Запішыся ў бібліятэку — атрымай прыз, падай заяўку — выйграй у “Птушыным перапалоху”

№ 33 (1472) 15.08.2020 - 22.08.2020 г

Жніво — жнівень, час збіраць ураджай — але і час спяваць песні, чытаць кнігі, сустракацца на канцэртах на вольным летнім паветры і пляскаць у далоні на гарадскіх і вясковых святах. Работнікі ўстановаў культуры і самадзейныя артысты нястомна і без перапынкаў робяць сваю справу, не даюць заставацца землякам без мастацтва, літаратуры і творчасці ў любую пару года.

Па вёсках — з песняй і добрым настроем

Летнія месяцы багатыя на святы вёсак і, як следства, на выязныя канцэрты музычных калектываў у аддаленыя населеныя пункты. Так, 1 жніўня артысты Мазалаўскага сельскага дома культуры (Віцебскі раён) разам з Аўтаклубам Віцебскага раёна здзейснілі творчае падарожжа ў некалькі вёсак — Хайсы, Дрыколле і Буяны. У мерапрыемствах прынялі ўдзел народны ансамбль народнай песні і музыкі “Вераснянка” (кіраўнік Марына Маясеенка), народны жаночы клуб “Залаты ўзрост” (кіраўнік Ірына Толкач), тэатральны калектыў “Вобраз” (кіраўнік Вольга Жураўская) і аўтаклуб на чале з яго загадчыкам Уладзімірам Княжышчам. Падчас канцэртаў, прысвечаных Году малой радзімы, гучалі песні і вершы пра родны край, веліч беларускага народа і яго творчасць…

/i/content/pi/cult/811/17389/10_1.jpg

Артысты Мазалаўскага сельскага дома культуры ў творчым падарожжы.

Пачатак жніўня ў яго першы дзень віталі песнямі і на пляцоўцы ля Свіслацкага Цэнтра культуры і народнай творчасці — там прайшла канцэртная праграма з удзелам народнага ансамбля песні і музыкі “Пушчанскія напевы”. Разынкай праграмы стаў майстар-клас па побытавых танцах, які правяла кіраўнік узорнага танцавальнага калектыву “Усмешка” Аксана Балюк: гледачы атрымалі ўнікальную магчымасць развучыць папулярныя танцы мінулага стагоддзя - кракавяк і падэспань.

/i/content/pi/cult/811/17389/10_4.jpg

“Вандроўка ў мінулае” ў Ашмянах.

А ў Ашмянах гэтым жніўнем ідзе цэлы культурны марафон “Творчасць — гэта мы!” На працягу першага тыдня марафону жыхары і госці горада знаёміліся з творчымі калектывамі і аб’яднаннямі установаў культуры Ашмянскага раённага цэнтра культуры. У першы дзень супрацоўнікі сельскага клуба аграгарадка Станцыя Ашмяны зладзілі конкурсы і гульні на летнюю тэматыку, на другі дзень адбыўся рэтра-канцэрт “Назад у будучыню” народнага тэатра танца і песні “Імпульс” — самадзейныя артысты перанеслі гледачоў у эпоху 80-х гадоў і выканалі залатыя хіты таго часу. Асобным канцэртам “Любімыя шлягеры” публіку парадавалі ўдзельнікі творчай самадзейнасці аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Навасёлкі. Суботнім днём ашмянцаў забаўлялі ўдзельнікі народнага сямейнага ансамбля “Граўжанцы” з аграгарадка Граўжышкі, а ў нядзелю — удзельнікі ансамбля народнай песні “Жытніца” аграгарадка Кракаўка. Народны тэатр гульні і забаваў “Серпанцін” падарыў дзецям тэатралізаванае прадстаўленне “Што такое добра і што такое дрэнна”, а вось самым неардынарным мерапрыемствам першага тыдня Ашмянскага творчага марафону можна назваць Вечар сярэднявечнай культуры “Вандроўка ў мінулае” — жыхарам і гасцям горада не толькі расказалі мноства цікавых фактаў з эпохі Сярэднявечча, але і далі магчымасць пераўвасобіцца ў персанажаў таго часу.

“Птушыны перапалох”

На наступную інфармацыю варта звярнуць увагу майстрам народных мастацкіх рамёстваў і мастакам-аматарам з рэгіёнаў Віцебшчыны, якія ў сваёй творчасці выкарыстоўваюць вобразы птушак. Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці праводзіць дыстанцыйны конкурс мастацкіх вырабаў “Птушыны перапалох”, і кожны, хто хоча прыняць удзел у конкурсе, павінны падаць заяўку да 8 верасня. Разам з заяўкай неабходна даслаць фотаздымак аўтарскай конкурснай работы, зробленай за апошнія тры гады. Пажадана, каб творы былі выраблены з экалагічных матэрыялаў — саломы, дрэва, моху, бяросты, і адпавядалі мэтам конкурсу. А мэты такія: “фарміраванне экалагічнай культуры, павышэнне сацыяльнай актыўнасці ў пытаннях аховы навакольнага асяроддзя, прыцягненне ўвагі да праблемы аховы птушак, папулярызацыя творчасці майстроў народных мастацкіх рамёстваў”.

