Закуліссе ў архіўным антуражы

№ 33 (1472) 15.08.2020 - 22.08.2020 г

Тое, што зазвычай схавана ад вачэй гледача
У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь 11 жніўня распачала работу выстава “Да сустрэчы на сцэне!”, прымеркаваная да 100-годдзя Купалаўскага тэатра, які з’яўляецца адным з найярчэйшых у Беларусі арыенціраў на нацыянальную драматургічную спадчыну.

Выстава арганізавана сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, Музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры і Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, якія прадаставілі рэдкія ды каштоўныя дакументы і прадметы са сваіх збораў. Спектаклі, рэпетыцыі, гастролі, драматургі, касцюмеры, рэжысёры, мастакі, акцёры - усе элементы і дзейныя асобы тэатральнага жыцця знайшлі сваё адлюстраванне ў экспазіцыі. Хаця акцэнт у ёй, як адзначаюць арганізатары выставы, зроблены на тое, каб паказаць закуліссе тэатра, даць наведвальніку магчымасць пабачыць тое, што зазвычай схавана ад вачэй гледача.

/i/content/pi/cult/811/17380/3_2.jpg

Трупа Дзяржаўнага тэатра Беларускай народнай рэспублікі. Мінск. 1918 год.

Гэты выставачны праект - не проста храналогія і сухі пералік фактаў, а спроба адлюстравання гісторыі нацыянальнага беларускага тэатра праз прызму жыцця людзей, біяграфіі якіх знітаваныя з тэатрам — сярод іх такія асобы, як драматург Францішак Аляхновіч, акцёры і рэжысёры Фларыян Ждановіч, Леў Літвінаў, Барыс Платонаў і іншыя. Асвятляюцца ў экспазіцыі падзеі не толькі мірных гадоў, але і лёс тэатра ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны: жыццё купалаўцаў у эвакуацыі ў Томску і дзейнасць тэатральных франтавых брыгад.

/i/content/pi/cult/811/17380/3_4.jpg

Дакументы аб гісторыі стварэння тэатра.

Сярод экспанатаў — арыгінальныя дакументы і паштоўкі, а таксама копіі здымкаў, тэатральныя праграмкі, біноклі, кнігі, прысвечаныя гісторыі ўстановы. Цікавы дакумент першай паловы ХХ стагоддзя, які паказвае, у тым ліку дарэвалюцыйную, гісторыю будучага БДТ1 праз прызму чалавечага лёсу — нататнічак з асабістымі запісамі білецёра тэатра Касілава, якія ён рабіў у 1906 — 1940 гадах. Таксама побач можна пабачыць самаробную скрыначку ад тэатральнага грыму, якой карыстаўся нехта з акцёраў тэатра ў 1950-ыя гады.

/i/content/pi/cult/811/17380/3_1.jpg

Графічныя работы Кацярыны Арлюк.

Лёсы Купалаўскага непарыўна звязаныя з жыццём Беларусі ў цэлым, са складанымі і неадназначнымі падзеямі ХХ стагоддзя. Будынак мінскага гарадскога тэатра быў узведзены агульнымі грамадскімі намаганнямі - на выставе экспануецца арыгінальны падпісны ліст з указаннем прозвішчаў ахвярадаўцаў і пазначэннем перададзеных імі сродкаў. Побач — шэраг паштовак пачатку ХХ стагоддзя, на якіх можна пабачыць, як выглядаў узведзены будынак у тыя часы. Тэатральны гмах неўзабаве зрабіўся пляцоўкай для вырашэння складаных надзённых грамадска-палітычных пытанняў. Так, менавіта тут адбыўся ў снежні 1917 года Першы Усебеларускі з’езд, які ў многім прадвызначыў далейшы накірунак гісторыі нашай краіны.

/i/content/pi/cult/811/17380/3_5.jpg

Графічныя работы Кацярыны Арлюк.

Аб важнай ролі тэатра ў тыя часы сведчыць таксама адзін з найкаштоўнейшых экспанатаў выставы — арыгінальны здымак удзельнікаў Першага з’езда ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту. Частка дакументаў распавядае аб праектах стварэння дзяржаўнага тэатра, якія прапаноўваліся Францішкам Аляхновічам і Фларыянам Ждановічам. Таксама можна пабачыць арыгіналы лістоў, якія накіроўваліся гэтымі дзеячамі ў дзяржаўныя органы Беларускай народнай рэспублікі па пытаннях арганізацыі тэатральнай дзейнасці.

/i/content/pi/cult/811/17380/3_3.jpg

Трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра, урачыста адкрытага 14 верасня 1920 года, збольшага складалася з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, створанага ў красавіку 1917 года. Яго актыўнымі дзеячамі былі Фларыян Ждановіч, Ігнат Буйніцкі, Усевалад Фальскі, Уладзіслаў Галубок. Важная роля ў далейшым развіцці тэатра належыць Еўсцігнею Міровічу, які праз рэжысёрскую і педагагічную работу перадаваў моладзі досвед рэалістычнага тэатральнага мастацтва. Ва ўмовах нацыянальна-культурнага адраджэння 1920-ых гадоў у тэатры актыўна ствараліся пастаноўкі на гістарычным і фальклорным матэрыялах, шырока выкарыстоўваліся народныя спевы, танцы, музыка, этнаграфічныя побытавыя дэталі.

Далейшае развіццё тэатра заўжды працякала ў рэчышчы працэсаў, якія віравалі ў грамадстве. У спектаклях уздымаліся тэмы калектывізацыі і індустрыялізацыі, гераічнага змагання і трагедыі беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пачатку касмічнай эры.

Экспазіцыя мае таксама выдатны мастацкі складнік: спецыяльна для праекта куратарам выставы, супрацоўніцай навукова-фондавага падраздзялення Кацярынай Арлюк былі створаныя графічныя работы, у якіх праз мастацкія вобразы паказаны сюжэты тэатральнага жыцця і метафарычныя ўвасабленні асноўныхтэатральных прафесій: артыстка, касцюмер, рэжысёр, сцэнарыст і г.д. Іншая серыя графікі прысвечаная галоўным этапам гісторыі тэатра. Разам з музейна-прадметнай часткай гэтыя пазнавальныя мастацкія вобразы ствараюць непаўторную атмасферу пагружэння ў гісторыю гэтай установы, знакавай для ўсёй краіны.

Фота аўтара