Таямніцы Манюшкаў

№ 25 (1464) 20.06.2020 - 27.06.2020 г

Частка XII
Лёс акцёраў Станіслава Закрэўскага і Марыяны Вернэр на пачатку склаўся вельмі ўдала — у адрозненне ад іх дырэктара Лявона Перажынскага, які, заехаўшы ў Нясвіж “каралём тэатра”, ледзь вырваўся адтуль жыўцом. Праўда, карыстацца з высокага ганарару, які князь Караль Радзівіл прызначыў сваім кантрактам Закрэўскім, ім давялося нядоўга… Працягваем знаёміць чытача з “закуліснай” гісторыяй сваякоў Станіслава Манюшкі. Без якіх, можна быць пэўным, ён не стаў бы “тым самым Манюшкам!”

/i/content/pi/cult/803/17259/030.jpgШлюбны каберац

27 лістапада 1785 года ў нясвіжскім Фарным касцёле адбылася важная для нашай гісторыі ўрачыстасць. Працытуем знойдзеную шлюбную метрыку: “Я, той жа самы (ксёндз Дыянізій Хэлхоўскі, у метрыцы не згаданы — заўв. З. Ю.) злучыў повязямі сужэнства пана Станіслава Закрэўскага, настаўніка камедыйных актораў, і панну Марыяну Вернэраўну такой самай прафесіі. Сведкамі былі пан Дамінік Букоўскі і пан Клімашэўскі, харужы Яго Высокасці князя”. (Пераклад з лаціны — Алесь Жлутка).

Як мы памятаем, “працоўны кантракт” паміж піратам Альбанскіх ставоў князем Каралем Радзівілам “Пане каханку” і былымі акцёрамі трупы Лявона Перажынскага быў заключаны 1 снежня таго ж года. Ці то князь яшчэ не ведаў пра іх шлюб, ці то вырашыў з нейкай прычыны абысці маўчаннем факт, што яны абое ўжо некалькі дзен былі Закрэўскімі, але ў дамове Марыяна згаданая пад дзявочым прозвішчам.

Цікава, што за два месяцы перад тым (30 кастрычніка) адбылася варшаўская прэм’ера оперы “Агатка” (на афішах, нагадаю, аўтарам музыкі названы нясвіжскі капельмайстар пан Данэзі). 17 лістапада пастаноўка была паказаная зноў. Калі Закрэўскія бралі ў ёй удзел, у іх было 10 дзён, каб вярнуцца ў Нясвіж і стаць на шлюбны “каберац”.

У 1788 годзе маладыя зноў з’явяцца ў Варшаве. 10 красавіка Станіслаў Закрэўскі дэбютуе ў даволі папулярнай у тыя часы аднаактовай камедыі “Каханак, аўтар і слуга”. А 17 красавіка і 23 верасня пані Закрэўская выступае ў “Агатцы”. Ці быў з ёй пан Станіслаў, не згадваецца, але наўрад ці ён бы адпусціў жонку-прыгажуню адну. Тым болей, памятаючы гісторыю свайго былога шэфа — Перажынскага, жонку якога пераманіў яго сябра і калега, славуты тэатрал Войцах Багуслаўскі.

Пра далейшую тэатральную кар’еру Закрэўскіх на сённяшні дзень нічога не вядома. Існуе, праўда, згадка, што “ў 1803 годзе пакінула сцэну пані Закрэўская”. Магчыма, гаворка вядзецца пра нашу Марыяну.

Што ж да сямейных спраў… Пра іх можна даведацца з нататак віленчука Станіслава Мараўскага. Калі б не непадзеленае каханне апошняга да адной з дачок акцёраў Марыяны (цешчы Станіслава Манюшкі), наўрад ці сямейны лекар Закрэўскіх і Мюлераў вырашыў бы падзяліцца з намі сваімі назіраннямі. І гэта не сухія архіўныя дадзеныя “нарадзіўся, жыў, памёр”, але самыя жывыя і эмацыйныя ўспаміны, якія толькі могуць быць. Згаданаму пацыенту доктар прысвяціў у сваёй кнізе ажно некалькі старонак. Яны ствараюць цалкам завершаны партрэт гэтага незвычайнага чалавека.

