Сіла смеху і слёз

№ 38 (1477) 19.09.2020 - 26.09.2020 г

Белдзяржцырк: нататкі пад купалам манежа
Многія ўстановы культуры нашай краіны, як вядома, вясной і летам фактычна не працавалі ці значна зменшылі сваю актыўнасць — каранавірус адмоўна паўплываў на творчыя планы, наведвальнасць, прымусіў адмяняць гастролі за мяжу… Не пазбеглі гэтай сусветнай негатыўнай тэндэнцыі і беларускія цыркі, у якіх, пачынаючы з сакавіка — красавіка, пачаліся масавыя адмовы ад білетаў і, адпаведна, прастоі ды адпачынкі ў супрацоўнікаў. Але цяпер усё паступова вяртаецца “на кругі свае”: так, у Гомельскім дзяржаўным цырку сёння, 19 верасня, распачнецца новы сезон, а, згодна з планамі, у Беларускім дзяржаўным цырку 10 кастрычніка адкрыецца новая відовішчная праграма.

Праграма для кожнага

Прычым, як заверылі “К” у Белдзяржцырку, новая праграма пад назвай “Цыркавы калейдаскоп” абавязкова зацікавіць як маленькіх, так і дарослых гледачоў. На арэне для іх выступяць мядзведзі на гіраскопе, адзіная ў свеце малпа, якая можа ехаць на восліку ды жангліраваць пры гэтым мячыкамі, калматыя сабакі-акрабаты, беласнежныя тыгры, вершнікі на конях, бясстрашныя паветраныя акрабаты і гімнасты, і, натуральна, асілкі-спартсмены ды гарэзныя клоўны.

— Праграма распрацоўвалася некалькі месяцаў, і мы мяркуем, што ўсе цыркавыя нумары, якія будуць на ёй прэзентаваны, знойдуць сваіх удзячных прыхільнікаў, — адзначыла “К” намеснік дырэктара Белдзяржцырка Вольга Басякова. — Паверце, і нашы артысты, і нашы гледачы вельмі жадаюць нарэшце, пасля доўгага перапынку, сустрэцца падчас відовішчнага цыркавога спектакля.

Дарэчы, новая праграма будзе доўжыцца ўсяго паўтары гадзіны і пройдзе без антракту. Па словах суразмоўцы, гэта зроблена для таго, каб не ствараць дадатковых умоў для распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў сярод наведвальнікаў. На ўваходзе ў цырк будуць прадавацца маскі, а яшчэ ўсюды будуць расстаўлены антысептыкі. Такім чынам, пэўныя меры засцярогі ва ўстанове абавязкова будуць прынятыя.

/i/content/pi/cult/816/17477/5_1.jpg

— Мы вельмі разлічваем на тое, што і жыхары Мінска, і госці беларускай сталіцы зноў будуць да нас завітваць, як і раней, — кажа мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага цырка Вітаўтас Грыгалюнас. — Спадзяемся, што гэты год мы завяршым на мажорнай ноце, тым больш, ужо цяпер мы рыхтуем новую навагоднюю праграму, якой плануем парадаваць нашых гледачоў ужо ў снежні. Да слова, пачынаючы з сярэдзіны снежня да сярэдзіны студзеня мы даем па дзве — тры праграмы штодня! Так што рыхтавацца да правядзення гэтай навагодняй праграмы трэба ўжо сёння.

Па словах Вітаўтаса Грыгалюнаса, адной з “фішак” новай праграмы, што будзе прэзентавана ўсім ахвотным 10 кастрычніка, стануць прэм’ерныя паказы некалькіх нумароў паветраных гімнастаў пад купалам цырка. Як адзначыў мастацкі кіраўнік установы, нумары настолькі відовішчныя, што будуць уражваць нават сталых цыркавых заўзятараў. Што ж, хутка ўсё пабачым, што называецца, на свае вочы…

Жыццё “пад завязку”

Яшчэ летам я браў невялікае інтэрв’ю ў дырэктара Беларускага дзяржаўнага цырка Уладзіміра Шабана, які запэўніў мяне, што ўсе рэпетыцыі з жывёламі адбываюцца згодна з раскладам без аніякіх змен, нягледзячы нават на адсутнасць гледачоў. Гэтую інфармацыю пацвердзіла мне і Вольга Басякова.

