Анлайн-канцэрт у Інстаграме і “Побыт нашых продкаў”

№ 43 (1482) 24.10.2020 - 31.10.2020 г

Дажджы і кепскае надвор’е прыйшлі ў Беларусь, восень уступіла ў свае правы. Але ж, нягледзячы на цяжкія навакольныя ўмовы, чалавек заўсёды спадзяецца на лепшае, бо, як кажа народная мудрасць, “загляне сонца і ў наша аконца”. Сённяшнія сонечныя промні — гэта таксама і лісты ў нашу рэдакцыю, якія сведчаць, што жыццё, насычанае радаснымі імгненнямі, працягваецца. І гэта сапраўды ўнушае аптымізм і веру ў лепшую будучыню.

/i/content/pi/cult/821/17567/018.jpgНатхненне ў гліне

Як заўсёды шмат матэрыялаў прыйшло да нас з Гродзеншчыны. Напрыклад, яшчэ ў пачатку верасня супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці запрасілі вучняў пачатковых класаў на Дзень адкрытых дзвярэй. Натхнёныя ўбачаным, школьнікі-пачаткоўцы не прамінулі запісацца ў творчыя гурткі — па кераміцы і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Асновам лепкі з гліны вучаць юных творцаў майстры народных рамёстваў і промыслаў Алена Дзянішчык і Святлана Ляшкевіч. Заняткі праводзяцца двойчы на тыдзень, раніцай ці пасля абеду — у залежнасці ад школьнай змены.

— Напачатку дзеці вучацца ствараць простыя формы, фігуркі жывёл, невялікія прадметы, тым самым развіваючы дробную маторыку і далучаючыся да мастацтва і творчасці, — расказвае загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага РЦКіНТ Тамара Касьян. — Паступова прыступаюць да больш складаных вырабаў — розных кампазіцый, медальёнаў, сувеніраў. Вучацца правільна прымяняць інструменты, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе лепкі, падбіраць колеры пры афарбоўцы.

А гурток па дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якім кіруе метадыст Анастасія Касьян, наведваюць старэйшыя дзяўчынкі і хлопчыкі. Яны шыюць, вышываюць, плятуць, майструюць з паперы, скуры, тканіны, прыроднага матэрыялу, ствараюць фенечкі і цацкі. Словам, працуюць у найбольш запатрабаваных сучасных тэхніках.

І, як дадае наша аўтарка, заняткі ў гуртках ладзяцца невялікімі групамі з захаваннем санітарна-эпідэміялагічных мерапрыемстваў і сацыяльнай дыстанцыі. Што ж, гэта і правільна, бо творчасць — творчасцю, але каранавірус, на жаль, яшчэ ніхто не адмяніў. Таму беражыце сябе, нашы шаноўныя чытачы!

Шчырасць нязмушанай гаворкі

У гэтым жа Бераставіцкім раёне, у Малой Бераставіцы, у інтэграванай сельскай бібліятэцы, днямі для ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Пагаворым па шчырасці” прайшла літаратурна-музычная кампазіцыя “Самая цудоўная з жанчын”. Падчас мерапрыемства гучалі песні, вершы пра маці, удзельнікі свята адгадвалі загадкі, удзельнічалі ў гульнях і конкурсах “Збяры прыказку”, “Угадай мелодыю”, “Загадкі на кемлівасць” ды многіх іншых.

У Свіслачы, як паведамляе нам Наталля Пучкіна, 16 кастрычніка ў мясцовай дзіцячай школе мастацтваў адкрылася выстава-конкурс творчых прац “Прасторы роднай Свіслаччыны”. На імпрэзе больш за 30 навучэнцаў мастацкага і дэкаратыўна-прыкладнога аддзяленняў прадэманстравалі пейзажы з відамі мястэчка, выкананыя падчас шматлікіх пленэраў.

Свіслацкая раённая бібліятэка падзялілася з намі сваім досведам працы: мясцовыя бібліятэкары сабралі фотаздымкі розных часоў і стварылі фоталетапіс “Побыт нашых продкаў” для таго, каб паказаць як жылi, працавалі і адпачывалі дзяды-прадзеды, расказаць пра іх рамёствы і народныя промыслы, традыцыі, звычаі і абрады.

Так, раздзел фоталетапісу “Паўсядзённае жыццё нашых продкаў”, як піша бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Аксана Ціток, паказвае штодзённую працу людзей розных прафесій, іх прылады працы. Свет дзяцінства раскрываюць фотаздымкі раздзела “Дзіцячыя і школьныя гады”. А ў раздзеле “Традыцыі, звычаі, абрады” размешчаны фотаздымкі вясельнага абраду — аднаго з самых старажытных абрадаў на Свіслаччыне: напрыклад, фота адроджанага Навадворскага і Свіслацкага вяселляў па запісах фалькларыста Міхаіла Федароўскага, калектыўныя вясельныя фотаздымкі розных часоў, убранне маладых ды многае іншае.

