Як “Рух” рухацца дапамагае

№ 38 (1477) 19.09.2020 - 26.09.2020 г

У рамеснікаў Ганцавіччыны ў пашане слова “люблю”
На Ганцавіччыне быў у камандзіроўках з паўдзясятка разоў дакладна. Цяга гэтая тлумачыцца звычайным словам “Люблю”. І людзей мясцовых, і спевы, і зямлю, на якой жыта расці не вельмі хоча, а вось таленты буяюць з неверагоднай жыццёвай сілай. Палессе, яно такое! У гэтай цудоўнай глыбі Беларусі Якуб Колас, калі казаць сучаснымі канцылярызмамі, стаў маладым спецыялістам: на першым месцы працы пачаў настаўнічаць у вёсцы Люсіна. Пра культурную адметнасць краю і пра тое, як знайшоў рэальную Ядвісю — каханую літаратурнага героя трылогіі “На ростанях” Лабановіча — я пісаў вельмі ўдумліва і надзвычай шмат. А сёння больш падрабязней хачу спыніцца на дзейнасці мясцовага Дома рамёстваў. Тут таксама шмат неардынарнага, а таму — цікавага не толькі мне, але і шаноўнаму чытачу, які з неабыякавасцю ставіцца да традыцыйнага нашага мастацтва, і аўтэнтычнага, і сучаснага.

“К” пісала ўжо, што Ганцавіцкі Дом рамёстваў, нараджэнне якога датуецца 1997 годам, працуе ў новым, вельмі зграбным дамку. Раней памяшканне было, прама скажам, лядашчае. Але і музычная школа тут нейкім цудоўным чынам месцілася. Рэканструкцыю распачалі ў 2014-м. Няпростымі былі гэтыя гады. Аднак у 2017 адсвяткавалі рамеснікі ўлазіны. Пра рэвалюцыю ніхто не марыў, а вось эвалюцыя атрымалася, хоць і доўгачаканая, але выніковая. Раней і такі працэс удасканалення, як мне падаецца, —састарэлага ў сучаснае вельмі характэрны для культурнага аблічча раёна. Рушым наперад паступова, але ўпэўнена.

/i/content/pi/cult/816/17481/11_1.jpg

Ульяна Віннік і яе "ручніковы" букет.

Культурны рэкет

Слова “Люблю” тлумачыць на Беларусі многае, а мо нават і ўсё. Чаму атрымліваецца ў цябе так цудоўна? Ды таму што справу сваю люблю! А па якой прычыне ты, такі сучасны, з мінуўшчынай ніяк не развітаешся? Проста люблю Беларусь! Слова “люблю” і ў рамеснікаў Ганцавіччыны — самае хадавое. Да месца згадаць, што ў Люсіне кабеты носяць такія вытканыя ды вышытыя спадніцы, што месца іхняе ў музеі (спадніц, а не кабет), а пастухі гоняць статак пад такія галасістыя дудкі, а праз плячо ў іх такія берасцяныя торбы-корабы! Раз пару і наміткі бачыў у кабет… Спачатку здзіўляўся. А здзіўляцца, аказваецца, няма чаго. І спадніцы, і торбы з дудкамі — навюткія, толькі што зробленыя. Як тата з “мамой” вучылі. А вы кажаце…

Можна лічыць, што ўсё пачалося з Мухі. Пазнаёміліся з ёй гадоў дзесяць таму. Жвавая, пастаянна на ровары, завадная, з аднаго абароту пускаецца ў танцы, не баіцца доўга глядзець у вочы, нібыта шукае там штосьці для сябе (і знаходзіць жа!). Адна з трох дачок Марыі Іванаўны называе маці “культурны рэкецір”. Мае рацыю. Марыя Муха, якая ў свой час кіравала РДР, не вылазіла калісьці з вёсак: збірала ручнікі, дыванкі, посцілкі, вучылася ў сталых кабет тэкстыльнаму рамесніцтву… Гэта для нас, сённяшніх, абрус з вязанай каймой — артэфакт, а для бабуль любая крамная рэч мае вялікі кошт, а тое, што ўласнымі рукамі зроблена можна безахвярна падараваць чалавеку, які даўніну любіць. Так што рэкет у дадзеным выпадку — высакародны. З калекцый Марыі Мухі, можна сказаць, і пачалася экспазіцыя Ганцавіцкага Дома рамёстваў.

Што датычна Марыі Іванаўны, дадам толькі адно. Яна ў свой час скончыла Ленінградскі лесатэхнічны тэхнікум (вельмі лес любіць), але ўсё ж звязала лес з культурай. Дарэчы, я таксама скончыў тэхнікум з лесатэхнічным ухілам, але ў Гомелі, і таксама лес люблю. Але гэта да слова.

Нават заплечнік — нацыянальны

Працягваю гаворку пра галоўных дзейных асоб. Духоўная аснова РДР — народны клуб народнай творчасці “Багач”. У складзе яго — 25 рамеснікаў з раёна. Тры з іх народныя майстры Беларусі: Ніна Казак з Хатынікаў, ткачыха; Улляна Віннік з Борак, яна і ткачыха, і вышывальшчыца; ганцавіцкі ганчар Віталь Шпілевіч. Усе — у пашане. Ніна Казак, да прыкладу, — сёлета жанчына года. У чым асноўная фішка “Багача”? Ніхто не займаецца бісерам ці арыгамі з ікебанай. Аснова творчасці — толькі мясцовая традыцыя. Інакш палешукі не былі б палешукамі. (Я — таксама паляшук, але гэта таксама да слова.)

/i/content/pi/cult/816/17481/11_2.jpg

Ганцавіцкі ганчар Віталь Шпілевіч.

А першым народным майстрам стала Феанія Крысюк з Гарэвічаў, спецыялістка па ткацтве і карунках. Феанія Еўстаф’еўна пайшла з жыцця, але работы яе па-ранейшаму вучаць любіць і Беларусь, і яе традыцыйнае мастацтва.

Удзельнікі “Багача” натуральна кантактуюць з удзельнікамі гурткоў РДР (гэта 61 чалавек, 25 з іх — дарослыя). Вучаць гурткоўцаў 5,5 штатных майстроў Дома рамёстваў (справа ў тым, што тры майстры працуюць на палову стаўкі). А ў гуртках можна навучыцца ткацтву, традыцыйнаму роспісу па шкле і тканіне. Дзейнічаюць Батлейка і этнаграфічнае аматарскае аб’яднанне “Рух”. Пра “Рух” — гаворка асобная.

Тут варта зрабіць важны акцэнт. Арыгамі ў РДР не займаюцца, гэта так. Але паяднаць, наколькі гэта магчыма, мінулае з сучасным імкнуцца. Тут нават маладзёжныя заплечнікі робяць з выкарыстаннем дзедаўскіх рамесніцкіх тэхналогій. Але я пра гэта на прыкладзе Люсіна ўжо казаў.

Днямі майстры РДР на раённым свяце фальклору ў Ляхавічах занялі першае месца. Але гэта справа, так бы мовіць, будзённая. Час наспеў пагаварыць пра адметныя творчыя праекты.

820 рублёў — гэта нямала

Цяпер Домам рамёстваў кіруе Ала Занька, не блытаць з Алай Занька, якая кіруе ўсімі раённымі метадыстамі (першая — Ала Васільеўна, другая — Ала Святаславаўна). Абедзве — шчырыя ды кантактныя, бо любяць.

/i/content/pi/cult/816/17481/11_3.jpg

Народны клуб народнай творчасці “Багач”.

Ала Васільеўна хоча давесці, што выніковасць праекта па еднасці мінулага дня і сённяшняга іншым разам вельмі красамоўна пацвярджаецца рублём. І доказы яе — жалезныя: на апошнім “Славянскім базары…” ад рэалізацыі ручнікоў, дыванкоў ды заплечнікаў майстры атрымалі 820 рублёў. Спачатку ніхто нічога не збіраўся купляць, а як разгарнулі тавар у натуральную велічыню, пакупнікі адразу купюрамі зашамацелі. Прыгажосць каштуе дорага.

Дырэктар раённага Дома рамёстваў распавядае пра, бадай, самы галоўны доўгатэрміновы праект “З народнымі традыцыямі — у новы век”. Дарэчы, менавіта ён дазволіў удасканаліць анлайн-мерапрыемствы падчас пандэміі. Дык вось, апошнія акцыі праекта ўражваюць. Спачатку зладзілі дэфіле стылізаванага беларускага касцюма. Натуральна, мясцовага. Цяпер рыхтуюцца да дэфіле ў фармаце традыцыйнага абраду “Павіванне наміткі на галаву”. Тут не будзе стылізацый, адна толькі аўтэнтыка. Галоўныя ўдзельнікі мерапрыемства — сябры аб’яднання “Рух”…

/i/content/pi/cult/816/17481/11_4.jpg

Дзедаўскія гульні “Руху” пасярод старасвецкіх дубоў.

Забыўся сказаць на тое, што будынак РДР стаіць па суседстве з чародкай старасвецкіх дубоў. Што тут было раней, ніхто не памятае, але месца, падаецца, здавён вельмі нешараговае. Менавіта пад дубовымі шатамі, як паведамляе навуковы супрацоўнік установы Наталля Білімава (наш актыўны пазаштатны аўтар) і ладзяцца гульнявыя і не толькі акцыі “Руху”. Я сам бачыў, як дзеткі радуюцца ад гульняў сваіх бабуль, бо яны любяць. Язык не паварочваецца назваць гэтую любоў, даруй мне Бог, ідэалогіяй. Напэўна, дзе няма любові, там толькі ідэалогія і застаецца (даруй мне Бог яшчэ раз). Я ведаю, пра што кажу, бо бачыў вочы дзяўчыны, якая знайшла ў куфры вышыванку дзядулі і з гонарам яе носіць. У вачах тых столькі “вялікіх сонцаў і сэрц малых”, што гонарам напаўняешся.

Што прыдумаюць у Ганцавіцкім РДР заўтра? Спадзяюся, што Наташа Білімава абавязкова нам пра гэта напіша.

Здымкі прадастаўлены Ганцавіцкім Домам рамёстваў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"