугам, як з літаратарам, пачалі “лічыцца”. Праўда, калі адны не шкадавалі пахвалы, іншыя выступалі з жорсткай крытыкай. Асабліва незадаволеныя былі ў шматлікім табары апалагетаў “прыгоннага права”. Заклік Адама Плуга глядзець на сялян, як на братоў і дзяліцца з імі маёнткам, успрымаўся вельмі нервова. Як казаў Уладзіслаў Каратынскі: “Трэба ведаць, што Плуг пісаў гэта да вызвалення сялян ад прыгону і ў краіне, дзе яшчэ існавала прыгоннае права (у Польскім Каралеўстве з 1807 года была толькі паншчына). І таму тым больш трэба дзівіцца грамадзянскай мужнасці ў сціплага хатняга настаўніка”.

Роля Дабравольскага

У адрозненне ад свайго сябры-пагодка Уладзіслава Сыракомлі, які ажаніўся ў дваццаць гадоў, Адам Плуг не спяшаўся. Як я ўжо пісаў, першым юнацкім каханнем рамантыка Сыракомлі была старэйшая сястра Адама Плуга, якая была замужам. Таму, каб забыцца пра яе Сыракомля пабраўся шлюбам “з першай сустрэчнай”. Гэта гісторыя мае важнае значэння для расповеда пра Адама Плуга, бо сувязь паміж шлюбамі і аднаго, і другога, хоць яны і аддаленыя ў гадах, але, падаецца, самая непасрэдная. І сваю ролю тут сыграў пан Адольф Дабравольскі (1796 — 1866).

Пачнем з Сыракомлі. Пасля таго, як у 1841 годзе бацька хлопца прыстроіў яго ў архіў Нясвіжскага замка, малады літаратар-архівіст апынуўся ў надзвычай цікавай кампаніі. У той час гэтай установай кіраваў былы сакратар князя Адама Чартарыскага, а цяпер давераная асоба князёў Вітгенштэйнаў Адольф Дабравольскі. Ён абудзіў у Нясвіжы інтэлектуальнае жыццё, стварыў гурток, у які ўваходзілі колішнія выхаванцы розных універсітэтаў, у тым ліку і Дорпацкага. Жанаты ён быў на Марцыяне, сястры яшчэ аднаго былога сакратара князя Адама Чартарыскага, паэта, пісьменніка і грамадскага дзеяча Караля Сянкевіча з-пад Вінніцы (Русь-Украіна).

З успамінаў розных асобаў, у тым ліку і сябра Адама Міцкевіча Францішка Малеўскага, вынікае, што Дабравольскі быў адной з найцікавейшых асобаў з кола княза Чартарыскага, годным і вельмі ўплывовым чалавекам. Нельга забыць, што калі колішні філамат Тамаш Зан вярнуўся з выгнання на радзіму ў Літву-Беларусь, менавіта пан Дабравольскі за “1 злоты” прадаў ахвяры царскіх рэпрэсій Зану маёнтак Кахачын (блізу Смалян). Гэты ж пан Дабравольскі, назіраючы за сумуючым Сыракомляй, фактычна ажаніў яго з выхаванкай сваёй жонкі Паўлінай Мітрашэўскай.

Дарэчы, вельмі верагодна, што шукаць на Нясвіжчыне продкаў Паўліны з прозвішчам Мітрашэўскія дарэмная справа. А вось аднадворцаў Мірашэўскіх у нясвіжскай парафіі ў першай палове ХІХ стагоддзя было багата. Таму, нягледзячы на тое, што яна засталася ў гісторыі як Мітрашэўская (у тым ліку і на надмагіллі), тут ёсць над чым паразважаць гісторыкам-генеолагам.

Шлюб з Сер(ж)путоўскай

Што ж да шлюбу Адама Плуга, то тут гісторыя крыху іншая. Шмат вандруючы па ўкраінскіх мястэчках у пошуках настаўніцкага хлеба, наш зямляк не меў ні свайго кута, ні нейкіх сур’ёзных перспектыў калі-небудзь яго займець. Таму калі аднойчы яму на вока патрапіла паненка (а тады яшчэ зусім дзіця пятнаццаці гадоў) Людвіка Сержпутоўская, ён і думаць не думаў, што праз нейкі час яна стане яго жонкай. Пару гадоў час ад часу гасцюючы ў маёнтку яе дзядзькі Каетана Длускага на Падоллі, Адам Плуг наўмысна рабіў выгляд, што яна яму абсалютна нецікава, хоць сэрца яго ўжо было ў палоне. Праўда, нейкія вібрацыі сэрца і розуму ўсё ж прасачыліся ў паветра, бо паляцелі па наваколлю чуткі, што нездарма такі годны пан Пяткевіч заязджае да Длускага “на госці”. Таму аднойчы настаўнік пастанавіў — або адмовіцца ад думак і перастаць бываць на тым падворку, або... І пасля вяртання з Літвы (1856 год) пісьменнік 22 снежня 1856 года засведчыў сваё рашэнне пану Длускаму. Згода была атрымана. Адам Плуг (34 гады) і паненка Людвіка Сержпутоўская (20 гадоў) заручыліся ўзімку-ўвёсну наступнага года, і праз некалькі месяцаў ажаніліся. 3 мая 1857 года Адам Плуг напісаў сябру Ігнату Ходзьке ліст, у якім трошкі распавёў пра сваю нарачонаю. Згадаў і пра тое, што яе дзядзька Каетан Длускі быў жанаты з даўняй прыяцельніцай Адама Плуга, нейкай паненкай Дабравольскай. Бачыцца мне такое супадзенне невыпадковым. Існуе верагоднасць таго, што была яна або дачкой Адольфа Дабравольскага, або сваячніцай. Хоць гэта прозвішча і вельмі распаўсюджанае.

С продкамі Людвікі Сержпутоўскай звязана адна загадка. Яе бацька Марцін Сержпутоўскі быў ураднікам камісіі справядлівасці ў Царстве Польскім, перакладчыкам і аўтарам перакладу на польскую мову аповесці “Фрэгат Надзея” Аляксандра Бястужава-Марлінскага. І вось тут пачынаецца самае цікавае. Верагодна, да праўдзівых Сержпутоўскіх, шляхты, продкі Людвікі не маюць дачынення. Паходзілі яны з Варшавы, і там вядомы з XVIII стагоддзя. Магчыма, былі з варшаўскіх мяшчанаў. Прозвішча іх тады пісалася як Серпутоўскія. Гэта вынікае са шматлікіх метрык гэтага роду з варшаўскіх касцёлаў. Марцін быў жанаты на Марыі з Длускіх, а яго бацька Якуб на Тэкле з Дамбскіх. Верагодна сам Марцін (нарадзіўся ў 1795-м і ў метрыцы ён — Sierputowski) і яго брат Станіслаў вырашылі пазней трошкі падправіць прозвішча, каб “шляхетней было”. І гэта ім удалося. Дзівіцца тут няма чаму, бо ў ХІХ стагоддзі фальшаванне радаводаў было пастаўлена на шырокую нагу, і нават сяляне, якія маглі заплаціць, здаралася, займалі месца ў вагонах “першага” класа. Побач з праўдзівымі панамі-дабрадзеямі”.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар