Безліч жыццёвых імгненняў

№ 28 (1467) 11.07.2020 - 18.07.2020 г

Шчасце ў маладосці ўяўляецца вечным, як і ўласнае жыццё. І неяк не даражыш гэтым багаццем. Сталы ж век — не для самападману. Чаруюць і абнадзейваюць выпадковыя імгненні: няўлоўны ўзмах крыла, адлюстраванне променя ў дажджавой кроплі на тваёй шчацэ, смех немаўля летнім надвячоркам. Гэтыя бясконцыя імгненні знікаюць у часе і прасторы, але ў памяці жывуць вечна і, як ключыкі, адчыняюць нам шчодрыя куфэркі забытых шчаслівых эмоцый. Сённяшнія лісты яшчэ раз пераконваюць, што дбайнымі гаспадарамі згаданых эмоцый з’яўляюцца і нашы работнікі культуры, майстры народных рамёстваў.

/i/content/pi/cult/806/17300/015.jpgНіколі не сумняваўся ў тым, што выцінанкі ствараюцца з дзіцячых уражанняў ад прачытаных казак. Тады, пры чытанні, спрабаваў нарадзіцца майстар. З уласных фантазій, уражанняў ды мараў. Цяпер, калі ўменне стала ўпэўненым, мастак пачаў валадарыць эмоцыямі, і сваімі, і нашымі. Адсюль і прарастае цуд. Пра адзін з такіх напісала загадчык аддзела мастацкай творчасці Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Кулікова: “На інтэрнэт-пляцоўках працавала віртуальная выстава “Мае ўлюбёныя работы” бабруйскай майстрыцы выцінанкі Луцыі Рудакоўскай. У свой час быў абвешчаны праект “7 дзён — 7 работ”. Рамеснікам трэба было штодзённа выкладаць у сацсетку фотаздымак свайго твора. З 3 па 10 ліпеня Луцыя Казіміраўна прыняла эстафету і на асабістай старонцы падзялілася з аўдыторыяй сваімі выцінанкамі. Яна — педагог дадатковай адукацыі цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а таксама — кіраўнік узорнай студыі выяўленчага мастацтва “Фантазія і Я”. У выцінанцы яна - ас”. Вам не падаецца, што людзі, якія кіруюць узбагачэннем нашай дзіцячай фантазіі, закладваюць падмурак будучыні і без іх свету не абысціся?

Вернемся да імгненняў. Вось побач з італьянскім Неапалем ёсць знакаміты вулкан Везувій. Ён час ад часу пыхкае і заўжды гатовы справакаваць ці выкід попелу з лавой, ці землятрус. Таму дэвіз у Неапаля прыблізна такі: “Цані імгненне!” Вельмі канструктыўны падыход да жыцця: кожны яго дзень прыносіць шчасце. Наша задача — яго не правароніць. Таму не спяшайцеся. Пастойце побач са сталым дубам, прыкіньце, колькі закаханых ён прытуліў на сваім вяку пад надзейнымі шатамі. Паслухайце, як жвава гамоніць лясны ручай, пра што даводзіць жаўрук над полем. Пакарміце качак на рацэ. Пачытайце кнігу, якую вам прапануе бібліятэкар. Згадайце юнацтва і свой родны горад…

Да слова, Бабруйск адсвяткаваў 633-ці дзень нараджэння. На падзею не мог не адрэагаваць мясцовы Палац мастацтваў. Метадыст культурна-масавага сектара ўстановы Ірына Аўсяннікава распавядае: “Падзеі быў прысвечаны анлайн-канцэрт “Гэты горад — самы лепшы горад на зямлі!” 29 чэрвеня ў прамым эфіры выступілі заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларукусь: народны хор народнай песні імя Віктара Балаханава і народны ансамбль танца “Юнацтва”; народны камерны хор; узорны музычны тэатр “Слугі трох муз”; салістка вакальнай студыі “Star Kids” Ксенія Аляксандрава”.

Сёння мы завяршаем, так бы мовіць, эпапею пра стварэнне габелена “Гісторыі жывая ніць”, прысвечанага 75-й гадавіне Вялікай Перамогі. Аўтары — Алена Шунейка і яе вучаніца Юлія Барадзіна. Прэзентацыя работы адбылася 1 ліпеня ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

На Дзень Моладзі не згадаў сваё юнацтва толькі той, хто не паспеў яшчэ пасталець. Ад сябе магу пажадаць такім толькі адно: “Не спяшайцеся!” Пра шэраг мерапрыемстваў клубных устаноў з нагоды Дня моладзі падрабязна з разбіўкай па раёнах паведаміла вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра Крысціна Башарымава. “Маладзёжную дыскатэку наладзілі на Кругляншчыне, арганізавалі таксама флэш-мобы, конкурсы і канцэрты. Кіраўск таксама парадаваў вечарам сучасных маладзёжных танцаў. Быхаў вызначыўся фэстам фарбаў. Стрыжку задарма прапанавала крэатыўная “Новая цырульня” ў Касцюковічах. Работнікі цэнтралізаванай клубнай сістэмы Глускага раёна правялі маштабныя вечары адпачынку ў Завалоцкім, Турынскім сельскіх Дамах культуры, Слаўкавіцкім СК.”

