Колеры лета ў позняй восені

№ 46 (1486) 14.11.2020 - 20.11.2020 г

Інсітнае мастацтва як фальклор нашых дзён
Insitus — значыць дадзены прыродай, інсітнае мастацтва — творчасць мастакоў без прафесійнай адукацыі, але з самабытным талентам. Віцебск здаўна славіцца не толькі Маркам Шагалам і супрэматыстамі, але і тым, што мае багата самых розных выдатных мастакоў. Інсітнае, ці наіўнае, мастацтва Віцебшчыны сёлета набыло статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. На мінулым тыдні ў Віцебскім абласным метадычным Цэнтры народнай творчасці і Віцебскім абласным краязнаўчым музеі пачала працу VI адкрытая абласная выстава інсітнага мастацтва INSITUS-2020. На ёй сабраныя найцікавейшыя творы мастакоў-аматараў з Беларусі і замежжа.

/i/content/pi/cult/824/17608/8.jpgМастак, паэт — гучыць высакародна. Але побач з паэзіяй традыцыйна знаходзіцца месца і для графаманіі, поруч з мастацтвам ідзе звычайнае рамесніцтва. Тым не менш не пра іх гаворка, калі мы кажам пра сапраўднае, натхнёнае інсітнае мастацтва. Хаця можна ўявіць, як часта мастакі-аматары сутыкаюцца з трохі паблажлівым да сябе стаўленнем з боку прафесіяналаў, як часта чуюць, што займаюцца проста самадзейнасцю. Але згадаем хаця б грузінскага генія Ніка Пірасмані ці французскага Анры Русо, самавукаў і яскравых прадстаўнікоў так званага прымітывізму, — іх імёны ведае ўвесь свет. Ды й увогуле “прымітыў” у перакладзе з лаціны азначае “першасны”. “Асноўная каштоўнасць інсітнага мастацтва — яго ўкаранёнасць у гісторыю, культуру і краявіды роднага краю, — гаворыць мастацтвазнаўца Людміла Вакар, куратар выставы INSITUS. — Таму можна вызначаць яго як выяўленчы фальклор нашых дзён. Гэтыя мастакі захоўваюць першаформы і архетыпы светаўспрымання, тоеснасць сваёй творчай прыроды, генетычную памяць народа”.

Сам тэрмін “інсіт” у дачыненні да творчасці мастакоў-аматараў пачаў укараняцца недзе напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя, першым яго выкарыстаў славацкі даследчык Штэфан Ткач. У навуковай традыцыі нашых суседзяў — Расіі, Україны, Літвы, Польшчы — для гэтага тыпу мастацтва часцей ужываюцца азначэнні “наіў” ці “прымітыў”. У беларускім мастацтвазнаўстве, пачынаючы з 1990-х гадоў, прыняты тэрмін “інсітнае мастацтва”. І вялікім яго знаўцам і папулярызатарам у нас у Беларусі з’яўляецца менавіта Людміла Вакар — дацэнт мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, вядучы метадыст аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці. У 2012 годзе Людміла Уладзіміраўна атрымала пачэснае званне “Чалавек года Віцебшчыны”. Менавіта яна стаяла ля вытокаў выставы INSITUS і ля вытокаў працы па стварэнні інфраструктуры Дамоў рамёстваў Віцебскай вобласці. Сярод іншага, і канцэпцыя свята рамёстваў “Горад майстроў”, якое ўжо больш за 40 гадоў ладзіцца ў Віцебску і штогод уключанае ў “Славянскі базар у Віцебску”, распрацавана таксама Людмілай Уладзіміраўнай.

