Сельскі сюжэт для сталічнай оперы

№ 31 (1470) 01.08.2020 - 08.08.2020 г

Нядаўна спрачаўся са знаёмым, чым адрозніваюцца работнікі культуры ад дзеячаў мастацтваў. У гэтым жыцці, на жаль, вельмі шмат пустых дыскусій, у выніку якіх не ісціна нараджаецца, а з’яўляюцца гузакі. Дык вось, нічым работнікі культуры ад дзеячаў мастацтваў не адрозніваюцца. Прынамсі так павінна быць. Менавіта клубнікі, бібліятэкары, музейшчыкі і настаўнікі ДШМ выхоўваюць не толькі прафесійных гледачоў, слухачоў ды наведвальнікаў, але шмат робяць і для таго, каб не радзелі шэрагі артыстаў, мастакоў і спевакоў з прафесійнымі танцорамі… Проста першым варта часцей нагадваць пра іх боскую прадвызначанасць, якая пакуль не мае пацвярджэння ў велічыні заробку. Вось я пры любой нагодзе і нагадваю.

Калі ўжо на праблемы выходзіць, дык неабходна, як мне падаецца, каб другія не забываліся на тое, што збольшага ніва беларускага мастацтва ўрадліва каласіцца дзякуючы руплівасці аратых ды сейбітаў, што працуюць у клубах ды бібліятэках. А цяпер давайце адкажам самі сабе, наколькі шчыльная гэтая сувязь. Чаму апошнім часам у рэдакцыйнай пошце зніклі навіны пра дзейнасць сельскіх філарманічных пляцовак? Па якой прычыне ніхто не пахваліцца, што творы Шнітке і Алоўнікава былі выкананы прафесіяналамі на вясковай клубнай сцэне. Прычым, з аншлагам. А дзе лісты пра вясковыя гастролі абласных тэатраў? А дзе ўражанні нашых сельскіх чытачоў ад візіту сталічных літаратараў? Чаму пленэры знаных жывапісцаў для нашай слаўнай правінцыі — не навіна, а вось візіт опернага спевака з сольным канцэртам да вяскоўцаў-землякоў — справа адносна рэдкая? Нават у Год малой радзімы. Не першы раз адказваю на гэтыя пытанні і не скажу, што адказы з часам істотна мяняюцца. Асноўны іх змест такі: “Мы ўсе выйшлі з народа, але не ўсе ў яго вярнуліся”. У выніку вёска адмірае. Лічу, што ў пэўнай ступені працэсу супрацьстаяць аўтары допісаў у нашу рэдакцыю.

/i/content/pi/cult/809/17358/26.jpgПачнём з помніка Шарлю дэ Голю, які мусіць узнікнуць у Шчучыне. Інфармацыю, якая прайшла ў папярэднім аглядзе нашай пошты, дапаўняе сёння намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта. Яна сцвярджае, што доказы знаходжання капітана Шарля дэ Голя сярод палонных французскіх афіцэраў ў шчучынскім лагеры з ліпеня па кастрычнік 1916 года прадаставіў летась Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзідзье Канес. З адпаведнымі гістарычнымі дакументамі пазнаёміў французскі фонд дэ Голя. У ходзе абмеркавання, працягвае Алена Васільеўна, месца для помніка вызначана па вуліцы Савецкай ля цэха аўтатрактарных камплектаў, дзе падчас Першай сусветнай вайны і ўтрымліваліся французскія палонныя. Мяркуецца, што кошт помніка складзе 50 тысяч беларускіх рублёў. Фінансаванне у выглядзе спонсарскай дапамогі бярэ на сябе французскі бок. Дык мо і парыжскі пачынальнік “лёгкай” акадэмічнай музыкі Жак Афенбах загучыць у Шчучыне?

Цалкам верагодна! Гучаць жа ў Бабруйску лацінаамерыканскія рытмы. Пра гэта з вялікім замілаваннем піша метадыст культурна-масавага сектара Гарадскога палаца мастацтваў Ірына Аўсяннікава: “Зумба-фітнес — цудоўны сродак ад стрэсу. Ён дапамагае стаць пазітыўным і разняволеным. Гэта мяшанка танцаў і фітнесу пад лацінаамерыканскую музыку. Наша ўстанова наладзіла ў Маладзёжным парку майстар-клас па праграме вывучэння зумбы. Рэй тут вяла інструктар-кіраўнік адпаведнай студыі Настасся Яніліянене.”

Французскую тэму працягвае, натуральна, і Шчучынская раённая бібліятэка. Намеснік дырэктара ўстановы Юлія Міхайлава распавяла пра прэзентацыю кнігі французскага гісторыка Марыса Панцье “Трэці лагер генерала дэ Голя”. Выданне стала вынікам шматгадовага даследавання гісторыі лагера для ваеннапалонных французскіх афіцэраў у Шчучыне.

