Радавод Капіевічаў

№ 38 (1477) 19.09.2020 - 26.09.2020 г

Частка ІІІ, апошняя
Напрыканцы раскажам пра завяршэнне жыццёвага шляху славутага друкара Гальяша Капіевіча, а таксама пра лёс яго сям’і. Закранем версіі паходжання роду і месца нараджэння гэтай славутай постаці. Тым больш, што пра Капіевіча і да гэтага часа сказана далёка не ўсё.

(Пачатак у № 36 — 37)

Залегчы на дно ў Амстэрдаме

У 1676 годзе, відаць неўзабаве пасля шлюбу Гальяш Капіевіч, лепшы студыёзус Слуцкай гімназіі, пакідае радзіму. Як вынікае са сціплых звестак у ВКЛ ён больш не вярнуўся. Дваццаць наступных гадоў Капіевіч аддаў іншай зямлі, бо вырашыў асесці ў Амстэрдаме. Вельмі магчыма, што там ён працягнуў сваю адукацыю, і праз нейкі час заняў пасаду пастара ў адным з тамтэйшых сабораў. А ў 1698 годзе ізноў круты паварот — знаёмства з вандруючым маскоўскім царом Пятром. Ад таго часу, за малым выключэннем, Капіевіч “працаваў на маскоўскую асвету”. Па дамове з царом Капіевіч перакладаў і выдаваў для маскавітаў найноўшыя заходнія творы. Але ў 1708 годзе зноў змяніў сваё месца жыхарства - на гэты раз прыехаў у Маскву і паступіў перакладчыкам у Пасольскі прыказ - месца, дзе круціліся жорны маскоўскай знешняй палітыкі. Цікава, што амаль у той самы час мы бачым сярод “талмачоў” прыказа людзей, якія па паходжанні хутчэй за ўсё могуць належыць да старажытных беларускіх земляў - Ігната Рудакоўскага і Рыгора Шыдлоўскага. Нагадаем, што гэта былі часы “Паўночнай вайны” (1701 - 1729 гады) і як раз ў 1708-м Капіевіч, разам “с дочушкой” перабраўся у Маскву, дзе атрымаў стаўку 200 рублёў на год. Апошнія дваццаць гадоў яго жыцця няблага даследаваны савецкімі і польскімі гісторыкамі. Таму, каб не пераказваць тое, што можна прачытаць у Вікіпедыі, спынімся на тым, што туды не патрапіла.

/i/content/pi/cult/816/17485/15_1.jpg

Першая згадка імя Гальяша Капіевіча ў дакументах, 1669 год.

Апошняе каханне

У 1885 годзе ў “Библиографе, вестнике литературы, науки и искусства” былі апублікаваны звесткі пра сям’ю Капіевічаў. Гаворка ў ім шла пра рукапісы і кнігі, якія засталіся пасля смерці выдатнага друкара (12 (23) верасня 1714 г.). У справе згадвалі ўдаву Капіевіча, “Марию Андреева доч, да дочь Анна; иноземца портного мастера Иванова жена Адикова”.

Значна больш даведак пра Капіевіча было ў зборніку “Описание изданий, напечатанных при Петре I (1958 г.). Аўтарка аднаго з нарысаў Таццяна Быкава выказала думку, што шлюб з другой жанчынай Капіевіч узяў пасля 1708 года, маючы дачку ад першага. І, што самае цікавае, і ад другога шлюбу таксама былі дзеці (меў Гальяш Капіевіч, калі верыць афіцыйнай храналогіі, 59 — 60 гадоў). Яго ўдава (яна прапісваецца то Марыя, то Кацярына Андрэева дачка) пісала чыноўнікам Пасольскага прыказа (студзень, 1715 год), што: “просит чем бог по сердцу положит в приказ, что б мне рабе вашей после мужа моего з детми своими сиротами во всеконечной скудости не быть и меж двор не скитатца”.

/i/content/pi/cult/816/17485/15_3.jpg

На сённяшні дзень нашы веды пра нашчадкаў Капіевіча абрываюцца, але хто ведае, можа, яны і да гэтага часу жывуць у Расіі і падпісваюцца прозвішчам Капіеўскі.

Капіевіч ці Капіеўскі?

Пачынаючы з 1653 года, ад першых (знойдзеных) згадак прадстаўнікоў гэтага рода ў ВКЛ, іх прозвішча мела выразны канчатак “-WICZ”. Праўда пісалася само прозвішча з варыяцыямі — Kopieiewicz, Kopjiewicz, Kopiewicz. То-бок, то яны Капеевічы, то Кап’евічы, то Капевічы. І нідзе і ніколі яны не былі запісаны Kopiewski. Гэта, вядома, датычыцца і самога Гальяша. Але завязаўшы з Пятром І пэўныя працоўныя стасункі, Капіевіч раптам пачаў падпісваць свае лісты як Копиевский. Такі ж варыянт прозвішча стаіць і у кірылічных кнігах, выдадзеных Капіевічам. Пры гэтым кнігі, якія друкаваліся для замежнага спажыўца, падпісаны па ранейшаму — Kopiewitz. (Толькі пад такім прозвішчам ён быў вядомы Каралеўскаму прускаму таварыству навук, з прэзідэнтам якога Готфрыдам Ляйбніцам, нібыта меў асабістае ліставанне.)

/i/content/pi/cult/816/17485/15_2.jpg

Вёска Капіевічы, Менскі раён. Фота З.Юркевіч, 2020

То-бок Капіеўскі — варыянт для маскавітаў, які “літвін рэфарматарскай веры, прапаведнік” з нейкай прычыны прышчапіў сабе. Цікава было б даведацца пра матывацыю такога крока, але ўспамінаў Капіевіч не пакінуў. Адзначу, што ніякіх праблем з-за таго, што яго ведалі і як Капіевіча, і як Капіеўскага наш зямляк не займеў. А вось у наш час, на падставе канчатка -кій, Капіевіча раптам абвясцілі выбітным палякам. З гэтым канчаткам у нас, жартуючы, увогуле — бяда…

Ляхавіччына, Мсціслаўшчына ці Капіевічы?

Сёння ў Беларусі існуюць два асноўных канкурэнта ў справе, якому рэгіёну звацца малой радзімай Капіевіча. Першы з іх - Ляхавіччына, другі - Мсціслаўшчына. Падставай для таго і другога з’яўляюцца толькі словы пра цяжкі дзіцячы лёс самога Капіевіча (гл. І частку ў № 36 “К”).

Прапаную разгледзіць трэці варыянт — Меншчыну. Адразу за менскай кальцавой дарогай, блізу станцыі метро Малінаўка, з сярэдзіны XVI стагоддзя вядома вёска Капіевічы (раней Кап’евічы). Разам з іншай вёскай Скарынічы (сімвалічная спасылка — ад рэд.) яны ўваходзілі ў склад маёнтка Лошыца, які належаў князям Заслаўскім і Друцкім-Горскім, Дастаеўскім і іншым. У вёсцы Капіевічы жылі як баяры, так і цяглыя людзі. Ці не там карані роду Капіевіча? Тым больш, што сваякі першай жонкі Капіевіча Алены Жыдовіч, Ратамскія, былі сваякамі і Друцкім-Горскім. Мяркую, калі-небудзь мы яшчэ вернемся да гэтай загадкі.

P.S. Дарэчы, у бліжэйшым нумары “Беларускага гістарычнага часопіса” таксама выйдзе артыкул пра радавод Капіевічаў — сумесная праца гісторыкаў Людмілы Івановай і Дзяніса Лісейчыкава.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар