Суладдзе існага

№ 43 (1482) 24.10.2020 - 31.10.2020 г

Найбольш выразна адчуваеш свой узрост тады, калі бачыш дарослымі тых, каго памятаеш дзецьмі. Нешта падобнае адчуў і я, калі пабачыў лічбу 45 у спалучэнні з абрэвіятурай “БДУКіМ” — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Універсітэт гэты (напачатку — інстытут) утварыўся з аддзялення культурна-асветніцкай работы Тэатральна-мастацкага інстытута ў тыя часы, калі я сам быў студэнтам.

/i/content/pi/cult/821/17565/014.jpgПамятаю, што “капээрам” (культурна-асветніцкія работнікі — рэд.) у БДТМІ ў сэнсе псіхалагічным было не надта камфортна. Мудрыя выкладчыкі ў такіх выпадках тлумачылі людзям маладым і няспелым, што яшчэ невядома, хто пасля заканчэння ВНУ будзе больш запатрабаваным — “капээры”, якіх краіне хранічна не стае, ці артысты, мастакі, дызайнеры, якіх выпускаюць болей, чым насамрэч трэба. Зноў жа, не ўсіх пракорміць творчасць, вось і прыйдзецца “пайсці ў народ” — на працу ў клуб ці ў Дом культуры і працаваць ў гуртках па інтарэсах ці выкладаць у мастацкіх студыях. А гэта самая што ні ёсць культасветработа.

І, насамрэч, потым я сустракаў сярод клубных работнікаў людзей з вышэйшай мастацкай ці тэатральнай адукацыяй. Ды і дызайнеры не грэбаюць за адсутнасцю праектнай працы весці тыя ж гурткі, студыі, курсы. Так што ўсе мы крыху “капээры”.

З такімі думкамі я наведаў мастацкую выставу “Прыгажосць і суладдзе”, прысвечаную юбілею Універсітэта культуры. Адбываецца яна ў сталічнай галерэі, што так і называецца — “Універсітэт культуры”. Экспазіцыю складаюць творы выкладчыкаў і выпускнікоў кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — дарэчы, адной з найстарэйшых ва ўніверсітэце. Маючы магчымасць не год і не два назіраць за навучальным працэсам на кафедры, мяркую, вызначэнне “народнае” ў яе назве не болей чым даніна традыцыі. Кафедра рыхтуе тых, што мусіць працаваць з народнымі майстрамі, з мастакамі-аматарамі, скажам так — народам у шырокім сэнсе. Адсюль і такое вызначэнне ў тытуле.

/i/content/pi/cult/821/17565/013.jpgПад народным мастацтвам звыкла разумеюць аздобу вясковага побыту і сувенірную прадукцыю з этнаграфічнымі матывамі. Але народ у нашай краіне збольшага гарадскі, ды і вёска ў асноўным прыгарадная. Гэта ведаюць і выкладчыкі кафедры, і студэнты. Адпаведна, наша рэчаіснаць наўпрост і апасродкавана адбіваецца і ў творчасці канкрэтных асоб, чые работы мы бачым на выставе і на навучальным працэсе.

Скажу больш, не надта гэта выстава адрозніваецца ад аналагічных экспазіцый, якія ладзіць Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. А калі і адрозніваецца, дык не майстэрствам аўтараў, а асаблівасцямі творчага почырку і канкрэтыкай творчых задач.

Візуальна экспазіцыю трымае падборка жаночых касцюмаў паводле гістарычных матываў з калекцыі “Барбара” Ларысы Шылак і Вольгі Матусевіч, а таксама калекцыі “Шляхецкі скарб” Наталлі Смаляк. Вось так у нашым, нібыта сялянскім, народзе апраналіся жанчыны тры стагоддзі таму. Не ўсе, зразумела. Але беларуская (ліцвінская) шляхта відавочна нічым прынцыпова не адрознівалася ад эліты іншых еўрапейскіх краін.

Асабіста я на ўсіх выставах вылучаю кераміку Таццяны Васюк і ткацтва Алы Непачаловіч. Адна сваёй творчай практыкай даводзіць універсальнасць керамікі як сродка мастацкай выразнасці. У яе разуменні няма тэм і сюжэтаў, якія было б немагчыма распрацаваць у той ці іншай керамічнай тэхніцы. Другая бліскуча трансфармуе дэмакратычныя матывы народнага ткацтва ў шляхетную вытанчанасць, традыцыйнае — у мастацкі эксклюзіў. Абедзве мастачкі працуюць на кафедры ад моманту яе ўтварэння, маюць шмат паслядоўнікаў сярод сваіх вучняў. Не памылюся, калі скажу, што кожная стварыла ў мастацтве ўласную школу. Канешне ж, іх творы ёсць і на гэтай выставе.

Эфектна глядзяцца маляванкі Аляксандры Пармон, габелены Таццяны Андрэйчыкавай, інкрустацыі саломкай Раісы Раманеня, батыкі Вольгі Мінашавай і Маргарыты Чудук, кераміка Людмілы Шапашнікавай і Дар’і Фёдаравай. Ды і іншыя аўтары выставіліся годна. Не сорамна за беларускую мастацкую школу. Да таго ж зрамела, чаму ва Універсітэце культуры так многа замежных студэнтаў. Тут ёсць у каго і чаму павучыцца.

Невялікая прастора галерэі “Універсітэт культуры” не дазваляе разгарнуць выставу, якая б стала гістарычнай рэтрапанарамай сарака пяці гадоў. Адсюль і адпаведны, камерны, фармат экспазіцыі. Але і прадстаўленага хапае, каб ацаніць творчы патэнцыял выкладчыкаў і выхаванцаў універсітэта. Для маладых людзей з творчымі схільнасцямі, якія яшчэ не вырашылі ў якую мастацкую ВНУ будуць паступаць, наведванне выставы стала б аргументам на тое, каб стаць абітурыентам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Тут насамрэч пануе суладдзе прыгажосці.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"