Выкраданне жаніха

“Адзін з самых арыгінальных і прыемных дзядкоў” — менавіта такімі словамі ахарактарызаваў Закрэўскага малады Мараўскі. На той момант (1820-я) Станіславу было прыблізна 78 гадоў, але выглядаў ён на 50. Быў прыгожы, дужы, бадзёры. Акцэнт меў адметны, таму лекару падавалася, што Закрэўскі паходзіў або з Беласточчыны, або з Нурскай зямлі. Адкуль ён узяўся на Літве, Мараўскі так і не даведаўся, але адцеміў, што “Закрэўскі быў даўнішні сябра і слуга роду Радзівілаў, і кіраваў батальёнам восьмага радзівілаўскага палка”, “фаварытам князя “Пане Каханку”, а потым меў пашану і наступнага нясвіжскага ардыната Дамініка Ераніма.

Хаця напачатку адносіны з Пане Каханку не заладзіліся. Станіслаў вылучаўся прыгажосцю, і ў яго закахалася ці то сястра, ці то пляменніца Радзівіла. “Ды так, што тая вырашыла яго выкрасці з Нясвіжа і выйсці за яго”, — піша лекар. Але, калі Закрэўскі ўжо сядаў у запрэжаную карэту, радзівілаўская варта яго схапіла. Нягледзячы на роспач і крык княжны, хлопец быў кінуты ў лёхі нясвіжскага замка. Аб намерах “змоўшчыкаў” Радзівілу было вядома, таму наступная сцэна была ім падрыхтаваная ў духу ўласцівых для яго жартаў, небяспечных для жыцця. Праз нейкія змрочныя калідоры Станіслава правялі ў асветленыя сутарэнні, дзе на падлозе ляжаў дыванок. На яго вуглах стаялі чатыры велізарныя свечкі і чатыры гайдукі з канчукамі.

Там, паводле загаду князя, Закрэўскаму павінны былі адлічыць роўна сто бізуноў. Шляхціца можна было лупцаваць толькі на дыванку, у адрозненне ад простага чалавека — што, праўда, розніца невялікая, і калі б Закрэўскі пасля такой прыгоды застаўся жывы, ён бы на ўсё жыццё займеў мянушку “Зёбра”. На шчасце, камендант Нясвіжа патаемна вызваліў хлопца.

Такіх гісторый Станіслаў распавядаў безліч, чым моцна ўразіў Мараўскага, які запісаў: “Веданне Нясвіжа, Слуцка і ўсяго, што там было, — як сваіх пальцаў”. Таму гасцяваць у Закрэўскіх лекар любіў: “Прыемна было зайсці да іх і бачыць той рэдкі парадак, тую сціплую элегантнасць і чысціню ў кожным закутку; тая прыемнасць і дабрыня ў пачцівай душы нараджала радасць, і чалавек, які там знаходзіўся, хоць і між старымі, пачуваўся як у раі”.

І толькі аднойчы пан Станіслаў абмовіўся, што “быў калісьці акцёрам” — без падрабязнасцяў.

Жонку Станіслава Мараўскі называў анёлам у чалавечым целе, але болей мала што мог пра яе сказаць: “Хто яна і адкуль, так і не патрапіў даведацца, а можа, як тады было ў маёй звычцы, і не хацеў…” Згадваецца хіба пра яе пачуцці да аднаго афіцэра: “па маладосці ці то яна ў Севярына Жавускага, ці ён у яе, ці абое ўзаемна смяротна, але платанічна былі закаханыя”.

Таксама было вядома, што Закрэўскія мелі двух сыноў і столькі ж дачок. Але, як мне ўдалося высветліць, была ў іх і яшчэ адна дачка.

17 верасня 1791 года яна была ахрышчаная ў слуцкім касцёле пад імёнамі Караліна і Юзэфа. Тут варта звярнуць увагу на куму Караліны. Ёй стала даволі папулярная ў Слуцку Марыяна са Станішэўскіх — прабабуля па лініі маці Станіслава Манюшкі. Дарэчы, мужам Марыяны - і, адпаведна, прадзядулем кампазітара - быў прэзідэнт славутай Слуцкай персіярні Лявон Маджарскі.

На жаль, пасля хросту дзяўчынка пражыла толькі два дні і была пахаваная на слуцкіх парафіяльных могілках.

