Мастацкі погляд: думкі і вобразы

№ 38 (1477) 19.09.2020 - 26.09.2020 г

Адвечнае пытанне, што было напачатку? Думка? Слова? А мо загад і прымус? Відаць, у залежнасці ад сітуацыі, вызначанай мэты і прагназуемага выніку напачатку можа быць што заўгодна. Але творчасць пачынаецца толькі са свабоды. Гэта ў свой час геніяльна патлумачыў вялікі рэжысёр і рэфарматар тэатра Канстанцін Станіслаўкі. Ягоная славутая тэза гучыць як біблейная прыпавесць. — Як вы мяркуеце, з чаго пачынаецца палёт птушкі? — пытаецца ён у калегі. — Птушка спачатку распраўляе крылы, — чуецца ў адказ. — Нічога падобнага, птушцы для палёту патрэбна найперш свабоднае дыханне, птушка набірае паветра ў грудную клетку, становіцца гордай і пачынае лятаць.

Мастак — гэта перш за ўсё сапраўдны майстар, то бок вытанчаны выканаўца творчых задум і, безумоўна, свабодны чалавек. Менавіта такім я ведаю Аляксея Марачкіна (творчы псеўданім Алесь МARA), якому сёлета споўнілася 80 гадоў і які з гэтай нагоды ладзіў у сталічным Палацы мастацтва персанальную выставу. Гледзячы на тое, з якім імпэтам Аляксей Антонавіч на выставе распавядае гледачам пра свае карціны і жыццёвыя варункі, што прывялі да іх стварэння, разумееш, што менавіта свабодная воля і трывалыя маральныя прынцыпы дазваляюць яму не зважаць на ўзрост. Сапраўдны творца заўжды малады і заўжды на пачатку шляху.

/i/content/pi/cult/816/17479/9_1.jpg

А.Марачкін. "Казімір Семяновіч".

Паходжаннем мастак вясковец з Магілёўшчыны. Ён належыць да таго пакалення, што мела магчымасць атрымаць прафесійную адукацыю не ў Маскве ці ў Піцеры, а на радзіме. Я маю глыбокую павагу да гэтых цэнтраў культуры, але трымаюся думкі, што нацыянальная мастацкая школа мусіць грунтавацца на мясцовых рэаліях, што беларускаму мастаку лепей вучыцца дома. А за мяжой, калі будзе на тое патрэба — удасканальваць базавыя веды і прафесійныя навыкі, набытыя ў родных сценах. Прытым, што з кожнага правіла могуць быць выключэнні.

Уласна кажучы, на гэтай выставе мастак прадставіў грамадзе свой жыццяпіс ад студэнцкіх часоў да сённяшняга дня, занатаваны ў карцінах на сюжэты асабістага жыцця і жыцця краіны. Асабістае і грамадскае спалучаецца ў ягоных творах на дзіва гарманічна. Храналогія больш як паўстагоддзя творчасці Аляксея Марачкіна — гэта візуалізацыя пошуку беларускай нацыяй сваёй ментальнай тоеснасці і гістарычнай ідэнтычнасці з 60-х гадоў мінулага стагоддзя па сённяшні дзень.

/i/content/pi/cult/816/17479/9_2.jpg

А.Марачкін. "Планета Палын".

У ранніх творах спадар Аляксей звяртаецца да памятных з дзяцінства вобразаў сваякоў і сяброў, роднай вёскі з яе традыцыйным побытам, на тыя часы яшчэ не падпарадкаваным жорсткім законам урбанізацыі. Умоўна гэта можна назваць этнаграфізмам, але з ярка выяўленым псіхалагічным чыннікам. Рэч у тым, што малюе Марачкін менавіта свае ўспаміны і ў значнай ступені сваю сённяшнюю рэчаіснасць, бо з малой радзімай творца не парываў ніколі. Сілкуецца ад родных каранёў і зараз.