Вы ведаеце, як улагодзіць святых Кузьму і Дзям’яна? А вось у аграгарадку Зялёнка Полацкага раёна ведаюць да драбніц. Рэдактар Полацкага раённага цэнтра культуры Кацярына Паўловіч піша, што днямі тут распачалося свята пачатку сенакосу “Кузьмінкі”. Другі год на народныя гулянні ў Кузьмінках збіраюцца аматары мясцовых традыцый. Сёлета спаборнічалі ў іспытах 11 каманд з навакольных вёсак. Першынство падзялілі адразу дзве каманды: з Гаран і Булаўкі.

Працяг тэмы. На Лідчыне абралі лепшага касца. 17 ліпеня ў аграгарадку Ганчары адбылося свята ручной касьбы “Звініць каса — жыве вёска”. Хто ведае, справа гэта — не з лёгкіх. Таму варта падкрэсліць, што самаму сталаму касцу было 84 гады. А самаму маладому споўнілася 20. На сенажаць 22 работніка адпраўляліся з дапамогай сеназарніц. Так славяне называлі жанчын, якія адказвалі за зборы працаўнікоў. Але галоўнае ў тым, што адно з прызавых месцаў заняў 84-гадовы Іван Матусевіч. Звініць ягоная каса! Значыць і вёскам у раёне жыць.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі Ніна Калач піша пра краязнаўчы інтэрнэт-праект: “Бібліятэкі раёна падтрымалі ідэю абласнога віртуальнага праекта “А ці ведаеце вы, што..?” абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага. Арганізавалі і размясцілі ў інтэрнэт-прасторы відэаролікі, якія знаёмяць з цікавымі фактамі і падзеямі, што адбыліся на Свіслаччыне ў розныя гады, са знакамітымі людзьмі, любымі мясцінамі. Гаворка вядзецца пра Свіслацкую гімназію, пра опернага спевака Забейду-Суміцкага, пра цэнтр ганчарства Поразава” і пра ўнікальнае балота Дзікае”.

Дарэчы, у Поразаве гэтымі днямі правялі свята ровару.

Краязнаўства — тэма вечная. Працягвае яе Вольга Жых — загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі. Аўтар паведамляе: “Бібліятэкар Кашалёўскай сельскай бібліятэкі Алена Шынтар са сваімі юнымі чытачамі здзейсніла пешы турыстычны праект “Кашалёўскімі сцяжынкамі”. Пабывалі на месцах мінулых баёў, ля помнікаў загінулым воінам Вялікай Айчыннай вайны, а таксама — ля кургана, насыпанага ў гонар удзельнікаў паўстання 1863 года.”

І зноў пра краязнаўства. Гэтым разам — у Карэлічах. Метадыст мясцовай раённай бібліятэкаі Наталля Казарэз распавяла пра круіз “Цудоўны наш край”. Супрацоўнікі аўтабібліятэкі адправіліся па маршруце Далматаўшчына — Вышкава — Некрашэвічы. І чытачоў абслугоўвалі, і ладзілі кніжную выставу з абавязковым бібліяграфічным аглядам.

“Вясёлы вазок — чатыры колы”. Так называлася свята ў аграгарадку Курылавічы Мастоўскага раёна. Культарганізатар мясцовай клубнай установы Ларыса Троян напісала пра кірмаш, дзе размясцілі свае гандлёвыя рады госці з Зэльвы, Гродна, Ліды і нават з Мінска. І спявалі тут, і гандлявалі, і падкову шчасця пад вазкамі шукалі. У гэтым і перавага вёскі, што на сталічных праспектах падкову, як ні старайся, не знойдзеш.

Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч паведаміла пра чытальны дворык, што размясціўся ля раённага цэнтра рамёстваў, сярод драўляных скульптур.

Майстры Магілёўскай вобласці бралі самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах Міжнароднага XXIX фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Вядучы рэдактар Абласнога метадычнага цэнтра Крысціна Башарымава распавяла, што 17 майстроў з Магілёва, Бабруйска, Быхава, Слаўгарадскага, Бабруйскага, Кіраўскага і Крычаўскага раёнаў паказалі сваё высокапрафесійнае майстэрства.

У Віцебску у сёмы раз прайшоў адкрыты турнір нацыянальных танцаў. Андрэй Струнчанка паведамляе, што мерапрыемства сабрала больш за 80 танцавальных пар з Віцебшчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны і Мінска. Гран-пры за выкананне побытавых танцаў атрымала пара ў складзе Міхаіла Малашэнкі і Жаны Васенічавай з Расон.

Андрэй Струнчанка працягвае. У міжнародным конкурсе майстроў традыцыйнага і сучаснага мастацкага роспісу “Фарбы нябёсаў” бралі ўдзел 25 рамеснікаў з Віцебшчыны, Гродзеншчыны і Магілёўшчыны. Лепшай прызнана Вольга Гукава з Пастаў.

Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка, што ў Бераставіцкім раёне, пастаралася зрабіць для маленькіх чытачоў цудоўную казку. Бібліятэкары ўзялі ўсіх ахвотных у казачную вандроўку па старонках дзіцячых кніг. Хто ведае, можа падчас гэтай вандроўкі хтосьці з хлопчыкаў ці дзяўчат вырашыў стаць знакамітым літаратарам і паабяцаў сам сабе ўвекавечыць родны край у сваіх творах? Хто ведае…

Пішыце пра цікавае!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"