З клана Пяткевічаў герба “Трубы”

№ 46 (1486) 14.11.2020 - 20.11.2020 г

Частка I
2 кастрычніка 1903 года ў польскай сталіцы памёр Антон Пяткевіч, ураджэнец Случчыны. У гісторыю беларускай культуры ён увайшоў пад запамінальным псеўданімам — “Адам Плуг”. Славуты літаратар, перакладчык і рэдактар, сардэчны сябра Уладзіслава Сыракомлі, пакінуў па сабе даволі значную літаратурную спадчыну. Адам Мальдзіс засведчыў, што яна “тэматычна так ці інакш звязана з Беларуссю”. Праўда, і па сённяшні дзень імя і творы Адама Плуга, на жаль, застаюцца малавядомыя ў Беларусі. З мэтай папулярызацыі падзабытага імя беларускага творцы, а таксама з улікам таго, што да 200-годдзя з яго Дня нараджэння (нарадзіўся ён у 1823 годзе) засталося ўжо менш за тры гады, на маю думку, беларускія літаратуразнаўцы, перакладчыкі і выдаўцы пэўна маглі б абмеркаваць юбілейнае выданне ягоных твораў. Са свайго боку, каб раскрыць некаторыя новыя звесткі, датычныя сям’і старога беларускага шляхецкага роду Пяткевічаў, герба “Трубы”, “К” пачынае публікацыю новага серыяла.

/i/content/pi/cult/824/17606/4.jpgЯк ні было

Не скажу, што мне ўдалося сабраць і прачытаць усё тое, што было напісана пра Антона Пяткевіча за ХІХ — ХХІ стагоддзі, але прачытана было нямала. Бо, паўтаруся, і як творца, і як чалавек Пяткевіч быў цікавы і сваім, і нашым дапытлівым сучаснікам. Адным з першых у паваеннай Беларусі ў сваіх публікацыях (1963 і 1969 гады) заняўся аднаўленнем памяці пра Пяткевіча Адам Мальдзіс. Ён ставіў забытага літаратара ў шэраг пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, побач з Янам Чачотам, Янам Баршчэўскім, Уладзіславам Сыракомляй, Вінцэсям Каратынскім, Арцёмам Вярыга-Дарэўскім і іншымі. Праўда, у фундаментальным выданні дакументаў і матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці беларускіх пісьменнікаў “Пачынальнікі” (укладальнік Генадзь Кісялёў, а другі рэцэнзент Адам Мальдзіс, 1977 год), асобнага раздзелу Антону Пяткевічу прысвечана не было, але яго імя засталося ў згадках у іншых артыкулах. Тое самое адбылося і з другім выданнем “Пачынальнікаў” (2003 год), якое ў адносінах да нашага героя нічога не змяніла. Гэта трошкі здзіўляе, бо ў 1987 годзе выйшла “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі”, дзе Уладзімір Мархель нешматслоўна, але вельмі годна прадставіў творчасць і дзейнасць Антона Пяткевіча (гл. Адам Плуг) у беларускім культурным кантэксце. А беларускі даследчык, кандыдат філалагічных навук, дацэнта БДУ Мікалай Хмяльніцкі мэтанакіравана заняўся асобай Антона Пяткевіча напрыканцы 1990-х. Публікацыя сп. Хмяльніцкага “Адам Плуг і Беларусь” (2001 год), падаецца, і да гэтага часу з’яўляецца адзінай грунтоўнай публікацыяй, прысвечанай нашаму земляку.

/i/content/pi/cult/824/17606/5.jpgНе раз узгадвалася імя Пяткевіча і ў папулярных артыкулах, напрыклад, Людмілы Рублеўскай. Пры гэтым пра сям’ю пісьменніка аўтары публікацый пішуць вельмі мала. Не кажу ўжо пра сам род Пяткевічаў герба “Трубы”. Як быццам бы тых цікавых старонак мінулага і не было. Таму пра гэта мы і распавядзем. Тым больш, што сабранага архіўнага матэрыялу для першага кроку больш, чым дастаткова.

Пабудаванае на камяні застаецца

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ) незлічоную колькасць гадоў захоўваецца дваранская справа роду Пяткевічаў герба “Трубы”. Прымушаныя, як і ўсе іншыя беларускія шляхецкія роды, даводзіць новым расійскім уладам, што яны — “шляхта”, Пяткевічы, як і Міцкевічы, Дамейкі, Заны, Чачоты, Рэйтаны і іншыя старанна збіралі любыя дакументы, датычныя іх родаў — метрычныя запісы і розныя судовыя паперы. Часам сярод такіх дакументаў было нямала і фальсіфікатаў. Аб тым, наколькі плённа на глебе падробкі сваіх і чужых дакументаў шчыраваў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, у сваіх публікацыях на старонках “К” неаднойчы пісаў гісторык Зміцер Дрозд.

Тым не менш Пяткевічам удалося давесці, што яны “ад прадзедаў спакон вякоў” — шляхта. А іх “першапродкам”, які яшчэ ў сярэдзіне XVII стагоддзя атабарыўся ў Наваградскім ваяводстве, быў каралеўскі ротмістр Пётр-Юры Пяткевіч. Як сцвярджалі ягоныя шматлікія нашчадкі, у 1648 годзе ён меў такую-сякую нерухомасць і ў Віленскім і ў Наваградскім ваяводствах ВКЛ. А жанаты Пётр быў на князёўне Крысціне з Гедройцаў. Адзіны сын Пятра Ян таксама быў каралеўскім ротмістрам. Разам з жонкай Барбарай з Мазалеўскіх Ян валодаў Каменкай, Якубовічамі, Мархоўшчынай, Карацкам, Астраўком і іншымі маёнткамі блізу Клецка. Ян пакінуў двух сыноў — Ваврынца, жанатага на Юстыне з Сягеяў, і Стафана, жонкай якога стала Сузана з Дастаеўскіх. Ад гэтых двух сыноў было шмат адгалінаванняў. Бо Ваврынец меў двух сыноў, адзін з якіх, Андрэй, загінуў, ваюючы са шведамі. А Стафан — шэсць.Таму ўсачыць за ўсімі нашчадкамі Пятра не самая простая задача. Але тое, што ўдалося ўстанавіць, часам дае даволі цікавы вынік.

Але спярша пра “франтавіка” Стафана. Прапрапрадзед Антона (Адама Плуга) нібыта выдатна сябе паказаў у бітвах з туркамі, пад Хоцінам і Венай, таму атрымаў патэнт на палкоўніка войск ВКЛ. Шмат хто з нашай шляхты безапеляцыйна сцвярджаў, што іх продкі “мужна біліся з туркамі пад Венай”. Але гісторыкам добра вядома, што войска ВКЛ (каля 10 000 правераных, загартаваных пад Хоцінам ваяроў) у верасні 1683 года пад Вену “не паспела”. Ды і асабліва не спяшалася, бо вёў яго вялікі гетман літоўскі Сапега, які быў настроены да караля вельмі непрыхільна. Каралеўскі кур’ер прывёз літвінам паведамленне аб “трыумфе” над мусульманскай навалай, калі тыя пляжылі польскія палеткі пад Кракавам, шукаючы “хлеба штодзённага”. Таму нароўні са згадкамі “судовых актаў ашмянскіх судоў” паведамленне аб “мужнасці продкаў пад Венай” паказвае сумніўны, мякка кажучы, характар дакументаў. Дарэчы, пару разоў спасылаліся на Ашмянскія суды і Пяткевічы, але хутка зразумелі, што лепей шукаць больш рэалістычныя доказы. Таму і былі зацверджаны ў шляхецкай годнасці. Але справай гэтай не абмяжоўваецца ўся дакументальная спадчына роду.

Сабе на дапамогу я паклікаў метрычныя кнігі касцёлаў з Наваградчыны, а таксама судовыя “кнігі Наваградскіх гродскага і земскага судоў”.

Сваяк Міцкевічам

Для мяне самога стала неспадзяванкай тое, што Антон Пяткевіч даводзіцца вельмі далёкім сваяком (не кроўным) Адаму Міцкевічу. Аказваецца, адзін з сыноў Стафана Казімір быў жанаты двойчы. Пасля смерці першай жонкі ён ажаніўся з удавой Алойзыя Маеўскага Альжбетай з Дыякевічаў. Тут варта нагадаць чытачам, што гісторыю роду Маеўскіх (продкі Адама Міцкевіча па жаночай лініі) мы расказалі ў адпаведным серыяле (гл. №8. 2016 г., №6, 2017г.). Таму я абмяжуюся кароткай гістарычнай даведкай. Алойзы Маеўскі, сын Міхала, быў родным і старэйшым братам Матэвуша (Мацея), дзеда паэта. Алойзы, адміністратар радзівілаўскага маёнтка Цэпра, у 1763 годзе, будучы ў гасцях у знаёмага, стаў адзінай і выпадковай ахвярай начнога разбойнага наезду. Дарэчы, праз чатыры месяцы пасля смерці Алойзыя нарадзіўся другі сын Ян-Караль. А ў 1765 годзе Альжбета пайшла за Казіміра Пяткевіча.

Але гэтым сваяцкія перакрыжаванні нашага героя не абмяжоўваюцца. Другі сын Стафана, “наваградскі стражнік” Міхал (жонка Антаніна з Матусевічаў), меў сына Станіслава, які ажаніўся з Марцыянай з Маеўскіх. На жаль, пакуль не ўдалося ўстанавіць, чыёй з нашчадкаў Міхала Маеўскага яна была дачкой. Але гэтая сям’я была шчыльна звязана з Матэвушам Маеўскім і яго жонкай Ганнай з Арэшкаў. Яны разам выступалі ў справе падзелу маёмасці, якая засталася па бацьку Ганны Язэпу Арэшку. Бо ўдава Язэпа Сузана з Эйдзятовічаў пайшла паўторным шлюбам за Мацея Забельскага. І гэта мела для яе і яе новага мужа не самыя прыемныя наступствы.