Па выніках конкурсу вызначацца пераможцы, якія павінны будуць пакінуць свае мастацкія вырабы ў абласным метадычным цэнтры для далейшай перадачы ў Дзяржаўную прыродаахоўную ўстанову “Ельня” падчас правядзення экалагічнага свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”.

“Чытай-дворык” і фолк-квэст

І ў гарачую пару жніва кніга застаецца неўміручай каштоўнасцю: бібліятэкі знаходзяць новыя формы працы, каб прывабіць чытачоў.

/i/content/pi/cult/811/17389/10_3.jpg

Летні праект “Чытай-дворык у Беразіно”.

Бярэзінская раённая бібліятэка ў жніўні пашырыла кніжна-творчую прастору свайго летняга праекта “Чытай-дворык у Беразіно” — тры дні запар з раніцы і да вечара гараджан рознага ўзросту радаваў чытальны дворык ля кінатэатра. Усе дні вялася актыўная агітацыя: “Запішыся ў бібліятэку (пахваліся любімай кнігай) - і атрымай прыз!”. Акрамя таго вулічны тэатр “Жывая кніга” ілюстраваў апавяданні з літаратурна-мастацкіх часопісаў “Нёман”,“Полымя” і “Вясёлка”, адзначаныя чытацкай прахільнасцю бярэзінцаў. Сеансы смехатэрапіі ўключалі гумарэскі часопіса “Вожык” і многае іншае, была і спецыяльная праграма для самых юных наведнікаў, былі мастацка-тэатралізаваныя “чытанні ў кружок” пранікнёных апавяданняў беларускіх аўтараў Т. Гарэлікавай, В. Кадзетавай, В. Строкіна, Л. Кебіч, У. Сцяпана на тэмы міласэрнасці, сяброўства і маралі.

Зэльвенскія бібліятэкары зладзілі для дзяцей цікавую акцыю, прысвечаную роднаму краю, — фолк-квэст! Ён называўся “Спадчына роднага краю” і ў яго цэнтры былі абрадавыя беларускія святы. Падчас квэста трэба было прайсці 14 пунктаў, пазначаныя выявамі народных святаў. Маршрут суправаджаўся заданнямі з цікавым расповедам пра тое ці іншае свята — удзельнікам трэба было толькі здагадацца, пра якое свята ідзе гаворка. “На наша здзіўленне, дзеці паспяхова справіліся з заданнямі”, — расказвае намеснік дырэктара ДУК “Зэльвенская раённая бібліятэка” Вольга Камякевіч. — Многія з іх ведаюць такія фальклорныя святы, як Сёмуха, Радаўніца, Грамніцы і іншыя”.

І ў Скідзелі гарадская бібліятэка і бібліятэка для сямейнага чытання выйшлі да чытачоў на вольнае паветра — паўдзельнічалі ў забаўляльным сямейным свяце “Фарбы лета”, якое адбылося ў цэнтральным парку Скідзеля, — аформілі бібліядворык “Чытаем пад парасонам” і зладзілі інтэрактыўную “Кніжную летнюю выставу”, з якой можна было даведацца, што зараз чытае моладзь. Для юных чытачоў ладзіўся конкурс, пераможцы якога атрымалі прызы.

/i/content/pi/cult/811/17389/10_2.jpg

Лідская бібліятэчная інтэрактыўная пляцоўка.

А ў Жалудоцкай гарпасялковай бібліятэцы (Шчучынскі раён) спецыяльнай выставай успомнілі славутага земляка, выхадца з гарадскога пасёлка Жалудок — знакамітака мастака і скульптара Пінхуса Крэменя, яскравага прадстаўніка парыжскай школы жывапісу. 28 ліпеня споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння мастака, і ў гонар гэтай даты была аформленая выстава “Не канула ў нябыт яго імя”.

“Культурная сталіца Беларусі — 2020” — Ліда, і першы дзень жніўня яна таксама адзначыла святочным мерапрыемствам “Мой горад міру і дабра”, прымеркаваны да Дня горада. Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы, натуральна, прыняла ў свяце найактыўнейшы ўдзел са сваім бібліяфэстам “Жыві і квітней, горад мой!”. Каля Лідскага замка сабралася нямала лідчан, якія жадалі далучыцца да свята. На бібліятэчнай інтэрактыўнай пляцоўцы была аформлена кніжна-ілюстрацыйная экспазіцыя “У горадзе маім - мой лёс”, на якой прадстаўлены выданні пра Лідскі край, рэкламныя буклеты прадпрыемстваў горада і мясцовыя перыядычныя выданні. Ліда як сёлетняя культурная сталіца Беларусі яшчэ неаднойчы будзе трапляць у цэнтр нашай увагі, бо на перспектыву ў яе вялікая праграма.

Вось у такія вёскі, мястэчкі і гарады мы зазірнулі гэтым разам. Падзеі адбываюцца паўсюдна, пішыце нам — мы пра іх раскажам.