— Рэпетыцый мы не адмянялі, бо браты нашы меншыя павінны пастаянна быць на манежы, каб заставацца ў тонусе і быць падрыхтаванымі да працы ў любы момант, — кажа намеснік дырэктара Белдзяржцырка. — Таксама такім жа, як і заўсёды, заставаўся рацыён у жывёл: ніхто з іх не галадаў і ніхто не адчуваў ніякіх зменаў у заведзеным распарадку дня. У цырку, як вы ведаеце, сёння ёсць тыгры, коні, поні, сабакі, малпы і мядзведзі, для ўсіх іх створаны камфортныя ўмовы пражывання, за імі даглядаюць спецыяльныя рабочыя і нават наладжана ветэрынарнае абслугоўванне.

Усё гэта, безумоўна, радуе: значыць, жывёлы сустрэнуць новы цыркавы сезон у поўнай “баявой” падрыхтоўцы. А як сябе адчувалі падчас вымушаных вакацыяў цыркавыя артысты?

/i/content/pi/cult/816/17477/5_2.jpg

— Зразумела, без гледачоў, без імпрэзаў нам было жыць даволі цяжкавата, — адзначае Вольга Басякова. — Разам з тым, усе артысты разумелі як тую сітуацыю, якая склалася на той момант у краіне, так і пільную неабходнасць увядзення санітарных нормаў падчас наведвання культурна-відовішчных устаноў і масавых мерапрыемстваў. Артыстам своечасова выплачваліся заробкі, многія з нашых супрацоўнікаў сыходзілі ў адпачынкі, каб перачакаць гэты неспрыяльны час, а тыя, хто заставаўся працаваць, штодня ладзілі рэпетыцыі цыркавых нумароў.

Да слова, да пачатку “каранавіруснай эпохі” Беларускі дзяржаўны цырк працаваў з прыбыткам, а запаўняльнасць глядзельнай залы, разлічанай больш чым на 1600 чалавек, вагалася ў межах 87-93%, і амаль заўсёды была запоўненая, што называецца, “пад завязку”.

— Вельмі спадзяемся, што такая запаўняльнасць залы будзе і цяпер, падчас прэзентацыі новай цыркавой праграмы, — кажа Вольга Басякова. - Мяркуючы па ўсім, многія нашыя сталыя наведвальнікі сёння вельмі жадаюць завітаць да нас, у цырк, у якім не былі ўжо паўгады. І мы будзем вельмі рады гэтай сустрэчы!

“Срэбра” на Чэмпіянаце свету

Новая цыркавая праграма — гэта толькі адзін са складнікаў шматграннай дзейнасці сталічнай установы культуры. Іншы складнік — актыўная пазіцыя Белдзяржцырка ў дачыненні да замежных гастроляў ды выступленняў на міжнародных фестывалях. Напрыклад, за апошнія чатыры гады артысты Беларускага дзяржаўнага цырка ўдастоіліся 18 узнагарод рознай, у тым ліку вышэйшай, пробы на міжнародных фестывалях у Астане, Пхеньяне, Монтэ-Карла ды шмат дзе яшчэ.

Пра апошні са згаданых фэстаў варта сказаць асобна. Міжнародны фестываль цыркавога мастацтва ў Монтэ-Карла ўспрымаецца ў свеце многімі як своеасаблівы Чэмпіянат свету. І менавіта на ім, у студзені бягучага года артыст Белдзяржцырка Сяргей Несцераў атрымаў “срэбра”.

— Яго выступленне адзначылі ўсе суддзі, — расказаў мне мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага цырка Вітаўтас Грыгалюнас. — І гэта яскравы прыклад таго, што наш беларускі цырк годна прэзентуе Беларусь на сусветных цыркавых пляцоўках, а пра яго высокае прафесійнае майстэрства ведаюць і цэняць ва ўсім свеце.

Дарэчы, адзін з паказчыкаў гэтага высокага прафесіяналізму з’яўляецца і членства Белдзяржцырка ў Міжнароднай асацыяцыі цыркаў.

— У гэтую міжнародную асацыяцыю цыркаў нас запрасілі зусім нядаўна, летась, — кажа Вітаўтас Грыгалюнас. — Скажу больш: нам асабіста даслаў запрашэнне на ўступленне ў гэтую прэстыжную арганізацыю яе кіраўнік, віцэ-прэзідэнт фестывалю ў Монтэ-Карла Урс Пілс. На сёння ў асацыяцыю ўваходзяць каля 40 цыркавых арганізацый, гэта лепшыя цыркі з усяго свету. Так што для нас гэта вялікі гонар і сапраўднае прызнанне нашых заслуг на сусветным узроўні.

Праца на імідж

І гэта яшчэ не ўсё. Высокі статус Белдзяржцырка ў цыркавым свеце пацвярджаецца і тым, што тут з 2017 года ладзіцца Міжнародны фестываль цыркавога мастацтва. На прадстаўнічы міжнародны форум прыязджаюць прадэманстраваць свае ўнікальныя нумары дзясяткі артыстаў і творчых калектываў з розных краін свету. Так, калі ў 2017 годзе на фестывалі прысутнічалі артысты з 16-ці краін, дык летась — ужо прыкладна 100 чалавек з 18-ці дзяржаў.

— Можна сказаць, што на нашым фестывалі прысутнічаюць артысты з усіх кантынентаў зямнога шара, і таму наш фестываль мае вялікі рэзананс, — кажа Вольга Басякова. — І, канечне, гэта значна падымае імідж Белдзяржцырка ды ўсёй Беларусі ў свеце.

Напрыклад, на апошнім фестывалі была сабрана разнастайная жанравая палітра цыркавога мастацтва: акрабатыка, гімнастыка, жангліраванне, клаўнада, эквілібрыстыка, фокусы, дрэсура і атлетыка. Некаторыя краіны прэзентавалі гледачам па два ці нават тры нумары, а самі ўдзельнікі цыркавога форуму змагаліся за Гран-пры, золата, срэбра, бронзу, а таксама прызы глядацкіх сімпатый і дзіцячага журы.

Як спадзяецца намеснік дырэктара ўстановы, зладзіць наступны фестываль можна будзе і налета, у 2021 годзе — форум, паводле задумаў адміністрацыі, адбываецца раз на два гады. Галоўнае, каб у гэтым не перашкодзіў каранавірус, бо з зачыненымі на карантын межамі разлічваць на прыезд замежных гасцей, пагадзіцеся, не выпадае.

Дарэчы, падчас правядзення фестывалю значную фінансавую падтрымку для правядзення маштабнага цыркавога форуму Белдзяржцырк атрымлівае ад Мінгарвыканкама, а таксама ад спонсараў і дзяржаўных ды прыватных арганізацый. Як прызналася мне Вольга Басякова, праца са спонсарамі патрабуе значных намаганняў і высілкаў, але, натуральна, заўсёды апраўдвае сябе. Так, напрыклад, у 2017 годзе значныя фінансавыя сродкі на правядзенне фестывалю былі атрыманы ад Беларускай калійнай кампаніі, а летась — ад Беларусбанка.

— У першую чаргу, названыя спонсарскія грошы ідуць на аплату транспартных расходаў нашых гасцей, бо ў выніку гэта даволі важкая сума, — кажа Вольга Басякова. — З усім астатнім нам дапамагае Мінгарвыканкам. Акрамя таго, для наладжанага функцыянавання фестывалю мы выкарыстоўваем і свае сродкі, заробленыя самастойна.

Але ж, як кажуць, не толькі хлебам або грашыма жыве чалавек. Так і ў Белдзяржцырку здаўна актыўна працуюць па дабрачынных праектах, ладзяць відовішчныя прагляды для дзяцей са шматдзетных сем’яў, дзяцей-сіротаў ці дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Зазвычай, як адзначыў мне Вітаўтас Грыгалюнас, гэтыя дабрачынныя імпрэзы адбываюцца падчас навагодніх выступленняў. Не варта і казаць, што праходзяць падобныя цыркавыя праграмы, што называецца, “на ўра” і надоўга запамінаюцца як маленькім гледачам, так і самім артыстам.

***

Як бачна, сёння Белдзяржцырк сапраўды гатовы да працы ў любых, нават самых неспрыяльных умовах. Галоўнае, каб і новая цыркавая праграма, і запланаваныя навагоднія імпрэзы прайшлі ў цырку без эпідэміялагачных, эканамічных, фінансавых ці сацыяльных перашкод і трывог, якія тым або іншым чынам адчуваюць цяпер на сабе ўсе жыхары Беларусі. Як казаў Чарлі Чаплін, “я веру, што сіла смеху і слёз — гэта проціяддзе ад нянавісці і страху”. Я ў гэта веру таксама

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"