Ёсць і яшчэ адзін цікавы момант сваяцтва, толькі на гэты раз непасрэдна Пяткевічаў і Арэшкаў. У згаданага Язэпа быў родны брат Антон, жанаты на Разаліі з Козелаў. Іх дачка Разалія, як вынікае са згадак у дакументах, стала жонкай Тадэвуша-Караля Пяткевіча.

Самая ж прамая лінія продкаў Адама Плуга ідзе ад Рафала (сын Стафана) і Кацярыны з Казлоўскіх. Рафал меў сына Міхала. Габрыэль Пяткевіч, сын Міхала і дзед нашага Антона, меў трох сыноў — Казіміра , Яна і Антона (бацька Адама Плуга). З апошнім звязана маленькая загадка.

У дзень смерці Адама Плуга Уладзіслаў Каратынскі, сын Вінцэся, напісаў для выдання “Kurjer Warszawski” (дзе працаваў рэдактарам Адам Плуг) пранікнёны артыкул. У ім, падаецца, упершыню былі апублікаваны цікавыя звесткі пра сям’ю памерлага. Дата нараджэння бацькі Антона Пяткевіча (старэйшага) пазначана як 1768 год. Але з пэўных крыніц вядома, што сам бацька Плуга меў метрыку свайго хросту, які адбыўся 16 студзеня 1775 года ў Станькаўскай уніяцкай царкве. На жаль, знайсці метрыку пакуль не ўдалося. А метрычная кніга той царквы за гэты час не захавалася.Такая разбежка ў гадах падаецца даволі дзіўнай. І пакуль не знаходзіць тлумачэння.

Сям’я Антона Пяткевіча

Бацька пісьменніка быў жанаты двойчы. Нам удалося ўстанавіць імя першай жонкі. У 1801 годзе, 1 студзеня ў двары Мяцявічы Антон ажаніўся з Юстынай з Ліндэркоў (прозвішча напісана нечытэльна, таму, магчыма, памылка). 8 сакавіка 1807 года Юстына памерла. Але перад гэтым паспела нарадзіць трох дзетак. Першай была дачка — Тарэза-Схаластыка-Фаўстына (хрост 18 кастрычніка 1802 года ), яе кумам стаў Вінцэнт Корсак, а асістэнтам на хросце Лявон Маджарскі, дырэктар слуцкай персіярні і дзед Станіслава Манюшкі з боку маці. За ёй нарадзіўся сын Ян-Валеры-Тэафіл (хрост 29 лістапада 1803 года). Сын Аляксандр-Напалеон, якога ахрысцілі 9 студзеня 1806 года, пражыў толькі месяц і 4 лютага памёр. Выбар для сына імёнаў двух імператараў, расійскага і французкага, нібы стаў для хлопчыка злым рокам. Вельмі цікава, што яго кумам быў згаданы вышэй яснавяльможны Вінцэнт Корсак, гаспадар Мяцявічаў і будучы муж цёткі кампазітара Станіслава Манюшкі Марыяны! Дарэчы, бацькі і старэйшыя браты і сёстры Адама Плуга не раз бачылі ў Мяцявічах продкаў кампазітара — бабку Еву, бацьку Часлава і іншых.

Калі Антон Пяткевіч ажаніўся з Сузанай з Рагазінскіх, пакуль не ўстаноўлена. Але ўдалося ўстанавіць імёны васьмі дзяцей, якія нарадзіліся ў другім шлюбе.

Тэафіла-Вікторыя нарадзілася і была ахрышчана адной вадой 19 снежня 1809 года. Дапоўнілі хрост святым алеям 22 лютага 1810-га. Асіставала на хросце Ганна Манюшка. За ёй у 1812 годзе нарадзіўся Канстанцін. 3 снежня 1814 года нарадзіліся блізняты — Канстанцін-Аляксандр і Генрых. Дапаўненне хросту Канстанціна і блізнятаў адбылося 12 лютага 1815 года. Далей прыйшла чарга Станіслава-Эдуарда, які нарадзіўся і быў ахрышчаны адной вадой 8 мая 1816-га, (дапаўненне хросту 20 студзеня 1818 г.). Фелікс-Раймунд прыйшоў на свет 30 жніўня 1820 года, але дапаўненне хросту адбылося 3 снежня 1832 года. Разам з Феліксам дапоўнілі хрост і нашага Антона-Дыянізія, які нарадзіўся 11 кастрычніка 1823 года. Апошнім, як падаецца, нарадзіўся Юльян-Апалінары (24 ліпеня 1830 года). З метрык вынікае, што першы хрост некаторыя дзеці Антона Пяткевіча атрымлівалі ад уніяцкага святара, а дапаўненне хросту праводзіў каталіцкі ксёндз. Так было, нагадаю, і са старэйшымі сястрой і братам Ігната Дамейкі. На ўсялякі выпадак дадам, што даты ў метрыках прыведзены па Юльянскім календары, якім у тыя часы карысталася Расійская імперыя. Таму мы адзначаем дзень нараджэння Адама Плуга 23 кастрычніка.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар