Наведайце Кублічы, не пашкадуеце!

№ 37 (1476) 12.09.2020 - 19.09.2020 г

З Васілём Быкавым, шкада, не быў знаёмы. Калі я пераехаў у Мінск, ён з’ехаў ужо за мяжу. А вось з Рыгорам Іванавічам нас даўно і назаўжды пазнаёміў паэт Віця Стрыжак, з якім мы шмат гадоў працавалі разам у Веткаўскай райгазеце. Менавіта Барадулін быў для Віктара хросным бацькам у літаратуры. Для мяне ж і Быкаў, і Барадулін былі і застаюцца волатамі, на якіх трымаецца высокае беларускае неба. Нічым сябе не заплямілі. А святло іх магутнага слова і па сёння саграе нашы душы і дае спадзеў на лепшую будучыню нашай зямлі. Барадулін быў вельмі выхаваным і кожнаму са знаёмых маладзёнаў казаў на развітанне “Беражы сябе, дзетка!” Казаў і мне так. “Берагу, Рыгор Іванавіч, але атрымліваецца не заўжды”. На гэтым з летуценнай лірыкай заканчваю і звяртаюся да канкрэтных фактаў.

З сацыяльных сетак прыйшла навіна пра тое, што Ушацкі райвыканкам выдаў дазвол на ўсталяванне ў цэнтры горада бюстаў народных пісьменнікаў Быкава і Барадуліна. Як вядома, першы нарадзіўся ў Бычках, а другі — на хутары Верасоўка. Дзякуючы такому факту Ушаччына з’яўляецца для нашай літаратуры ды беларускай нацыі святой зямлёй. Мяркуецца, што грошы на бюсты збярэ грамадства. І няма сумневу, што ўсё атрымаецца, бо менавіта такім чынам узнік некалькі гадоў таму прыстойны помнік на магіле Рыгора Барадуліна. Дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян увогуле галасуе абедзвюма рукамі не за бюсты, а за паўнавартасныя помнікі. Такога ж меркавання прытрымліваецца і кіраўнік Ушацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Лідзія Шкаруба. Маўляў, постаці нашых літаратурных геніяў цалкам таго вартыя. Пагаджаюся! Але, як той казаў, не ўсё адразу... У Бычкі таксама не зарастае народная сцяжына. Але мала хто ведае, што ў Кублічах, куды малы Васіль бегаў у школку, дзейнічае бібліятэка, якая носіць імя Быкава. Няхай паправяць мяне знаўцы-энцыклапедысты, але такая ўстанова на Беларусі — пакуль адзіная. Як той казаў, усё будзе, але не сёння… Наведайце Кублічы, не пашкадуеце. Дакладна даведаецеся, чым і як жыве на сёння маленькая беларуская вёсачка, чым і як жыве наша сельская культура.

/i/content/pi/cult/815/17465/10_1.jpg

У Дзятлаве развітваюцца з летам.

Словам, тэма нашага сённяшняга агляду — вечная: захаванне ды памнажэнне народнага мастацтва і беларушчыны. Гаворка пра гэта — ці не ў кожным лісце.

Загадчык аддзела мастацкай творчасці Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Кулікова піша: “На Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах нашу ўстанову прэзентавалі чатыры майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: Лілія Фёдарава (вышыўка), Аляксандр Аленін і Алеся Сівец (разьба па дрэве), Вольга Шавель (ткацтва). Па выніках рэгіянальнага конкурсу аб’ёмнай скульптуры “Залаты птах” Аляксандр Аленін узнагароджаны дыпломам другой ступені за скульптуру “Несцерка”.

У чым сутнасць і пераможнасць мастацтва? Не толькі беларускага, любога. Падаецца, яна ў барадулінскім ёмістым радку: “Чым цягнецца вышэй у неба дрэва — глыбей ідуць карэнні ў зямлю”. Час даўно пра экалогію сумлення крычаць: калі спляжыць вёску, дык гарадской сілы на адраджэнне не хопіць. З хворымі каранямі любы дуб сканае.

/i/content/pi/cult/815/17465/10_2.jpg

Соф'я Гальшанская з паплечнікамі.

Менавіта пра гэта гаварылі падчас вечарыны-сустрэчы “Пісьменства… Крок у мінулае, шлях у будучыню”. Мерапрыемства ладзілі ў Лідскім Палацы культуры ўдзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “МузАльянс”. Гучалі вершы пра Беларусь, каханне, сяброўства, пра нашы эмоцыі і лёсы. Лідскія паэты прапанавалі прысутным і новыя творы. А ўдзельнікі лепшых творчых калектываў установы да кожнага верша прапанавалі канцэртную “карцінку”… Добрая інфармацыя. Вось толькі аўтар пасаромеўся назваць прозвішча ды пасаду. Не тая сітуацыя, калі сціпласць упрыгожвае.

Выстава-альбом, выстава-разважанне, выстава-погляд… Гэта пра што, запытаецеся вы. Пра выбітны праект “Беларускі сямейны альбом”! Гаворка пра надзвычай нешараговую падзею. Па-першае, любы ліст з Гомельшчыны я ўспрымаю як бязмежную асабістую радасць, бо родная вобласць, мякка кажучы, навінамі нашу рэдакцыю не надта бэсціць. Неяк трэба выпраўляць сітуацыю! Па-другое, асветніцкі рух “Беларускі сямейны альбом” (цытую маніфест) “персаніфікуе гісторыю нашай Радзімы, дае ёй вочы, рукі, ногі, сэрца і душу”. Вось як! І я веру гэтым палымяным словам, бо за імі — жаданне знішчыць сум і пакараць музейную руціну. Канкрэтны крок праекта — выстава “Кола жыцця беларуса”, падрыхтаваная прыватнай сацыяльна-інфармацыйнай установай “Майстэрня інавацыйных тэхналогій” і дзяржаўным Музеем гісторыі горада Гомеля. Дадам толькі, што выстава прапаноўвае шэсць зваротаў кола жыцця беларуса, якія распавядаюць пра дзяцінства, сталенне, навучанне, вяселле, сямейнае жыццё і смерць. Усё зафіксавана на старых фотаздымках. Я абавязкова вярнуся да гэтага незвычайнага дзяржаўна-прыватнага партнёрства, якое нараджае адмысловыя канцэпты, бо вельмі хочацца пісаць пра незвычайнае.

/i/content/pi/cult/815/17465/10_3.jpg

На фотаздымках — Масты.

А зараз не пра канцэпты, зараз — пра традыцыю. Этнавыхаванне — гэта заўжды Мікола Козенка. Гэтым разам яму дапамог яшчэ адзін знакаміты фалькларыст-даследчык — Алесь Лозка. Разам яны сталі ўкладальнікамі метадычнага зборніка па матэрыялах VI Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання”. Пра падзею напісала Валянціна Пранкевіч з Чачэрска: “У зборніку сабраны артыкулы дацэнтаў, вядучых навуковых супрацоўнікаў, прафесараў, кіраўнікоў танцавальных і вакальных узорных калектываў, выкладчыкаў ВНУ, настаўнікаў, журналістаў, бібліятэкараў аб каштоўнасцях беларускага фальклору, захаванні вусна-паэтычнай творчасці і яе выкарыстанні школьнікамі, аб папулярызацыі нацыянальнага, прапагандзе этнічнага мастацтва на прыкладзе сваіх рэгіёнаў”. Згаданыя канферэнцыі — вынік дзейнасці чарговага асветніцкага руху — Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, любімага дзецішча неўтаймоўнага Міколы Козенкі. Дай Бог яму здароўя!

Вельмі шчырае і эмацыйна-пранізлівае пісьмо прыйшло ад нашага сталага аўтара Канстанціна Карнелюка з Віцебска. Гэтым разам неабыякавага аўтара натхнілі вобразы Камянеччыны. “У жыцці ёсць вышыні, сустрэчы з якімі прагне душа, — піша ён. — Менавіта такой з маленства стала для мяне Камянецкая вежа. Трыццаць метраў вышыні, аднак душа сягае ў бясконцасць. Захаванне вежы — прыклад сапраўднага нацыянальна-культурнага адраджэння. Наш гістарычны і культурны вопыт — неацэнны скарб”. Тая сітуацыя, калі не дадаць і не адняць.

/i/content/pi/cult/815/17465/10_4.jpg

“Несцерка” і ягоны аўтар — бабруйскі рязьбар Аляксандр Аленін.

Тэму працягваюць метадысты Ашмяншчыны. Яны распавядаюць пра тое, што Гальшаны сёлета адзначылі 740-годдзе. Натуральна, не абышлося без маштабнай тэатралізацыі. А ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці з аграгарадка Баруны парадавалі песнямі.

Ліст з Дзятлаўскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. У Дварэцкім Доме культуры прыдбалі машыну часу і зрабілі для дзяцей вандроўку ў мінулае беларуса-селяніна. Дзея была настолькі пераканаўчай, што ўзрушаныя падлеткі з ахвотай запісваліся ў клубныя гурткі мастацкай творчасці. Яскравы прыклад таго, як вельмі “фантастычныя” тэхналогіі дазваляюць расфарбаваць вельмі будзённую рэальнасць. Кожны змагаецца з фармалізмам па-свойму. І гэта яшчэ не ўсё пра Дзятлаўшчыну.

Раёну — 80 гадоў. З гэтай нагоды Дзятлаўскі РЦК правёў анлайн-фотаконкурс. 32 удзельнікі зрабілі 80 фотаздымкаў. Найлепшай прызнана работа Алены Губко. За фотаздымак пад назвай “Шлях да сонца” прагаласавала 198 чалавек.

Піша метадыст аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Якута: “Цэнтральны парк аграгарадка Князева стаў месцам правядзення Свята бульбы. Рэй вялі незвычайныя героі — Мадам Пюрэ і Бульбаманіха.” Колькі было з’едзена бульбы, невядома, але песень і танцаў было не менш.

“Мастоўская раённая бібліятэка арганізавала інтэрактыўную кніжную пляцоўку “Масты — горад над слаўнай ракой”, — распавядае метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу згаданай установы Вольга Коршун. — Дзейнічалі выстава і фотавернісаж, дзе былі прадстаўлены здымкі мінулага стагоддзя. Маленькія чытачы актыўна карысталіся кніжкамі-цацкамі і размалёўкамі”.

Як я не стараўся адцягнуць гэтую навіну (не, не навіну, а сумны факт), але лета скончылася. Вельмі разумею, чаму дзятлаўская моладзь гэты сум трошкі падсалодзіла вулічным капуснікам “Тваё лета - 2020”. Арганізаваў мерапрыемства РЦК. Дзейнічала арт-кавярня, дзе ішла дыскусія пра псіхалогію здаровай сям’і. Пасля фэсту фарбаў распачалася дыскатэка. Бывай, лета! Наступнае — не за гарамі.

Беражыце сябе, шаноўныя!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"