Пазней прыйшло рамантычнае захапленне нацыянальнай гісторыяй. Найперш — велічным Сярэднявеччам і драматычным Адраджэннем беларушчыны на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Асобнае месца ў творчасці Марачкіна займае асэнсаванне спадчыны Язэпа Драздовіча ў кантэксце сённяшняй рэчаіснасці. (Адзін з маляваных дываноў “вечнага вандроўніка” ёсць у экспазіцыі як знак духоўнага арыенціру спадара Аляксея). І нарэшце мастак становіцца адным з лідараў нонканфармізму і сацарту ў нашым мастацтве. Гэтая іпастась у ягонай творчасці і сёння застаецца, здаецца, дамінуючай, як гэта было і за савецкім часам і ў суверэннай Беларусі.

Разам з канцэптуальнымі пошукамі ішло фармаванне ўласнай выяўленчай мовы. Напачатку жывапіс Марачкіна пастозны, нават рэльефны. Дамінуе тон, колер скарыстоўваецца вельмі ашчадна. Каларыт звычайна цёмны, колеравых нюансаў няшмат, светлыя фарбы на такім тле ўспрымаюцца блікамі. Потым палітра паступова высвятляецца, а ў работах апошніх гадоў прысутнічае гарманічнае шматквецце. Сёння калі-нікалі мастак у жывапісе звяртаецца да стылістыкі больш уласцівай графіцы, скарыстоўвае як выразны сродак лінію і штрых.

/i/content/pi/cult/816/17479/9_4.jpg

У.Басалыга. "Зямное і Касмічнае"..

У экспазіцыі я бы вызначыў як этапныя наступныя творы. “Бабка Марыля” (1975), “Сведкі мінуўшчыны” (1977), “Вітаўт Вялікі” (1980), “Дарога ў школу” (1981), “Вераніка і Максім” (1981), “Планета Палын” (1997), “Надзея. Яўген Кулік” (1998),“Плошча Кастуся Каліноўскага” (2007), “Пераможцы” (2011), “Сённяшнія Курапаты” (2019), “Вільня. 22 лістапада 2019 г.” (2020), “Армагедон” (2020). Гэта аповед пра Беларусь, сённяшнюю і вечную, з дадаткам фрагментаў жыццяпісу самога творцы. А назву выстава мае “Армагедон”. Той, хто чытаў Біблію, ведае, што гэта апошняя бітва перад прышэсцем Месіі. Для аналогіі: У “Інтэрнацыянале” — “Гэта бой наш астатні…” Мастак верыць, што ўсё аднойчы павернецца на добры лад.

/i/content/pi/cult/816/17479/9_5.jpg

У. Басалыга. "Мова наша родная".

Выстава Аляксея Марачкіна займае ўвесь другі паверх Палаца мастацтва, а на першым паверсе выставы графікаў Уладзіміра Басалыгі і Андрэя Басалыгі — бацькі і сына. Першаму споўнілася 80 гадоў, другому — 50. На жаль, Уладзімір Самойлавіч, дарэчы — сябра і аднадумец Марачкіна, гэтым летам пайшоў з жыцця, так што юбілейная персаналія гэта яшчэ і выстава памяці. Спадар Уладзімір зрабіў сабе імя творамі, якія распавядаюць пра духоўную і матэрыяльную спадчыну беларускага народа. Найбольш вядомыя грамадзе ягоныя графічныя цыклы “Мова наша родная” і “Помнікі дойлідства Беларусі”. Варта адзначыць, што калі спадар Уладзімір маляваў тыя храмы, замкі, палацы, каштоўную гарадскую забудову, стан гэтых помнікаў гісторыі і культуры быў не ў лепшым стане. На жаль, не даходзілі ў савецкай ўлады рукі да рэстаўрацыі старасветчыны. Калі храм ці палац былі проста ў занядбаным стане, дык дзякуй Богу і за тое. Бо ўлады ў ідэалагічным запале маглі свядома знішчыць і нават падмурку не пакінуць. А вось Уладзімір Самойлавіч маляваў шэдэўры дойлідства такімі, якімі яны былі ў лепшыя для сябе часы. Гэта было падобна на праект рэстаўрацыі, выстаўлены на грамадскае абмеркаванне. Такімі, як іх маляваў Уладзімір Басалыга, гэтыя будынкі сталі сёння, калі ў незалежнай Беларускай дзяржавы знайшліся сродкі на рэстаўрацыю і імпэт каб здзейсніць гэтую годную працу.

