Тэатр як натхненне і восьмы цуд прыроды

№ 36 (1475) 05.09.2020 - 12.09.2020 г

А дзе шукаць натхненне самому тэатру?
8 верасня Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі адкрывае свой 88-мы сезон. Гэтае спалучэнне трох васьмёрак адразу — ці ж не дадатковы сімвал бясконцасці мастацтва? А яшчэ васьмёрка вымушае згадваць таямнічую ў сваёй прастаце і незразумеласці стужку Мёбіюса, калі падарожжа па адным баку яе паверхні незаўважна прыводзіць на другі. Пэўна, гэтак жа сплятаюцца ў сценах Вялікага опера і балет? Пра адкрыццё сезона, падрыхтаваныя да яго акцыі, далейшыя планы калектыву і многае іншае мы размаўляем з Генеральным дырэктарам тэатра Аляксандрам ПЯТРОВІЧАМ.

/i/content/pi/cult/814/17441/7.jpg— Аляксандр Яўгенавіч! Напярэдадні адкрыцця сезона тэатр правёў дабрачынную акцыю: частка гледачоў запрашалася на спектаклі бясплатна. Хваляваліся, што пасля працяглага перапынку, звязанага з каранавірусам, публіку не зможаце сабраць?

— Пачну з таго, што разнастайныя дабрачынныя акцыі мы ладзілі і раней. Гэта ўвогуле адзін з кірункаў нашай дзейнасці — як, дарэчы, і дзейнасці многіх іншых творчых калектываў нашай краіны. Для цяперашняй акцыі мы абралі пяць спектакляў, заяўленых у вераснёўскай афішы: оперы “Кармэн” Бізэ, “Вяселле Фігара” Моцарта, “Тоска”, “Багема” Пучыні, аперэту “Лятучая мыш” Іагана Штрауса. Усё гэта, як бачыце, бадай самыя папулярныя назвы, якія карысталіся і будуць карыстацца павышанай увагай гледачоў. Дарэчы, гэта пацвердзілася і зараз: літаральна за лічаныя дні да нас паступіла тысяча заявак — гэта акурат той ліміт, на які мы арыентаваліся. Тэлефанаванні працягваюцца, людзі запытваюць, ці можна будзе патрапіць на далейшыя паказы — у тым жа кастрычніку. Але эпідэміялагічная сітуацыя пакуль не стабільная, цяжка прагназаваць, як і што будзе ў наступныя месяцы. Пакуль жа мы хацелі шчыра падтрымаць самыя неабароненыя слаі насельніцтва, каб тэатр змаглі наведаць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, дзеці-сіроты, шматдзетныя сем’і, ветэраны працы, прадаставілі магчымасць наведаць наш тэатр людзям з абмежаванымі магчымасцямі, дзецям-сіротам, шматдзетным сем’ям, ветэранам працы, каб у наш складаны час яны змаглі далучыцца да мастацтва, адчуць яго гаючае ўздзеянне на чалавечую душу. Пяць месяцаў тэатр быў зачынены для шырокай публікі: праводзіўся каранцін, бо частка артыстаў і супрацоўнікаў калектыву захварэлі. Гледачы засумавалі без нас — дык як жа іх не падтрымаць? Акцыя распаўсюджвалася і на медыцынскіх работнікаў, педагогаў, навучэнцаў дзіцячых музычных школ. Мы вельмі ўдзячны медыкам, якія змагаліся за наша жыццё, разам з намі перажывалі ўсе цяжкасці вірусных успышак. Дык як жа іх аддзячыць? Вядома, нашым мастацтвам, якое ўжо само па сабе — адзін з галоўных цудаў сусвету.

— Для вас асабіста наш оперны тэатр — таксама “восьмы цуд прыроды”? Асабліва ўлічваючы, што пачынаецца яго 88-мы сезон. Ці проста працоўныя будні? Увогуле, вы паспелі гэта неяк асэнсаваць за некалькі месяцаў дырэктарства? Бо раней узначальвалі і філармонію, і Музычны тэатр.

— Працаваў і ў Вялікім тэатры ў часы яго рэканструкцыі. А вярнуўся сюды, па збегу абставін, дзень у дзень праз 9 гадоў і 9 месяцаў, як пакінуў гэты калектыў. І магу сказаць, што тэатр дае мне натхненне. Мяне натхняюць задумкі творчых людзей, і мая задача — прыкласці ўсе намаганні, каб рэалізаваць іх. На гэта і скіраваны, як вы сказалі, працоўныя будні. Вельмі хочацца, каб такое ж натхнёнае стаўленне да тэатра было і ў нашых наведвальнікаў. Таму ў верасні мы ладзім яшчэ адну акцыю: усе, хто набывае квіткі ў Камерную залу імя Ларысы Александроўскай, змогуць патрапіць на бясплатную экскурсію па тэатры. Для гэтага трэба будзе ўсяго толькі прыйсці на гадзіну раней. Але, зноў-такі, афіша Камернай залы прывабная і без гэтага бонусу: тут заяўлены канцэртныя праграмы “Італьянскія фантазіі”, “Вяртанне раманса”, “Вечарына ў стылі танга”, а таксама опера Даніцэці “Viva la Mamma!”, што ставілася ў разліку на творчую моладзь тэатра.

— Дый у вялікай зале вы пачынаеце сезон, можна сказаць, маладзёжнымі пастаноўкамі.

— Так, прэм’ера балета “Пер Гюнт”, якім адкрываецца сезон, — гэта першая буйная праца ў нашым тэатры маладога харэографа Сяргея Мікеля: раней ён ставіў “поўнаметражныя” балетныя спектаклі ў Музычным тэатры. У гэтым балеце, да таго ж, заняты ўсе дзяўчаты — оперныя стажоры. Чарговая ж прэм’ера, што адбудзецца праз пару дзён пасля гэтай, а менавіта 11 верасня, — гэта опера “Вілісы. Фатум”, напісаная калісьці маладым Пучыні і пастаўленая маладым рэжысёрам Аксанай Волкавай, якую ўсе добра ведаюць як знакамітую оперную салістку, што паспела скарыць многія вядучыя канцэртна-тэатральныя пляцоўкі свету. Такі пачатак сезона адразу двума пастаноўчымі дэбютамі — таксама ўпершыню. Але ж маладзёжная лінія на гэтым не спыніцца, а будзе працягнута. На лістапад запланавана прэм’ера оперы “Фаўст” Гуно — у рэжысуры маладой, але ўжо знанай па шматлікіх спектаклях на іншых сцэнах Ганны Маторнай: для яе гэта таксама дэбют у нашым тэатры. Да навагодніх святаў будзе прымеркавана прэм’ера яшчэ адной оперы — “Пінокіа”. Яе рыхтуе малады рэжысёр Наталля Бараноўская. Дарэчы, акурат у суботу 5 верасня яна праводзіць кастынг творчай моладзі на гэты спектакль. Прыходзіла яна да мяне і з іншымі цікавымі задумкамі, што тычацца далейшага развіцця тэатра, опернага жанру ў Беларусі, далучэння да яго маладых сіл. Гэта вельмі перспектыўныя ідэі, якія трэба падтрымліваць. Дарэчы, летам мы хацелі б здзейсніць праект “Замкі Беларусі”. Раней, калі памятаеце, тэатр ладзіў “Вечары ў замку Радзівілаў”. Дык чаму б не пашырыць падобныя выезды? І ахапіць імі ўсе адноўленыя замкі і палацы, а таксама іншыя памятныя гістарычныя месцы.

— Тады падзяліцеся ўсімі планамі на сезон і, магчыма, далей.

— Самыя бліжэйшыя планы — у канцы верасня адзначым 90-годдзе з дня нараджэння мастака Яўгена Лысіка: пройдуць тры балеты з яго сцэнаграфіяй, у фае разгарнецца выстаўка. 4 кастрычніка балетам “Дон Кіхот” ушануем памяць народнай артысткі Беларусі Ірыны Савельевай. А 6 кастрычніка балетам “Анастасія” адсвяткуем 70-гадовы юбілей народнага артыста краіны, галоўнага балетмайстра нашага тэатра Юрыя Траяна. Надалей — у хуткім часе выйдзе новая аўтарская рэдакцыя балета Чайкоўскага “Шчаўкунок” у пастаноўцы народнага артыста Беларусі і СССР, мастацкага кіраўніка нашага тэатра Валянціна Елізар’ева. Яшчэ адну прэм’еру плануем увесну: гэта будзе новая сцэнічная версія оперы Уладзіміра Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха” паводле Уладзіміра Караткевіча. У наступным годзе будзем нанова ставіць і такія балеты, запатрабаваныя публікай, як “Чыпаліна”, “Лебядзінае возера”. У апошнім, дадам, будзе вернута рэдакцыя Асафа Месерэра. Але ж вы павінны разумець, што дзейнасць тэатра заключаецца не толькі ў непасрэдным напаўненні афішы. Гэта і больш шырокія захады, скіраваныя на папулярызацыю мастацтва, эстэтычнае выхаванне дзяцей, моладзі ды ўсіх іншых пластоў насельніцтва.

