І толькі праз час, калі займеў журналісцкую магчымасць (тэхнікам-тэхнолагам так і не стаў) пазнаёміцца з бібліятэчнай сеткай усёй Беларусі, пераканаўся, што бязлюдныя бібліятэкі трапляюцца і ў нас. Шмат часу прайшло. Шмат зменаў адбылося. Пасталеў і зразумеў: сваё (калі яно таго вартае) неабходна любіць, але і чужое (калі яно таго вартае) трэба шанаваць і па-магчымасці выкарыстоўваць у сваёй практыцы.
Менавіта па гэтым прынцыпе працавала, працуе і будзе працаваць Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя Івана Каладзеева. Гэта не толькі канцэнтрацыя нестандартных высілкаў дзеля развіцця масавага чытання, але і цікавая арт-прастора, якая таксама прываблівае патэнцыйнага чытача. Інакш кажучы, тут пастаянна абагульняецца сусветны досвед бібліятэчнай дзейнасці, многае апрабуецца і з поспехам выкарыстоўваецца. Так і павінна быць у горадзе, які абвешчаны культурнай сталіцай Беларусі 2021 года. Дык вось, дзейнічае пры згаданай бібліятэцы карцінная галерэя вядомага мастака Валерыя Шкарубы, які родам з Барысава. Дзейнічае галерэя ўжо пяць гадоў. Вось што напісала бібліятэкар Алена Брыцкая: “Цэнтральная бібліятэка даўно стала сацыякультурным цэнтрам, дзе акумулюецца разнастайнасць жанраў і мастацкіх стыляў, а падчас мерапрыемстваў рэй вядзе стваральная эмацыянальнасць. Прысутнічае яна і пры наведванні галерэі. Карціны Валерыя Шкарубы прыцягваюць і не адпускаюць. Дыялог мастака і гледача пераўтварае іх у добрых сяброў, якія разам спрабуюць адшукаць адказы на філасофскія пытанні жыцця. Кожны год мастак дадае да 30 палотнаў па яшчэ адной карціне. Кожная з іх — гімн нашай Беларусі”. За гэтымі прыгожымі словамі — вялікая павага да творчасці земляка і аднадумцы. (на вялікі жаль, Валерый Шкаруба заўчасна пайшоў з жыцця 19 лістапада 2020 г. — рэд.).
Я сам не раз пераконваўся, што спалучэнне кніг з іншымі творамі мастацтва даюць вельмі нечаканы, але заўжды станоўчы эфект. Пра чарговы прыклад сугучнасці кніг з жывапісам напісала бібліятэкар са Светлагорска Валянціна Расошанка. “Новы праект светлагорскіх бібліятэкараў, — паведамляе яна, — называецца “Сезонныя бібліяэцюды”. Яго аўтар дырэктар раённай сеткі бібліятэк Вікторыя Бусел прыцягнула да супрацоўніцтва Светлагорскую школу выяўленчага мастацтва. Яе навучэнцы малявалі восень. Лепшыя работы экспанаваліся ў чытальнай зале. Восеньскую тэматыку набыла і фотазона. І кнігі прапаноўваюцца чытачам адпаведныя. А наперадзе — эцюды зімовыя, вясновыя, летнія...” Тут вельмі важны акцэнт варта зрабіць: далёка не ўсё нашы бібліятэкары бяруць з-за мяжы, шмат выбітнага і дзіўнага самі прыдумляюць ды рэалізоўваюць. Добры бібліятэкар — той жа мастак у душы. Толькі замест фарбаў эмоцыі выкарыстоўвае.
Прачытаў я ліст метадыста Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталлі Казарэз і зразумеў, што памыліўся: яе калегі і з фарбамі ўмеюць упраўляцца. Справа ў тым, што раённая бібліятэка прыняла ўдзел у раённым конкурсе на лепшы варыянт фірменнага турыстычнага знака Карэліцкага раёна і заняла першае месца. Лагатып, распавядае аўтар ліста, будзе выкарыстоўвацца ў інфармацыйных і рэкламных выданнях, у СМІ. Так што прафесіяналам да ўсяго ёсць справа.