/i/content/pi/cult/816/17479/9_3.jpg

А. Басалыга. "Ікар".

Можна сказаць, што спадар Уладзімір маляваў ідэальную Беларусь, якой яна нам бачылася ў 80-я і 90-я гады. Памкненне зрабіць навакольны свет гарманічным было стрыжнем ягонай творчасці. Адзін з экспанатаў выставы — аўтэнтычны распісны дыван Алены Кіш, адрэстаўраваны спадаром Уладзімірам. Як Драздовіч на выставе Марачкіна — знак творчага арыенціра. Выстава называецца “Мая споведзь”. На пачатку экспазіцыі тэкст з такой жа назвай. У ім мастак выказвае падзяку ўсім добрым людзям, з якімі яго звёў лёс. Завяршаецца тэкст сакральнымі словамі “Жыве Беларусь!” Ён і насамрэч паспрыяў таму, каб гэты лозунг быў рэальна спраўджаны.

Тэматыка і стылістыка твораў Андрэя Басалыгі не мае нічога агульнага з тым, што рабіў ягоны бацька. Назваў ён сваю выставу шматзначным і падыходзячым для якога заўгодна кантэксту словам “Анталогія”. Як па мне, гэта ўжо не зусім станковая графіка, якая, так бы мовіць, канцэптуальна аўтаномная і самадастатковая, але хутчэй графічны дызайн, які прадугледжвае сякі-такі кантэкст успрымання. Ды і экспазіцыя будуецца не паводле традыцыйнай схемы, але як інсталяцыя. Спадар Андрэй засвоіў рэалістычную школу, цудоўна малюе і майстэрскі скарыстоўвае тэхналогіі, якія абавязкова мусіць ведаць мастак-графік. У экспазіцыі сярод іншага ёсць надзвычай эфектныя фігуратыўныя творы. Відавочна, што мог бы ён плённа працаваць у гэтым кірунку. Але абраў іншы шлях — пошук і эксперымент. Я не ведаю, да якой плыні можна аднесці тое, на чым мастак засяроджаны сёння. Але відавочна, што ён імкнецца знайсці выяўленчую мову, якая адпавядала б нашаму часу і менталітэту моладзі за якой заўжды будучыня. У любым выпадку ягоныя творы доўга захоўваюцца ў памяці. А значыць чымсьці чапляюць гледача.

/i/content/pi/cult/816/17479/9_6.jpg

В. Мурашка. "Дарога".

Ёсць выстава і ў аванзале Палаца. “Думкі і вобразы”. Яна таксама юбілейная. Яе аўтар — скульптар Вольга Мурашка. У анатацыі да выставы спадарыня Вольга з удзячнасцю згадвае свайго бацьку, значную постаць у беларускай пластыцы 60х — 70х гадоў. Менавіта ад яго яна атрымала першыя ўрокі мастацтва і жыцця, ды яе творчы почырк нагадвае бацькавы. Вольга Мурашка — прыхільнік рэалістычнай школы. Экспазіцыя складаецца ў асноўным з партрэтаў канкрэтных асоб, але ёсць і абагульненыя вобразы, што фармальна належаць станковай пластыцы, але сутнасна набліжаны да манументальна-дэкаратыўнай.

Гаворачы пра ўвесь комплекс гэтых экспазіцый Палаца можна звыкла канстатаваць, што ў нашым мастацтве суіснуюць і плённа ўзаемна ўплываюць розныя стылёвыя напрамкі і канцэптуальныя падыходы. І яшчэ парадавацца за людзей, якія дапаўняюць Богам дадзены талент набытым, напрацаваным пачуццём унутранай свабоды.

Фота аўтара і Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"