Чытанне ў трэндзе

№ 38 (1477) 19.09.2020 - 26.09.2020 г

Гэты тыдзень у нашай краіне прайшоў пад эгідай правядзення агульнарэспубліканскага Дня бібліятэк. Насамрэч, бібліятэчная справа ў культурным кантэксце і пасёння застаецца важкай і патрэбнай.

Дзень бібліятэк, як вядома, адзначаецца ў нашай краіне 15 верасня, а самі бібліятэкі цяпер з’яўляюцца буйнымі інфармацыйна-культурнымі цэнтрамі, што выконваюць шмат задач. Дзіва што: па дадзеных за 2019 год кожны трэці беларус з’яўляўся карыстальнікам бібліятэкі, а агулам летась чытачам бібліятэк было выдана “на рукі” больш за 56 мільёнаў экзэмпляраў кніг, часопісаў і іншых сродкаў інфармацыі. Карацей кажучы, чытанне сёння робіцца трэндам, прычым, як на папяровых, так і на віртуальных носьбітах інфармацыі.

Да таго ж, як адзначыў падчас прэс-канферэнцыі з нагоды Дня бібліятэк намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша, сёння, у сувязі са змяненнем інфармацыйных працэсаў у грамадстве бібліятэкі працягваюць праходзіць складаны, але важны працэс трансфармацыі.

— Так, на сёння ў краіне дзейнічае звыш сямі тысяч бібліятэк, яны прысутнічаюць фактычна ва ўсіх ведамствах дзяржаўнага кіравання краіны, — зазначыў Аляксандр Суша. — На пачатак гэтага года ў сістэме Міністэрства культуры налічвалася 2524 бібліятэкі. Акрамя таго, бібліятэчны фонд краіны ўключае каля 180 мільёнаў фізічных дакументаў, а фонд Нацыянальнай бібліятэкі — звыш 10 мільёнаў.

Адна з галоўных трансфармацый, па словах Аляксандра Сушы, — гэта выхад бібліятэк у новую, віртуальную прастору. Зразумела, чытачы ідуць і ў рэальныя бібліятэкі, але ў іх расце колькасць віртуальных наведванняў, прычым рост адзначаецца штогадова. Акрамя таго, пашыраецца геаграфія віртуальных наведвальнікаў: на сайты беларускіх бібліятэк завітваюць госці не толькі з Еўропы ці ЗША, Аўстраліі ці Кітая, але нават і з такіх экзатычных краін, як Зімбабвэ, Куала-Лумпур, Танзанія.

— Дадам, што ў бібліятэцы значна развіўся спектр інфармацыйных паслуг і рэсурсаў, — расказаў Аляксандр Суша. — Напрыклад, набываюцца базы даных буйнейшых распрацоўшчыкаў і агрэгатаў з усяго свету, адкрываюцца новыя рэсурсы ў анлайн-доступе, таксама палепшылася сфера віртуальнага кансультавання. Для любога ахвотнага даступна асноўная навуковая перыёдыка, публікацыі, дысертацыі і іншыя дакументы з усяго свету.

Напрыканцы астаецца толькі дадаць, што з нагоды Дня бібліятэк “К” таксама далучаецца да афіцыйных і неафіцыйных віншаванняў на адрас ўсіх бібліятэкараў нашай краіны і жадае ўсім супрацоўнікам бібліятэчнай справы моцнага здароўя, плёну, дабрабыту, рэалізацыі творчых задумаў і планаў! Са святам, дарагія нашы сябры, калегі і пазаштатныя карэспандэнты!

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"