Магілёўшчына: стратэгія актыўнасці

№ 24 (1463) 13.06.2020 - 20.06.2020 г

Дамы рамёстваў у вобласці не прастойваюць і зараз
Заўсёды з захапленнем ставіўся да людзей, якія ўмеюць вырабляць нешта прыгожае, незвычайнае, надзейнае, патрэбнае сваімі рукамі. Асабіста мне Гасподзь не даў такіх жа ўмелых верхніх канечнасцяў: не, ручкі напільнікаў на ўроках працы ў школе ў мяне выходзілі нядрэнна, але далей справа чамусьці застапарылася. У нашы дні, бываючы ў населеных пунктах, дзе дзейнічаюць дамы рамёстваў, я абавязкова імкнуся ў іх зазірнуць — ды хоць бы з-за таго, каб светла пазайздросціць майстэрству тых, хто там працуе. Сённяшні аповед “К” — аб дзейнасці дамоў, цэнтраў рамёстваў і майстроў Магілёўшчыны: нягледзячы на каранавiрус яны многае паспелі ў гэтым годзе ажыццявіць “ужывую”. І многае, спадзяюся, яшчэ ажыццявяць, выйшаўшы з анлайн-рэжыму. А даведнікам для вас разам са мной стане Валянціна Валчкова — начальнік аддзела інфармацыйна-аналітычнай і рэпертуарна-выдавецкай работы Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы.

/i/content/pi/cult/802/17234/018.JPGБольш новых праектаў

У дамы i цэнтры ремёстваў закладзена місія асобная — адраджэнне, захаванне і пераемнасць мясцовых традыцый народных мастацкіх рамёстваў і іх папулярызацыя, развіццё сучасных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, падтрымка майстроў. Гэтая місія патрабуе і асобных стратэгій — асабістую актыўнась і навуковы падыход да працы, уключэнне ў дзейнасць устаноў майстроў рэгіёна.

У Магілёўскай вобласці функцыянуюць 17 дамоў і цэнтраў рамёстваў, з якіх 6 размешчаны ў сельскай мясцовасці, і Быхаўскі Цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў. Апошні на сённяшні дзень дом рамёстваў — Славенскі — быў адкрыты ў 2017-м годзе ў Шклоўскім раёне.

Аб паспяховасці рэалізацыі стратэгій падобных устаноў культуры Магілёўшчыны гавораць, напрыклад, наступныя вынікі: пяць рамесных тэхналогій Магілёўшчыны занесены ў Дзяржаўны спіс аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці — выраб унікальных беларускіх драўляных музычных інструментаў майстрам Круглянскага раёна Аляксандрам Харкевічам; майстэрства дрыбінскіх шапавалаў, якія валодаюць рэдкай тэхналогіяй стварэння прадметаў з воўны; пляценне лапцяў майстрамі Дрыбінскага раёна; традыцыйная тэхналогія для ганчарных вырабаў майстрамі Бабруйскага раёна пад кіраўніцтвам народнага майстра Беларусі Юрыя Боўды; традыцыя збору саламяных “павукоў” у Быхаўскім раёне.

Дзякуючы намаганням спецыялістаў у вобласці захаваліся і адроджаны такія віды рамёстваў як шапавальства, дрэваапрацоўка, ткацтва, выцінанка, бондарства, кераміка і ганчарства, салома-, лоза- i карункапляценне. Да прыкладу, домам рамёства аграгарадка Кароўчына развіваецца 14 відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзесяць з якіх адносяцца да народных мастацкіх рамёстваў. Мсціслаўскі дом рамёстваў у мінулым годзе ўвёў два новыя накірункі дзейнасці — разьба па дрэве і кавальская справа, адкрылі пры ДР i сваю кузню. У Краснапольскім раённым доме рамёстваў стварылі ганчарню, а дырэктар Глускага РДР Сафiя Меснік адрадзіла тэхніку вырабу дываноў, аздобленых саломкай.

/i/content/pi/cult/802/17234/017.JPGШтогод раённымі дамамі i цэнтрамі рамёстваў праводзіцца больш за 2400 культурных мерапрыемстваў, у тым ліку звыш 1300 выстаў, сярод якіх і за сотню персанальных. Ладзяцца па 600 майстар-класаў, а таксама дзясяткі этнаграфічных экспедыцый.

— Практычна ў кожным рэгіёне вобласці створаны свае культурныя праекты, якія накіраваны на папулярызацыю народных мастацкіх рамёстваў, сучасных відаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, многія з іх сталі сапраўднымі культурнымі брэндамі Магілёўшчыны, — расказвае Валянціна Валчкова. — Гэта і рэгіянальнае свята-конкурс “Свята лялькi” ў Круглянскім раёне; i рэгіянальны фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі”; i міжрэгіянальны фестываль-конкурс народнай творчасці “Крычаўскі канёк”; i конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці і рамёстваў “Жывое дрэва рамяства” ў Краснапольскім раёне; i раённы фестываль народнай творчасці і рамёстваў “Глушанскі хутарок” ды іншыя. Кожны год у рамках рэспубліканскага свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) праходзіць маштабная міжнародная выстава-кірмаш “Александрыйскі кірмаш”. У 2019-м годзе ўстановамі былі рэалізаваны новыя творчыя праекты: конкурс па стварэнні фігур з балотнай сыравіны “Духи болот” у Клічаўскім раёне; рэгіянальны фестываль народных промыслаў і рамёстваў “Рамесная майстэрня” ў Краснапольскім раёне; фестываль-кірмаш народных рамёстваў “Асіпоўшчына рамесная”.

Неад’емнай часткай дзейнасці дамоў і цэнтраў рамёстваў сталі пленэры — як эфектыўная форма павышэння ўзроўню майстроў і спецыялістаў устаноў. Сярод іх міжнародныя: мастацкі пленэр самадзейных мастакоў, скульптараў “Крыніцы натхнення” ў Мсціславе, пленэры майстроў па кераміцы ў пасёлку Глуша на Бабруйшчыне і па саломапляценню ў Чэрыкаўскім раёне ды іншыя.

З мэтай стварэння ўмоў для пераемнасці традыцый і тэхналогій народных мастацкіх рамёстваў пры раённых ДР i ЦР дзейнічаюць звыш 100 клубных фарміраванняў, з іх 55 — для дзяцей і падлеткаў, а восем фарміраванняў маюць найменні “ўзорны” і “народны”. У кожным рэгіёне створаны банкі дадзеных майстроў, у абласны банк уваходзіць больш за 400 персаналій, з якіх 21 майстар мае статус “народны”, 103 — з’яўляюцца членамі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Пры ўстановах функцыянуюць шэсць аматарскіх аб’яднанняў майстроў — у Бабруйскім, Касцюковіцкім, Слаўгарадскім, Клічаўскім, Мсціслаўскім i Горацкім раёнах. Для рэалізацыі вырабаў пры дамах i цэнтрах арганізавана праца пяці салонаў-крам, трох сувенірных лавак, а яшчэ тры дзейнічаюць пры раённых музеях.

Куды ж без яго і іх?

Асэнсоўваючы атрыманую інфармацыю, я ледзь не забыўся на самае сёння надзённае ў свеце, але Валянціна Іванаўна аб тым загаварыла:

— Сітуацыя з пандэміяй, канешне, унесла свае карэктывы. Калі першыя два месяцы вялася паўнавартасная праца — усімі ўстановамі праводзіліся тэматычныя майстар-класы, культурныя iмпрэзы, прымеркаваныя да народных святаў, этнаграфічна-экспедыцыйная дзейнасць выязднога характару, — то ў сакавіку ды красавіку мы вымушаны былі шукаць іншыя формы работы. Яна была больш сканцэнтравана на ўнутраную дзейнасць, ажыццяўленне віртуальных мерапрыемстваў: персанальныя або анлайн-майстар-класы, камерныя сустрэчы з умельцамі, выставы ў вокнах устаноў. Таксама новымі вырабамі папаўняліся iх выставачныя фонды, вырабляліся малыя архітэктурныя формы для афармлення ўстаноў, па сацыяльнаму заказу…

І ўсё ж за першы квартал “ужывую” было зроблена нямала! Так, гаворачы аб планавых семінарах-практыках, спадарыня Валчкова вылучыла семінар роспісу па дрэве “Беларускія матывы” для вучняў агульнаадукацыйных школ у Глускім РДР, серыю семінараў і майстар-класаў для студэнтаў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, вучняў Горацкага педкаледжа. Круглянскі РДР правёў сустрэчу майстроў раёна ў межах цыкла “За чашкой чая”. Са студзеня па красавік у Кароўчынскім ДР Дрыбінскага раёна прайшло сем экскурсій па яго выставачнай зале. А ў выставачнай зале Мсціслаўскага РДР адбылася выстава жывапісу “Праз стагоддзі да сучаснасці” выкладчыкаў і студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У студзені на базе гэтага дома рамёстваў пачала сваю дзейнасць інклюзіўная студыя выяўленчага мастацтва “Радуга надежды”. Спецылісты Свяцілавіцкага ДР Бялыніцкага раёна вырабілі некалькі калекцый пальчыкавых лялек для батлейкi. А іх калегі з Асіповіцкага раённага Цэнтра народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва правялі індывідуальную падрыхтоўку прадстаўнікоў клубных фарміраванняў для ўдзелу ў міжнародным дыстанцыйным анлайн-конкурсе “Rive de Rеve / Берег мечты”.

Натуральна, не маглі мы абыйсці “тэму” праблем. Вось што пра іх думае начальнік аддзела:

— Вядома, што кожная ўстанова на працягу свайго развіцця вырашае шэраг праблем. Яны ў нейкай ступені з’яўляюцца матывацыяй для яго развіцця. Перш-наперш, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне — не ўвогуле, а часткова. Каб арганізаваць паўнацэнны працэс працы па захаванні народных мастацкіх рамёстваў асобных накірункаў, неабходныя i асобныя памяшканні, напрыклад, для кавальскай справы, ганчарства, для салома- і лозапляцення — памяшканні для варкі сыравіны. Дарэчы, часова ўзнікаюць пытанні па нарыхтоўцы сыравіны, бо ніводная ўстанова не мае сваіх транспартных сродкаў… Некаторым дамам і цэнтрам неабходна набыць пэўнае абсталяванне — мабільнае выставачнае, дрэваапрацоўчыя станкі, муфельныя печы. I, канешне, патрабуецца на больш высокі ўзровень падняць брэндзіраванне рэгіянальных фестываляў, якія папулярызуюць народныя мастацкія рамёствы і іншыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — з дапамогай тых жа СМІ, інтэрнета. Нашым метадцэнтрам ажыццяўляецца рознабаковая падтрымка дзейнасці дамоў i цэнтраў рамёстваў праз арганізацыю рознажанравых фэстаў, конкурсаў, праектаў, падтрымку творчых ініцыятыў устаноў, майстроў шляхам стварэння для іх шырокай выставачнай прасторы, прадастаўленнем магчымасці ўдзелу ў фестывалях замежжа.

А ў бліжэйшую будучыню Валянціна Валчкова глядзіць з аптымізмам: “Упэўнена, што да канца года будзе рэалізаваны запланаваны буйны абласны творчы праект “Зямлі маей вытокі”, у рамках якога пройдуць агляд-конкурс дзейнасці дамоў i цэнтраў рамёстваў; абласныя выстава “Зямлі маей вытокі”, конкурсы дэкаратыўна-прыкладной творчасці па вырабе персанажаў народных казак у рэжыме рэальнага часу i сярод майстроў па вырабе цацак, конкурс мадэляў адзення “Этна-стыль”.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"