Прачнуцца ад таго, што выпаў снег

№ 48 (1488) 28.11.2020 - 04.12.2020 г

Слотным цьмяным лістападам мы ўсе, падаецца, чакаем снегу. Той першы, пробны, замест дажджу, не лічыцца. Сапраўдны выпадае на падмарожаную глебу і трымаецца цягам усёй зімы. Менавіта на такім снезе, як спяваў Уладзімір Высоцкі, можна пісаць вершы для каханай. А яшчэ некрануты белы абсяг дазваляе пачаць жыццё нібыта з чыстага ліста. І першае, і другое рабіць ніколі не позна. Таму позняя восень — час чакання снегу, які заўжды застаецца сімвалам натхнення. Гэтыя “снежныя” думкі выклікала пісьмо Ірыны Хілюціч з Жодзінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі. Так, адшамацела апалая лістота, так, пачаліся нудныя дажджы… Але гэтаму суму заўжды ёсць што супрацьпаставіць.

/i/content/pi/cult/826/17650/20.jpg“У чатырнаццаты раз восень аб’яднала любоў, паэзію і сяброў, — распавядае Ірына Хілюціч. — У цэнтры падзеі — народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Натхненне” (кіраўнік — сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі “Залаты купідон” Вольга Сакалова) і ветэраны горада Жодзіна. На восеньскія сустрэчы запрашаюцца барды, паэты, творчыя калектывы. У кожнай сустрэчы — свой характар і настрой. Але ніколі яны не бываюць сумнымі”. Усё правільна, мы самі праграмуем сваё жыццё і настройваем яго на канкрэтны лад. І без натхнення тут іншым разам проста не абысціся.

Невыпадкова выстава ў Бабруйскім Палацы мастацтваў называецца “Натхненне творчасцю”. Метадыст аддзела мастацкай творчасці ўстановы Алена Нялюбіна піша, што персанальная выстава самадзейнага мастака Сяргея Шацілы дзейнічае ў рамках зменнай экспазіцыі “Атмасфера”. Аўтарка допісу параўноўвае жыццё творцы з працэсам натхнення. Яшчэ школьнікам Сяргей Шаціла маляваў асадкай на вокладках падручнікаў і палях сшыткаў. Гэта былі выявы жывёл і птушак. Потым было мастацкае вучылішча. Хлопцу пашанцавала з настаўнікамі. Вучань паступова пераўтвараўся ў майстра. Пэўны час Сяргей Феліксавіч працаваў мастаком-дэкаратарам Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча. Спрабаваў сябе ў рэкламе. Пачалі з’яўляцца і аўтарскія работы… “Натхненне творчасцю” складаецца з 17 твораў, выкананых у розных тэматыках і жанрах. У кожнай рабоце — аўтарскае стаўленне да навакольнага свету. Аўтарка ліста падкрэслівае: “Манера выканання і каларыт работ абумоўленыя імкненнем мастака да філасофскага асэнсавання месца адлюстраваных аб’ектаў у сістэме светабудовы”. Выстава, па ўсім бачна, пойдзе на карысць тым, хто прагне набыць духоўную гармонію. Мне, да прыкладу, у гэтым працэсе дапамагае і снегапад.

Дзве навіны прыйшлі са Свіслацкага раёна. У абедзвюх гаворка пра дзейнасць клубнай установы аграгарадка Грынкі. Па-першае, тут дзейнічае фотавыстава “Маленькія беларусы пра вялікую Беларусь”. Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Творчая майстэрня” пастараліся: распавялі малодшым сябрам пра мясцовыя рамёствы, паказалі свае вырабы, паўдзельнічалі ў фотасесіі. Па-другое, у Грынкаўскім сектары культуры і вольнага часу майстры-рамеснікі вучылі дзяцей рабіць з прыродных матэрыялаў сімвал наступнага года — Бычка. Натуральна, у кожнага атрымаўся свой. А ўсе разам склалі выставу “Сустракаем Новы год!” Ад сябе дадам, што снежных навагодніх свят даўно ўжо не было. Мо гэтым разам пашанцуе?!

Час ад часу свае анонсы шле нам Цэнтр рамёстваў “Спадчына” з Гродна. Днямі тут прайшоў тыдзень традыцыйнай і сучаснай творчасці “Палітра майстэрства”. Ці не цэнтральнай падзеяй мерапрыемства стала выстава “Вар’яцкі шляпнік” Таццяны Казакевіч — майстра народнага аматарскага аб’яднання “Гарадзенскі каларыт”. Таццяна працуе ў тэхніцы мокрага валяння воўны. Іншым разам атрымліваюцца вельмі фантазійныя галаўныя ўборы. Творчыя студыі ўстановы запрашалі на майстар-класы па кераміцы, саломапляценні, ткацтве, мастацкай апрацоўцы скуры.