І апошняя на сёння бібліятэчная навіна. У Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэцы (Бераставіцкі раён) прайшоў урок інфармацыйнай культуры (цудоўнае словазлучэнне, пагадзіцеся!) “Гэтыя кнігі ведаюць усё”. І гаворка далей — пра вельмі важную рэч: пра выданні для дапытлівых — слоўнікі, даведнікі, энцыклапедыі. Так, ёсць інтэрнэт, але ён не застрахаваны ад памылак. А над кніжнымі выданнямі працуюць калектывы прафесіяналаў, таму такія энцыклапедыі з’яўляюцца ці не ісцінай у апошняй інстанцыі. Пра гэта і ішла гаворка ў Малой Бераставіцы. Школьнікі працавалі з тлумачальнымі слоўнікамі Ожэгава і Даля, з даведнікамі па арфаграфіі, вучыліся карыстацца энцыклапедыямі. Словам, не Гуглам адзіным…
Ганарыцца можна і шматлікімі нашымі конкурсамі, якія падчас пандэміі хоць і набылі новы анлайнавы фармат, але не згубілі прэстыжнасці. Вось пра што распавядае, да прыкладу, галоўны хармайстар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Дар’я Паўлючэнка: “Са жніўня па кастрычнік ладзіўся абласны дыстанцыйны конкурс ансамбляў песні і музыкі “Жураўліны звон”. Арганізатар — абласны метадцэнтр. Спаборнічалі 30 ансамбляў. Гран-пры ў намінацыі “ансамбль народнай музыкі і песні” атрымаў народны гурт народнай песні “Заманіха” Полацкага раённага цэнтра культуры. У намінацыі “ансамбль народнай песні” Гран-пры дастаўся тэатру песні “Субацея” Наваполацкага цэнтра культуры”.
Чарговае дыстанцыйнае мерапрыемства — рэспубліканскі мнагажанравы конкурс-фестываль творчасці “Roscvit BY”. Загадчык харавога аддзялення Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Ганна Буйко распавядае пра тое, што ўпершыню браў удзел у згаданым конкурсе ўзорны дзіцячы хор “Сугучча” ды вакальны гурт “Маячок”, і атрымалі лаўрэацкія дыпломы трэцяй ступені. А вакалістка Эвеліна Масальская стала дыпламантам трэцяй ступені.
Яшчэ адна перамога Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў. Пра яе паведаміла намеснік дырэктара Таццяна Печкур: “Па выніках V міжнароднага конкурсу Хрустальны васілёк” школьніца Валерыя Жукоўская выступіла на сталічнай сцэне ў намінацыі “эстрадны вакал” і атрымала дыплом лаўрэата першай ступені. Лаўрэацкія дыпломы займелі і Ягор Кетрыс, Улляна Акулава, Мікіта Філіпаў, Мікіта Жабкевіч, Іван Раткевіч, Яраслаў Сінкевіч ды Міхаіл Янкоўскі.”
Ёсць свой конкурс і ў Лідскім палацы культуры. Мастацкі кіраўнік установы Іна Альшэўская распавядае, што рэгіянальны фэст дзіцячай вакальна-эстраднай творчасці “Зорны дождж” — гэта свет, дзе пануюць сяброўства, узаемапаразуменне і песня. Натуральна, што сёлета мерапрыемства адбылося дыстанцыйна. Але гэта не стала перашкодай для таго, каб звыш 80-ці ўдзельнікаў паказалі свае таленты. Журы ацэньвала відэавыступленні цягам 10 дзён. Дыпломы пераможцаў адправіліся ў Маладзечна, Гродна, Шчучын, Слонім, Карэлічы, Бярозаўку.
А ёсць яшчэ ў структуры беларускай рэгіянальнай культуры і брэндавыя сямейныя дынастыі. Загадчык аддзела па правядзенні культурных мерапрыемстваў Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ларыса Ланіна распавяла пра “Сваякоў” — народны сямейны ансамбль Дома культуры аграгарадка Юбілейны. Гэта, аказваецца, адзіны сямейны калектыў у раёне. Цяпер у “Сваяках” — 8 чалавек. А аб’яднала іх Марыя Бачынская. Калектыў знакаміты не толькі спевамі, але і кулінарнымі знаходкамі. Хто з вас, да прыкладу, частаваўся ляшчом у гарчыцы? Каб зліквідаваць прабел, варта ехаць у Юбілейны. А яшчэ па ініцыятыве гурта з 2018 года ладзіцца раённы фэст-конкурс “Сваякі запрашаюць”. У верасні наступнага года калектыву споўніцца 40 гадоў. Рыхтуйце падарункі!
Яшчэ адна навіна з Бераставіцы распавядае пра лялечнага майстра з аграгарадка Макараўцы. Завуць яе Таццяна Славецкая. Лялькі пачала рабіць некалькі гадоў таму, але кожная мае непаўторны аўтарскі стыль. Таццяна не робіць эскізаў, вобразы нараджаюцца ў працэсе творчасці. Іншым разам лялька на льняной аснове сама пачынае дыктаваць свае правы і адстойваць свой будучы вонкавы выгляд. А што робіцца ў такіх лялек знутры, невядома нават майстру. І нічога тут не паробіш: у гэтых таямніцах — аснова любога нацыянальнага мастацтва.
Беражыце сябе і не забывайцеся на простую рэч: сваё неабходна любіць, тады і з натхненнем праблем не будзе.
Сустрэнемся праз тыдзень.