— Менавіта ў гэтым вы бачыце свае задачы як Генеральнага дырэктара?

— Мае задачы — не толькі працягнуць лепшыя традыцыі, закладзеныя нашым Вялікім тэатрам цягам яго існавання, але і ўнесці штосьці новае. І тут я вылучыў бы некалькі найбольш актуальных пунктаў. Першае — больш шырока развіць гастрольную дзейнасць. Скіраваць яе не толькі на паказы спектакляў па краіне, як гэта было наладжана раней, але і на выступленні артыстаў тэатра па ўсёй рэспубліцы. Другое — наладзіць працэс стасункаў з будучымі салістамі тэатра.

— Маецца на ўвазе стажорская група? Але яна існуе ў тэатры ўжо некалькі гадоў.

— Не толькі гэта. Бо можа быць правядзенне і майстар-класаў, і конкурсаў.

— Дык быў жа ў нас Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў! Толькі летась ён ужо не праводзіўся.

— Сёлета мы таксама не зможам яго аднавіць, бо сітуацыя з каранавірусам непрадказальная. Але ж павінны быць і больш лакальныя творчыя спаборніцтвы — па краіне. Што ж да стажорскай групы, дык форма яе работы змяняецца. Туды будуць набірацца ўдзельнікі не на два — чатыры гады, а толькі на адзін. Гэтага тэрміна дастаткова, каб малады саліст мог праявіць свае здольнасці: калі ён хоча працаваць, дык будзе выкарыстоўваць час па прызначэнні. За год кожны стажор павінен падрыхтаваць некалькі партый другога — трэцяга плана з рэпертуару нашага калектыву, а найбольш адораныя — партыю першага плана. Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна, якая кіруе стажорскай групай, лічыць неабходным, каб цэнтральную партыю падрыхтаваў увогуле кожны ўдзельнік, але, магчыма, выканаў яе не ў спектаклі, а хаця б на аркестравай рэпетыцыі, бо толькі так можна зразумець, на што здольны малады саліст. Да таго ж, мы будзем штогод набіраць не любых адораных спевакоў, а менавіта тыя галасы, патрэбу ў якіх тэатр адчувае. Сёлета, да прыкладу, не будзем праслухоўваць сапрана, бо іх у трупе дастаткова. І аплачваць будзем не само навучанне ў стажорскай групе, а толькі канкрэтны ўдзел у спектаклях. Мяркую, гэта справядліва: чалавек атрымлівае ж не месца працы, а вопыт, новыя веды, што само па сабе з’яўляецца неацэнным. Вучоба таксама будзе пашырана. Бо стане ўключаць не толькі вакальныя заняткі над той ці іншай партыяй, але і ўрокі акцёрскага майстэрства, харэаграфіі (узгадаю, раней для оперных артыстаў у нашым тэатры практыкавалася рытміка, і гэтыя заняткі, што праводзіў артыст балета Генадзь Кулінковіч, наведвалі нават прызнаныя салісты). На карысць пойдуць і канкрэтныя парады выканаўцаў пэўных партый, і праца са спецыялістамі над асаблівасцямі нямецкага, французскага, італьянскага вымаўлення. Бо праца ў тэатры патрабуе ад спевакоў не толькі добрага голасу, але і пластыкі. А яшчэ — дысцыпліны, умення хутка вывучваць новы матэрыял, імгненна рэагаваць на прапановы дырыжора, рэжысёра, сцэнічныя паводзіны партнёраў. Дапамагчы ва ўсім гэтым і можа стажорства, якое, падкрэслю, зусім не прадугледжвае далейшага абавязковага працаўладкавання ўдзельнікаў. Ну, а ў пошуках патэнцыйных стажораў мы будзем разлічваць не толькі на тых, хто прыйдзе да нас праслухоўвацца. Будзем і самі прыязджаць у музычныя каледжы краіны, праводзіць там творчыя сустрэчы, майстар-класы, звяртаць увагу на неабходныя галасы, каб сачыць за маладымі спевакамі і ў час іх далейшага навучання. Тая ж Ніна Шарубіна плануе правядзенне майстар-класаў дырыжораў і салістаў і ў самім тэатры. Так што планаў — шмат. Мы будзем працаваць, а вы — часцей да нас прыходзіць. Нам ёсць што прапанаваць і пачаткоўцам, і самым спрактыкаваным знаўцам. Мы ў нашых гледачах таксама чэрпаем натхненне!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"