Традыцыі з глыбіні вякоў

Чым жа адметнае інсітнае мастацтва Віцебшчыны, чаму менавіта яно набыло статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, чаму Віцебск стаіць у цэнтры выставачнага руху для мастакоў-аматараў? Людміла Вакар сцвярджае, што традыцыі сягаюць у глыб стагоддзяў:

— Шматлікія ўзоры народнага прымітыву мы знаходзім у творах яшчэ XVII стагоддзя: іканапіс, фрэскі, манументальныя насценныя роспісы, помнікі разьбярства. Можна згадаць хоць бы славутыя латыгаўскія абразы сярэдзіны XVIII стагоддзя. Акрамя таго, на Віцебшчыне вякамі развівалася малярскае мастацтва, якое асабліва на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў моцна паўплывала на развіццё народнай жывапіснай культуры: гарадскія шыльды, жывапісныя дэкарацыі фатаграфічных кабінетаў, крамаў і гэтак далей, у Віцебску гэтая традыцыя квітнела. Маляры і былі народнымі мастакамі. На пачатку мінулага стагоддзя яны наўпрост уключыліся ў мастацкі працэс — пайшлі вучыцца і працаваць у майстэрні Юрыя Пэна і Марка Шагала ў Віцебскай народнай мастацкай школе. Можна нават сказаць, што ў выніку помнікі правінцыйнага сакральнага мастацтва і народнага роспісу, трапіўшы ў цэнтр увагі прафесійных мастакоў, сталі для прадстаўнікоў авангарда ў Віцебску ўзорамі спрошчвання мастацкай формы.

Раіць не забыцца Людміла Вакар і пра Язэпа Драздовіча, які на захадзе сучаснай Віцебшчыны папулярызаваў жанр маляваных дываноў і мадэрновую стылістыку дэкаратыўнага жывапісу, і пра ўплыў нэарамантызму віленскай мастацкай школы. І пра многае іншае, што прывяло да таго, што цяпер сваім народным выяўленчым мастацтвам Віцебшчына ганарыцца. Буйны мастацкі цэнтр, у якім было і ёсць многа знакамітых прафесійных аўтараў, дзе ёсць славуты “худграф”, дзе творчае жыццё заўсёды было насычаным, стварае, натуральна, і актыўнае асяроддзе прыхільнікаў такой творчасці, асяроддзе аматараў, у тым ліку і мастакоў-аматараў. “У нас вельмі многа мастакоў, можа, і малога маштабу, але ж не малога таленту”, — гаворыць Людміла Вакар.

/i/content/pi/cult/824/17608/9.jpg

З прысвячэннем Васілю Кораню

Выставы INSITUS даюць выдатную магчымасць убачыць лепшыя творы самых знаных і прызнаных майстроў сучаснасці: сярод аматараў таксама ёсць свае зоркі, свае славутасці, свае легенды. І калі ў 1991-м годзе ў Віцебску прайшла першая абласная выстава “Талент шчырага сэрца. Мастацтва INSITUS”, то яна мела такі розгалас, што неўзабаве ў Мінску ў Нацыянальным мастацкім музеі з вялікім поспехам адбылася і I Нацыянальная выстава інсітнага мастацтва.

Сёлета ў экспазіцыі каля 200 экспанатаў, яна вялікая і змястоўная. Але скарэктаваць планы ў сувязі з пандэміяй усё ж давялося. Бо меркаваўся вялікі міжнародны ўдзел, ужо былі дамоўленасці з мастакамі з Украіны, Латвіі, Польшчы, Славакіі — менавіта ў Братыславе рэгулярна праходзяць вялікія выставы інсітнага мастацтва. У выніку зараз у Віцебску можна ўбачыць работы з Беларусі, Літвы і Расіі.

У INSITUS існуе традыцыя прысвячэнняў. Мінулая выстава, напрыклад, была прысвечана творчасці Алены Кіш — знакамітай народнай аўтаркі маляваных дываноў, пазамінулая — Марку Шагалу. Шостая выстава INSITUS прымеркаваная да 380-годдзя з дня нараджэння разьбяра і друкара Васіля Кораня, стваральніка Бібліі ў карцінках для народа, так званай “Бібліі для бедных”. Хаця і пішуць пра Васіля Кораня, што ён адзін з першых рускіх гравёраў па дрэве, але насамрэч гэта наш зямляк з Дуброўна, што на Віцебшчыне. Яго ілюстраваная Біблія лічыцца выдатным творам народнага мастацтва XVII стагоддзя, і адзіны яе экзэмпляр, што захаваўся, цяпер знаходзіцца ў бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу. Каб пашырыць вядомасць імя Васіля Кораня на радзіме, арганізатары віцебскай выставы зрабілі прысвячэнне менавіта яму. А адным з экспанатаў стала калекцыя рэканструкцый ксілаграфій гэтай Бібліі ад расійскага мастака Віктара Пензіна, прэзідэнта расійскай Акадэміі народнага мастацтва. Упершыню калекцыя выстаўлялася летась ў Дуброўне: мастак — шчыра яму дзякуем — падарыў сваю новую-старую “Біблію” дубровенскаму краязнаўчаму музею.