Фестываль маладзёжных субкультур прайшоў ля муроў Лідскага замка. Мясцовыя работнікі культуры сцвярджаюць, што гэтае мерапрыемства можна смела назваць святам творчасці і натхнення. Фэст — вынік калектыўнага намагання. Стварылі свята студыі сучаснага танца, танцавальна-спартыўны клуб, фаер-брыгада. За кожным імгненнем фэсту — шматдзённыя рэпетыцыі і бясконцыя хваляванні-радасці, з якіх і складаецца гісторыя ды культура нашай краіны.

Зажынкі — таксама яскравы адбітак культуры і гісторыі. Прайшлі яны ў полі ля вёскі Істакі Лідскага раёна. І галоўнымі дзейнымі асобамі былі тут не толькі хлебаробы, але і работнікі культуры.

Спадзяюся, што расповедаў пра канкрэтных работнікаў клубаў, бібліятэк, музеяў на старонках “К” паболее. Справа ў тым, што на Віцебшчыне па ініцыятыве абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці і абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ладзіцца абласны конкурс на лепшую публікацыю ў СМІ пра работнікаў культуры. Паведаміў пра гэта Андрэй Струнчанка. “Мэта акцыі, — удакладняе аўтар, — павышэнне прэстыжу і сацыяльнай значнасці работніка культуры, садзейнічанне прафесійнаму росту спецыялістаў, рэалізацыя іх творчых здольнасцяў, узаемадзеянне са СМІ”. Галоўнае, каб у будучых артыкулах не знікла цеплыня душы тых, пра якіх напішуць калегі.

Вы не спрабавалі праглядаць кнігі, якімі зачытваліся ў дзяцінстве? Яны, на дзіва, падаюцца трошкі прымітыўнымі. Я цяпер цудоўна разумею, што гэта не аўтарская віна, а аўтарская заслуга: пісьменнік наўмысна стварае толькі касцяк твора, усё астатняе дадумвае маленькі чытач, які, дзякуючы ўласнай фантазіі, становіцца суаўтарам кнігі. Так што я зноў пра фантазію. Дакладней не я, а бібліятэкары Бераставіцкага раёна. Яны паведамілі пра тое, што ў Масалянскай інтэграванай сельскай бібліятэцы для дзяцей быў арганізаваны дзень вясёлых забаў “Свет актыўнага дзяцінства”. У той дзень рэй тут вяла менавіта фантазія, якую без кніг і чытання не ўзгадаваць.

Тэму развіваюць супрацоўнікі Малабераставіцкай бібліятэкі. Тут прыдумалі гульню-пошук “Кніжны лабірынт”. Лабірынт — гэта стэлажы. На іх трэба знайсці кнігу, якая дапаможа адказаць на конкурснае пытанне.

Студэнты завочнікі жартуюць, маўляў, завочнае навучанне, як завочнае харчаванне. Жарт згадаўся, калі чытаў ліст ад метадыстаў Свіслацкага раёна. А пісалі яны пра брэндавую акцыю “Квашаныя бліны” ў аграгарадку Ханявічы. Наколькі я зразумеў, клубнікі падарылі вяскоўцам святочны настрой у выглядзе відэазапісу пра смакату бліночкаў. Мы нават і паху не адчулі.

Яшчэ адна навіна са Свіслаччыны — пра канцэртнае абслугоўванне маланаселеных і аддаленых вёсак. Апошнія гастролі артыстаў з райцэнтра адбыліся ў Драчанах і Стоках. Не сумняюся, што кожнае імгненне гэтых канцэртных праграм дзядулі і бабулі запомняць надоўга.

Пра наркаманію гаварылі ў чытальнай зале Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Галоўны бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Кацярына Страха паведаміла: “Гаворка з чытачамі ішла пра здаровы лад жыцця. На мерапрыемстве прысутнічалі супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў, прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх Столінскага райвыканкама, святары”.

Апошняя на сёння навіна — з Карэліцкага раёна. Метадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталля Казарэз напісала пра патрыятычную акцыю “Вахта памяці”, рэалізаваную з дапамогай аўтабібліятэкі. Яе маршрут пралёг па колішніх партызанскіх мясцінах — ад Горнай Руты да Тударава.

Вось такія імгненні толькі аднаго тыдня нашай рэгіянальнай культуры. І кожнае — вагой у век беларускай культуры і гісторыі. Вякі таму і мінаюць, што рухаюць іх імгненні.

Пішыце пра шчаслівыя імгненні!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"