І яшчэ адна інфармацыя. Як паведаміла нам метадыст Смаргонскага РЦК Вольга Крывянкова, 18 кастрычніка ўдзельніцы калектыву ўсходняга танца “Асель” Настасся Кезік і Любоў Башлыкова прынялі ўдзел у адкрытым Кубку Магілёва па ўсходніх танцах. У выніку прадстаўнікі са Смаргоні сталіся ўладальнікамі дыпломаў І ступені ў сваіх намінацыях і ўзроставых групах.

Выцінанка для Новасібірска

З Гродзеншчыны скіруемся ў супрацьлеглы бок Беларусі — на ўжо згаданую ў лістах нашых чытачоў Магілёўшчыну. Як паведамляе нам наша сталая аўтарка, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Крысціна Башарымава, 15 кастрычніка ва ўстанове прайшоў семінар-практыкум па выцінанцы.

Майстар-класы правялі Наталля Бернадская і Любоў Гарбар, сябры Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. На семінары-практыкуме прысутнічалі начальнікі аддзелаў і спецыялісты абласнога метадычнага цэнтра, метадысты, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з розных раёнаў Магілёўшчыны, а таксама спецыялісты Новасібірскага цэнтра беларускай культуры. Сувязь паміж удзельнікамі была арганізавана ў фармаце відэаканферэнцыі.

У фармаце прамога эфіру майстры Беларусі распавялі пра тэхналогіі традыцыйнага беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і правялі майстар-клас па вырабе выцінанкі. Праграма семінара-практыкума складалася з тэарэтычнага занятку па гісторыі развіцця выцінанкі, а таксама з разнастайных тэматычных майстар-класаў па вырабе віншавальных паштовак, навагодніх сняжынак, ялінак, паштовак і птушачак.

14 кастрычніка ў выставачнай зале Палаца мастацтваў горада Бабруйска прайшла канцэртная праграма “Матуліна сэрца”. Сваёй творчасцю мам і бабуль павіншавалі індывідуальныя выканаўцы і ансамблі ўстановы культуры. Вечарам гэтага ж дня, піша нам метадыст установы Ірына Аўсяннікава, у прамым эфіры акаўнта www.instagram.com/dvorezbobr для падпісчыкаў прайшоў анлайн-канцэрт “Самы добры анёл — мама”.

Да слова, 15 кастрычніка ў выставачнай зале Палаца культуры Бабруйска адбылася яшчэ адна канцэртная праграма “Цяпло матчынай рукі”. А 16 кастрычніка, як піша рэжысёр масавых святаў установы культуры Вольга Чайкова, тут прайшло ўрачыстае святкаванне з нагоды Дня работнікаў культуры.

Смаката святаў

І апошняе, пра што згадаем у нашым традыцыйным аглядзе лістоў. Адразу два святы зладзілі ў першай палове кастрычніка супрацоўнікі Цэнтральнай гарадской бібліятэкі горада Жодзіна: Дзень пажылых людзей і Дзень маці.

Першае свята, як напісала нам Ірына Хілюціч, прайшло ў выглядзе конкурсу “Ах, якая смаката!” Пірагі пяклі супрацоўнікі бібліятэкі, а каштавалі іх за кубачкам чаю, натуральна, чытачы, якія дачакаліся ўзросту мудрасці. Каштавалі пірагі пад ціхую музыку мінулых гадоў, музыку іх маладосці, размаўлялі пра жыццё-быццё, і яшчэ гадалі па творчасці Шэкспіра, Пушкіна і Багдановіча.

А вось на Дзень маці быў прызначаны адпаведны час: 14 гадзін дня. У гэты час бібліятэкары запрасілі маладых мам у салон прыемных сустрэч “Мы мамы, нам ёсць пра што пагаварыць”. Тут таксама былі і пірагі, і печаныя яблыкі, і цукеркі, і чай. Кожная мама расказала цікавую гісторыю з жыцця свайго дзіцяці, а ўзамен адрывала чароўны пялёстак ад “кветачкі-вясёлкі” і тут жа выконвалася яе доўгачаканае жаданне: ці то абляцець зямны шар на паветраным шары, ці то зрабіць самую незвычайную прычоску.

Пасля спеўны калектыў “Калінушка” падараваў маладым мамам некалькі сваіх аўтарскіх вершаў і песень. Затым мамы адгадвалі па мелодыях калыханкі, потым — дзіцячыя загадкі. Быў і сюрпрыз — загадкавая рэч на літару “С”, якую хутка адгадалі, бо гэта былі “сурвэткі антыбактэрыяльныя” (як кажуць, прывітанне вам ад каранавіруса!). А напрыканцы дзеі ўсе разам спявалі вядомыя дзіцячыя песні пад караоке. Так што святы ў Жодзіна адбыліся цікавыя і запамінальныя.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"