З коміка ў афіцэры ВКЛ

Здалёк кар’ера Закрэўскага нагадвае жыццярыс Рональда Рэйгана. Мяркую, стаць прэзідэнтам ЗША Закрэўскаму не ўдалося толькі таму, што ён своечасова не эмігрыраваў. Але след у гісторыі нашай краіны пакінуў. І немалы.

6 кастрычніка 1788 года ў Варшаве распачаўся сойм, які атрымаў назоў “Чатырохгадовы” або “Вялікі”. Рэй вяла партыя, якая выступала супраць умяшальніцтва Расійскай імперыі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Літаральна ў першыя дні працы быў ухвалены праект павелічэння войска да 100 000 чалавек. Цікава, што са 170 паслоў толькі адзін выступіў супраць. Адным з рухавікоў гэтага працэсу з’яўляўся Вялікі гетман ВКЛ Міхал Казімір Агінскі, які актыўна лабіраваў праект павелічэння свайго войска.

Князь Караль Радзівіл таксама ўзяў удзел у вайсковай рэформе. Сваю надворную міліцыю — агулам 6210 ваяроў — ён вырашыў перадаць дзяржаве і абяцаў утрымліваць за свой кошт. Аднак Сойм не вельмі прыхільна паставіўся да такой прапановы: бо “тыя паны, якія думаюць пра інтарэсы краіны, не забываюцца і пра свае”. Адразу асудзіў гэты праект і сам кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, маўляў, “тыя ахвярадаўцы жадаюць, каб ужо ў калысках нараджаліся генерал-лейтэнанты Радзівілы”. Да ўсяго, за такім прыкладам маглі пайсці і іншыя вялікія паны, і неўзабаве ўсё войска Рэчы Паспалітай аказалася б падзеленым паміж некалькімі магнацкімі родамі.

Затое такую ідэю ўпадабалі суседзі, якія ўжо планавалі новыя падзелы Рэчы Паспалітай. Фрыдрых Вялікі пісаў: “калі польская армія будзе павялічаная ў той спосаб, які прапануе Радзівіл, з відавочным намерам асабістай карысці, то яна надоўга застанецца на тым узроўні, на якім яе бачыць жадаем”.

Кароль меў рацыю. Услед за Радзівілам падняўся Патоцкі і выказаў намер ахвяраваць 10 000 сваіх “міліцыянтаў”. І сойм здаўся. Так з’явіліся розныя палкі імя таго ці іншага магнацкага роду. Яны атрымлівалі на ўтрыманне дзяржаўныя грошы, але афіцэраў туды прызначалі па сваёй ахвоце самі магнаты. Ад чаго, вядома, баяздольнасць гэтых тактычных адзінак моцна кульгала.

Так, соймавай ухвалай ад 7 верасня 1789 года з’явіўся ў войску ВКЛ 8-мы пяхотны полк імя Радзівілаў. Польскі гісторык Адам Валанскі (1852—1933) у сваёй манаграфіі хоць і называе яго адным з найлепшых, але дадае: афіцэрскі склад камплектавалі па волі князя Радзівіла, а той “сляпы напрыканцы жыцця фізічна, а маральна дык і заўсёды, маючы мэты асабістага ўплыву, звяртаў увагу не на дасканаласць афіцэраў, але толькі на патрэбы адданых яму… цывільных асобаў, якіх ашчаслівіць мог такім малым коштам…Такім чынам, тры чвэрці афіцэраў, што патрапілі ў полк, ані здольнасцей, ані прызвання не мелі”.

Разумеючы, што неўзабаве давядзецца развітацца з жыццём, “Пане Каханку” і сапраўды спрабаваў забяспечыць будучыню набліжаных сабе людзей. Такім чынам падхаружым, а пазней і харужым гэтага палка стаў Станіслаў Закрэўскі.

Зрэшты, сапраўдныя афіцэры ў яго склад таксама ўваходзілі. Напрыклад, маёр Ігнат Эйдзятовіч (прысутнічаў на хросце Караліны Закрэўскай) пазней паказаў сябе як вельмі мужны і здольны вайсковец. Вылучаўся сярод “цывільных”, відаць, і Закрэўскі. Бо ад гэтага моманту акцёр звязаў сваё жыццё з вайсковай справай і з гонарам прайшоў праз рэторту 1792, 1794  і 1812 гадоў.

Працяг яго гісторыі ў наступным нумары.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар