Святы Губерт на вуліцах Гродна

№ 38 (1477) 19.09.2020 - 26.09.2020 г

У пятніцу 18 верасня ў Гродне адбылося ўрачыстае адкрыццё манументальна-дэкаратыўнай скульптуры Святога Губерта, які лічыцца апекуном горада. Побач з фігурай святога можна ўбачыць і аленя, чыя выява размешчана на гербе Гродна.

Новая скульптура з’явілася на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Кастрычніцкай побач з будынкам абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Раней на гэтым месцы знаходзілася драўляная постаць турыста. Але яна выклікала спрэчкі і пэўную незадаволенасць гараджан, і ў выніку знікла з вачэй мінакоў. Месца вызвалілася, і цяпер там стаіць святы з аленем.

/i/content/pi/cult/816/17472/3_1.jpg

Губерт — каталіцкі святы, які жыў у Францыі ў VII—VIII стагоддзях, заступнік паляўнічых, рыбакоў і леснікоў. Адданым хрысціянінам ён стаў пасля таго, як на паляванні ўбачыў знак, пасланы яму з нябёсаў, у выглядзе аленя з залатым крыжам паміж рогамі. І гэты алень, які скоча цераз агароджу, якраз і з’яўляецца сімвалам Гродна, яго можна ўбачыць, нагадаем, на гербе горада.

Над стварэннем новага помніка працаваў вядомы гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў — аўтар больш чым 20-ці скульптур, якія ўпрыгожваюць вуліцы гэтага абласнога цэнтра.

/i/content/pi/cult/816/17472/3_2.jpg

У Гродне ідэя пра ўстаноўку помніка ў гонар Святога Губерта, як кажуць, даўно лунала ў паветры. А сёлета на пачатку года, пры падрыхтоўцы да традыцыйнага Фестывалю нацыянальных культур, які мусіў адбыцца на пачатку лета, было вырашана і падарыць гораду новую скульптуру. Але з-за пандэміі фестываль адмяніўся, і адкрыццё помніка прымеркавалі да Дня горада, які ў Гродне традыцыйна ладзіцца ў трэцюю суботу першага месяца восені — сёлета гэта 19 верасня.

/i/content/pi/cult/816/17472/3_3.jpg

Па задуме аўтара, сама скульптура Святога Губерта з аленем мае невялічкі памер — 85 сантыметраў, а вось пастамент для яе ў выклядзе калоны даволі высокі — 2 метры 20 сантыментраў, і такім чынам фігуру можна будзе ўбачыць здалёк.

Для ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новага помніка Гродзенскі гарадскі Цэнтр культуры падрыхтаваў канцэртную праграму, у якой выступілі квартэт Гродзенскай дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгауза, узорная студыя танцаў “Дзеці Галактыкі” Верцялішкаўскага Цэнтра культуры і саліст эстраднага калектыву “Струны сэрца” Яўген Кіслы.

Помнік у ракурсах.Фота Юліі Бухта