У выніку па задуме творцаў — скульптара Канстанціна Селіханава і архітэктара Юрыя Градава — і была створана ландшафтна-скульптурная кампазіцыя: дванаццаць бронзавых чаек “зляцеліся” на водны канал паміж дамамі.
Птушкі аб’яднаны ў невялікія групы, яны розныя, але ж і такія самыя як ў наваколлі, у сапраўднай прыродзе. Дзякуючы творцам, безумоўна, атрымаўся жывы, нефармальны вобраз, які дапамагае чалавеку адчуць і “мора побач”, і памкненне да мары. Ды і шмат чаго яшчэ, што падкажа ўласнае ўяўленне. Да таго ж ансамбль мае візуальны акцэнт, супамерны чалавеку, што робіць яго цёплым і нават пачуццёвым пры зрокавым успрыманні.
Птушкі ўладкаваліся на валунах, звычайных камянях, якія аўтары знайшлі ў беларускім прыродным ландшафце. Кожная такая канструкцыя зроблена максімальна ўстойлівай, з надзейным падмуркам, каб дзеці мелі бяспеку. А такія непасрэдныя зносіны з аб’ектамі мастацтва, вядома, ужо ёсць: птушкі зусім блізка, іх можна памацаць. Вядома, кампазіція будзе набываць новыя сэнсы і адценні пры розным асвятленні, у розныя часы года.
“Уся праца доўжылася каля дзевяці месяцаў, і перш за ўсё мы стваралі лакальнае гарадское асяродзе — для камфортнага жыцця і развіцця, — распавёў “К” скульптар Канстанцін Селіханаў. — Мастацтва становіцца часткай гэтага жыцця, часткай атмасферы дома і той прасторы, якая атачае чалавека і яго сям’ю. Зрабіўшы інвестыцыі ў свой дом, вядома, людзі мусяць атрымаць месца, дзе можна адпачыць, а таксама адчуць дух сучаснага мастацтва. У той жа час сваім праектам мы не хацелі кагосьці ўразіць, здзівіць, а вось прыўнесці пачуццё супакаення — так, намагаліся.
Мы досыць доўга абмяркоўвалі колер птушак, паколькі гэта пытанне не толькі мастака, але і тэхнолагаў. У выніку выбралі зялёны са спецыяльнай французкай пацінай, якую наносіць майстар. Нам не быў патрэбны натуралізм з дакладным малюнкам чайкі, але была задача стварыць мастацкі вобраз”.
“Мора побач” — больш, чым добраўпарадкаванне жыллёвага наваколля, — дадае архітэктар праекта Юрый Градаў. — Гэта сутыкненне архітэктуры, ландшафту, мастацкай ідеі і яе ўвасаблення. Нам было вельмі важна, што мясцовы канал, які тут пралягае, накіраваны ў бок лесу і заходу солнца. Ён не прамы, а мае некалькі паваротаў. Даўжыня канала — 160 метраў, шырыня — 4 метры, тут жа, вядома, і набярэжная. Звярніце ўвагу, як чайкі абжываюць свой канал, быццам бы пасюжэтна: адны птушкі высвятляюць адносіны, іншыя мірна гутараць, у кожнай ёсць свой настрой. І ўсё гэта — кранальныя гісторыі аб гармоніі чалавека з прыродай”.
Пра тое, як ішла праца над праектам нас знаёміць фатаграфічная выстава, падрыхтаваная непасрэдна на вуліцы. І гэта вельмі цікава: у ходзе яе прэзентацыі я была сведкай абмеркавання жыхароў квартала таго, як працуюць аўтары ў майстэрнях, як ствараюць эскізы і мадэлі, якімі інструментамі і матэрыяламі карыстаюцца, што адбываецца ў цэху, як апрацоўваюць метал і гэтак далей.
“Мора побач” сапраўды натхняе. Застаецца дадаць, што кампанія-забудоўшчык “А-100” таксама натхнёная вынікам, і — увага! — пачынае адкрыты конкурс беларускіх мастакоў, скульптараў і архітэктараў, па рэалізацыі новага праекта ў квартале “Новая Баравая”.
Любоў ГАЎРЫЛЮК
Фота аўтара