Адсюль і нарадзілася ідэя ў аснову сёлетняй канцэпцыі INSITUS пакласці арт-кнігі і альбомы.

— Альбомная культура была вельмі характэрнай для XIX стагоддзя, для эпохі рамантызму, — расказвае Людміла Вакар. — Многія маладыя дзяўчаты мелі падобныя альбомы, у якія запісвалі вершы са сваімі нататкамі, у якіх малявалі. Атрымліваўся такі сінтэз слова і выявы. На жаль, нам давялося скарэктаваць планы, і таму толькі два творцы змаглі прадставіць адпаведныя работы. Альбом Наталлі Раманавай з Віцебска, якая цяпер жыве ў Мінску, — выдатны ўзор гэтай трохі падзабытай альбомнай традыцыі. А знакаміты кінасцэнарыст і пісьменнік Юрый Пяткевіч, які працуе ў Мінску і Маскве і якога як мастака часта называюць нашчадкам Марка Шагала і Анры Русо, прадставіў нам сваю арткнігу.

Колеры і ідылічнасць

А большасць экспанатаў INSITUS — гэта карціны, прычым жывапісныя карціны. І нават па фотаздымках няцяжка заўважыць, што творчасць самадзейных мастакоў напоўнена яскравымі фарбамі: гэта лічыцца адной з адметнасцяў інсітнага мастацтва. Ёсць зала маляваных дываноў, ёсць творы выдатных разьбяроў, ёсць аўтарскія лялькі. І ва ўсім гэтым прысутнічае нейкая такая жыццесцвярджальная энергія: калі згадаць адзін з тэрмінаў — “наіў” — то ад яго самога патыхае нечым светлым і шчырым.

/i/content/pi/cult/824/17608/10.jpg

Расказаць пра ўсіх творцаў, канешне, немагчыма, але некаторых паспрабуем вызначыць. У самім Віцебску ажно з 1947 года працуе клуб мастакоў-аматараў “Контур”, і творы 11 аўтараў з “Контура” можна ўбачыць на INSITUS. Калі я казала, што ў беларускім інсітным мастацтве таксама ёсць свае знакамітасці, то мела на ўвазе, напрыклад, Антаніну Маісееву, якую можна назваць вядучай мастачкай Віцебска. Яна па прафесіі бібліятэкар — зараз ужо, зразумела, на пенсіі, і цяпер віцябчанка, але паходзіць з Бешанковіцкага раёна. Піша карціны гадоў 20, і за гэты час стала пастаянным удзельнікам не толькі беларускіх выстаў і фэстаў, але і замежных. Увогуле, віцебскія аўтары часта выстаўляюцца на Маскоўскім міжнародным фестывалі наіўнага мастацтва “Фэстнаіў”.

— Антаніна Максімаўна з таго пасляваеннага пакалення, пра якое пісьменнік Міхась Стральцоў пісаў як пра “сена на асфальце”, — расказвае Людміла Вакар. — Гэтая метафара тычыцца тых, хто нарадзіўся на вёсцы, а потым пераехаў у горад, і ўсё ж захаваў такі традыцыйны погляд вяскоўца, не згубіў сувязь з прыродным светам. Мастачка выдатна ведае прыроду — малюе пейзажы. Таксама немагчыма прайсці міма яе партрэтаў розных жывёлін — а гэта вельмі рэдкі жанр — якія атрымліваюцца такімі антрапаморфнымі: і козы, і каровы, і ўсе астатнія маюць свой “твар”, паказваюць асабістыя рысы свайго характару. Бо аўтар іх добра разумее. Апроч таго Антаніна Маісеева — бліскучы знаўца беларускай гісторыі і літаратуры, і да нашай выставы яна ў сваёй пазнавальнай манеры напісала цэлы цыкл партрэтаў пісьменнікаў: Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, нашага віцебскага Давыда Сімановіча і іншых.

Дарэчы, па заканчэнні выставы INSITUS, на круглым стале, які падвядзе вынікі, адбудзецца прэзентацыя альбома твораў Антаніны Маісеевай — сапраўднай кнігі, выдадзенай друкарскім спосабам: з карцінамі, вершамі, успамінамі. Пагадзіцеся, не кожны прафесійны мастак можа пахваліцца падобным.

Яскравыя работы ў прадстаўніка клуба “Контур” Аляксандра Цішчанкова, якога Людміла Вакар называе чалавекам з незвычайным візіянерскім дарам:

— Аляксандр вучыўся і жыў у Санкт-Пецярбургу, і ў ім адчуваецца гэтая пецярбургская культура. Ён ўмее любы вобраз звесці да знака, а потым спалучыць яго з глыбокай сімволікай і яскравым кампазіцыйным рашэннем.

Таксама зорка “інсіта” і выставы INSITUS — Сяргей Коваль з вёскі Якімава Слабада Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці, які сёлета адзначае свой 60-гадовы юбілей. У гэтай вёсцы мастак нарадзіўся і вырас, туды ж і вярнуўся, пажыўшы ў Мінску. Прафесійнай мастацкай адукацыі ў яго няма, але яшчэ 30 гадоў таму ў Мінску прайшлі першыя персанальныя выставы Сяргея Коваля, а работы зараз знаходзяцца ў галерэях і прыватных калекцыях як у Беларусі, так і ў Расіі, Бельгіі, Германіі, Францыі.

— Ён пазіцыянуе сябе як вясковага мастака, — расказвае Людміла Вакар. — І да яго іміджу гэта вельмі падыходзіць. Сваю Якімаву Слабаду творца, можна сказаць, узняў да ўзроўню Парыжа — калі правесці аналогію з Маркам Шагалам. Сюжэты і тэмы, нагледжаныя ў роднай вёсцы, спалучаюцца ў карцінах з творчасцю сусветна вядомых мастакоў розных часоў.

Асобна Людміла Вакар хацела б вылучыць і творчасць віцебскай мастачкі Ніны Воранавай:

/i/content/pi/cult/824/17608/11.jpg— Яна не вельмі даўно пачала працаваць, але так захоплена! Яе творы вызначаюцца нейкім ідылічным светаўспрыманнем, яна апявае малы свет сям’і. Адчуваецца ўплыў таго, што ў мастацкіх колах называецца “бідэрмаерам”, — калі ствараецца сусвет малых, камерных рэчаў і культывуецца сямейны асяродак. Такі рэдкі выпадак для наіўных творцаў — Ніна Васільеўна вельмі добра працуе са светлаценем, на дзіва ўдала засвоіла перспектыву.

Асобнай персанальнай выставай у межах INSITUS можна назваць ажно 70 экспануемых твораў Чэслава Жуселя з Браслава, даўняга ўдзельніка Браслаўскага клуба народных майстроў і мастакоў “Ля возера”. Усё жыццё ён адпрацаваў слесарам, але пры гэтым яшчэ за савецкім часам скончыў Маскоўскі завочны ўніверсітэт мастацтваў.

— З гэтым універсітэтам быў такі вельмі ўдалы вопыт, калі народных мастакоў кансультавалі па пошце, — адзначае Людміла Вакар. — Па сутнасці, палова лепшых аматараў Савецкага Саюза былі выпускнікамі гэтай установы. Чэславу Жуселю ўдалося выпрацаваць сваю аўтарскую стылістыку з адметным адчуваннем каларыту. Ён па сутнасці стварыў эпас народнага жыцця на беразе вялікага возера, апісаўшы і занатаваўшы ўсіх сваіх суседзяў, усіх жыхароў, усе віды іх сялянскіх заняткаў па сезонах года. Сабраныя разам, карціны Чэслава Жуселя складаюць уяўленне пра архетыпавы жыццёвы шлях беларуса з вясковага асяродку.

З замежных мастакоў трэба адзначыць Антона Ляховіча з Тракая. Ён прапанаваў пяць адметных карцін на біблейскую тэматыку: Людміла Вакар называе іх сапраўды выдатнымі, грандыёзнымі творамі культавага зместу, у якіх відавочны візіянерскі характар жывапісу. З Санкт-Пецярбурга прадстаўленыя два аўтары — Святлана Дружкова з добра распрацаванымі арнаментальна-абстрактнымі кампазіцыямі і Уладзімір Гарохаў, які акрамя ўсяго іншага піша копіі знакамітых карцін — стварае рымэйкі. На выставе ў выкананні Уладзіміра Гарохава можна ўбачыць і Шышкіна, і Пірасмані.

Не толькі жывапіс

Асобная зала на INSITUS — для маляваных дываноў, якія на Віцебшчыне папулярныя і ў нашы дні. Хоць цяпер, канешне, не так, як ў мінулым стагоддзі — росквіт стварэння маляванак прыпаў недзе на 1920—1960-я гады. Самымі вядомымі іх творцамі былі Алена Кіш і Язэп Драздовіч. Але менавіта на Віцебшчыне традыцыя жыве, а маляваныя дываны з Паазер’я таксама маюць статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. На выставе можна ўбачыць творы, напрыклад, Жанны Ільюшкінай з Лёзна з сюжэтамі з міфаў і паданняў, ці Ірыны Князевай з Мінска, якая цяпер працуе ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры, а раней працавала ў Віцебскім метадычным Цэнтры народнай творчасці і захапілася дыванамі, — у цэнтры яе маляванак наша гарадская паўсядзённасць. Сярод іншага Ірына Князева стварыла рэканструкцыю маляванага дывана Марка Шагала. У творах Кацярыны Барабанавай з Шуміліна больш казачныя, фальклорныя сюжэты.

Ёсць на выставе і работы знаных разьбяроў — Леаніда Саўчанкі з Віцебска і Мікалая Крукоўскага з Оршы — Аршаншчынa яшчэ з XVII стагоддзя лічыцца цэнтрам разьбярства на Беларусі.

— Адметнасць стылю Мікалая Крукоўскага ў тым, што ён з адной цэльнай цуркі стварае кругавыя кампазіцыі, — расказвае Людміла Вакар. — Сюжэт у іх разгортваецца па коле, а такое далёка не кожнаму майстру падуладнае. Прадставіў ён нам і вобразы друкароў Куцеінскай друкарні, да кола якой трэба аднесці і Васіля Кораня.

Мастак па дрэве з Глыбокага Віктар Дудкевіч на адкрыцці выставы INSITUS нават правёў невялічкі майстар-клас з дэманстрацыяй старажытнай тэхналогіі друкавання на рэканструяваным варштаце.

Зразумела, кідаецца ў вочы, што сярод творцаў амаль усе людзі паважнага веку. Хаця інсітным мастацтвам займаюцца ж і многія маладзейшыя. “Але ўсё правільна, — кажа Людміла Вакар. — Гэта выяўленчы фальклор, а фальклор і ёсць творчасць людзей, якія пражылі жыццё, назапасілі ўражанняў, выпрацавалі свой светапогляд, і цяпер расказваць іншым аб тым, што пражылі і пра што памятаюць”.

Паўтаруся, на INSITUS прадстаўлена каля 200-х найцікавейшых работ, і пра ўсіх аўтараў, канешне, немагчыма было распавесці. Выстава будзе працаваць да 5 снежня, і калі вы з Віцебска, ці плануеце заехаць у гэты цудоўны “мастацкі” горад, зазірніце на INSITUS: у не самыя светлыя часы позняй восені вы атрымаеце порцыю сонейка і дабрыні.