Пра дзейнасць Дзяржынскага гарадскога Дома культуры — гаворка асаблівая. Мне, да прыкладу, вельмі падабаецца тамтэйшая праектная дзейнасць, насычаная, разнастайная і сучасная. Вось пра што распавядае сёння вядучы рэдактар установы Ксенія Грамовіч: “У час школьных вакацый для падпісчыкаў нашых сацыяльных сетак запусцілі тры анлайн-конкурсы: на лепшае выкананне песні, на выяўленне мастацкага таленту і конкурс на самы крэатыўны фотаздымак восені. Тыдзень творчасці прайшоў “на ўра”. А выстава творчых работ пераможцаў будзе працаваць у фае да 13 снежня.”

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Ефціфеева напісала пра тое, што ўстанова прымае ад чытачоў заявы на кнігі па тэлефоне і электроннай пошце. Словам, да эпідэміялагічнай сітуацыі тут прыстасаваліся своечасова. Бібліятэкары паведамляюць людзям (у першую чаргу сталым, маладым мамам і інвалідам), калі канкрэтна будзе рэалізавана іх чытацкая патрэба. За адзін рэйс літаратура дастаўляецца некалькім карыстальнікам бібліятэкі. Яшчэ адна бясплатная паслуга — электронная дастаўка фрагментаў дакументаў (артыкулаў, старонак кніг).

Творчы калектыў Мастоўскай раённай бібліятэкі атрымаў дыплом за перамогу ў абласным конкурсе фоталетапісаў “Малая Радзіма: імгненні гісторыі” ў намінацыі “Наш край — наш лёс”. Мастоўскі фоталетапіс складаецца з шасці раздзелаў, мае каля ста фотаздымкаў. Асаблівае месца займае асоба Пятра Машэрава, які ў свой час наведваў раён падчас рэспубліканскага семінара па жывёлагадоўлі. Ліст напісала метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун.

Навіна з Полацка. Сёлета 20-годдзе з моманту ўзнікнення святкуе народны ансамбль народнай песні “Заманіха”, якім кіруе Сяргей Смулько. Рэдактар Полацкага раённага Цэнтра культуры Кацярына Паўловіч пераканана, што “Заманіха”, якую добра ведаюць у Латвіі і Польшчы, з’яўляецца адным з самых самабытных калектываў раёна.

Загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага Цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Умарава піша, што пацвердзілі званні: “узорны” — аматарскі калектыў “Кашалёўская скарбонка”, “народны” — тэатр-студыя гульні “Пагуляначкі” і ансамбль песні і музыкі “Весялуха”. Аўтарка пераканана, што ўсе тры гурты цалкам заслугоўваюць такой пашаны.

Travel-праект з Дзятлаўскага раёна. Прысвечаны ён падарожжу па святых месцах вёскі Горка. Анлайн-версія, дарэчы, ёсць на ютуб-канале “Культура Дзятлаўшчыны”. Сярод аб’ектаў — каменная арка часін абляднення (камяні лічацца святымі, а ў Юр’еў дзень тут ладзіліся святы), капліца ды старадаўняя крыніца з гаючай вадой.

Пра IV адкрыты рэгіянальны літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай “Дарослыя — дзецям” напісала нам загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марцінкевіч. Конкурс ладзіцца раз у два гады, упершыню прайшоў у 2014-м. А носіць ён імя лідскай дзіцячай пісьменніцы Веры Навіцкай, якая ўзначальвала прыватную жаночую гімназію і напачатку мінулага стагоддзя напісала шэраг кніг для дзяцей. У намінацыях “Паэзія” і “Проза” разглядалася больш за 180 работ. Першае, другое і трэцяе месцы занялі адпаведна Таццяна Сямёнава (проза), Міхась Мельнік і Людміла Русь (абодва — паэты).

Метадыст Смаргонскага раённага Цэнтра культуры Вольга Крывянкова піша: “Удзельніца дзіцячага гуртка Music waves Ксенія Антонава брала ўдзел у II міжнародным фестывалі-конкурсе творчасці “Піраміда зорак” (анлайн-мерапрыемства ладзілася ў сталіцы) і стала лаўрэатам другой ступені ў намінацыі “Эстрадны вакал”. І яшчэ адна падзея. Раённае свята “Табе ўдзячнасць і павага, шаноўны працаўнік сяла” было праведзена не па традыцыйным сцэнарыі. Падчас тэатралізаванай дзеі “Як артыстаў выбіралі” прайшоў гумарыстычны кастынг на выбар калектываў і салістаў, якія будуць віншаваць віноўнікаў урачыстасці”. Сапраўды, ход нестандартны.

Хоць і няма пакуль снегу, але настрой — пераднавагодні. У крамах з’явіліся падарункі ад маргінальнага Дзеда Мароза, ад беларускага Зюзі не бачыў яшчэ ніводнага. Там-сям у вітрынах з’яўляюцца электрычныя гірлянды. А людзі чакаюць ад новага года пабольш станоўчых змен.

Мы з маім малодшым сынам — снегазалежныя. Сын, калі быў маленькім прачынаўся, бег да акна і дакладаў: “Снегу пакуль няма”. І аднойчы, калі жаданне спраўдзілася і ранішняя вуліца перафарбавалася за ноч у белае, сын зазначыў: “Я прачнуўся ад таго, што выпаў снег”.

Беражыце сябе, шаноўныя чытачы, і пішыце нам пра самае цікавае.

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"